Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Іван Пташнікаў - Браканьер
Увага! Поўны змест
З вады сухому не выйсці.
Народная прымаўка
Снег не злёгся, а нібы павіс на старой няскошанай на Крайскім баку мятліцы і сінюсе, бо ўсю ноч, пачаўшы ўчора з полудня, валіў з неба мокрымі вохлапкамі; яны аж шамацелі, падаючы.
Стары збуялы алешнік стаяў спрэс белы. Вечарам ён выдае здалёку неабмераным полем; зблізу — высокім узгоркам, які бярэ пачатак ля моста ад самых Выселцаў і падымаецца недзе туды, пад Вір.
А сцямнее — здаецца неба ў тым баку зацягнута скамечанай прасцінай...
Так заўсёды выдавала Піню, калі ён пускаўся з коньмі да рэчкі. Гнаў іх на вадапой, каб пасля звярнуць на канюшню і, не закладаючы за кожным праварыны, заперці дзверы. Хто гэта ноччу пойдзе правяраць? Хаця яно варта было б і прыперці кожнага, бо старшыня апошні час спанатрыў брындацца па гаспадарцы не толькі днём. Вось навала! Сядні няма.
Не было часу ў Піні, каб дагледзець вараных вечарамі, рабілася ўсё збольшага, і старшыня быў ужо двойчы прыдраўся: першы раз калі з вартаўніком прыходзіў, другі — калі правяраў гэтага самага вартаўніка. Ліха з ім. Дзеці ж у яго не плачуць, можа, і раней прыцягнуцца на пост; спакайней тады і за коней будзе.
Утоптваецца пульхны снег, прасуецца, прыбіваецца да зямлі, і падковы цокаюць, звіняць аб каменне. Гэта тут, ля сасняку, дзе жвір і камяніца. Тут спрадвечны прагон, буй. Нішто тут не бярэцца расці.
Звіняць падковамі коні, будзяць вечар, агалошваюць маладую зіму. Фыркаюць, шохаючы снег. Свежасць б'е ім у ноздры, яшчэ зусім непрывычная. I коней абуяла радасць, яны ўзбуджаныя і дураслівыя.
— Гэ-гэй!.. Буланы... Скура сырамятная...
Буланы — самы маладзейшы, перагодак. Але гарэзлівы, таму што пачаў расці адзін: маці няўдала ажарабілася. I вырас упарты. Пад сасняк, чамусь, мае нораў завярнуць. I гэтага сысуна, глядзі во, нават Бар'ян любіць і слухае. А за імі дваіма — табун ніякім сабакам не завернеш да рэчкі.
А тут якраз сабакі няма. Прапаў з учарашняга, не прыйшоў нанач. Другія суткі вось ужо мінула, а той ні гаўкне. Не дай бог, які ваўкарэзіна заткнуў ім сабе горла. До-о-брае псё было... Ні з якога сляда не збівалася...
— Гэ-гэй!.. Буланая скура!..— шныраць у вячэрняй смузе зыркія вочы і круціцца з боку на бок насцярожаная галава.
Гэта зноў Буланы звярнуў на Крайскі бок. Там жа віры, усё адно іх не напоіш. Стромкія берагі. Але хай пагарцуюць. А тады трэба падвярнуць да броду.
Тыдзень ужо, як лягла сапная дарога. Тыдзень ужо, як Піня не мог упарадкаваць як след коней, а калясіў па паляўнічай сцежцы Крайскім бокам.
Тады, калі ён угледзеў след, яму здалося, што тут гарцаваў Буланы. Але такая думка толькі мільганулася і дала месца другой: бык сноўдаўся. I толькі тады, калі Піня прайшоў за канавы і на каленьках абмацаў след, яму цюкнула: рагаты кабан, лось...
З гэтага і пачаўся пакутлівы і потны для Піні тыдзень. Чыкіляў ён у лёгкіх кірзавых ботах па балоце, насіўся за Вірам па пушчы, а начамі варочаўся ад бяссонніцы.
I ні разу Піня не ўгледзеў той карычневай спіны, якая цяпер не дае спакою. Толькі бачыў сляды.
I вось пазаўчора вечарам адбылося ўсё нечакана-негадана. Лось прыйшоў да крыніцы, пад Выселцы. Прыйшоў вечарам, у вадапойны Піняў час. Прыйшоў і піў, не зважаючы на рысакоў. Малады, шыракагруды, з разгатымі рагамі.
Можна было падумаць, што не Піня знайшоў лася, а лось Піню. Прыйшоў, каб пасмяяцца з нягеглага паляўнічага.
Піня не адразу стрэліў. Спачатку ён, разгубіўшыся, пашкадаваў, што забыўся стрэльбы, хоць яна і вісела ў яго на плячы, як і ўвесь тыдзень...
Перад ім стаяў лось, ахутаны цемнатой, але не схаваны ад воч. Стаяў, прыпаўшы на пярэднія ногі. Смактаў ваду, доўга і прагна, нібы суткі пажыўшы на салёным сіласе, толькі краталіся рогі: уніз-уверх, уніз-уверх. Быццам іх паклалі на вагі і ўзважвалі.
Прыклад таркануў Піню ў плячо, зазвінела ўвушшу. Стрэлу ён не пачуў. Толькі нешта скрабанула заціхлую на зіму пушчу і гэйкнула глухім рэхам далёка ззаду, недзе за Выселцамі.
Рогі падскочылі і аселі, нібы схаваліся ў крыніцы. Паказаліся зноў і зніклі. Пасля вытыркнуліся яшчэ. Лось як прыпаў па пярэднія ногі, так ужо больш і не мог узняцца. Затупаў заднімі нагамі і стаў выцягваць перад з канавы, нібы машына, якая, не зведаўшы пераезду, усунулася ў роў і цяпер карабкалася назад. Яму ўдалося выцягнуцца наверх, і ён, перабіраючы заднімі нагамі, так і валокся задам у заснежаны алешнік. Невядома, магла б яшчэ жывёла застацца жывою ці не, але яна ратавалася, і Піню прыйшлося меціць у рухомы цёмны сілуэт яшчэ раз...
Коні надыбалі да рэчкі, вось ужо і назад яны трамбуюць снег, а Піня думае пра адно. Хутчэй бы праляцеў час, вось каб заўтра ўжо вясна пачалася, да вясны напэўна пра ўсё ўжо забудзецца. Але ж і цяпер ніхто пра гэта не ведае. Ён адзін, праўда, з сабакам, лупіў скуру, а пасля адзін прывалок у карах мяса і пасек яго ў дзяжу з-пад капусты, якую ўжо нельга было засмаліць увосень для шаткоўкі.
Ніхто не бачыў нават, як ён адганяў на ферму кары. На благі канец, толькі адзін вартаўнік. Дык калі што якое, таму можна будзе адшкадаваць паляндвічку, не стане плявузгаць па вёсцы. А калі суседзі пачуюць пах з коміна, дык можна будзе сёння сёлетняга кабанчыка прыціснуць. Карысці з тае здыхляціны не будзе, затое квіку наробіць на ўсю вёску. Вось і заткнуць тады рот людзі. А не — дык жа ён і паляўнічы: можа ж ён прыносіць і смажыць зайчаціну?
Але ўсё адно ныла душа, бы дзесь унутры адарвалася селязёнка. Ды хто ведае, можа, і пэнкнула яна, калі кары былі зачапіліся ў крыніцы за вывараць і прыйшлося іх падымаць на руках?.. Было сумна і страшна. Кашуля ад плячэй рабілася халоднай.
— Яно ўсё гэта, сум гэты, ад таго, што знік сабака. Але знойдзецца воўча лыка...— цешыў сябе Піня ўжо на канюшні, скубучы аброслы падбародзіч.
Вартаўнік яшчэ не прыйшоў, і Піня, за ўсе тыя разы, агледзеў праварыны, пазакладаў у зазубні калкі і, акуратна прычыніўшы дзверы, падыбаў дахаты.
Выселцы ў рэдкім мроку, які наступае вечарам з першымі снягамі, цьмяна паблісквалі аконнем. Недзе выў сабака аж у канцы вёскі. Але гэта быў не Піняў, ён пазнаў.
***
Вецер узняўся пад дзень. Выў, свістаў у кастрыцы ў падваконніку, бразгаў крукам ля студні, брынчаў драніцаю ў сенцах. Вокны неахвотна пускалі раніцу ў хату на покут: замерзлі. Нават верхнія шыбіны не хацелі адтайваць ад хатняй цеплыні.
Вецер завярнуў з поўначы; браліся калядныя маразы. Закруціла сухая і калючая мяцеліца. Набівала сыпкага снегу пад стрэхі, пад дзверы, церушыла ў дзіравыя шыбы без падвойных акон.
Піню прабудзіла, мусіць, зара, якая пунсовым рогам пасцілкі зацягнула акно.
Ён прыпаў да шыбіны. Пахукаў. За акном віхрыла снегам. Неба было ў хмарах. Толькі за фермай яны прасвечваліся барвай; там у марозе ўзнімалася сонца.
Трэба было ісці да коней.
Сабака не скокнуў Піню на грудзі, калі ён пераступіў парог сенцаў і спыніўся на ганку.
"Згінула недзе ў пушчы воўча мяса".
Двор замяло. Гурба была высокая, але жоўтая ад пяску, які дзерла разам са снегам.
Піня ўжо хацеў звярнуць на загуменне, як нейкія галасы насцярожылі яго і адштурхнулі да вушака. Ён і сам не ведаў, што яго цягнула хавацца з воч.
Галасы раслі, радзелі і зноў гусцелі. Іх растрасаў вецер. Яны сцябалі Піню лазовым голлем па твары, білі аброццю з жалезнымі здаровымі цуглямі па галаве, штурхалі ў грудзі прыкладам дубальтоўкі... Мутнела ў галаве.
— Піня лася забіў!.. Піня лася забіў!..
Не, гэта не мяцеліца, а віхор слоў нёсся вуліцай.
Піня яшчэ шчыльней прырос да вушака, але вуліца была ўся перад ім, і вецер нёс насустрач яму не толькі словы, але і гурбу дзетвары.
Размахваючы партфелямі і дубцамі, яна мчала ад моста ўздоўж вуліцы — вярнулася са школы — і крычала на чым свет стаіць:
— Піня лася забіў!..
Нарэшце ён убачыў і нешта неверагоднае.
Спераду ў дзяцей нёсся, здавалася, аж прыпадаючы да зямлі, ягоны сабака і валок доўгую бурую скуру лася, якую Піня тады, мокрую ад крыві і снегу, цяжкую, ледзь узвалок на не такую ўжо і нізкую елку.
Параўняўшыся са сваім дваром, сабака хацеў знайсці паратунак у гаспадара, але дзеці насядалі на яго і ён, ведаючы, што з цяжкай скурай кепска будзе знянацку шмыгнуць па двор, прамчаўся вуліцай недзе ў той канец Выселцаў.
А за ім стагнала вуліца:
— Піня ўгробіў лася!.. Піня ўгробіў лася!
Пра што думаў цяпер прыгорблены, невысокі чалавек ля вушака?
Відаць, пра тое, што сабака не заўсёды прыяцель чалавеку.
1959
Похожие статьи:
Іван Пташнікаў → Іван Пташнікаў - Тартак
Іван Пташнікаў → Іван Пташнікаў - Францужанкі
Іван Пташнікаў → Іван Пташнікаў - Найдорф