Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Публіцыстычныя творы Канстанціна Каліноўскага
Адзін з самых выбітных герояў нашай нацыянальнай гісторыі ад нараджэння меў падвойнае імя – Вікенцій Канстанцін, прычым у афіцыйных дакументах ён звычайна карыстаўся сваім першым, а ў штодзённай камунікацыі – другім імем. З пачатку 1920-х гг. у дачыненні да яго беларускія гісторыкі, а потым і літаратуразнаўцы сталі ўжываць імя Кастусь.
Нарадзіўся будучы знакаміты кіраўнік антырасійскага паўстання 2 лютага 1838 г. у Мастаўлянах Ваўкавыскага павета (цяпер Падляскае ваяводства, Польшча) у сям’і беззямельнага шляхціца. З 1847 г. вучыўся ў Свіслацкай гімназіі (з 1849 г. яго бацька пераехаў у фальварак Якушоўка, паблізу Свіслачы). Вялікі ўплыў на выхаванне Канстанціна меў яго старэйшы брат Віктар Отан, які з 1852 г. быў студэнтам Маскоўскага ўніверсітэта. У 1855 г. Кастусь пераехаў да яго ў Маскву, а праз год абодва браты перабраліся ў Пецярбург. У 1860 г. Канстанцін Каліноўскі закончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта з навуковай ступенню кандыдата права, а ў 1861 г. вярнуўся на Гарадзеншчыну, дзе адразу ж узяў чынны ўдзел у стварэнні нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі. У 1862 г. разам з Валерыем Урублеўскім і Феліксам Ражанскім пачаў выдаваць першую на беларускай мове нелегальную газету "Мужыцкая праўда", якая распаўсюджвалася амаль па ўсёй Беларусі, а таксама ў Літве ды Латвіі (усяго разам выйшла сем яе нумароў). З пачатку 1863 г. Каліноўскі быў фактычным кіраўніком узброенага паўстання ў Беларусі і Віленскім краі; пасля яго паразы жыў на нелегальным становішчы ў Вільні. У выніку даносу аднаго з былых паплечнікаў, у студзені 1864 г. быў арыштаваны, пазней асуджаны расійскім ваенна-палявым судом і 22 сакавіка таго ж года пакараны смерцю на віленскай Лукішскай плошчы. Пра апошнія хвіліны жыцця Канстанціна Каліноўскага захавалася сведчанне Аляксандра Масалова, тагачаснага чыноўніка канцылярыі віленскага губернатара:
"Была ясная халодная раніца. Каліноўскі йшоў на месца кары смела; прыйшоўшы на пляц, ён стаў тварам наўпрост да шыбеніцы і толькі раз-пораз кідаў позіркі да далёкага натоўпу. Калі яму чыталі канфірмацыю, ён пачаў быў рабіць заўвагі; гэтак, да прыкладу, калі назвалі яго імя – дваранін Вікенці Каліноўскі, ён усклікнуў: "У нас няма дваранаў, усе роўныя!". Паліцэймайстар паківаў яму галавой і прасіў замаўчаць…"
Літаратурна-публіцыстычную спадчыну Вікенція Канстанціна Каліноўскага складаюць артыкулы сямі нумароў "Мужыцкай праўды", два "Лісты з-пад шыбеніцы" з вершам "Марыська чарнаброва, галубка мая…", а таксама, магчыма, шэраг польскамоўных артыкулаў, апублікаваных у газетах "Харонгеў свабоды", "Вядамосьці з поля бітвы", "Непадлегласьць", "Глос з Літвы". Прыкметы адметнага публіцыстычнага стылю Каліноўскага маюць і некаторыя тэксты загадаў і інструкцый органам паўстання (на беларускай і польскай мовах).
Публіцыстычныя артыкулы Каліноўскага (у большасці падпісаныя псеўданімам Яська-гаспадар з-пад Вільні) – гэта палымяныя адозвы, звернутыя найперш да простага беларускага люду. Галоўная іх тэма – знішчальная крытыка расійскай царскай улады і яе каланіяльнай палітыкі ў Беларусі і Літве, а таксама заклік збройнай сілай перамяніць існае становішча. Канстанцін Каліноўскі сваімі публікацыямі "Мужыцкай праўды" закладаў падмурак публіцыстычнага стылю новай беларускай літаратурнай мовы: з гэтага даробку пазней плённа скарыстае "Наша ніва" дый фактычна ўся беларускамоўная дэмакратычная перыёдыка ХХ ст.
Асаблівую ж літаратурную вартасць у спадчыне Каліноўскага маюць "Лісты з-пад шыбеніцы" і ўключаны ў іх вышэйзгаданы верш. Гэтак, прыкладам, у першым пісьме, напісаным ім, магчыма, яшчэ на свабодзе, мы чытаем:
"…Няхай той сам судзіць, хто пісьмо маё чытаці будзе. Я адно скажу па шчырай праўдзе: што калі нам пад рондам (г.зн. урадам) польскім не саўсім было добра, то як маскаль стаў намі правіць, зрабіў ён для мужыкоў чыстае пекла на свеце. Тут сказаці яшчэ трэба, што ён змусіў нас пакідаці бацькаўшчызну, ісці ў рэкруты, дый ваяваці не за прыказ Боскі, не за праўду і справядлівасць, но за глум, за няволю не раз проціў братоў ды бацькоў нашых. Тут сказаці трэба, што маскаль, дабрадзей мужыцкі, зняўшы з паноў усялякія падаткі, зваліў іх адно на мужыцкае племя, аблажыў падаткам і мужыцкую зямлю, і мужыцкія хаты, і мужыцкую душу, і мужыцкія дзеці, і мужыцкую скаціну, жывых і ўмёршых… "
Мы бачым тут усю палітру вобразнай народнай мовы, прыстасаванай для выказвання палітычных ідэй, для сцвярджэння гуманістычных ідэалаў.
Верш "Марыська чарнаброва…" і другі "Ліст з-пад шыбеніцы" былі створаныя Канстанцінам Каліноўскім у чаканні непазбежнага смяротнага пакарання – і гэтыя творы мы можам разглядаць як узоры высокай рамантычнай паэзіі. Звяртаючыся да лірычнага адрасату верша (магчымы прататып – Марыя Ямант) і да ўсяго "мужыцкага народу" ён знаходзіць надзвычай пранікнёныя словы. Вось так гучаць радкі верша:
…Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю,
Но прымі цяжкую кару Прадвечнага волю,
А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся,
То я з таго свету табе адзавуся.
Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе.
І часам спамяні пра Яську свайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго…
А гэта – словы з другога "Ліста":
"…Горка пакідаць зямельку радную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, – но не жаль згінуць за тваю праўду…"
Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014
Похожие статьи:
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Хай Літва і Беларусь яму прысняцца
Пераказы, дыктанты → Нявеста Каліноўскага
Биографии → Кастусь Каліноўскі