Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Іван Шамякін - Пастух
Увага!!! Поўны змест
Пакуль я быў малы, бацька наймаў пастушка, каб пасвіў лесніковы каровы. А як пайшоў мне восьмы год, бацька сказаў:
– Усё, сын. Хопіць табе гойсаць. У гэта лета будзеш пасвіць сваю чараду. Пастух дорага абыходзіцца. Кармі яго, плаці хлебам ці сенам.
Стаяла зіма, ляжаў глыбокі снег. У леснічоўцы нам дваім з братам было маркотна: у той час бацьку перавялі на другі абход, пад вёску Краўцоўку. Там у сасновым бары стаяла адзінокая хата лесніка. I зімою я з нецярпеннем чакаў вясны, уяўляў, як паганю статак у лес і нікога не буду баяцца – ні ваўкоў, ні зладзеяў. Уяўляў сябе сталым пастухом і радаваўся, што мне даручаць такую адказную працу. Папрасіў дзядзьку Трышку, які прыехаў да нас з далёкай Кармы, прывезці мне пугу. Дзядзька смяяўся:
– Дзе ты ёй ляскаць будзеш, пугай той? Па кустах? Заматаецца за дрэвы.
Па ранняй вясне, пакуль было холадна і мокра ў лесе, маці пасвіла сама: шкадавала малога; яна ўвогуле была супраць таго, каб так рана рабіць мяне пастухом.
– Дзіця горкае, – выцірала слёзы, гледзячы на нашы з Паўлам забаўкі.
Але ўрэшце наступіў мой першы працоўны дзень. Не зусім на світанку, але вельмі рана, сонца яшчэ не асвяціла леснічоўку, маці доўга будзіла мяне. О, як не хацелася паднімацца! Вочы зліпаліся, галава сама валілася на падушку. Бацькаў голас падняў: бацькі я баяўся. Абулі мяне ў лапцікі, апранулі світачку, павесілі праз плячо торбачку з хлебам і маслам у шклянцы – каб паснедаў, бо так рана есці не хацелася. I пагнаў я каровы. Але ў чарадзе было больш бычкоў і цёлак, іх вяскоўцы аддавалі лесніку, каб адпасліся за лета, нагулялі мяса і тлушч.
За адну першую раніцу развеяліся ў дым усе мае зімнія мары і фантазіі. Я зразумеў, якая гэта невыносная, пакутлівая праца – пасвіць каровы такому малому. Вясна была мокрая. Камароў развялося – хмары цёмныя, яны клубкамі віселі над жывёлай. Цёлкі і бычкі адразу рванулі ў гушчар, у кусты, ратуючыся ад камарэчы. Я не мог іх сабраць у адну чараду. Згубіў некаторых. А помніў строгі бацькаў наказ: – Глядзі, каб у поле не выскаквалі, патравы не зрабілі. За патраву з краўцоўцамі не разлічышся.
А цёлкі, бычкі якраз і рваліся туды – у поле, бо там вецер разганяў камароў, ды і жыта, ячмень смачнейшыя за лясную траву.
Вярнуўся я без чарады. Баючыся бацькі, у хату не заходзіў – плакаў за хлявом, каб пачула маці. Пачула. Заплакала сама. Знайшла кароў. Памагла мне пасвіць.
Такая пасьба паўтаралася пасля даволі часта. Маці прасіла бацьку наняць больш дарослага пастуха. Але банька быў няўмольны. Ды і я патроху асвойваўся са сваімі пастушынымі абавязкамі.
Наступала спякотнае лета. Адышла камарэча і машкара. Авадні даймалі не так. Ад іх бычкі і цёлкі зыкавалі, але зыкі больш смяшылі, чым рабілі клопату. I я, бадай, палюбіў сваё пастухоўства. Адзіноцтва палюбіў. I кароў, цёлак, бычкоў палюбіў. Яны зрабіліся маімі сябрамі. Я гутарыў з імі і верыў, што яны разумеюць мяне і адказваюць рыканнем на розныя лады. Асабліва я сябраваў з цёлкай Майкай, нашай двухгодкай. Яна была вельмі рахманая і ласкавая. Я абнімаў яе за шыю. Яна нават дазваляла сесці на яе, як на каня, і пракаціцца па паляне. Праўда, часам Майка паступала непрыгожа, не як сябра. Калі я садзіўся паснедаць і, прыгрэўшыся на сонцы, засынаў, бо вельмі ж рана ўставаў, Майка з’ядала мой хлеб і вылізвала са шклянкі масла – ласунак мой.
Аднойчы я забаўляўся з Майкай, а яна матнула галавой і... ударыла рогам мне ў жывот, не балюча: рог быў тупы, бацька падразаў усе вострыя рогі, бо раней адна карова прабіла другой бок так, што раненую прыйшлося прырэзаць. Але Майка гэтым тупым рогам падчапіла пад папружку. I падняла мяне. I панесла, на здзіўленне ўсім каровам. Я матляўся на яе розе, махаючы рукамі і нагамі. Але не толькі мне хацелася вызваліцца з такога раптоўнага палону. Майцы таксама хацелася скінуць мяне з рога. I яна – мела розум! – палезла ў самы гушчар. Церла мяне аб кусты, ажно працерабіла там прасеку жывой ношкай.
Невядома, чым бы гэта скончылася, але, на шчасце, папружка лопнула, і я чмякнуўся на зямлю. Майка задаволена чмыхнула і пабегла да чарады. А я... што сталася са мной! Ад штонікаў маіх кужэльных і сарочкі крамнай віселі адны шматкі. Усё цела было падрапана, акрываўлена. Шчасце яшчэ, што вочы сучча не выкалала.
Калі прыбег дадому, маці, убачыўшы мяне, ледзьве не страціла прытомнасць. Пасля казала:
– Падумала, цябе ваўкі рвалі.
А бацька доўга расказваў леснікам пра маё «катанне на розе» як пра вясёлую прыгоду, і тыя смяяліся.
Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.
Похожие статьи:
Іван Шамякін → Сэрца на далоні. Адказы на пытанні
Іван Шамякін → Іван Шамякін - Непаўторная вясна
Іван Шамякін → Адказы на пытанні па аповесці "Гандлярка і паэт"