Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Янка Журба
Журба Янка [18.04 (01.05).1881, в. Купніна Лепельскага пав. Віцебскай губ., цяпер Чашніцкага раёна Віцебскай вобл. – 07.01.1964, Полацк; пахаваны на Ксавер’еўскіх могілках], паэт, перакладчык. Член СП Беларусі з 1939.
Янка Журба (сапраўднае імя Івашын Іван Якаўлевіч) з беднай сялянскай сям’і, якая складалася з 12 чалавек. Бацька мусіў хадзіць у суседняе мястэчка і вёскі дзеля дадатковага заробку. У 1898 Янка паступіў у Полацкую настаўніцкую семінарыю. Яшчэ тады спрабаваў свае сілы ў вершаванай творчасці на рускай мове. Пасля сканчэння семінарыі ў 1902 настаўнічаў у пачатковых школах Себежскага і Гарадоцкага паветаў былой Віцебскай губерні. У 1906 стаў студэнтам Глухаўскага настаўніцкага інстытута былой Чарнігаўскай губерні. Тут адбылося знаёмства з першымі нумарамі беларускай газеты «Наша ніва», якая, наогул, зрабіла моцнае ўражанне ў студэнцкім асяроддзі. У адным са сваіх лістоў да студэнтаў-беларусаў рэдакцыя запрашала іх дасылаць свае творы. У інстытуце арганізаваўся неўзабаве нелегальны беларускі гурток, у якім удзельнічаў Я. Журба. З «Нашай нівай» было наладжана цеснае супрацоўніцтва. Гурткоўцы займаліся пашырэннем ведаў па беларусазнаўству. З таго часу Я. Журба пачаў пісаць вершы на беларускай мове.
Праз тры гады, калі скончыў інстытут, працаваў у гарадскім вучылішчы ў Канстанцінаградзе былой Палтаўскай губерні (цяпер Чырванаград, Харкаўскай вобласць). Выкладаў рускую мову і літаратуру ў старэйшых класах. У 1911 вярнуўся на Беларусь, да 1914 настаўнічаў у Чашніках Віцебскай губ. Потым вучыўся на вышэйшых камерцыйных курсах у Харкаве, але з-за матэрыяльных цяжкасцей хутка спыніў вучобу. Да 1915 настаўнічаў у мястэчку Карэлічы Мінскай губерні. З 1915 як бежанец жыў у Сімбірскай губерні, быў інспектарам вышэйшай пачатковай школы. У 1921 Я. Журба прыехаў на Беларусь, пачаў працу ў навукова-педагагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР. З 1923 ён інспектар сацыяльнага выхавання Бабруйскага акруговага аддзела народнай асветы, праз два гады – выкладчык у сярэдняй школе, а ў 1927-1933 выкладчык беларускай мовы і літаратуры ў Магілёўскім медвучылішчы. З 1933 да 1936 працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы АН БССР, але з-за пагоршання зроку пакінуў гэтую працу. Выехаў у Мінскі раён (с. Сіняло), выкладаў спевы ў вясковай школе, займаўся літаратурнай працай. З 1941 і пасля вайны жыў у Чашніцкім раёне Віцебскай воблаці, быў настаўнікам музыкі і спеваў у пачатковых класах. Стаў інвалідам, амаль зусім страціўшы зрок. Жыў у цяжкіх матэрыяльных умовах і невядомасці. У далейшым, калі ў Саюзе пісьменнікаў БССР стала вядома пра яго цяжкае матэрыяльнае становішча, яно было папраўлена. Апошнія гады правёў у доме для састарэлых у Полацку. Узнагароджаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, медалём.
Друкавацца пачаў у рускіх выданнях з 1902 (першая публікацыя не выяўлена). Першы верш Я. Журбы «На беразе Дзвіны» быў змешчаны ў газеце «Наша ніва» (1909), але з допісамі ён выступіў на яе старонках крыху раней (1908). З таго часу вершы, апавяданні Я. Журбы, рэгулярна з’яўляліся ў «Нашай ніве», часопісах «Маладая Беларусь», «Лучынка». У дакастрычніцкай паэзіі Я. Журбы выразна выявілася сацыяльная накіраванасць, аптымістычны погляд на свет, жаданне рэвалюцыйных пераўтварэнняў, вера ў надыход новага светлага дня для працоўных. У паслярэвалюцыйны ж час пачаў друкавацца з 1921 у газеце «Савецкая Беларусь», з 1922 – у часопісе «Полымя», іншых выданнях. Першая паэтычная кніга Я. Журбы «Заранкі» выйшла ў Мінску ў 1924. Яна не стала падзеяй у літаратурным жыцці. Напоўненая традыцыйнай фальклорнай вобразнасцю, песеннымі матывамі, не несла таго новага светаадчування, якое магло забяспечыць авангардныя пазіцыі ў беларускай паэзіі таго часу, але разам з тым у многіх вершах адчуваўся шчыры лірызм, душэўнасць, замілаванасць роднымі краявідамі. Крытыка сустрэла кнігу досыць стрымана, справядліва папракаючы аўтара за мастацкую недасканаласць, рытарычнасць.
У час вайны, паводле сведчання самога паэта, загінулі рукапісы яго паэтычных кніг «Раніца», «Шляхі перамогі», паэмы «На палярнай станцыі».
У 1950 выйшлі ў друку «Выбраныя творы» Я. Журбы, а потым і некалькі паэтычных кніг, сярод якіх зборнік вершаў для дзяцей. Многія яго творы маюць характар фальклорных стылізацый. Музыку на вершы Я. Журбы пісалі Л. Абеліёвіч, М. Анцаў, П. Ахраменка, І. Кузняцоў, П. Падкавыраў, Р. Пукст, М. Чуркін і інш.
І. Э. Багдановіч.
Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 2. Верабей – Іваноў / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. – 541 с.
Похожие статьи:
Янка Журба → Жыццёвы і творчы шлях Янкі Журбы
Янка Журба → Янка Журба - Вясна ідзе
Янка Журба → Янка Журба - Коцік