Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Шамякін - У лесе i ў полі восенню

(Урывак з апавядання «Непрыгожая»)


   Ёсць непаўторная паэзія ў асеннім полі, хоць на першы позірк здаецца яно пустое і панурае. Калі вясна вядзе на луг і нараджае жаданне гарэзліва весяліцца, бегаць і скакаць, а ўлетку цягне паляжаць на ўзлеску, бяздумна ўглядаючыся ў бяздонны блакіт неба, то ўвосень хочацца ісці і ісці па палявых дарогах у бяскрайнюю далеч і... думаць. Не ведаю, як каму, а мне асабліва хораша думаецца ў асеннім полі. Нідзе думкі не плывуць так спакойна, шырока, павольна, нідзе ні ў якую іншую пару года не з’яўляюцца такія эпічныя сюжэты, як на той бязлюднай палявой дарозе, на якой цяжка нават спыніць на чым-небудзь позірк. Хіба толькі падзівішся, адкуль гэты гарэза вецер мог нанесці столькі вішнёвага, грушавага і бярозавага лісця, што ім забіты каляіны. Здаецца ж, бяроз і блізка няма, ды і вішнякі ледзь віднеюцца з аднаго і другога боку дарогі – у вёсках, што туляцца там, дзе шырокая палявая раўніна горбіцца невялікімі ўзгоркамі, перасякаецца доламі і рачулкамі.
   У асеннім лесе таксама добра думаецца. Але думкі тут маюць іншую форму: яны яркія, кароткія і хутка змяняюць адна адну. Можа, гэта таму, што ўсё навокал гарыць фарбамі згасаючага сонца – цёплымі фарбамі жыцця і змагання, якія заўсёды ўзбуджаюць. I шмат што перашкаджае спакойнай і павольнай плыні думак. Шуміць лес. Шамаціць пад нагамі лісце. Дзіўным веерам – у тры бакі ад сябе – насыпала на яшчэ зеленаватую траву залатовак прыгажуня бяроза. Як яны гараць, гэтыя лісцікі – ну, сапраўды, як тыя залатоўкі! I зусім не падобныя на тых сваіх сясцёр, якія апынуліся ў полі, у каляінах: тыя – скамечаныя, скручаныя, пачарнелыя, а на гэтыя глядзіш – і ажно вачам горача.
   Дубы насцілаюць пад сабой цёмна-карычневую мяккую пасцелю, лісце іх не ляціць далёка, яно цяжкае і нават у вецер падае амаль вертыкальна, толькі больш, чым у цішу, кружыць у паветры і даўжэй варушыцца на зямлі, быццам доўга прымошчваецца, каб зручней легчы. У гэтую пасцелю мякка шлёпаюцца жалуды...
   Зоркай іншага сусвету бліснуў кляновы ліст, што раптам з’явіўся перад вачамі на дарозе. Я заварожана спыніўся перад ім. Адкуль ён зляцеў? Ах, вунь ён дзе, клянок! Невялічкі, зусім непрыкметны побач з волатамі-дубамі; улетку, напэўна, і не бачыў бы яго. А цяпер колькі красы ён рассыпаў навокал! Мноства яго лісцяў – найпрыгажэйшы дыван, вытканы рукой дзівоснага мастака. I я не мог прайсці па ім у запыленых ботах. Я асцярожна адступіў і абышоў бокам. Усю дарогу праз лес мяне суправаджала нябачная птушка тоненькім жалобным плачам. Што яна страціла? Па чым плакала?

 

Похожие статьи:

Іван ШамякінІван Шамякін - Непаўторная вясна

БиографииІван Шамякін

Іван ШамякінІван Шамякін - Злая зорка

Іван ШамякінСэрца на далоні. Адказы на пытанні

Іван ШамякінАдказы на пытанні па аповесці "Гандлярка і паэт"