Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Георгій Марчук
Марчук Георгій Васільевіч (н. 01.01.1947, г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл.), празаік, драматург. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1983.
Нарадзіўся ў сям’і служачых. Бацькі памерлі рана, таму выхоўваўся ў дзядулі і бабулі. Пасля заканчэння СШ N9 2 у Давыд-Гарадку спрабаваў паступіць ва Усесаюзны інстытут кінематаграфіі. Не паступіўшы, працаваў кіраўніком драмгуртка Давыд-Гарадоцкага дома культуры (1965-1966), інструктарам Столінскага РДК (1966-1968), мастацкім кіраўніком ансамбля пры парку культуры і адпачынку г. Століна (1968-1969), адміністратарам кінастудыі «Беларусьфільм» (1969-1970), асістэнтам рэжысёра аб’яднання тэлефільмаў той жа кінастудыі (1970-1975). Завочна скончыў аддзяленне тэатразнаўства Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (1973). Вучыўся на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1975-1977). Загадваў літаратурнай часткай тэатра-студыі кінаакцёра (1980-1982). З 1982 – на творчай рабоце. Да 2016 года – сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1996, у аўтарскім калектыве) – за мастацкі фільм «Кветкі правінцыі». У 2009 годзе Георгій Марчук быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію.
Першыя гумарэскі, рэцэнзіі, апавяданні Г. Марчука пачалі з’яўляцца на старонках столінскай раённай газеты «Навіны Палесся» ў 1968, у рэспубліканскім друку – з 1973. Аўтар аднаактовых п’ес, якія ставяцца самадзейнымі тэатрамі, некаторыя з іх адзначаны прэміямі на рэспубліканскіх конкурсах («Выкраданне Алены», 1971, «Параліч», 1973). З 1977 па 1982 у выдавецтве «Искусство» (Масква) апублікаваны 6 яго аднаактовых п’ес, а драма «Магіла Чынгісхана» ўвайшла ў савецкую анталогію аднаактовай п’есы. Першая многаактовая камедыя «Люцікі-кветачкі» была пастаўлена Мазырскім і Чэрвеньскім народнымі тэатрамі, камедыя-лубок «Новыя прыгоды Несцеркі» – Ашмянскім народным тэатрам. Напісаў для Дзяржаўнага тэатра лялек БССР п’есы-казкі «Чаканне сабакі Тэафіла», «Загадка каралеўства Аварыі», «Тушканчык і чароўны чамаданчык». З нагоды 100-годдзя з дня нараджэння Я. Коласа напісаў п’есу «Адгукніся, браце». Спрабуе сілы ў камедыі, трагікамедыі, лірычнай і сатырычнай п’есе («Уверх без лесвіцы», «Спрынтэр з Нізоўкі», «Поўнач, звоніць тэлефон», «Ці кормяць ваўка ногі» і інш.). Некаторыя з іх ставіліся на Беларускім рэспубліканскім радыё. Аўтар празаічных твораў, артыкулаў па пытаннях тэатральнага мастацтва. Раманы Г. Марчука «Крык на хутары», «Кветкі правінцыі», «Прызнанне ў забойстве» апавядаюць пра падзеі ў заходнебеларускай вёсцы. Аповесць «Паляшук» прысвечана надзённым маральна-этычным праблемам сучаснасці. Аўтар зацікаўлена ўглядаецца ў побыт вёскі і горада, стварае пераканаўчыя вобразы герояў, высмейвае мяшчанскія, спажывецкія настроі.
Л. С. Савік.
Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 4. Лазарук – Перкін / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: I. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. – 524 с.
Похожие статьи:
Георгій Марчук → Георгій Марчук - Папугай Пятруша
Георгій Марчук → Георгій Марчук - Добрае сэрца
Георгій Марчук → Георгій Марчук - Чужое багацце. ГДЗ