Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Чыгрынаў - Праз гады

Увага! Поўны змест

   Сонца хаваецца за лес чырвонае, як гарачае вуголле.
   Мы сядзім з лесніком Даўгалёвым на паваленай сасне: у ёй была бортня і нехта паквапіўся на пчолы.
   — От, слухай, — кажа ён і намацвае ў кішэні курыва, потым нейкую хвіліну важдаецца з ім і пасля працягвае: — Мяне звяла аднойчы нялёгкая дарога з чалавекам, перад якім я застаўся вінаваты. Праўда, даўно было...
   Даўгалёў амаль усю вайну партызаніў — спачатку ў Мглінскіх лясах, а потым недзе ў Карпатах. Я ведаў гэта, бо часам, калі на яго штосьці находзіла, ён расказваў пра сябе. Але здаралася гэта рэдка.
   — Напаткалі мы яго па той бок Беседзі, — гаварыў Даўгалёў. — Там ёсць вёска адна. Цяпер я ўжо не памятаю, як завецца яна. Але каб трапіў у тыя мясцічы, дык знайшоў бы яе. Возера там адразу за гародамі. У жыцці так бывае, што і пахадзіў па свеце нямала, і пабачыў яшчэ больш — дзе толькі не павадзіў і з кім толькі не сутыкаў лёс, але адзін раз нешта ўрэжацца такое ў памяць, што потым заўсёды будзе з табой. Гэта, мусіць, залежыць ад таго, калі ды пры якіх абставінах што з табой здарыцца...
   Даўгалёў зрабіў зацяжку і, не спяшаючыся выпускаць дым, пачаў аглядаць паляну, на ўскраіне якой мы сядзелі на камлі ссечанага дрэва. Я разумеў, яму патрэбны быў час, каб сабраць думкі ў адно.
   — Слухай, — нечакана звярнуўся ён да мяне, — а ты ведаеш, што такое партызан сорак першага года?
   Я кіўнуў галавой, але, па шчырасці, не зразумеў яго пытання. Я ніколі над гэтым не задумваўся. I мне зрабілася няёмка, тым больш што мой субяседнік усё не адводзіў ад мяне цікаўных вачэй, у якіх свяцілася прыхаваная радасць.
   — Так!.. Так!.. — паўтарыў ён і, ужо не зважаючы на мяне, дадаў: — Гэта не тое што партызан сорак трэцяга года. Не, зусім не тое. Але пачакай...
   Мы тады спяшаліся падрыхтаваць запасную базу. Туды павінен быў перабазіравацца наш атрад. Але да базы нашай заставалася прайсці ла бязлессі амаль паўсотню кіламетраў. А ты ведаеш, што азначала ў тых умовах апынуцца на голым месцы? Хоць не соладка і ў лесе было, але ж лес, брат, ёсць лес. Кожнае дрэва здавалася сцяной, за якой можна ўхавацца. Праўда, не заўсёды яна ратавала нас, аднак, кажуць, салдат і за штык, калі прыпірала, хаваўся... I от гэта бязлессе!..
   Даўгалёў ляпнуў сябе па патыліцы і крактануў, нібы сказаў гэтым: «Яно во куды ўссела нам!»
   Сонца тым часам закацілася за лес, пакінуўшы за сабою адну мутную чырвань. На паляну асядалі прыцемкі. Недзе на расцяробах распачынаў сваю нудную музыку драч. У сасняку сакаталі сойкі.
   — Трэба было перахітрыць немцаў, — працягваў Даўгалёў, — неяк заблытаць сляды ды за ноч адарвацца ад іх на такую адлегласць, каб не паспелі яны дагнаць да самага лесу.
   I от выклікае мяне аднойчы Каротчанка. Здаецца, пад раніцу ўжо.
   — Будзем адыходзіць, — кажа. — Ты пойдзеш на запасную базу. Чакай нас там дні праз два.
   Я распытаў пра дарогу і папрасіў:
   — Дайце яшчэ каго!
   — Бяры... Цыркіна і Валяўку. — I ўжо калі я, развітаўшыся, пайшоў, ён затрымаў мяне, перадумаў: — Не, будзі лепш Канаплёва і Цыркіна. Камуністы абодва. Толькі ведай, што як бы ад сэрца адбіраю. Нягуста іх у нас. Але мы ўжо тут як-небудзь разам...
   Калі ж сцямнела на другую ноч, мы былі ўжо недалёка ад Буды.
   У мяне страшэнна ныла параненая рука. А тут яшчэ мы выкупаліся перад гэтым у нейкай захлюпанцы-рачулцы, яна спачатку здалася нам мелкай, але потым давялося плысці да супрацьлеглага берага ў адзенні.
   А тым часам пачало падмарожваць. Кастрычнік ужо канчаўся. Стаялі халады. У сырым адзенні нельга было ісці.
   — Эх, было не было, зойдзем у вёску, — адважыўся я.
   Наколькі мудрае было маё рашэнне, ніхто не ведаў. Маўчаў Цыркін, маўчаў Канаплёў. Маўчалі і, ледзь пасоўваючы ногі, ішлі за мной.
   На ўсю тую вёску толькі зрэдку ў каго свяціліся вокны. Ці людзі спаць рана клаліся, ці не ставала газы.
   Спыніліся мы каля першай жа хаты. Канаплёў падышоў да цёмнага акна і асцярожна паляпаў па шыбіне. Ніхто не азваўся. Паляпаў другі раз, ужо мацней. Нарэшце ў акне паказаўся твар: чалавек паўглядаўся і адышоў. Мы падаліся да ганка. Але колькі ні чакалі ля дзвярэй, гаспадар не выйшаў. Давялося прамінуць яшчэ некалькі двароў і зноў барабаніць па цёмнай шыбіне.
   — Ідзіце далей, — пачулі мы спалоханы жаночы голас. — Па гэты ж бок... праз пяць двароў... новая хата-пяцісценка.
   Лубянела наша адзенне, стыла цела. Былі, здаецца, сярод сваіх, а дзверы не адчыняліся. Зрабілася крыўдна. Нібы нас выракліся...
   Недзе недалёка пачуўся гук. Ён рос і насцярожваў. Нібы нацягваў хтосьці струну, якая гатова была лопнуць. I цяжка было адрозніць, адкуль гук ішоў: з неба ці з зямлі.
   — Самалёты!.. усклікнуў Цыркін, і я пачуў, як задыхаў ён, нібы чалавек скінуў з плеч цяжар.
   Праз якую хвіліну і я ўпэўніўся, што набліжаліся самалёты... нямецкія... Яны ішлі на ўсход... А неба, спакойнае і лагоднае, свяцілася бяздумнымі зоркамі. I якой недарэчнасцю здаваліся на ім самалёты, ды яшчэ ў такі час, калі там павінны былі курлыкаць адны журавы.
   Самалёты ішлі на вялікай вышыні. Іх было многа. I яны неслі некуды смерць.
   А ты ведаеш, як балюча стаяць от так і слухаць, разумеючы, што хутка дзесьці пачнуць сыпацца бомбы і што не адзін чалавек у гэты момант дажывае свае апошнія хвіліны? Балюча, брат, і крыўдна.
   Немцы стаялі ўжо недалёка ад Масквы. Мы гэта ведалі. У атрадзе была рацыя, і кожны раз мы слухалі навіны з фронту. Яны суцяшалі мала...
   Самалёты праляталі над вёскай. Цяпер яны гулі, страшна і назойліва.
   Трэба было некуды падавацца. Аднак тая новая хата... Праз пяць двароў адсюль?.. Чаму гэта кабета адсылае туды?..
   Асцярожна ступаючы па мёрзлай зямлі, мы адшукалі гэту хату. Але заходзіць было неяк боязна. Хто ведаў, што нас чакала там! Мы збочылі. Завярнулі ў завулак і выйшлі на выган. Там віднелася адрына. I мы ўжо рады былі хоць ёй. I што ты думаеш, і сюды нас не ўпусцілі. На гэты раз куры. Самыя звычайныя куры. Раскудахталіся і не ўшчуклі, пакуль мы не выбраліся адтуль. Прыйшлося бегчы ад адрыны, як зладзеям...
Даўгалёў уздыхнуў з палёгкай, задумаўся.
   I ўсё ж мы вырашылі зайсці ў тую хату... На сцяне на нейкай падстаўцы дыміў каганец. Зроблены ён быў з бляшанкі з-пад кансерваў. Калі мы пераступілі парог, маленькі агеньчык пачаў хліпаць, збіраючыся патухнуць.
   Адчыніла нам невысокая прыгожая жанчына. Яна стаяла на падлозе босая і спакойнымі вачамі пазірала на нас, няпрошаных гасцей.
   — От, завіталі, — сказаў я нерашуча і, чамусьці вінавата ўсміхаючыся, спытаў: — У хаце, апроч вас, ёсць хто?
   — Дзеці і... пляменнік.
   Я заглянуў за печ і ўбачыў за комінам дзяўчынку і хлопчыкаў. Яны пазіралі на мяне і ціснуліся адно да аднаго. У калысцы ляжала яшчэ і малое.    Пляменнік, відаць, быў у другім пакоі.
   Я сеў на лаўку ля стала. Насцярожанасць не праходзіла. Цыркін і Канаплёў засталіся стаяць у парозе.
   — Немцы ў вёсцы ёсць? — спытаў я гаспадыню.
   — Не.
   — А паліцаі?
   У гэты момант у пярэдні пакой выйшаў малады яшчэ чалавек, гадоў, можа, за дваццаць. Ён быў высокі і хударлявы, крыху ссутулены. Твар яго — бледны, прадаўгаваты і хмуры — спачатку не ўпадабаўся мне. Асабліва вочы — насцярожаныя, праніклівыя.
   — Пляменнік, —ціха сказала гаспадыня.
   Твар чалавека раптам прасвятлеў, зрабіўся нават прыемны, і я заўважыў, як з нейкай асаблівай удзячнасцю паглядзеў чалавек на жанчыну.
   — А вы сядайце, — звярнулася гаспадыня да маіх спадарожнікаў. — У нагах жа праўды няма. Колькі ні стой, а праўды не выстаіш.
   Яна, гэтая жанчына, здавалася нейкай занадта мірнай і да ўсяго абыякавай.
   Размова не клеілася. У хаце сышліся незнаёмыя. У той трывожны час ці мала чаго можна было чакаць: неўпрыкмет мы прыглядаліся да гаспадыні з пляменнікам.
   Гаспадыня, напэўна, здагадалася, што госці яе галодныя, і паклала на стол кавалак сала і хлеб.
   — А варанае паелі, — нібы просячы прабачэння, сказала яна.
   Я пацікавіўся:
   — Чаму гэта нас паслалі да вас?
   — Хто ж гэта? — перапытала гаспадыня.
   — Ды хоць бы і суседка ваша.
   — А-а, Хвядосіха! — жанчына ўсміхнулася кволай усмешкай і дадала: — Напалоханыя людзі. Кожны ж дзень немцы каго-небудзь хапаюць. Асабліва хто прытулак партызанам ці акружэнцам дае. Вось і баяцца.
   — А вы?
   — А мяне і так, кажуць, расстраляюць. I дзяцей. Мой жа ў сельсавеце да вайны працаваў.
   I раптам я збянтэжыўся. Маланкай жахнула думка — перада мною стаяў чалавек, які падрыхтаваўся ўжо да смерці. Здаровы, яшчэ не стары... і дзеці... I суседзі пагадзіліся з гэтым!.. «Мая хата з краю», — парашыў, відаць, кожны. Нарэшце я зразумеў і яе паводзіны, і яе ўсмешку, якую толькі што бачыў, — на ўсім ляжала адзнака асуджанасці...
   — Ды вы не турбуйцеся, — схамянулася яна, нібы адгадаўшы мае думкі. — Не вы ў мяне першыя і, мусіць, не апошнія.
   Я ўважліва паглядзеў на яе ўпершыню за ўвесь час. Мяне ўразілі яе вочы, чыстыя і пакорлівыя. Нават балюча зрабілася за іх. Хацелася закрычаць!..
   Даўгалёў змоўк, нібы прыслухоўваючыся, як на бліжнім расцяробе запела перапёлка сваё адвечнае «спаць пара». Я сядзеў і баяўся паварушыцца, каб не парушыць цішыні. Мне не было відаць твару лесніка.
   — Заснуць у тую ноч я не мог доўга, — загаварыў Даўгалёў. — Сон то ахінаў мяне, і я правальваўся ў небыццё, то зноў адступаў, і тады ў галаве роіліся думкі. Чуваць было, што не спалася і жанчыне. Яна варочалася на тапчане і ўздыхала.
   Калі ўсе пазасыналі, я раптам адчуў, што нада мной нехта нахіліўся. Якраз тады, калі і мяне пачаў адольваць сон. Я расплюшчыў вочы і ўбачыў твар гаспадыні...
   — Я вам няпраўду сказала, — зашаптала яна. — Я таго чалавека не ведаю. Ён прыйшоў сюды незадоўга да вас. Яго таксама нехта паслаў. Можа, ён і не благі, але гэта не пляменнік мой... Я толькі таму, што няпраўду сказала.
   Я ўскочыў на ногі і асцярожна, каб не нарабіць шуму, раскатурхаў Цыркіна; Канаплёў спаў у другім пакоі, з тым, каго нам выдала гаспадыня за пляменніка...
   — Я табе, здаецца, ужо гаварыў пра партызан сорак першага і сорак трэцяга года? — звярнуўся зноў да мяне Даўгалёў. — Дык ты не падумай, што гэта так сабе. У сорак трэцім ужо і час і падзеі за нас былі. А ў сорак першым?.. Павылазіла розная свалата ды пачала кусацца. Ад паліцаяў часам ратунку не было. Думаеш, свой жа, савецкі, а ён цябе прадасць і перапрадасць. Адзін такі прыстаў да нас, прыкінуўся сваім і навёў на засаду. Руку там і прашыла куля. Ледзь уратаваліся. А тут гэты. Разбярыся, што ён за птушка...
   — Выйдзем,— шапнуў я Цыркіну.
   Выйшлі на ганак.
   — А той, аказваецца, не пляменнік ёй!
   — А хто ж? — захваляваўся Цыркін.
   — Не ведаю. Сказала, што прыйшоў перад намі.
   Сталі думаць.
   — Трэба хутчэй ісці адсюль, — прапануе Цыркін.
   — А калі ён не спіць?
   — Тады... тады яго трэба...
   — А як невінаваты?
   Нарэшце парашылі не спускаць з яго вока. Трэ было дацягнуць да раніцы, а там — бог бацька. Так мы і спалі — спачатку я пільнаваў, потым — Цыркін. Канаплёва не будзілі, каб не выдаць сябе...
   Пад раніцу я задрамаў. Разбудзілі мяне прыглушаныя галасы. Дыміў каганец, гаспадыня завіхалася ля печы; а Цыркін і той, незнаёмы, вялі гамонку.
   — Тады я і пайшоў да шашы, — гаварыў незнаёмы. — Рух на ёй пачынаўся заўсёды з раніцы. Немцы не любяць ездзіць начамі. Спяць. — Голас яго быў прастуджаны, сіплы. — На гэты раз я выбраў сабе іншае месца, кіламетры за два ад таго. Стаў чакаць. Машыны ішлі адна за адной, а гэта мне не падабалася. Рызыкоўна было кідаць гранату. Наўрад ці ўдалося б выбрацца самому. Але і адкладаць да зручнага выпадку не хацелася. У мяне нібы рукі свярбелі. I вось раптам паток машын спыніўся. Тады праз некалькі хвілін і паказаўся гэты аўтобус...
   Мусіць, размова іх пачалася даўно, і я прачнуўся пад канец яе. Аднак мяне яна зацікавіла і на гэтым. Чалавек гаварыў спакойна, без лішніх слоў.    Можа, і сапраўды ён зрабіў нешта.
   — А што ж сюды прывяло? — запытаў Цыркін.
   — Шукаю вось. Можа, каго яшчэ налучу. Аднаму ж цяжка і, калі хочаце, немагчыма...
   Час быў збірацца ў дарогу, і я ўстаў. Цыркін выйшаў за мной у сенцы ўзрушаны:
   — Ён такога нагаварыў!
   — Ды чуў я.
   — Ну і што?
   — Нічога. Хто ён?
   — Настаўнік, кажа.
   I ўсё ж не пакідала сумненне. Пэўна, таму, што занадта многа непрыемнасцей выпала на нашу долю за апошні час... I я параіў:
   — Трэба сачыць!
   Мяне цяпер пачало непакоіць і тое, як нам удасца пазбавіцца ад гэтага чалавека. На базу я не меў ніякага права прыводзіць каго-небудзь, апроч нашых. Праўда, у той момант мне і ў галаву не прыходзіла, што ён мог папрасіцца да нас. Хоць усё і ішло к таму.
   Спехам праглынуўшы разварыстую бульбу з агуркамі, якую падала на стол гаспадыня, мы падзякавалі як маглі і пакінулі гасцінную хату. Але з такім адчуваннем, быццам нарабілі ў ёй нейкай шкоды.
   Цадзілася ўжо раніца. Рэдкія зоркі застылі на небе. Пахла дымам і яшчэ нечым смачным і знаёмым з дзяцінства: у вёсцы палілі печы.
   — Таварышы, вазьміце мяне з сабой, — раптам пачулі мы голас нашага начлежніка. Чалавек, як відаць было, не думаў адступацца — выбег за намі на ганак.
   Я раззлаваўся:
   — Куды, у паліцыю? — і зрабіў крок да яго.
   Ён прыціх ад нечаканасці, і я заўважыў, як задрыжалі яго вузкія, з доўгімі пальцамі рукі — рукі інтэлігента.
   — Чаму ў паліцыю? Вы ж не ў паліцыю ідзяце! — пачаў даводзіць ён. — А я адзін...
   I тады я згадзіўся ўзяць яго з сабой, хоць і не збіраўся весці на базу. Згадзіўся, бо бачыў чалавека, прыгнечанага горам...
   Але праз колькі крокаў я пашкадаваў, што згадзіўся. I не таму, што парушыў загад камандзіра. Не, не падумай. З гэтым можна было, урэшце, уладзіць. I, вядома ж, не таму, што мяне не пакідала сумненне. Здаецца, ранейшае прыкрае пачуццё неяк прайшло ўжо. А калі і не прайшло, дык прытупілася. Затое найшло іншае: як толькі выйшлі за вёску, то адразу ж адчулі, што чалавек, якога мы ўзялі з сабою, замінае нам. Нібы ўзваліў нехта на нашы плечы цяжкую, непатрэбную ў дарозе ношу.
   Спадарожнік наш, мусіць, таксама зразумеў, што ён лішні сярод нас. Ён моўчкі тупаў услед і час ад часу чамусьці ўздыхаў. Ці гэта быў даўні смутак, ці яго сапраўды вельмі непакоіла становішча, у якое ён трапіў.
   Тым часам развіднела. Вынырнула з-пад пагоркаў сонца. Мы ішлі міма вёсак. Людзей пакуль не сустракалі. Толькі чуваць было, як часам зарыпяць, абуджаючы ранішнюю цішыню, вароты ды рыкне раз і другі карова. А раз неяк, калі мы праходзілі паўз гарод, увязаўся за намі сабака.    Кідаецца і брэша на ўсю ваколіцу, быццам паказвае: «Вось яны, трымайце іх!»
   А неўзабаве мы паслалі настаўніка ў вёску. Ён сам папрасіўся, бо некаму ж трэ было ісці разведаць. I пакуль ён хадзіў, перагаварылі між сабой.
   — Навошта бралі яго? — учапіўся Канаплёў.
   — Маўчы, — сыкнуў на яго Цыркін.
   Па ўсім было відаць, што Цыркін апраўдваў мяне. Пэўна, размова з настаўнікам, якую яны вялі пад раніцу, уразіла яго. Таму я сказаў хутчэй дзеля Канаплёва:
   — Хай ідзе. На базу, вядома, мы не пацягнем яго. Пачакае дзе паблізу, пакуль прыйдзе атрад, а там вырашым.
   — Яшчэ невядома, ці вернецца ён цяпер, — агрызнуўся Канаплёў.
   Але настаўнік вярнуўся. А перад вечарам мы былі ўжо непадалёку ад нашага лесу. Усё небяспечнае, здавалася, асталося ззаду. Мы з палёгкай уздыхнулі і зайшлі адпачыць у алешнік, што рос астраўком каля самай дарогі. За паўкіламетра адсюль была вёска. А збоку, крокаў якіх за дзвесце, зноў былі відаць кусты. Яны паўкругам агіналі вёску, не падступаючы надта блізка да яе, і цягнуліся некуды, аж пакуль ставала вока. Мы ляжалі на траве, якую абышла каса, і цешыліся думкай, што хутка ўжо скончацца дарожныя пакуты. I раптам пачулі галасы!.. З вёскі ішлі немцы. Іх было каля двух дзесяткаў.
   Сядзець у алешніку не мела сэнсу. Ён быў вельмі рэдкі і да таго ж без лісця — восень стрэсла ўсё на зямлю. З дарогі нас мог заўважыць кожны, нават калі і не прыглядаўся б надта. Трэ было неяк дабегчы да кустоў. Але як ты памкнешся куды, калі наперадзе роўнае поле і бегчы давядзецца ўвесь час на вачах у ворага.
   Мы нібы прыраслі да зямлі, разгубіліся.
   I раптам здарылася нечаканае: настаўнік амаль сілком выхапіў у мяне аўтамат, які я трымаў хворай рукой.
   — Я застануся тут, — усхвалявана зашаптаў ён, і ў голасе яго пачулася рашучасць. — Я буду страляць, а вы — бяжыце.
   Ён неяк вінавата ўсміхнуўся і адвёў свае сумныя, у акулярах вочы. Было відаць, як перасмыкнуўся і пабялеў яго твар.
   «Навошта табе гэта?» — са злосцю падумаў я, але прамаўчаў, бо ў той момант сам не здольны быў прыняць якое-небудзь рашэнне: нібы адабрала розум.
   Немцы між тым падыходзілі ўсё бліжэй. Яны гучна размаўлялі, відаць, не спадзяваліся напаткаць у прыдарожным алешніку ўзброеных людзей.    Мы ляжалі і насцярожана чакалі, і от яны ўжо зусім блізка. I ўсё бліжэй, бліжэй...
   Тады і грымнулі нашы стрэлы. Першы ўдарыў з майго аўтамата настаўнік, а за ім і мы: я з нагана, а Канаплёў і Цыркін з вінтовак. Немцы разбегліся і заляглі. Цяпер ніхто з нас, здавалася, і не думаў пакідаць алешнік. Але зноў пачуўся голас настаўніка. На гэты раз ён ледзь не крычаў:
   — Што вы марудзіце!
   — Не гарачыся! Будзем адыходзіць разам! — сказаў я, хоць ужо і не верыў, што гэта выратуе нас.
   I мы ўсё адступалі і адступалі на край алешніку, не перастаючы страляць. I разам з намі быў настаўнік. I тады, у тую страшную і цяжкую для нас хвіліну, на мяне нечакана нахлынула цёплае, да болю шчырае пачуццё да гэтага чалавека, які па дарозе сюды, магчыма, насустрач смерці, моўчкі цярпеў і наш недавер да сябе, і абразлівую велікадушнасць.
   Мне тады захацелася абняць настаўніка, папрасіць у яго прабачэння і... ці мала яшчэ чаго хацелася мне. Ды толькі не час быў.
   То прыгінаючыся да зямлі, то раз-пораз падаючы, беглі мы да лесу, туды, дзе быў наш паратунак. Я дрэнна бачыў тое, што рабілася наўкол. А калі ўпаў і агледзеўся, паўзлі за мною толькі Цыркін і Канаплёў. Настаўнік застаўся ў алешніку. Ён па-ранейшаму біў кароткімі чэргамі з аўтамата.
   I мы чакалі яго, аж пакуль не ўбачылі, што па алешніку ходзяць немцы...

Похожие статьи:

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - Бульба

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - Звон - не малітва

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - У ціхім тумане

БиографииІван Чыгрынаў

Іван ЧыгрынаўІван Чыгрынаў - Дзівак з Ганчарнай вуліцы