Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вікенцій Равінскі

   Родам Вікенцій Паўлавіч Равінскі (1786-1855) з беларускай Смаленшчыны, з цяперашняга Духаўшчынскага раёна, як мяркуецца, з «сяльца» Маніна, якое потым пачало называцца Елісеевічы. Год нараджэння — 1786. А дакладней, як меркаваў Г. Кісялёў, 23 снежня 1786 г. Бацька паэта — земскі спраўнік Павел Васільевіч Равінскі — быў дваранінам сярэдняй рукі, меў ва ўладанні зямельныя надзелы з падданымі.
   Бацькі адправілі юнака Вікенція, як і яго старэйшых братоў, на вайсковую службу. У 14 гадоў хлопец быў унтэр-афіцэрам Бранскага мушкецёрскага палка. А праз колькі часу ён ужо зведаў цяжкасці баявых паходаў. Удзельнічаў з 1805 г. у бітвах з французамі, у складзе корпуса рускіх войск генерала Галянішчава-Кутузава прайшоў праз Галіцыю, Сілезію, Маравію, Аўстрыю. Потым ваяваў у часцях генерал-лейтэнанта князя Баграціёна, праявіў сябе як храбры воін у бітвах пад Аўстэрліцам, Прэйсіш-Энлау і асабліва пры Шэнграбене, за што быў узнагароджаны першым баявым ордэнам. Удзельнічаў у вайне 1812 г., якую сустрэў у чыне капітана. Быў ад’ютантам праслаўленага генерала Дохтурава. За бітвы пад Барадзіно, Малаяраслаўцам і родным Смаленскам Вікенцій Равінскі атрымаў баявыя ўзнагароды. Потым быў вызваленчы паход у складзе рускага войска ў Еўропу, Равінскі дайшоў да Парыжа. У 1816 г. ён выйшаў у адстаўку ў чыне палкоўніка. 3 1826 па 1833 г. быў на цывільнай службе — спачатку ў Арэнбургскай губерні, ва Уфе, а потым у Пензе і Кастраме. Якраз у час знаходжання Равінскага ва Уфе пакутаваў там жа ў ссылцы яго зямляк і паэт Ян Чачот. У 1833 г. Вікенцій Равінскі вярнуўся на радзіму, у Духаўшчынскі павет, дзе і жыў да канца сваіх дзён.
   Вікенцій Равінскі быў шырока адукаваным чалавекам, добра ведаў гісторыю, літаратуру, валодаў апрача рускай і беларускай яшчэ французскай і нямецкай мовамі. Як цікавага і дасціпнага субяседніка яго згадвае ў сваіх успамінах наш славуты зямляк кампазітар Міхаіл Глінка.
  «Энеіда навыварат» Вікенція Равінскага — класічны твор новай беларускай літаратуры. Напісана яна была пад непасрэдным уплывам «Вергилиевой Энеиды, вывороченной наизнанку» рускага паэта Мікалая Осіпава і «Энеіды» ўкраінца Івана Катлярэўскага. У аснове ўсіх трох паэм — гісторыя вандраванняў героя Траянскай вайны Энея, якую расказаў у сваёй гераічнай паэме «Энеіда» рымскі паэт I ст. да н. э. Вергілій. Традыцыйны сюжэт аўтар беларускай «Энеіды навыварат» напоўніў сваім зместам. У паэме мы бачым вобразы простых беларускіх сялян і паноў. У ёй паказваецца жыццё і побыт беларусаў пачатку XIX ст., крытыкуюцца праявы прыгонніцтва. Напісана паэма як пародыя на творы антычнай літаратуры, у тым ліку і на Вергіліеву «Энеіду». Палемічная паэма Вікенція Равінскага была накіравана супраць канонаў класіцызму, якія сталі тормазам у развіцці літаратуры. Гэты выдатны твор беларускай літаратуры напісаны дзесьці паміж 1816-1826 гг., доўгі час хадзіў у рукапісах і меў нямала варыянтаў. Паэма дала добры штуршок для развіцця новай беларускай літаратуры.
   Выдатны беларускі паэт і герой вайны 1812 г. В. Равінскі быў аўтарам і іншых твораў — вершаванай камедыі на рускай мове «Шлюб паняволі», сатыры на аракчэеўшчыну «Вялікі муж субардынацыі» і іншых, дзе яскрава праявіліся яго дзекабрысцкія, дэмакратычныя погляды.

К. Цвірка

 

Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с.

Похожие статьи:

ІншаеВікенцій Равінскі - Энеіда навыварат

СачыненніПаэма Вікенція Равінскага "Энеіда Навыварат"