Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вольга Іпатава

Фатаграфія Вольгі Іпатавай   Вольга Міхайлаўна Іпатава нарадзілася 1-га студзеня 1945 г. у г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сям'і служачых. Бацька, Міхаіл Іванавіч, працаваў у Міры загадчыкам райфінаддзела, маці, Марыя Якаўлеўна, – фельчарам-акушэркай. У першы клас Вольга пайшла ў 1951 г. у Навагрудку, куды перавялі на работу бацьку. Затым вучылася ў в. Забелле Бешанковіцкага раёна і Таркачы Дзятлаўскага раёна (бацька быў там старшынёй калгаса). Пасля смерці маці, у 1956-1961 гг. выхоўвалася ў Гродзенскім дзіцячым доме. У 1961 г. скончыла ў Гродне сярэднюю школу і паступіла на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. У 1963 г. перавялася на завочнае аддзяленне і паехала да цёткі ў Віцебск. Настаўнічала ў пасёлку Руба (1963), працавала таваразнаўцам у Віцебскім абласным кнігагандлі (1964). Потым была вылучана на камсамольскую работу. У 1965-1968 гг. працавала інструктарам, загадчыкам сектара ў Гродзенскім гаркоме камсамола. Цяга да літаратурнай працы прывяла В. Іпатаву на пасаду рэдактара абласной студыі тэлебачання (1968-1970). У 1970 г. пераехала ў Мінск, дзе да 1973 г. працавала літаратурным супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва». Затым была літкансультантам у газеце «Чырвоная змена». У 1975-1978 гг. займалася ў аспірантуры Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага. Жывучы ў Маскве, актыўна супрацоўнічала ў цэнтральным друку («Правда», «Дружба народов», «Литературное обозрение»). Пасля заканчэння вучобы зноў працавала літкансультантам у «Чырвонай змене» (1978-1979). У 1979-1985 гг. на творчай рабоце. З 1985 г. галоўны рэдактар Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач Беларускага тэлебачання, у 1989-1991 гг. загадчык аддзела, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Спадчына», у 1991-1995 гг. была галоўным рэдактарам газеты «Культура». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1970 г. З 1998 да 2001 года была намеснікам старшыні, а з 2001 да 2002 года – старшынёй Саюза беларускіх пісьменнікаў.
   Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі Францыска Скарыны і 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, з’яўляецца лаурэатам прэміі імя Барыса Кіта (2003), «Залаты апостраф» (2006, за аповесць «Апошняя ахвяра свяшчэннага дуба»), прэміі імя Міколы Ганька (2009, за «вялікую асветніцкую працу і прапаганду духоўных дасягненняў беларускай эміграцыі ў Канадзе») і інш. З’яўляецца ганаровым акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук «Еўразія».
   Першы верш («Кітайскім сябрам») Вольга Іпатава надрукавала ў 1956 г. у газеце «Зорька» (публікацыя не выяўлена). Пастаянна паэтычнай творчасцю займаецца з 1959 г. Аўтар паэтычных зборнікаў «Раніца», «Ліпеньскія навальніцы», «Парасткі» і інш. Уключаныя ў іх творы прысвечаны маладому сучасніку. Са шчырай лірычнай пранікнёнасцю раскрывае паэтэса яго багаты духоўны свет. У яе вершаваных кнігах шырока прадстаўлены тэмы Бацькаўшчыны, героіка ратнага і працоўнага подзвігу, гістарычна-рэвалюцыйнай пераемнасці пакаленняў. Вобразны свет паэзіі В. Іпатавай надзвычай багаты, эмацыянальна рухомы, яркі, пластычны. Ён склаўся пад уплывам народна-песеннай традыцыі, мае выразныя адметныя рысы. У 70-я гады В. Іпатава ўсё часцей спрабуе свае сілы ў празаічных жанрах. Яе аповесці і апавяданні склалі зборнікі «Вецер над стромай», «Дваццаць хвілін з Немезідан», «Перакат» і інш. У іх узняты вострыя маральна-этычныя праблемы сувязі сучаснай моладзі з роднай зямлёй, народам, грамадзянскай адказнасці, пошуку свайго месца ў жыцці (аповесці «Вецер над стромай», «Вузялок Святагора», апавяданні са зборніка «Дваццаць хвілін з Немезідай»). Героі гэтых твораў, як правіла, маладыя хлопцы і дзяўчаты, чые дзіцячыя гады апалены вайной. В. Іпатава паспяхова распрацоўвае гістарычную тэматыку. Яе пяру належаць аповесці «Прадыслава» (прысвечана беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай), «За морам Хвалынскім», «Агонь у жылах крэменю». Піша таксама кніжкі для дзяцей, крытычная артыкулы, робіць пераклады. Па аповесці пісьменніцы «Вузялок Святагора» А. Карпавым пастаўлены фільм «Гамункулус» (1988; аўтары сцэнарыя І. Балгарын, М. Пяцігорская). На яе вершы напісаны песні («Сыну» С. Вяліцкай, «Нёманская сінь» А. Чыркуна, «Аэліта» А. Казбанава і інш.).

М.А.Губернатараў.


Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 3. Івашын – Кучар / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Беларуская Энцыклапедыя; Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. – 585 с.

 

Похожие статьи:

ПераказыПрадслава