Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жыццё і творчасць Лесі Украінкі

   Літаратура нашых паўднёвых суседзяў-украінцаў зрабіла велізарны крок наперад у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. ці не ў першую чаргу дзякуючы багатай і разнастайнай творчасці Лесі Украінкі (сапраўдныя імя і прозвішча – Ларыса Косач-Квітка; 1871-1913). У сям’і будучай пісьменніцы панаваў дух сапраўднай украінскасці: яе бацька, Пятро Касач, паходзіў са старой казацкай старшызны, а маці, Алена Пчылка, была адукаванай па-еўрапейску пісьменніцай і дзяячкай украінскага адраджэння. У сваю чаргу, адным з яе дзядзькоў і сапраўдным духоўным настаўнікам з’яўляўся знакаміты ўкраінскі мысляр, публіцыст і сацыёлаг Міхайла Драгаманаў (1841-1895). Галоўнай заслугай Лесі Украінкі ў фармаванні культурнага коду сучаснай украінскай нацыі стала тое, што яна як бы дабудоўвала да роднай культуры вышэйшы паверх – так, каб уся культура ўспрымалася не толькі нейкай адной часткай народа, а ўспрымалася ўсімі ўкраінцамі як свая. Леся Украінка пісала так, быццам на той час Украіна ўжо была сучаснай еўрапейскай дзяржавай, у якой ёсць свая інтэлігенцыя, выхаваная ў сваіх, украінскіх, універсітэтах. На мяжы стагоддзяў яна звярталася да ўніверсальных, "вандроўных" сюжэтаў сусветнай літаратуры, ствараючы якасна новае асяроддзе ўкраінскіх творцаў. Выключнае значэнне творчасці Лесі Украінкі палягае ў тым, што яна ўзбагаціла ўкраінскую літаратуру новымі тэмамі і матывамі. Як паэтэса яна дасканала валодала катрэнамі і актавамі, пісала выдатныя санеты. У яе творах прысутныя арыгінальныя страфічныя структуры: яна свабодна выкарыстоўвала гекзаметры, верлібр, пяцістопны ямб.
   Пісаць вершы Леся Украінка пачала надзвычай рана, дзевяцігадовай дзяўчынкай (верш "Надзея", 1880). Першыя яе публікацыі з’явіліся ў львоўскім часопісе "Зоря" ў 1884 г. Далейшаму развіццю Лесі Украінкі як паэтэсы паспрыяў пераезд яе сям’і ў Кіеў, дзе яна адлучылася да літаратурнага гуртка "Пляяда". Першы яе ўласны паэтычны зборнік "На крылах песень" выйшаў з друку ў Львове ў 1893 г.; тамсама з’явіўся і наступны зборнік, "Думы і мроі" (1899); у сваю чаргу, трэцяя кніга паэзіі, "Водгулле" (1902) убачыла свет у Чарнаўцах.
   У другой палове 1890-х гадоў Леся Украінка пачынае пісаць таксама драматычныя творы. Першая яе драма «Блакітная ружа» (1896) з жыцця украінскай інтэлігенцыі пашырае абсягі тэматыкі тагачаснай украінскай драматургіі, да тае пары прывязанай да сялянскага жыцця. У філасофскім плане гэтая п’еса набліжаецца да ранніх сімвалістычных п’ес нямецкага драматурга Герхарта Гаўптмана, паказваючы не толькі вар’яцтва як форму свабоды, але і пэўнае неўсвядомленае імкненне да цялеснага. Падобныя матывы не раз з’яўляюцца і ў вершах яе першых зборнікаў, да якіх належаць, напрыклад: "Contra spem spero", "Сяброўцы на ўспамін", "Грэшніца", "Slavus – Sclavus", "Fiat nox", "Эпілог" і інш. Праблема дасягнення свабоды набывае ў гэтых творах самыя розныя адценні: гэта лірыка прагнення і прыхаванага трыумфу, я яе гераіня – жанчына-рыцар, якой не чужая адметная пачуццёвасць.
   Эпічны элемент, прысутны ў лірыцы Лесі Украінкі, знаходзіць сваё самастойнае адлюстраванне ў баладах, легендах, паэмах, што ствараліся на сюжэты сусветнай культуры і змушалі чытача задумацца пра актуальныя праблемы існавання вольнага чалавека ў свеце паняволеных ("Самсон", 1888; "Роберт Брус, кароль шатландскі", 1893; "Адно слова", 1903) і ролю паэта ў гэтым змаганні ("Даўняя казка", 1893; "Арфеева дзіва", 1913).
   Асаблівае месца ў творчасці Лесі Украінкі займае жанр драматычнай паэмы. Першая з іх, "Апантаная", была напісана ў 1901 г. у Мінску, куды паэтэса неаднаразова прыязджала, каб пабачыцца з сябрамі, што належалі да кола сацыял-дэмакратаў. Узятая Лесяй Украінкай за аснову сюжэта біблійная гісторыя Мірыям і Месіі, набывае новае прачытанне, звязанае з матывамі прыроднай блізкасці Мілосці і Смерці. Няволя Украіны ў складзе Расійскай імперыі падштурхоўвае паэтэсу да выкарыстання ў сваіх драматычных паэмах зноў-такі біблійнай тэмы вавілонскага палону ("Вавілонскі палон", 1903; "На руінах", 1904; "У доме работы – у краіне няволі", 1906). У сваю чаргу, у драматычнай паэме "Касандра" (1907) Леся Украінка разгортвае метафару чалавечай праўды і трагічнай ісціны, якую ўвасабляе галоўная гераіня твора. У драме "Руфін і Прысцыла" (1906-1910) светлы вобраз жанчыны-хрысціянкі супрацьпастаўлены грубай сіле і гвалту імператарскага Рыма. Драматычная паэма "Баярыня" (1910) па-новаму інтэрпрэтуе тэму пошуку свабоды. Галоўная гераіня Аксана так і не можа адкрыць для сябе, што такое свабода ў яе антычна-хрысціянскім разуменні. У драматычнай паэме "Оргія" (1913) пэўным чынам адлюстраваны працяг папярэдняй драмы.
   У рэвалюцыйныя і паслярэвалюцыйныя часы другой паловы першага дзесяцігоддзя ХХ ст. у паэзіі Лесі Украінкі з’яўляюцца творы надзённага вострапалітычнага гучання, якія, аднак, чаргуюцца з пранікнёнай і тонкай лірыкай. Угодніцтва, асцярожлівасць і пасіўнасць памяркоўнай большасці навакольнага грамадства сталі аб’ектам крытыкі паэтэсы ў драматычнай паэме "У катакомбах" (1905).
   Да самых вядомых твораў Лесі Украінкі традыцыйна адносяць драмы "Каменны гаспадар" і "Лясная песня" (абедзве 1912). У "Каменным гаспадару" Леся Украінка па-свойму інтэрпрэтуе вядомы сюжэт пра Дон-Жуана. Жаноцкія рысы ў характары галоўнага героя і мужчынская пазіцыя Донны Анны працягваюць класічную традыцыю "змены роляў", якая вядзе да сімвалічнай смерці Дон-Жуана. У "Лясной песні", якую часам называюць "самай украінскай" паэмай Лесі Украінкі, паказаны канфлікт паміж высокім ідэалам і празаічнай дробязнай будзёншчынай. Галоўная гераіня твора (жанр якога сама паэтэса вызначыла, зрэшты, як "драму-феерыю") Маўка – гэта не проста паэтычны вобраз казачнай істоты, а і філасофскае ўвасабленне ўсяго прыгожага і вечна жывога. Прырода з яе сваім цыклічным характарам, у выніку атрымлівае перамогу...
   Пасля апублікавання "Каменнага гаспадара" і "Лясной песні" Леся Украінка мела мноства творчых планаў, большасці якіх, аднак, не было наканавана здзейсніцца. З малых гадоў яна хварэла на сухоты, у 1913 г. хвароба пачала ўсё болей і болей абвастрацца. Яна з мужам выехала на лячэнне ў грузінскае мястэчка Сурамі: там і абарвалася яе нядоўгае, але вельмі яркае жыццё.
   Творчы досвед Лесі Украінкі быў выкарыстаны прадстаўнікамі беларускага "нашаніўскага адраджэння". Асабліва гэта прыкметна ў творчасці Максіма Багдановіча.
   Творы Лесі Украінкі ў значнай колькасці перакладзеныя на беларускую мову. "Лясную песню" па-беларуску перастварылі Хедар Жычка і Вячаслаў Рагойша, іншыя паэмы перакладалі Анатоль Вялюгін, Ніна Загорская і той жа Жычка, а сярод перакладчыкаў яе лірычных вершаў – Юрка Гаўрук, Сяргей Грахоўскі, Ніл Гілевіч, Мікола Аўрамчык, Ніна Мацяш, Васіль Жуковіч, Валерый Стралко і інш. Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін прысвяціў Лесі Украінцы верш, у якім ёсць такія радкі:

Бяссонніцу паўнаводдзя
Звыкае люляць ручаінка.
У сэрца памяці грукае
Трывогі рука.
Раскрыльвае крылы песняў
Леся Ўкраінка –
Нэнькі-Ўкраіны нясхібістай
Любасная дачка.


Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

 

Похожие статьи:

Леся УкраінкаЛеся Украінка

Леся УкраінкаЛірыка Лесі Украінкі

Леся УкраінкаДраматычныя творы Лесі Украінкі