Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Сіпакоў

Фатаграфія Янкі СіпаковаСіпакоў Янка (15.01.1936, в. Зубрэвічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці – 10.03.2011, Мінск, пахаваны на могілках у Калодзішчах) – паэт, празаік, перакладчык. Член СП Беларусі з 1961. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1976; за кнігу паэзіі «Веча славянскіх балад»), заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (1997).

   Іван Данілавіч Сіпакоў нарадзіўся ў сям’і калгаснікаў. Яго бацькі, Даніла Іванавіч і Ульяна Пракопаўна, у час Вялікай Айчыннай вайны за сувязь з партызанамі былі закатаваны гестапаўцамі, а іх дзеці (шасцігадовы Іван і дзве яго сястры) засталіся сіротамі. Пазней у аўтабіяграфіі «Замаразкі на першацвет» паэт падрабязна расказаў пра сваё дзяцінства, урокі сапраўднай чалавечнасці і грамадзянскасці ў трагічных абставінах вайны, дадзеныя яму бацькамі. Пасля вайны Я. Сіпакоў жыў у бацькавай сястры Аляксандры Іванаўны, рана пайшоў працаваць. Сумяшчаў вучобу ў школе з работай вясковага паштальёна, што дало яму магчымасць сустракацца з многімі людзьмі, бачыць іх жыццё, штодзённа чытаць газеты і часопісы, якія ён разносіў, далучыцца да беларускай і рускай класікі. Гэта ў значнай ступені і прадвызначыла яго схільнасць да літаратуры. Вершы ён пачаў пісаць яшчэ ў школьныя гады. Пасля заканчэння Зубрэвіцкай дзесяцігодкі (1954) працаваў у шклоўскай раённай газеце «Чырвоны барацьбіт» (1954-1955). Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі БДУ (1960) ён накіраваны ў часопіс «Вожык», дзе працаваў у 1960-1973. З 1973 рэдактар аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса «Маладосць», з 1989 адказны сакратар гэтага часопіса. З 1993 загадчык рэдакцыі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». 3 1997 працаваў у часопісе «Беларусь». Абіраўся членам прэзідыума СП Беларусі. Узнагароджаны медалём, Ганаровай граматам Вярхоўнага Савета БССР.
   Першая публікацыя Я. Сіпакова – верш «Вітай, Беларусь» у аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў» (1953). З гэтага часу яго вершы ўсё часцей пачынаюць з’яўляцца ў розных газетах і часопісах. У 1960 выйшаў першы зборнік яго вершаў «Сонечны дождж», дзе прыкметны аптымістычны настрой маладога аўтара і яго лірычнага героя – шчырага, душэўна адкрытага чалавека, які ўступае ў вялікае жыццё. У наступных кнігах паэзіі («Лірычны вырай», «Дзень», «З вясны ў лета», «У поўдзень, да вады», «Вочы ў вочы», «Усміхніся мне», вянок санетаў «Жанчына») спалучаюцца элементы традыцыйна-класічнай паэтыкі, фальклору і няспынны пошук новых форм мастацкага ўвасаблення рэчаіснасці. Гэтыя зборнікі моцныя глыбокім асэнсаваннем асабістага вопыту аўтара, які раскрываецца ў цеснай сувязі з лёсам пакалення, што перажыло вайну. Ваенная тэма, як і гістарычная, актывізуе творчы, ідэйна-эстэтычны пошук Я. Сіпакова, абумоўлівае пашырэнне эпічнага гучання ў вершах і паэмах. У кнізе «Веча славянскіх балад» аўтар паэтычна асэнсаваў гісторыю славян як частку агульначалавечай гісторыі. Балады Янкі Сіпакова значна пашырылі тэматычныя і жанравыя абсягі сучаснай беларускай паэзіі. Многія яго вершы – гэта своеасаблівы дыялог аўтара з сучаснікам, адказным за будучыню планеты, услаўленне хараства зямлі і прыроды, жаночай прыгажосці, кахання, сяброўства, вернасці дружбе. У 70-я гады Я. Сіпакоў звяртаецца да прозы, піша аповесці «Крыло цішыні», «Усе мы з хат», нарыс «Даверлівая зямля», якія шырока адлюстроўваюць становішча пасляваеннай і сучаснай беларускай вёскі. Аўтар раскрывае працэсы урбанізацыі з усім тым станоўчым і адмоўным, што яны нясуць чалавеку. На матэрыяле гарадскога побыту заснавана аповесць «Жыві, як хочацца», дзе пісьменнік выкрывае і асуджае бездухоўнасць, абыякавасць, спажывецкія настроі, сацыяльную інертнасць, прасочваючы жыццё сваіх герояў, звыклых больш браць, чым даваць грамадству. Гэтыя ж матывы праходзяць і праз гумарыстычныя яго кнігі («Лысы юбілей», «Плюс на мінус», «Ланцугі для мух», «Пятніца ў суботу»). З вышыні патрабаванняў сённяшняга асэнсоўваецца ваеннае мінулае, першыя дні пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў у аповесці «Пыл пад нагамі». Шматлікія апавяданні, эсэ склалі зборнікі Я. Сіпакова «Жанчына сярод мужчын», «Пяць струн», «Спадзяванне на радасць», скразным матывам у якіх праходзіць тэма памяці, раскрываюцца асабістыя і грамадзянскія якасці герояў, асэнсоўваецца праблема выбару ў экстрэмальных умовах вайны або ў сённяшніх побытавых, сацыяльна-грамадскіх і духоўных узаемадачыненнях людзей. Як нарысіст Я. Сіпакоў пачаў выступаць у 1962, калі ў сааўтарстве з А. Клышкам апублікаваў падарожныя нататкі «Паэма дарог». Лірыка-аўтабіяграфічны нарыс «Акно, расчыненае ў зіму» (пасляваенныя гады, родная вёска пісьменніка, яе людзі), дзелавы, праблемны нарыс «Даверлівая зямля» сведчаць пра здольнасць аўтара шматгранна паказаць жыццё вёскі, яе адвечныя працоўныя традыцыі. Вынікам далёкіх вандровак Я. Сіпакова з’явіліся падарожныя нарысы «Там, дзе Сібір», «Ціхая Акіянія», «Па зялёную маланку». Займаўся Янка Сіпакоў і перакладамі. На беларускую мову пераклаў творы А. Пушкіна, Тараса Шаўчэнкі, А. Блока, Адама Міцкевіча, А. Туманяна, А. Цэрэтэлі, Э. Межэлайціса, Р. Гамзатава, руны з карэла-фінскага эпасу «Калевала» і інш. Выйшаў зборнік выбраных перакладаў Я. Сіпакова «На волю птушку выпускаю» (1989). Многія кнігі пісьменніка перакладзены на замежныя мовы. Па яго твору «Крыло цішыні» пастаўлены аднайменны тэлеспектакль.

Л. С. Савік.

Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 5. Пестрак – Сяўрук / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. – 480 с.

 

Похожие статьи:

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Лета з мятлушкай

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Перавернуты

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Клетка

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Як спакайней?

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Заміра