Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Іван Чыгрынаў - Ішоў на вайну чалавек
Цэнтральнае месца ў апавяданні «Ішоў на вайну чалавек» займае ярка выпісаны вобраз шчырага вясковага працаўніка Ігната, чалавека звычайнага, але вельмі паважанага з-за ягонай дабрыні, спагадлівасці і душэўнай далікатнасці. Малюючы гэты вобраз эканомнымі, але трапнымі фарбамі, пісьменнік дасягае глыбокага пранікнення ў беларускую народную псіхалогію. З высокім майстэрствам паказвае ён лепшыя яе рысы, вельмі натуральна разгортваючы нескладаны падзейны сюжэт.
Сітуацыя ўзята для ваенных часоў не выключная, а хутчэй звыклая, будзённа-простая: вёску пакідае згаданы селянін Ігнат. Гэта апошні сапраўдны мужчына з той вёскі. Раней ён не быў мабілізаваны на вайну з-за хворай нагі. Цяпер яна паправілася. І трэба чалавеку ісці ваяваць. Пра гэта з усёй неаспрэчнасцю нагадвае лаканічная ваенкаматаўская павестка, якую Ігнат прымае як належнае, хаця добра ўсведамляе, што «на вайну ісці – не жыта малаціць». Пакідаючы жонку Анюту з двума дзецьмі, ён толькі шкадуе, што за апошні дзень не зможа зрабіць усё тое мноства неадкладных спраў, да якіх за звыклымі гаспадарскімі клопатамі раней так і не дайшлі яго працавітыя рукі. З асаблівай вастрынёю пачынае Ігнат адчуваць цяпер усё навакольнае, мусіць, падсвядома ўлоўліваючы, што, магчыма, ужо больш ніколі не ўбачыць някідкае хараство роднага свету.
І яшчэ застаецца ў Ігната ноч развітальнага кахання з жонкай. Яно пададзена ў цнатліва-ўзвышаным ключы. У апавяданні Чыгрынава самыя інтымныя падрабязнасці ўвогуле тактоўна апушчаны. Але моцны сваёй жыццёвасцю эпізод напісаны так, што мы выразна адчуваем усю не растрачаную за дзесяць шлюбных гадоў сардэчнасць узаемадачыненняў мужа і жонкі, іхнюю пяшчотнасць, абвостраную вельмі блізкім, ужо ранішнім, расстаннем: «Ігнат спачатку доўга цалаваў змакрэлы ад слёз жончын твар, адчуваючы, як налівалася млявай пяшчотаю цела, пасля падхапіў яе на рукі – якая яна ў яго лёгкая! – і, асцярожна ступаючы, панёс па сходках.
На шырокім выгане, што быў паміж полем і гародамі, усімі краскамі лета пахла ў копах лугавое сена».
Зусім скупы пейзажны штрых, што завяршае эпізод, інтуіцыяй мастака дасканала вывераны і таму так шмат гаворыць пра пачуцці герояў. Бо гэта менавіта ім, Ігнату і Анюце, асабліва моцна пахла лугавое сена на тым выгане, дзе яны кахаюцца, хутчэй за ўсё, апошні раз – з найцяжэйшай вайны супроць гітлераўцаў, на якую ішоў Ігнат, вярталіся вельмі ж нямногія яго равеснікі.
Хораша гучыць магутны заключны акорд апавядання, яшчэ раз нагадваючы і пра сапраўдную павагу вяскоўцаў да Ігната, і пра натуральнасць учынкаў, думак і пачуццяў яго самога і ягонай жонкі, і пра разуменне людзьмі таго, што яго чакаюць вялікія выпрабаванні, ухіліцца ад якіх чалавек не можа, не мае права: «Праводзіць Ігната ўранні сабралася ўся вёска. А Ігнат быў спакойны, як зямля пасля дажджу, і нават жартаваў, хоць гэта яму не кожны раз і ўдавалася. Не спяшаючыся, ён абыходзіў па адным сваіх аднавяскоўцаў, трос ім рукі і сарамліва чырванеў: яму было трохі не па сабе ад таго, што праз яго да коўрат сабралася столькі народу. Жонка больш не плакала. І гэта падабалася Ігнату. І толькі пасля таго, як ужо развітаўся з усімі і пайшоў, паскараючы крок, па дарозе, ён пачуў за спіною немы плач. Бабы суцяшалі жонку, паціху перагаворваліся і не пераставалі глядзець на дарогу, па якой ішоў на вайну яшчэ адзін чалавек». За эпічнай важкасцю і стрыманай прастатой такіх бездакорна выпісаных малюнкаў з моцна скандэнсаванай унутранай энергіяй ужо ўгадваецца дыханне раманнай прозы. Зрэшты, далёка не кожны раман, прынамсі, з тых, што пісаліся ў нас у 1960-я гады, нёс у сабе столькі праўды пра чалавека, яго душэўнае высакародства, колькі ўмясціла яе невялікае апавяданне Івана Чыгрынава. У ім жа, акрамя ўсяго іншага, дакладна адлюстравана і дзіцячая псіхалогія, без знарочыстага падкрэслівання, але выразна паказана наіўнасць Ігнатавага сына, яшчэ хлапчука. Ён, даведаўшыся, што бацька ідзе на вайну, узрадаваўся, бо па сваім малалецтве яшчэ не разумеў, што менавіта для радасці тут менш за ўсё падстаў. Але ж дзеці застаюцца дзецьмі.
Крыніца: Жыццём ідучы: з гісторыі беларускай літаратуры і літаратурнай крытыкі / Д. Я. Бугаёў. – Мінск: БДУ, 2013. – 303 с.
Похожие статьи:
Іван Чыгрынаў → Іван Чыгрынаў - У ціхім тумане
Іван Чыгрынаў → Іван Чыгрынаў - Бульба
Іван Чыгрынаў → Іван Чыгрынаў - Звон - не малітва