Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ах, мора, мора...

   Касачэўскі пайшоў з горада і накіраваўся ў дзюны.
   Ноч плыла над халодным морам. Цягнуліся рэдкія перыстыя аблокі. Мора шырокае, як душа чалавечая, каціла на пясок лянівыя хвалі. Ах, мора, мора! Хіба не на гэтых бедных берагах, на якія і дагэтуль выкідваюць хвалі абломкі бурштынавага палаца, зарадзілася казка? Хіба не тут ёй жыць? На гэтыя берагі выходзілі калісьці легіёны паўдзённых воінаў у медных шаломах. Адкуль з’явіліся ў муміях фараонаў вочы з тваіх бурштынаў, мора? Ты ляжала спакойнае, бутэлечна-зялёнае, шапацела лёгкімі хвалямі.
   Бягуць быстраногія коні марэй. Плывуць па іх незвычайныя караблі. Мора, мора! Ранкам туман укрывае твае воды. Можа, сам лятучы галандзец, карабель, асуджаны вечна вандраваць, імчыць у тваім тумане. Вецер надзімае ружовыя ветразі, падобныя да дзявочых грудзей. Капітан стаіць пад мачтай. Стаяць на пастах нерухомыя маракі. Раз у год, калі ад зямлі павее вецер, з карабля спускаюць шлюпку. Капітан аддае самотнаму рыбаку сумку з лістамі. Лісты нельга даставіць на адрас. Людзі даўно памерлі. Але над прывідамі не імчыць час. І зноў яны раз у год, сумуючы па цёплай зямлі, перадаюць лісты да бацькоў, да сёстраў, да залатакосых нявест. Бацькі не дачакаліся з мора разудалых сыноў. Сёстры і нявесты выплакалі ўсе вочы.
   Мора як люстра. Зноў то прыходзіць, то знікае нячутны сон. Ноч толькі-толькі пачала святлець. Лёгкі перадранішні туман вісіць над морам. Ён адлівае шэрым, попельна-жамчужным, слаба блакітным, плыве кудысьці над чоўнам, хістаецца, звіваецца ў пасмы і ляціць у неба.
   І човен пагойдваецца. У такі час прыходзяць сны і здані.
   І таму Касачэўскі ў першую хвіліну амаль не здзівіўся, калі непадалёку ад яго амаль зусім нябачны за туманам праплыў сілуэт карабля. Стройны, выцягнуты, з прыгожымі абводамі, з трыма мачтамі, ён плыў павольна-павольна. На мачтах былі слаба напятыя ветразі. Карабель здаваўся б сном, калі б не лёгкія вусы пены. Яны беглі ад яго ў бакі, ледзь бачныя ў тумане.
(296 слоў)

Паводле У. Караткевіча

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыМора Герадота

Ніна МацяшНіна Мацяш - За соснамі – мора

Эрнэст ХэмінгуэйЭрнэст Хэмінгуэй. Стары і мора

Пераказы, дыктантыПартрэт сонца і мора

Цётка (Алаіза Пашкевіч)Цётка - Мора