Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Альяс

   Колькі сябе помніць, Альяс рос у старой прадзіраўленай каструлі. Эмаль на ёй месцамі абабілася, адвалілася адно вушка. Але гэта мала турбавала Альяс: на такія дробязі ён не зважаў. Галоўнае, у каструлі ўтульна было яго карэньчыкам. Яны вольна пачуваліся тут, з часам перавілі-аблыталі ком зямлі і ўраслі б у сценкі, ды гэтага ўжо не дазволіў метал, з якога каструля была зроблена.
   Спрабуючы яго на трываласць, упартыя карэньчыкі ўсё роўна што ёсць моцы налягалі на сценкі. Прабіць іх не прабілі, але ж так упёрліся, што сталі ледзь не адным цэлым са сваім вазонам. Захацеў бы хто парушыць гэту еднасць – прыйшлося б пакалечыць карэнне, выдзіраючы кветку.
   Альясу было ўсё міла, што рабілася за акном: і зіма з крыштальнымі ледзяшамі, і вясновы капеж з падстрэшша, і летняя спёка, калі гаспадыня мусіла даставаць з вокнаў адну з падвойных рам… Але найбольш Альяс усё ж любіў восень. Калі лісце на клёнах мяняла зялёны колер на золата і барву, Альясу здавалася, што гэта зоркі, асыпаючыся на зямлю, заблыталіся ў галінах дрэў…
   Гаспадыня шанавала Альяс і пеставала ўвагай. З яго лісця яна рабіла лекі і сцвярджала, што лепшага сродку для любых хвароб, чым сок з Альяса, запараны з мёдам, не бывае. А яшчэ, справіўшыся, яна любіла сесці ля акна і глядзець на двор, ціхенька разважаючы ўслых. І, бывала, разам са стоенай скрухай-жальбай капалі на лісце Альяса ціхія, прыхаваныя ад старонніх вачэй слёзы.
   Альяс любіў сваю гаспадыню і не перажыў бы расстання з ёй. І таму ён шчыра радаваўся, калі гаспадыня брала флянсы, яго гадаванцаў, перасаджвала іх у невялікія гаршчочкі і, крыху падрасціўшы, адвозіла на кірмаш прадаваць. Альясу было ўсцешна ад думак, што дзеці яго пабачаць свет. І, магчыма, у патрэбную хвіліну прыдадуцца са сваімі гаючымі сіламі новым гаспадарам.
(283 словы)

Паводле А. Масла