Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Адам Плуг
(1823-1903)
Пісьменнік і журналіст Адам Плуг нарадзіўся ў вёсцы Замосце Слуцкага павета ў шляхецкай сям’і. У 1831 г. яго бацька атрымаў пасаду падлоўчага ў радзівілаўскіх уладаннях, і сям’я Пяткевічаў пераехала ў вёску Жукаў Барок (цяпер Стаўбцоўскі раён). У 1835-1842 гг. Адам Плуг вучыўся ў Слуцкай гімназіі. У час летніх канікулаў у 1840 г. пазнаёміўся з сынам арандатара суседняга прынёманскага фальварка Залуча Людвікам Кандратовічам, які пазней выступаў у літаратуры пад псеўданімам Сыракомля. Маладыя людзі адразу ж адчулі ўзаемную прыхільнасць, памкнуліся адзін да аднаго, і іх першыя спробы пяра выліліся ва ўзаемныя паэтычныя прысвячэнні («Гара Замчышча» Плуга і «Залом» Сыракомлі).
Скончыўшы гімназію, Адам Плуг працаваў хатнім настаўнікам на Падоллі. У 1845-1846 гг. вучыўся на філасофска-літаратурным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. Недахоп матэрыяльных сродкаў вымусіў Плуга спыніць вучобу і вярнуцца да настаўніцкай працы ў Джурыне (Падолле), дзе ўсё больш і больш увагі ён стаў надаваць мастацкай творчасці — пісаў паэтычныя гутаркі-ўспаміны («Жукаў Барок», «Родная песенька» і інш.) і рамантычна-дыдактычную прозу («Споведзь», «Дзетазабойца» і інш.), скіраваную сваім зместам да мясцін маладосці (дэбют Плуга ў друку адбыўся толькі ў 1847 г.). У 1849 г. Плуг напісаў на беларускай мове чатыры апавяданні і адну легенду. У 1856 г. ён прыязджаў у Вільню, быў у Мінску, пазнаёміўся з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, у кастрычніку наведаў Сыракомлю ў фальварку Барэйкаўшчына.
Ажаніўшыся ў 1857 г. з Людвікай Сержпутоўскай, узяў у арэнду вёску Паток каля Вінніцы, але ў 1859 г. адмовіўся ад арэнды і пераехаў у Жытомір. Там разам з жонкай заснаваў мужчынскую гімназію з пансіёнам, аднак у 1861 г. улады пазбавілі іх правоў утрымліваць гэту асветную ўстанову. У 1862 г. жонка Адама Плуга была арыштавана за ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях і зняволена ў Оўручы, а ў 1864-1866 гг. і сам Плуг знаходзіўся пад арыштам у Жытоміры, потым у Кіеве. Не маючы магчымасці з-за палітычнай ненадзейнасці знайсці працу на больш-менш працяглы перыяд, ён часта мяняў месца жыхарства, займаўся гувернёрскай працай. Асаблівую вастрыню яго сацыяльная неўладкаванасць набыла пасля смерці жонкі (1868).
У снежні 1874 г. Адам Плуг прыняў прапанову выдаўца В. Левенталя пераехаць у Варшаву і супрацоўнічаць у новым часопісе. З 1875 да 1879 г. быў сурэдактарам, а ў 1879-1890 гг. — рэдактарам часопіса «Kłosy» («Каласы»), дзе друкаваў шмат матэрыялаў пра Беларусь. Калі часопіс спыніў свае існаванне, Плуг стаў галоўным рэдактарам «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі» (1891-1903), адначасова працаваў літаратурным кіраўніком часопіса «Wędrowiec» («Вандроўнік», 1894 1899), уваходзіў у склад газеты «Kurjer Warszawski» («Варшаўскі веснік», 1899-1903), шмат зрабіў для развіцця польскай журналістыкі і выхавання літаратурнай моладзі. У Варшаве Плуг быў членам многіх дабрачынных, навуковых і літаратурных таварыстваў і камітэтаў, прычыніўся да арганізацыі беларускага літаратурна-асветніцкага гуртка. У варшаўскім касцёле св. Крыжа ў 1905 г. устаноўлены бюст Адама Плуга.
У. Мархель