На пачатку тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртага года лінія фронту цягнулася ўздоўж Дняпра і Бярэзіны. Савецкая армія адваявала Калінкавічы і Мазыр, а фашысцкая знаходзілася ў нялёгкім стане абароны. У той момант нямецкаму генералу Ёзэфу Харпэ прыходзіць вар’яцкая ідэя, як прыпыніць наступ савецкай арміі. Пазней яе назавуць аперацыяй "Эскулап".
На пачатку сакавіка Гітлер падпісаў знішчальны план Харпэ. Найперш неабходна было сабраць вялікую колькасць людзей на адной тэрыторыі. Каля пяцідзесяці тысяч дзяцей, жанчын і старых сагналі пад паселішча Азарычы. У тым месцы абнеслі калючым дротам тры балоцістыя мясціны, куды ўсіх і змяшчалі.
Гэта быў не проста комплекс канцэнтрацыйных лагераў. Там не будавалі баракі, людзі спалі на снезе без абутку, іх зусім не кармілі і не паілі. Побач не знаходзіліся абарончыя рубяжы. Значыць, вязняў прывезлі не на катаржную працу. Але навошта зганяць такую колькасць савецкіх людзей на пустую зямлю?
Ёзэф Харпэ з дапамогай дактароў-мікрабіёлагаў заражаў палонных сыпным тыфам. Для хуткага распаўсюджвання заразы ў лагер спецыяльна прывозілі такіх хворых. Калі прыйдуць на гэтыя землі ваенныя Чырвонай арміі і пачнуць вызваляць палонных, яны самі хутка загінуць ад смяротнай інфекцыі. Такім чынам фашысцкі генерал ствараў жывую біялагічную міну запаволенага дзеяння.
Антычалавечны план ажыццявіўся. За дзесяць дзён існавання лагера, па розных падліках, загінула ад дзевяці да дваццаці тысяч чалавек. Пачалася сапраўдная эпідэмія на беларускіх землях. Дзякуючы тром тысячам самаахвярных лекараў, якія мелі сродкі барацьбы з хваробай, удалося даволі хутка прыпыніць распаўсюджванне інфекцыі, аднак усё роўна паспела загінуць ад пяцідзесяці да ста ваеннаслужачых Чырвонай арміі.
У памяць вязняў лагера смерці ў тысяча дзевяцьсот шэсцьдзясят пятым годзе быў створаны мемарыяльны комплекс "Азарычы". З сакавіка дзве тысячы дваццаць трэцяга года праводзілася маштабная рэканструкцыя. Узведзена вежа памяці – васьмікутнае збудаванне вышынёй амаль сем метраў, дзе выгравіраваны ўспаміны былых вязняў. На ўскрайку забалочанай мясцовасці размешчана сцяна смутку з паклоннымі крыжамі, а побач – "Камяні прасвятлення" і барэльеф воінам-медыкам, якія прадухілілі распаўсюджванне эпідэміі тыфу. ёсць зона для ўскладання кветак і вянкоў, пано з архіўнымі фотаздымкамі, зробленымі пасля вызвалення вязняў у сакавіку тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртага года.
(325 слоў)
Паводле М. Мурзы