Гавораць, некалі чорныя буслы, таксама як і белыя, жылі побач з людзьмі. Яны майстравалі сваё жытло на страсе хаты або хлява і кожную раніцу вясёлым клёкатам будзілі вясковых пастушкоў. Радаваліся такому суседству і дзеці, і старыя. Кожную вясну людзі сустракалі іх з далёкага выраю, як самых дарагіх і блізкіх.
Але, кажуць, у вёсцы аднойчы пасяліўся злы, нядобры чалавек. Усё яму было не так, усё не гэтак. Не мог цярпець ён буслінага клёкату. Каб не чуць яго, палез на страху, паскідаў буслянят, а гняздо разбурыў.
Доўга кружылі ў той дзень птушкі над непрыветнай хатай. Потым паляцелі ў лясныя нетры, дзе не было ні вёскі, ні людзей. Там заначавалі на высокім дубе.
Калі ўзышло сонца, птушак было не пазнаць. Ад крыўды і несправядлівасці яны ажно пачарнелі.
На тым дубе яны потым і пабудавалі сабе новае гняздо. А пазней у іх з’явіліся і бусляняты. Надзвычай даверлівыя і бялюткія. Але калі падраслі і даведаліся ад бацькоў пра тую вялікую крыўду, таксама апранулі жалобнае адзенне. Так і паляцелі яны, чорныя, у далёкі вырай. А вясной вярнуліся. Толькі не ў вёску, а ў пушчу.
І хоць таго нядобрага чалавека даўно няма на свеце, птушкі ніяк не могуць забыцца пра сваю крыўду і кожны год стараной аблятаюць людскія паселішчы.
Праўда, іншы раз чорны бусел світанкам прылятае на нёманскі плёс, заходзіць па калені ў цёплую ваду і з тугой паглядае на стрэхі хат.
(228 слоў)
Похожие статьи:
Кузьма Чорны → Сацыяльна я і маральна-філасофская праблематыка рамана Кузьмы Чорнага "Трэцяе пакаленне"
Кузьма Чорны → Пошукі будучыні. Першая частка. Украдзенае маленства
Кузьма Чорны → Кузьма Чорны - Пошукі будучыні. Асноўныя праблемы рамана
Кузьма Чорны → Пошукі будучыні. Другая частка. Вялікае скрыжаванне
Кузьма Чорны → Кузьма Чорны - Насцечка