Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Пташнікаў - Алімпіяда

   Раман Івана Пташнікава "Алімпіяда" (1984) ўвабраў у сябе самыя глыбінныя супярэчнасці часу, праўда, не ў іх падзейнай і сітуацыйнай завостранасці, а як эмацыянальны іх адбітак, духоўны, маральны кандэнсат. Тут цяжка вылучыць канфлікты, супярэчнасці, складанасці, напрыклад, міжнародна-палітычны (падзеі ў Чэхаславакіі), сацыяльна-дэмаграфічны (абязлюдзенне вёскі, пагрозлівая хваля алкагалізму), сямейныя ці асабістыя. Ёсць жыццё. А ў ім нішто не знікае, усё займае сваё належнае месца. Свет жыцця, адлюстраваны ў творы, здзіўляе сваёй праўдзівасцю – сваімі гаспадарча-сацыяльнымі параметрамі, багатым пейзажна-прыродным зместам, арганічнай цэласнасцю і ўзаемаўзгодненасцю, моцным і высокім чалавечым напаўненнем. Пташнікаў як бы спецыяльна падкрэслівае, што падзеі адбываюцца ў 60-я гады, што ў цэнтры ўвагі практычна адзін калгас. Апісваецца жыццё ваеннае, пасляваеннае, учарашняе, сённяшняе, заўтрашняе. Жыццё раёна, рэспублікі, краіны, народа. Характарыстычныя заключныя радкі рамана: "Маленькая вёсачка здалася вялікай – заняла перад вачыма ўвесь край неба пад белымі воблакамі...".Такім бачыцца ў канцы Крамянец і чытачу.
   Міфодзя прыязджае пабачыць хворую маці – Алімпіяду. Ён паслужыў у войску за мяжой. Прыйшоў як бы з другога жыцця. На ўсё глядзіць пранікліва-відушча; бачыць высечаны, у многіх месцах здратаваны лес. Думае пра тых, хто ў гэтым лесе змагаўся з фашысцкай навалай. Услухваецца ў цішыню. Заўважае партызанскія акопы: яны абсыпаліся, зарастаюць травой. Там, дзе да 39г. была пагранзастава пайшоў угару малады лес: ужо ледзь можна заўважыць каменне падмурка. Пісьменніку ўдалося ў духоўных (і не толькі) пакутах героя, выпрабаваннях яго лёсу ўвасобіць пакуты гісторыі народа, выпрабаванні яго лёсу. Пісьменнік паказаў глыбока станоўчы народны тып у яго народнай існасці, якую складаюць праца,сумленне,спачуванне – спаконвечныя асноватворныя апоры народнага жыццёвага кодэкса. Алімпіяда Падаляк, Уліма, як яе завуць у вёсцы, уяўляе гістарычна сфармаваны народны, прыродны характар, які ўвабраў у сябе ўсё тое пазітыўнае, што стваралася стагоддзямі народнага жыцця, духоўнага існавання народа, гэта той праведнік, на якім заўсёды стаяў свет і да якога ва ўсе часы праяўляла цікаўнасць класічная літаратура. I разам з тым гэта ярка выяўлены, у яго вышэйшым духоўным праяўленні, сучасны характар з яго светаадчуваннем, яго стаўленнем да жыцця. Вобраз Алімпіяды Падаляк займае ў рамане галоўнае месца. Ён сюжэтна арганізуе ўсю вобразную сістэму ў творы, у ім увасоблены аўтаравы адносіны да жыцця, да новага свету. Гэты вобраз выпраменьвае тое маральнае цяпло, якім сагрэта ўся эмацыянальная атмасфера ў рамане.
   Паглядзім на падзеі і навакольнае жыццё з пункту гледжання Алімпіяды. Жанчына напачатку рамана уключана ў штодзённыя клопаты, фізічная слабасць, хваравітасць, вяртаюць успаміны да першых пасляваенных гадоў. Іван Пташнікаў бярэ той перыяд у жыцці Алімпіяды, калі яна пачула, адчула, што "дажывае". Праўда, так думае сама Алімпіяда, на самой жа справе яна жыве, жыве па-сапраўднаму. Для таго, каб жыць, і жыць прыстойна, годна, патрэбны намаганні духоўных сіл, засяроджанасць на самым істотным, галоўным. Менавіта гэта вызначае мэту існавання, сэнс твайго перабывання на свеце. Зноў жа ў такі перыяд у жыцці, у такім стане чалавек абавязкова звяртаецца ў мінулае, у гады пражытыя і перажытыя, там шукаючы апірышча ад нягодаў, там намацваючы карэнне жыццеўстойлівасці, яшчэ раз апрабоўваючы галоўныя крытэрыі, арыенціры, знакі, усё тое, што лучыць мінулае і сучаснае.
   Пісьменнік змог выдатна адчуць гэты адрэзак, напоўніць яго значным эмацыйным, духоўным і жыццёвым зместам. Перад чытачом у кароткі прамежак часу, часу надзвычай драматычным, прайшоў лёс чалавека, за якім і ў якім выразна бачыцца, адчуваецца лёс народа. I не так у яго значнай падзейнасці, фактычнай напоўненасці, як у багатай духоўнай насычанасці, асаблівай эмацыйнай напружанасці. Як звычайна, для Пташнікава мае сэнс не падзея, а яе духоўны змест. Духоўнасць у "Алімпіядзе" мае актыўна-дзейсны характар: яе ўздзеянне адчувае на сабе ўвесь навакольны свет. Духоўнасць гэтая выпраменьваецца пастаянна – як сонечнае святло і цяпло. Духоўнасць і душэўнасць зліваюцца. У "Алімпіядзе" ўся духоўная атмасфера, ідэйны пафас засяроджваецца ў вобразе галоўнай гераіні. Яна зусім не вядзе разумных размоў, яе, здаецца, не цікавяць якіясьці глабальныя пытанні. Жыве Алімпіяда самым звычайным жыццём – працоўным, сумленным, добрым, шчырым. Не так для сябе, як для іншых Алімліяда – чалавек вялікай душы. Душа яе напоўнена любоўю, спачуваннем да ўсяго навакольнага свету – людзей, жывёлы, прыроды. I гэта ні ў якім разе не дэманстрацыя, не парыў, а нармальны стан чалавека, стан яго душы. Такая духоўнасць у высокай ступені жыццятворная, дзякуючы ёй чалавечае існаванне не траціць сваёй пэўнасці і ўстойлівасці. У вобразнай сістэме рамана Алімпіяда ў сваёй змястоўнай сутнасці з'яўляецца як бы выключэннем. Калі іншыя вобразы падаюцца ва ўсёй іх супярэчлівасці з падкрэсліваннем негатыўных момантаў у іх паводзінах, учынках, а найбольш ў выказваннях, то Алімпіяда пазбаўлена гэтага поўнасцю. У ёй засяроджаны ў форме надзвычай чыстай духоўнай якасці, уласцівыя характару народнаму ў яго ідэальным увасабленні. Такім ідэальным для нас можа быць найперш вобраз маці. Дарэчы, узаемаадносіны Алімпіяды з Мікалаем, мужам яе, паказаны выключна чыста. Галоўны вобраз рамана – Алімпіяды можна з поўнай адказнасцю сцвярджаць, "спісаны" з маці пісьменніка. Дакладней, пішучы гэты твор, Пташнікаў увасобіў вобраз маці, якой ужо не было, але якая жыла ў яго памяці, у сэрцы, якую ён бачыў менавіта такою. Дарэчы, маці Пташнікава таксама звалі Алімпіядай. У творы многія героі называюць Алімпіяду маці: Корань звяртаецца так да яе; грубаваты Фірага, які не знаў матчынай ласкі, быў абдзелены шчырай чалавечай увагай, называе Алімпіяду увесь час "матка". Для Фірагі Алімпіяда ўвасабляе надзею на лепшае,светлае ў жыцці. Узнікае само сабою пытанне-адказ: а ці не стане жыццё наша пустым без такіх людзей, як Алімпіяда,людзей, якія ўсё цяпло душы сваёй аддаюць іншым, якія жывуць з пачуццём вялікай адказнасці за ўсё, што робіцца навокал?! а ці не становіцца свет глухім, калі няма душы ў ім?!У гады ваенныя і пасляваенныя чалавек (тая ж Алімпіяда) адчуваў фізічна і духоўна глыбокую падтрымку свету прыроды і свету вёскі. У гады 60-я (а за імі адчуваюцца і 70-я і 80-я, бо тое, што тады было яшчэ ў зародкавым стане, пазней выявілася ўжо значна паўней) прырода сама ўжо патрабуе абароны, вёска традыцыйная пачынае разбурацца, размывацца знутры. I таму, хто не мае глыбіннай гістарычнай сувязі з вёскай і з навакольнай прыродай, той сувязі, якая стала ўжо быццам духоўна-біялагічнай сутнасцю чалавека, пераадолець сілу абставін, абставін дзесьці ўжо непадуладных чалавеку, сёння надзвычай цяжка. Алімпіяда перамагла яшчэ ў адной жыццёвай сітуацыі. Так сталася перамога "глыбіннай народнай духоўнасці і душэўнасці. Перамога гэтая забрала многа сіл, але стрымала чалавека перад апошняй мяжой. I гэтая барацьба з апошніх сіл, і гэтая перамога яшчэ раз паказалі высокую прыгажосць чалавечай дабрыніі, сумленнасці, працавітасці, сцвердзілі непераможнасць народнага духу.

Похожие статьи:

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Алені - ГДЗ

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Тартак

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Найдорф

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Францужанкі

Іван ПташнікаўІван Пташнікаў - Пагоня