Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Пташнікаў

Фатаграфія Івана Пташнікава   Пташнікаў Іван Мікалаевіч нарадзіўся сёмага кастрычніка 1932 г. у вёсцы Задроздзе Плешчаніцкага (цяпер Лагойскага) раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацькі працавалі ў калгасе. Да вайны скончыў 3 класы Задроздзенскай пачатковай школы. 3 1941 да 1944 вёска знаходзілася пад акупацыяй, якую перажыла і сям’я Пташнікавых. Пасля вайны скончыў Крайскую сямігодку, Плешчаніцкую беларускую сярэднюю школу (1951). Працаваў у рэдакцыі плешчаніцкай раённай газеты «Ленінец», настаўнікам Лонваўскай пачатковай школы. У 1957 скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Працаваў рэдактарам мастацкай літаратуры Белдзяржвыдавецтва (1957-1958), рэдактарам аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1958-1962). 3 1962 па 1995 г. – рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Член СП Беларусі з 1959. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1978, за аповесць «Найдорф»). Заслужаны работнік культуры Беларусі (1983).
   Друкавацца пачаў у 1952 г. (верш «На полі родным»). Першы яго празаічны твор – аповесць «Чачык» (1957); першая кніга апавяданняў – «Зерне падае не на камень» (1959). Яны, а таксама раман «Чакай у далёкіх Грынях» (1960) вызначылі пачатак творчага шляху І. Пташнікава-празаіка, прыхільнасць яго да вясковай тэматыкі, засведчылі добрае веданне паўсядзённага вясковага побыту, нораваў, звычаяў, псіхалогіі вяскоўцаў, здольнасць аўтара грунтоўна і ўсебакова паказаць дыялектыку характараў, праўду рэальных абставін. Канфлікты, як і праца, побыт людзей, маюць сацыяльную накіраванасць, таму ў выдавецтвах яго творы праходзілі з цяжкасцю. Іван Пташнікаў пісаў апавяданні, навелы, аповесці пра дзяцей («Алёшка», «Алені», «Бежанка», аповесць «Лонва»), у якіх упершыню пачала вымалёўвацца драматычна-трагічная канцэпцыя жыццёўспрымання, асаблівая ўвага да ўнутранага стану чалавека, загучаў матыў рэха вайны ў пасляваенных лёсах людзей, сталі прыкметнымі плённыя пошукі аўтарам сродкаў і прыёмаў псіхалагічнага аналізу, самараскрыцця характару героя. Тэма вайны, цяжкай народнай памяці пра яе ахвяр займае ў творчасці Івана Пташнікава асаблівае месца. Трагедыі спаленых разам з людзьмі вёсак, такіх як Дальва, што падзяліла лёс Хатыні (аповесць «Тартак»), гераічная, самаадданая барацьба партызан і жыхароў акупіраванай Беларусі супраць гітлераўскага нашэсця (аповесць «Найдорф»), антываенны пафас многіх апавяданняў сведчаць пра тое, што вайна ў І. Пташнікава свая, перажытая ў дзяцінстве. Яна пакінула ў душы пісьменніка балючы, нязгасны ўспамін, таму ў яго творах гэта тэма раскрываецца глыбока і праўдзіва, абвострана-трагічна, эмацыянальна-напружана. Раман «Мсціжы» – адзін з найбольш грунтоўных твораў беларускай «вясковай» прозы 60-70-х гадоў. У ім аўтар засяроджвае ўвагу на раскрыцці духоўнага стану чалавека і грамадства, паказвае моцную прывязанасць вяскоўца да сваіх каранёў, бацькоўскага кута, знітаванасць з прыродай. Жанчыне-маці, самаадданай працаўніцы, творцы жыцця Іван Пташнікаў прысвяціў раман «Алімпіяда», раскрываючы лёс гераіні ў яго глыбіннай сутнасці, душэўнай шчодрасці і прыгажосці. Шырокае і грунтоўнае адлюстраванне народнага жыцця, хараства прыроды, лёсу простага чалавека, нястомнага працаўніка, глыбокі псіхалагізм, сакавітая мова, уменне па-мастацку перадаць пачуцці, перажыванні чалавека – асноўныя рысы, уласцівыя творчай індывідуальнасці празаіка. Многія творы Івана Пташнікава перакладзены на замежныя мовы. Па аповесці «Тартак» на беларускім тэлебачанні ў 1974 пастаўлены аднайменны тэлефільм (сцэнарый аўтара), а ў 1989 па раману «Алімпіяда» – аднайменны тэлевізійны спектакль.
   Памёр Іван Пташнікаў 28 ліпеня 2016 года ў сваёй кватэры ў Мінску. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.

Л. С. Савік.

Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 5. Пестрак – Сяўрук / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. – 480 с.

 

Похожие статьи:

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Алені - ГДЗ

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Найдорф

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Пагоня

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Тартак

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Францужанкі