Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Шамякін - Першыя радасці

Урывак з рамана «Крыніцы»

   Перад пачаткам уборкі атрымалі новыя камбайны. Але, як здаралася не раз ужо, з’яўленне новых машын не прынесла кіраўнікам машынна-трактарнай станцыі асаблівай радасці: не хапала камбайнераў.
   Тэрмінова склікалі сход. Пасля даклада дырэктара аб поспехах і задачах сядзелі, чухалі патыліцы, раіліся, як выйсці з гэтага цяжкага становішча.
   Вось тады Сяргей Касцянок сказаў, што ён падрыхтуе аднаго камбайнера – свайго брата Аляксея.
   – Правільна! – узрадавана падтрымалі ўсе, хто ведаў Аляксея. – Алёша, лічы, гатовы механік, не горш за Сяргея Сцяпанавіча. Любы матор разбірае і збірае.
   – Вадзіў камбайн?
   – Я вучыў яго, калі яшчэ брыгадзірам быў.
   – Нічога, павядзе.
   Толькі галоўны механік Баранаў, чалавек нерашучы і баязлівы, спытаў:
   – А калі ён сапсуе машыну, хто будзе адказваць?
   – Я буду адказваць! – узлаваўся заўсёды ціхі і спакойны Касцянок. – Заўсёды мы баімся: каб чаго не выйшла! Чалавек дзевяць класаў скончыў!
   І Алёша Касцянок стаў працаваць на новым самаходным камбайне. Гэта была яго мара– самастойна вадзіць такую машыну. Недарма паэты называюць камбайн караблём. Алёша таксама лічыў, што больш паэтычнай, больш радаснай і ўдзячнай працы, як праца камбайнера, на свеце няма. Ён не стамляўся сядзець за штурвалам з раніцы да вечара. Ад расы да расы, гадзін па пятнаццаць-шаснаццаць. Камбайнераў не хапала, і памочнікаў у яго не было. На капніцелі працаваў вучань іх класа Пятро Хмыз, хлопец маўклівы і старанны. І гэткая ж маўклівая, сарамлівая дзяўчына-калгасніца. А вучаніца іх класа Каця Гаманок адвозіла збожжа на ток.
   Па некалькі разоў на дзень наведваўся Сяргей: аглядаў і рэгуляваў машыну. І камбайн працаваў добра. Алёшу проста хацелася спяваць, працуючы на ім. З вышыні мастка ён глядзеў на поле ў залатых хвалях паспелага жыта ці пшаніцы і адчуваў сябе гаспадаром усяго гэтага абшару. Прыемна назіраць, як кланяецца камбайну збажына. Як планкі матавіла хапаюць сцябліны і яны, падрэзаныя, валяцца на транспарцёр. Далейшага працэсу не відаць, але Алёша надта добра яго ўяўляе. Ён адчувае ўсёй істотай сваёй работу кожнай часткі складанай і разумнай машыны. Няспынна сыплецца ў бункер збожжа. Алёша бачыць гэта цераз акенца і беспамылкова вызначае, дзе збажына менш, а дзе больш умалотная. Прыемна глянуць і назад. Там рассцілаецца ржышча, ляжаць роўнымі радамі копы саломы. Асабліва прыемна акінуць позіркам зжатую плошчу ў канцы дня. Вызначыць на вока – колькі гектараў? – і задаволена сказаць сябру: «Ну, брат, папрацавалі мы з табой сёння на славу. Маем права і адпачыць».
   – Ого! Дзіва што маем!– заўсёды адно і тое ж адказвае Пятро.
   Але ўсё-такі найвялікшую радасць і задавальненне прыносіць сама праца. Калі камбайн узбіраецца на ўзгоркі, далёка відаць наваколле. Вёскі, луг са стагамі сена, шлях, па якім адна за адной ідуць машыны з новым хлебам. Цёплы ветрык ласкава цалуе твар. Паліць сонца. Але ад сонца Алёшу засланяе вялікі белы парасон. І ён працуе без шапкі, у безрукаўцы, твар яго белы, а рукі чорныя ад загару.
   Пад’язджаюць за зернем бястаркі. Алёша прыпыняе камбайн і любуецца, як цераз латок льецца з бункера жывы і вясёлы струмень збожжа. Каця кожны раз радасна вітае яго.
   – Прывет капітану! – крычыць яна і кідае яблык. – Алёшанька, лаві! За добрую працу!
   А пасля сама ўзбіраецца на масток, ахае ад захаплення і ласкава просіць:
   – Алёшанька, дай правяду. Пяць метраў!
   – Ну, што ты! Бачыш, няроўна. Сапсуеш яшчэ.
   – Заганарыўся ты, Алёша.
   Ён больш за ўсё баяўся, каб не падумалі, што ён сапраўды заганарыўся. Таму даваў і Пятру, і Каці правесці камбайн на роўным месцы. Але сам ніколі не сходзіў з пляцоўкі і вачэй не адводзіў ад педаляў, якія націскалі няўмелыя ногі сяброў. Што ж, некалі і ён вось гэтак жа пачынаў пад кіраўніцтвам брата!
   Ахвотна ён саступаў штурвал толькі брату Сяргею, які часам працаваў гадзіны дзве-тры, каб даць яму адпачыць.
   Алёша часта і начаваў тут жа, ля камбайна, на пахучай саломе. Яму падабаліся гэтыя начлегі ў полі. Прыемна ляжаць, глядзець у неба, дзе мігцяць яркія зоркі. Слухаць далёкія песні дзяўчат і думаць. Думаць пра ўсё: пра будову сусвету і сваю працу, пра блізкую вучобу.
   Абед яму часцей за ўсё прыносіла маці. Зрэдку Аня ці Адам Бушыла. Маці ўпотайкі выцірала слёзы. Ёй здавалася, што Алёша ад працы сохне. Дома яна лаялася з Сяргеем:
   – Дзіцёнку адпачыць трэба перад школай, а вы яго на такую працу.
   – Нічога не стане твайму дзіцёнку. Радуйся, што не гультай расце, – адказваў за Сяргея бацька.

 

Похожие статьи:

Іван ШамякінАдказы на пытанні па аповесці "Гандлярка і паэт"

Іван ШамякінІван Шамякін - Непаўторная вясна

БиографииІван Шамякін

Іван ШамякінСэрца на далоні. Адказы на пытанні

Іван ШамякінІван Шамякін - Злая зорка