Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Еўдакія Лось

Фатаграфія Еўдакіі ЛосьЛось Еўдакія Якаўлеўна (01.03.1929, в. Старына Ушацкага раёна Віцебскай вобл. – 03.07.1977, Мінск, пахавана на Усходніх могілках), паэтэса. Член СП Беларусі з 1957.

   Нарадзілася ў сялянскай сям’і. Бацька Якаў Васілевіч і маці Наталля Якаўлеўна працавалі ў калгасе. У 1934 сям’я перасялілася ў г. п. Ушачы, і яны сталі рабочымі раённай друкарні. Да вайны Еўдакія Лось закончыла 5 класаў. Пасля заканчэння Ушацкай сямігодкі вучылася на школьным аддзяленні Глыбоцкага педвучылішча (1945-1948), затым на аддзяленні мовы і літаратуры педінстытута ў Мінску (1948-1955). Працавала літработнікам у рэдакцыі газеты «Зорька» (1951-1952), рэдактарам мовы і літаратуры Вучпедвыдавецтва БССР (1952-1959). У 1959-1961 вучылася на Вышэйшых літаратурных курсах пры СП СССР у Маскве. З 1961 літсупрацоўнік газеты «Звязда», з 1963 на творчай рабоце. У 1970-1972 працавала адказным сакратаром часопіса «Работніца і сялянка», з 1975 галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка». Узнагароджана ордэнам «Знак пашаны», медалямі, Ганаровымі Граматамі Вярхоўных Саветаў БССР і Лат. ССР.
   Першы верш «Сэрца дзяўчыны» надрукаваны ў часопісе «Работніца і сялянка» у 1948. Аўтар зборнікаў паэзіі «Сакавік», «Палачанка», «Людзі добрыя», «Хараство», «Яснавокія мальвы», «Перавал», «Галінка з яблыкам», «Лірыка ліпеня», паэм «Гавораць несмяротныя», «Мой свет», «Мая Хатынь», «Высакосны год», «Матчына трывога». Яе паэзія шчырая, сагрэта пачуццём любві да Радзімы, да людзей. У многіх вершах – біяграфія тых, хто пражыў вайну ў дзіцячым узросце, чыё юнацтва супала з пасляваенным клопатам аднаўлення краіны. Людскія ўзаемаадносіны, нялёгкі жаночы лёс – асноўны змест яе ўсхваляванай лірычнай споведзі. Вялікім аптымізмам і разам з тым трагічнымі прадчуваннямі кранаюць радкі вершаў «Бараўлянскага сшытка». Вырашэнню маральна-этычных праблем жыцця сучаснікаў прысвечаны зборнікі прозы «Пацеркі», «Травіца – брат-сястрыца». Пісала вершы для дзяцей («Абутая ёлачка», «Казка пра Ласку», «Вяселікі», «Зайчык-выхваляйчык», «Дванаццаць загадак»). Творы, адрасаваныя маленькаму чытачу, вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, даступнасцю зместу, дакладнасцю вобразаў. Вершы і паэмы Еўдакіі Лось перакладаліся на рускую, украінскую, літоўскую і іншыя мовы. Музыку на яе вершы напісалі У. Алоўнікаў, Т. Вагнер, Д. Камінскі, Ю. Семяняка, Д. Смольскі і інш. Яе імем названы вуліца ў Віцебску, Ушацкая раённая бібліятэка.

Л. М. Гарэлік.

Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 4. Лазарук – Перкін / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. – 524 с.

 

Похожие статьи:

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Маці

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Уцякач

Еўдакія ЛосьЖыццёвы і творчы шлях Еўдакіі Лось

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Зайчык-выхваляйчык

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Казка пра ласку