Апусцела поле. Работы на ім даўно скончаны. Пуста і глуха ўсюды, толькі маладое жыта зелянее ў полі і рэзка выдзяляецца сярод мёртвага вобраза асенняга часу. Пачарнеў шырокі луг, адны толькі парыжэлыя фігуры стагоў з востраю жэрдкаю ўверсе раскінуліся па грудах і нудна пазіраюць у неба. А само неба, закрытае сівымі хмарамі, так хмурна і непрытульна глядзіць на зямлю і шчыра сее дождж, як слёзы нягоды. Чорны лес шуміць бесперапынна, калыхае сваімі голымі верхавінамі, размахвае лапамі і сцёбае галінаю галіну. Неспакойны сярдзіты вецер вее як дзень, так ноч, падымае мокрае жоўтае лісце, разносіць яго па полі, усцілае ім дарогу і гоніць хмары за хмарамі, і заліваецца нуднымі песнямі ў коміне мужычае хаты, як бы просіць ён там сабе прыпынку або хоча выдуць з хаты жменьку цёплага духу. Глуха шуміць голая вярба над страхою і вокнамі.
(134 словы)
Паводле Я. Коласа