Быў ціхі, мяккі вечар, адзін з тых, што бываюць толькі ў чэрвені, калі траскучыя навальнічныя дні змяняюцца яснымі, цёплымі, духмянымі, калі ўсё зялёнае расце дружна, як бы ўзахапкі.
Азярцо ляжала спакойнае і роўнае, бы шкло, ад цішыні, што навісла над ім і, здаецца, аж звінела. Ці, можа, гэта звінела ў Валодзькі ў вушах ад таго, што напружваў памяць, узнаўляў у ёй малюнкі дзіцячых гадоў? Тады на месцы азярца была звычайная сажалка, зарослая "пухоўкамі" – так дзеці называлі рагоз. Валодзька бегаў з сябрамі ламаць гэтыя "пухоўкі" – рудыя дзябёлыя таўкачыкі, падсушвалі іх, і тады з іх лёгка выскубваўся пух, гэты пух чаплялі адзін аднаму на спіны, у валасы, і ад яго доўга нельга было атрэсціся. Было гэта даўно. Тады і пагон быў сапраўдная пожня, якую касілі. На ёй вяліся кучамі чмялі, а цяпер іх са свечкаю не знойдзеш: патруціла хімія. Было многа гнёздаў жаўтапузкі – так называлі амялушку, якую Валодзька любіў слухаць пасля таго, як аднаго разу знайшоў у ягадах падлётка і выкарміў яго.
Цяпер замест канавы роўненькі канал з голымі берагамі, пясчаным дном, чыстаю, халоднаю крынічнаю вадою. Станеш – ногі імгненна нямеюць, а холад па жылах, здаецца, падымаецца да самых кончыкаў вушэй. Вось дзе загартоўка! У такой вадзе не толькі рыба ці ўюн, а нават звычайны жук-плывунец ці п’яўка ў спячку залягуць. А раней жа ў канаве, сажалцы столькі было карасёў, уюноў.
Цячэ, мяняецца не толькі вада, аказваецца...
(225 слоў)
Паводле У. Рубанава
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Сажалка