Галубовіч Янка (Іван Іванавіч) (псеўд. Янка Баравы; 26.05.1942 – 19.12.2014), празаік, публіцыст Нарадзіўся 26.05.1942 г. ў вёсцы Пранчэйкава Маладзечанскага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў трактарыстам у родным калгасе, па камсамольскай пуцёўцы паехаў працаваць на цаліну. Служыў у Савецкай Арміі. Затым паехаў працаваць у горад Рубцоўск на трактарны завод. Вярнуўшыся ў Беларусь, паступіў вучыцца ў Беларускі Дзяржаўны Універсітэт. Пасля заканчэння вучобы працаваў на розных пасадах у дзяржаўных установах г. Маладзечна, інжынерам на заводзе «Электрамодуль». Друкаваўся ў часопісах «Маладосць», «Вясёлка», газеце «ЛІМ» і інш. Аўтар зборнікаў прозы «Пастарайся стаць чалавекам», «Зязюля дзетак шукала», «Чаму мядзведзь бярозавіка не любіць», «Ад студзеня да студзеня», «Янотавы абяцанкі» і інш. Творы Івана Галубовіча былі надрукаваны ў 26 калектыўных зборніках. Аб іх вартасці сведчыць той факт, што ўрыўкі з многіх яго твораў уключаны ў школьныя падручнікі па беларускай мове для 2, 3, 4 класаў – па іх дзеці вывучаюць родную мову. Змешчаны яны і ў «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы».
Пісьменнік вызначаецца сваім адметным стылем, манерай пісьма, тэмай, прыгожай, сакавітай, з мясцовымі асаблівасцямі беларускай мовай. За яго простымі сардэчнымі радкамі адчуваецца трапяткая душа, якая напоўнена бясконцай адданасцю роднай Беларусі і яе народу. Дэградацыя чалавека як асобы, страта маральных прынцыпаў і ідэалаў, адсутнасць нацыянальнай самапавагі і гонару, крывадушша, хлусня, ашуканства і як вынік усяго гэтага – поўная абыякавасць да будучыні сваёй зямлі – становяцца галоўнымі праблемамі яго кніг і роздумаў для дарослых. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1995). Пахаваны на могілках в. Дубравы.
Похожие статьи:
Леанід Галубовіч → Леанід Галубовіч - Людскою разумнаю воляй...
Леанід Галубовіч → Леанід Галубовіч - Мова
Леанід Галубовіч → Творчасць Леаніда Галубовіча
Леанід Галубовіч → Леанід Галубовіч - Я — раб паэзіі...
Леанід Галубовіч → Леанід Галубовіч - верш "Паэзія"