Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Тарас Шаўчэнка - І на чужыне я узрос...

I на чужыне я узрос,
I на чужыне я сівею, –
I даў мне ў адзіноце лёс,
Здаецца, лепшую надзею –
Дняпро, што лашчыць сэрца нам,
Ды нашу слаўную краіну.
Аж бачу – добра толькі там,
Дзе нас няма. Ліхой гадзінай
Мяне дадому пацягло,
I я наведаў Украіну
I тое светлае сяло,
Дзе колісь маці спавівала
Мяне малога і ўначы
На свечку Богу зарабляла;
Паклоны цяжкія б’ючы,
Прачыстай ставіла, маліла,
Каб доля добрая любіла
Яе дзіця... О маці, маці,
Чаму ты рана спаць лягла!
А то б ты Бога пракляла
За сынаў лёс.

Адны няшчасці

У тым сяле, што я люблю:
Чарней за чорную зямлю
Блукаюць людзі; паўсыхалі
Сады, і хаткі пагнілі,
Старыя да зямлі прыпалі;
Ставы бур’янам параслі,
Сяло нібыта пагарэла,
Нібыта людзі падурэлі,
На паншчыну нямыя йдуць
I дзетачак сваіх вядуць.
.    .    .    .    .    .    .    .    .   
I я, заплакаўшы, назад
Ізноў паехаў на чужыну.

I не ў адным сяле такім,
А скрозь па слаўнай Украіне
Паны ярмо надзелі ўсім
Працоўным людзям. Гінуць, гінуць
Ў ярме тым рыцараў сыны,
А чорным гандлярам паны,
Братам сваім, прадаць спяшаюць
Ужо апошнія штаны...
.    .    .    .    .    .    .    .    .    .    .   
Нядобра дужа, страх, нядобра
Тут у пустыні прападаць.
А горш яшчэ на Украіне
Глядзець, і плакаць, і маўчаць.

А як не бачыш тога ліха,
То скрозь, здаецца, люба, ціха;
I на Украіне дабро скрозь;
Між белых гор стары Дняпро,
Нібыта ў малаку хлапчына,
Красуецца, любуецца
На ўсю Украіну,
А па-над ім зелянеюць
Шырокія сёлы;
А ў тых сёлах у вясёлых
I народ вясёлы.
Яно б, можа, так збылося,
Каб не засталося
Слядоў панскіх на Ўкраіне!..

Кос-Арал, 1848

 

Пераклад Аркадзя Куляшова

 

Похожие статьи:

Тарас ШаўчэнкаТарас Шаўчэнка - Сон

Тарас ШаўчэнкаТарас Шаўчэнка - Садок вішнёвы каля хаты...

Пераказы, дыктантыСлавуты сын Украіны

Тарас ШаўчэнкаТарас Шаўчэнка - Думка

Тарас ШаўчэнкаЖыццё і творчасць Тараса Шаўчэнкі