У аповесці Івана Пташнікава «Лонва» перад намі праходзіць звычайнае жыццё звычайных людзей на сваёй зямлі. Жыццё з яго радасцямі і трывогамі, высокімі парываннямі і горкімі расчараваннямі, жыццё, у якім ёсць любоў да роднай зямлі, мара пра хараство, пра шчасце, светлае і шчырае каханне, у якім ёсць таксама і смерць, чалавечы боль, трывога, грубасць, хцівасць. I няхай сабе розныя бакі жыцця ў творы падаюцца пакуль што як бы эскізна, не ва ўсёй глыбіні сплаўленыя ў адзінае арганічнае мастацкае цэлае. Каштоўны сам падыход мастака да жыцця, такое ўспрыманне і бачанне яго, дзе адчуваецца, з аднаго боку, любоў аўтара да жыцця, да чалавека, унутранае імкненне падаць жыццё ва ўсім яго аб’ёме, захапленне непаўторным хараством роднай прыроды, з другога – здольнасць бачыць, адчуваць драматызм і трагізм жыцця – у самых звычайных, штодзённых з’явах і фактах, у чалавечых лёсах. Драматызм і трагізм нараджаюцца з разумення складанасці жыцця наогул, з усведамлення складанасці і супярэчнасці кожнага чалавека, невытлумачальнасці – часта – яго ўчынкаў і паводзін. Трагізм вынікае з падзей мінулай вайны, імі народжаны. Водгулле вайны ў аповесці чуецца ўвесь час. Яе перажылі ўсе героі-персанажы аповесці; яна жыве ў іх сэрцах, свядомасці, у іх побыце, моцна ўплывае на паводзіны, шмат у чым вызначае характар узаемадачыненняў.
Прысутнасць вайны ў аповесці «Лонва» падкрэслівалі рэцэнзенты. У прыватнасці, Р. Бярозкін пісаў: «У «Лонве» ўсё яшчэ дыхае вайною». I далей: «...Аповесць, па сутнасці, уся пра гэта – пра вынесеныя з агню, аплачаныя крывёю непераходныя маральныя каштоўнасці. Пра народ, які і мужны, і непахісны, і чалавечны, і добры. Пра ўласцівы чалавеку працы «інстынкт неадзіноцтва», пра тыя савецкія, сацыялістычныя формы жыцця, якія народ душэўна абжыў, лічыць непарушна сваімі і дзеля якіх ён ішоў на ахвяры, на смерць...»
Серафім Андраюк
Крыніца: Пташнікаў І. Збор твораў. У 4 т. Т. 1. Раман; Апавяданні / Прадмова С. Андраюка. – Мінск.: «Мастацкая літаратура», 1990. – 478 с.
Похожие статьи:
Іван Пташнікаў → Іван Пташнікаў - Пагоня
Іван Пташнікаў → Іван Пташнікаў - Францужанкі
Іван Пташнікаў → Іван Пташнікаў - Тартак
Іван Пташнікаў → Іван Пташнікаў - Алені - ГДЗ
Іван Пташнікаў → Іван Пташнікаў - Найдорф