Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Барыс Сачанка

Фатаграфія Барыса СачанкіСачанка Барыс Іванавіч (15.05.1936, в. Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці – 05.07.1995, Мінск, пахаваны на Усходніх могілках) – празаік, перакладчык і выдавец. Член СП Беларусі з 1960. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1982, за кнігу «Ваўчыца з Чортавай Ямы»), Літаратурнай прэміі СП Беларусі імя І. Мележа (1991, за кнігу «Сняцца сны аб Беларусі...»).

   Бацька, Іван Мікалаевіч, працаваў у хімлясгасе, маці, Вера Міхайлаўна, хадзіла на работу ў калгас, але больш мусіла клапаціцца пра дзяцей, якіх у сям’і было сямёра. Барысу Сачанку не было і шасці гадоў, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. У 1943 фашысты спалілі Вялікі Бор, у агні загінула 128 аднавяскоўцаў, астатніх жыхароў вёскі вывезлі ў Нямеччыну. Сям’я Сачанкаў трапіла на ферму нямецкага землеўласніка, дзе давялося працаваць да самага вызвалення ў маі 1945. Затым трапілі ў лагер для перамешчаных асоб, якіх амерыканцы агітавалі ехаць у ЗША, але Сачанкамі валодала жаданне хутчэй вярнуцца дамоў, на Палессе. У 1945 Б. Сачанка пайшоў у першы клас Вялікаборскай сямігодкі, а пасля заканчэння Хойніцкай СШ, у якой вучыўся Іван Мележ, у 1955 паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1960. Працоўную дзейнасць пачаў у 1958 у часопісе «Вожык» – спачатку карэктарам, затым фельетаністам. Тут у сааўтарстве з Янкам Сіпаковым і Рыгорам Барадуліным пад псеўданімам І. Сібарсач змяшчаў вострыя і надзённыя крытычныя нататкі, артыкулы, гумарэскі, сатырычныя замалёўкі. Затым працаваў рэдактарам аддзела прозы часопіса «Полымя» (1960-1976), дзе яму першаму давялося чытаць і рэдагаваць «Палескую хроніку» І. Мележа. У 1976-1986 сакратар праўлення СП Беларусі. У 1986-1993 загадчык аддзела перакладной замежнай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 12.01.1993 галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі.
   Узнагароджаны двума ордэнамі «Знак Пашаны», юбілейным медалём «За доблесную працу», медалём Ф. Скарыны, дзвюма Ганаровымі граматамі і Граматай Вярхоўнага Савета Беларусі.
   Першае апавяданне Б. Сачанкі «Плынь» надрукавана ў часопісе «Маладосць» у 1956. Падзеі яго звязаны з жыццём і працай калгаснай моладзі 1950-х гадоў. Раннія навелы празаіка друкаваліся на старонках часопісаў «Беларусь», «Полымя», многіх газет. Першы зборнік яго апавяданняў «Дарога ішла праз лес» выйшаў у 1960. Навела, кароткая мініяцюра былі ў творчасці Барыса Сачанкі папярэдніцамі аповесці і рамана. Малады празаік працягваў лінію сацыяльна-бытавога апавядання, найбольш традыцыйнага для беларускай літаратуры. Першым аповесцям пісьменніка «Мальвіна» і «Палон», якімі завяршаецца другая кніга апавяданняў «Барвы ранняй восені» (1961), уласціва запаволеная, апавядальная манера, рэалістычная дакладнасць у раскрыцці абставін, дэталёвае апісанне знешняга асяроддзя, побыту, узаемаадносін людзей. Асабліва вылучаецца пастаянная тэма, звязаная з «малой радзімай» пісьменніка – ёй прысвечаны цыкл «Палессе» (апавяданні «У вёску, да маці», «Навальніца», «Ваўчыца з Чортавай Ямы», «Соль», «Вясковыя згадкі», «З казкі маленства», «Дзік-бадзяга», нарыс «Зямля маіх продкаў», аповесць «Баравое рэха»). Гістарычнае мінулае палескага краю паказана ў аповесцях «Варэйка золата», «Англіцкая сталь», «Дыярыуш Мацея Белановіча». У многіх творах празаіка раскрываюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны («Палон» «Пакуль не развіднела», «Аксана», «Загадка аднаго падполля», раман у навелах «Чужое неба», трылогія «Вялікі Лес»). Адным з першых у беларускай прозе Б. Сачанка пачаў распрацоўваць тэму Хатыняў (аповесць «Апошнія і першыя»). У апавяданнях і аповесцях 1970-х гадоў пісьменнік разглядае многія аспекты сучаснага гарадскога побыту, выкрывае мяшчанства, графаманства, прыстасавальніцкія, спажывецкія адносіны да жыцця («Мара», «Успамін», «Пра аднаго паэта», «Не на той вуліцы», «Запіскі Занядбайлы», «Іван Патапавіч Белахвосцік – кніжны Шэрлак Холмс», «Без пяці мінут «прахвесар»). Не абышоў Б. Сачанка і горкую тэму Чарнобыля, якой прысвяціў «Запіскі аб радыяцыі», аповесці «Родны кут» і «Еўка». Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Вол-фігурыст», «Халасцяк», кніг для дзяцей «Кошык малін» і «Бабка Адарка». У кнізе Б. Сачанкі «Жывое жыццё» змешчаны артыкулы пра творчасць Л. Талстога, І. Буніна, К. Паустоўскага, Міхася Лынькова, І. Мележа, С. Дзяргая, пра жыццё і творчасць Янкі Купалы і інш. Пісаў артыкулы пра беларускую эміграцыю, рэпрэсіраваных пісьменнікаў, пра грамадска-літаратурны рух 1920-1930-х гадоў (кніга «Сняцца сны аб Беларусі»). У 1980, як дэлегат ад Беларусі на XXXV сесіі ААН, пабываў у Злучаных Штатах Амерыкі. Вынікам гэтай паездкі з’явіліся нарысы «Куды ты ідзеш, Амерыка?». Напісаў таксама нарысы пра свае паездкі ў Галандыю («У краіне польдэраў і цюльпанаў»), у Польшчу і Чэхаславакію («На зямлі беластоцкай», «Па слядах Скарыны»), у Францыю («Восень у Парыжы»). Апублікаваў са сваімі каментарыямі малавядомыя ці зусім невядомыя творы Я. Купалы, Я. Коласа, Вацлава Ластоўскага, К. Сваяка, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Жылкі, У. Клішэвіча, Алеся Салаўя і інш. Пераклаў на беларускую мову аповесць «Школьны хлеб» Я. Гуцалы, «Аповесць пра майго сябра» П. Андрэева (П. Абрасімава), кнігу аповесцяў і апавяданняў «Трывожны год» І. Андрыча, п’есы «Барабаншчыца» А. Салынскага, «Апошняе спатканне» А. Галіна. Склаў кнігі выбранай прозы Я. Гушчы «Пан Грацыян і іншыя», Я. Івашкевіча «Дзяўчына і галубы», К. Федзіна «Сустрэча з мінулым», М. Булгакава «Белая гвардыя», «Жыццё пана дэ Мальера», Ф. Салагуба «Святло і цені», Б. Пільняка «Цэлае жыццё», У. Набокава «Знішчэнні тыранаў», Л. Геніюш «Белы сон», двухтомную «Анталогію рускага савецкага апавядання», анталогію эмігранцкай беларускай паэзіі «Туга па радзіме», кнігу ўспамінаў «На суд гісторыі». Творы Б. Сачанкі перакладаліся на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую, французскую і інш. мовы.

Л. С. Савік.

Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 5. Пестрак – Сяўрук / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. – 480 с.

 

Похожие статьи:

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Ля даўняга селішча

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Хлеб

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Сляды

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Зерне і млын

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Карчоўнік