Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Іван Навуменка - Шчаслівы дзень

1

   Калі Пятрок уступае ў лес, ён забывае пра ўсё на свеце. Для яго нібы настаюць святыя хвіліны. Кожная дзялянка лесу мае свой нораў, характар і выклікае ў душы адпаведны настрой. Сярод дубоў Пятрок адчувае сябе ўрачыста. Светлы, чысты бярэзнік выклікае такія ж светлыя і чыстыя пачуцці. А сярод ружовых верасоў з рэдкімі высознымі соснамі хочацца марыць пра будучыню…
   У час школьных канікул, калі пачынаюць расці грыбы, Пятрок ледзь не штодзень ходзіць у лес. Грыбнікоў шмат, і не так проста назбіраць хоць паўкошыка грыбоў. І перад тым, як пайсці ў лес, Пятрок заўсёды трывожыцца. Іншы раз ён нават ноччу прачынаецца ад неспакойнай думкі: ці знойдзе што-небудзь?
   У самім лесе трывога пакідае Петрака. Дзень на дзень непадобны. Сёння ў адным месцы грыб падымеш, заўтра ў другім.
   Гэты дзень быў для хлопчыка надзвычай шчаслівым. Удача напаткала на самым пачатку. Ніколі не зварочваў ён у дубняк, а сёння як бы нешта падштурхнула. Пятрок сыходзіць са шляху і вачам не верыць. На травяным доле, проста на дзёрне, сядзяць вялікія і моцныя баравікі. Іх сем ці восем штук. Відаць яны здалёк: проста сыдзі са шляху і бяры. Толькі, як і Пятрок, ніхто не верыў, што пад дубамі на траве могуць расці баравікі, і не хадзіў тут. Таму баравікі выраслі вялікія.
   Знайшоўшы баравікі пад дубамі, Пятрок і ў грабняк заварочвае, які раней гэтак жа абмінаў. І тут пад апалым лісцем яму ўдаецца знайсці некалькі маладзенькіх баравікоў. Лес нібы адкрывае перад ім свае спрадвечныя таямніцы.
   Калі ўдача, дык удача! Найбольш адорвае хлопчыка белагаловымі, схаванымі ў шчыльнай шорсткай траве баравічкамі, невялікая паляна. Ёю хмуры цёмны грабняк аддзяляецца ад чарнічнага, наскрозь прагрэтага сонцам бору. Пятрок і раней знаходзіў тут грыбы. Але сённяшні паход у лес не ідзе ні ў якое параўнанне з усімі папярэднімі. Амаль поўны кошык грыбоў, добрая палова якіх – баравікі, назбіраў Пятрок.
   Горды і шчаслівы ад сваёй удачы, ён прыйшоў дадому.
 

2

   Дома бацька просіць Петрака памагчы згрэбці сена. Пятрок, хоць трохі баляць ногі, згаджаецца.
   І вось удвух з бацькам яны ідуць у той самы лес, дзе з раніцы Пятрок збіраў грыбы. Мінаюць дубовую граду і грабняк, паляну, дзе хлопчыку пашанцавала. Прыходзяць на край атуленага лесам балотца.
   Сена шмат: бацька выкасіў усё балотца, размешчанае між лесу. Пятрок зграбае сена ў валкі, потым яны з бацькам складаюць яго ў копы. Ужо цямнець пачынае, а работа яшчэ не скончана.
   Нарэшце чуваць лёскат калёс. Едзе старэйшы брат Валодзя. Пятрок з бацькам выносяць копы на бераг балотца, каб можна было адразу класці сена на воз. Пад’ехаўшы, Валодзя адразу пачынае грузіць воз. Бацька бярэ насілкі за кароткія канцы пры самай капе, Петраку пакідае доўгія. Ён робіць так дзеля таго, каб сын меней стамляўся. А Пятрок сам увайшоў у ахвоту. Ён увесь дзень на нагах, але можа яшчэ працаваць хоць усю ноч. Стомы не адчувае. Такая, як цяпер, работа прыносіць вялікае задавальненне. Не меншае, чым збор грыбоў.
   Калі на воз усклалі тры капы, Пятрок лезе ўтоптваць сена. Бо застаюцца яшчэ дзве капы, якія абавязкова трэба забраць. Не прыязджаць жа па іх яшчэ раз.
   Вось і скончана работа. Усё Петракова цела ные ад стомы. Але гэтая стома прыемная. Столькі за дзень зрабілі!
   Ужо ноч вісіць над лесам. Лес Петраку здаецца зусім незнаёмым, загадкавым, але яшчэ прыгажэйшым, чым раніцай, калі ён прыходзіць сюды ў грыбы.

 

Похожие статьи:

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Той, хто працуе...

Артур ВольскіАртур Вольскі - Сталяры

ПераказыНа заводзе

ПераказыПраца тваіх рук

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Адкуль з’явіліся рамёствы