Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Іван Мележ - Чулае сэрца
Увага!!! Поўны змест
Ішла трэцяя восень вайны.
У тую восень у дачным пасёлку пад Масквой, на Сходні, упершыню за вайну сабралася прыкладна паўтары сотні дзяўчат і хлопцаў з заняволенай Беларусі. Гэта былі студэнты, – на Сходні пачынаў сваю працу наш універсітэт.
Мужчын было мала, – толькі некалькі зволеных з арміі пасля шпіталяў хлопцаў у армейскіх шынялях ды паранены хлапчук-партызан.
Хлапчук, з адным пустым рукавом, чарнавокі, сталы не па сваіх шаснаццаці гадах, вечарам расказваў нам пра тое, што перажыў нядаўна на сваёй роднай Бабруйшчыне. Гэта былі расказы пра блізкіх, дарагіх людзей, – ён з затоеным болем гаварыў, як спалілі гітлераўцы жывымі яго маці і бацьку, як ён выратаваўся, уцёк у партызаны, як ваяваў у партызанскай разведцы.
За верандай падмаскоўнай дачы, над якой гусцеў змрок, мірна шумелі бярозы, а мы былі думкамі па другі бок фронту, на той зямлі, дзе стаялі іншыя вечары і ночы, дзе людзі выходзілі на справы са зброяй, дзе палалі вёскі і гінулі бацькі, дзе была няволя.
Гэты чарнавокі хлопец і сказаў:
– Днямі гаварыў са мной Кузьма Чорны, пісьменнік. У партызанскім штабе спаткаліся...
– Чорны?.. Які ён сабой? – зацікавіліся слухачы.
– Які? Просты ён, зусім просты. I вельмі дапытлівы. Казаў – кніжку збіраецца напісаць пра тое, што я расказваў... У госці нават запрашаў прыходзіць.
Якім ні цікавым здавалася мне жыццё хлапчука, я тады не паверыў яму. Не проста было паверыць у тое, што гэты мой знаёмы стане героем кнігі, ды яшчэ якой, кнігі Чорнага, і зусім не хацелася верыць, што вядомы пісьменнік так проста запрашаў у госці.
Пазней, пазнаёміўшыся з Кузьмой Чорным, я мог пераканацца, што дарэмна не паверыў партызанскаму разведчыку. Я ўбачыў, які ён цікаўны да людзей, які просты і шчыры ў абыходжанні з імі, як умее радавацца чужой радасці і спачуваць чужому гору.
Няма ніякіх падстаў не верыць, што сярод шматлікіх няспраўджаных задум, ненапісаных твораў засталася ненапісанай і аповесць пра юнага партызанскага разведчыка.
Мне выпала пазнаёміцца з пісьменнікам праз некалькі месяцаў. Яшчэ ў шпіталі на Каўказе, а потым у заволжскім гарадку я напісаў два апавяданні і цяпер, у гуртку таварышаў, наважыўся прачытаць. Калі мы выйшлі пасля чытання на двор, М. Р. Ларчанка, які быў выкладчыкам універсітэта, параіў аддаць гэтыя апавяданні на суд Кузьме Чорнаму.
– Ён мой сусед. У «Якары» таксама...
Чорны жыў тады ў гасцініцы «Якар», што недалёка ад Беларускага вакзала. Там у той час былі многія беларускія пісьменнікі, вучоныя, артысты.
Ларчанка ўзяў сшытак з апавяданнямі і завёз у Маскву.
Праз дзень ці два, спаткаўшы мяне ва універсітэцкім калідоры, ён сказаў трывожна:
– Чулі? Чорны захварэў. Вельмі цяжка... Удар. Кровазліццё ў мозг.
Гэта быў адзін з тых трагічных «удараў», другі з якіх звёў пісьменніка ў магілу.
Сумная вестка ўзрушыла многіх студэнтаў, якія ведалі і любілі пісьменніка па яго творах. Кожны дзень, сустрэўшы каго-небудзь з выкладчыкаў, што жылі ў «Якары», мы пыталіся:
– Як здароўе Чорнага?
Здароўе пісьменніка было вельмі слабае, ачуньваў ён марудна, цяжка. Яму было забаронена працаваць, ды забарона была фактычна лішняй – ён не мог працаваць.
Як жа здзівіла мяне вестка, якую праз некалькі дзён паведаміў Ларчанка:
– Вашы апавяданні Чорны прачытаў. Учора.
– Ён жа не можа чытаць, – не паверыў я.
– Ён папрасіў дачку. Ірына, дачка, чытала, а ён слухаў, лежачы ў ложку.
У такім стане ўспомніў пра рукапіс нейкага студэнта, успомніў, пацікавіўся ім! Як гэта непадобна на тую абыякавасць, з якой часта даводзіцца сустракацца нашым пачынаючым у кансультацыях розных рэдакцый.
Ён тады яшчэ не мог хадзіць. А праз некалькі дзён, ледзьве ўзняўшыся з ложка, пісьменнік напісаў ліст, адказ на сшытак прынесеных яму апавяданняў.
Мне прынеслі ліст на заняткі. З таго, што гаварыў выкладчык, я амаль нічога не чуў – мусіць, дзесятак разоў чытаў і перачытваў радкі, напісаныя на аркушыку паперы.
Я дасюль берагу гэты ліст як адзін з самых дарагіх успамінаў студэнцкіх год. Ён, гэты ліст, напісаны яшчэ не цвёрдай, не акрэплай пасля хваробы рукой: літары ў ім няроўныя, няўпэўненыя, хісткія. I пры ўсім тым ён напісан не абы-як, не для таго, каб адпісацца, – на дзвюх старонках хворы пісьменнік разабраў плюсы і мінусы абодвух апавяданняў, даў некалькі карысных парад, падбадзёрыў, пажадаў поспехаў у літаратуры.
«У Вашых апавяданнях, – пісаў Кузьма Чорны, – правільна дадзен аналіз чалавечай душы і добра нарысавана тыповая абстаноўка, у якой дзейнічаюць Вашы персанажы. I надалей сачыце за псіхалагічным абгрунтаваннем чалавечых учынкаў. У гэтым сэнсе ёсць хіба ў апавяданні «Апошняя аперацыя». Не пададзена псіхалагічная прычына таго, чаму немец так абышоўся з раненай жанчынай. толькі таму, што ён немец? Тут трэба яшчэ нейкая псіхалагічная дэталь. Рэдакцыя, – Чорны працаваў тады ў рэдакцыі часопіса «Беларусь», – возьме на сябе пры друкаванні ў гэтым месцы зрабіць у апавяданні ўдакладненне.
Сачыце за чыстатой свае мовы. Напр, замест пакой Вы пішаце комната і г. д. Займайцеся заўсёды сваёй беларускай мовай. Ведайце, што мова – гэта аснова літаратуры».
Тыдні праз два мне пашчасціла пабачыцца і гаварыць з ім.
Сшытак з апавяданнямі, перададзены Чорнаму, быў у мяне адзіным рукапісам, ніякіх копій я не зрабіў, і я прасіў М. Ларчанку, каб ён зайшоў да пісьменніка і ўзяў сшытак.
На другі дзень М. Ларчанка сказаў:
– Чорны не даў сшытка. Прасіў, каб вы самі зайшлі. Зайдзіце да яго ў рэдакцыю «Беларусь».
Мне, вядома, хацелася ўбачыцца з Чорным, але такое гасціннае запрашэнне зайсці тады ўсё ж здзівіла. Я яшчэ не ведаў, што пісьменнік вельмі любіў знаёміцца з людзьмі, гаварыць з імі, бачыць іх.
У першы ж дзень пасля заняткаў паехаў у Маскву. Рэдакцыя часопіса «Беларусь» у той час змяшчалася на плошчы Пушкіна, у будынку «Известий». Чорны акурат быў у рэдакцыі.
– Пачакайце крыху, – сказаў ён, калі я назваўся. – Пачытайце от газету нашу. А я тым часам зраблю, што трэба, і тады мы пойдзем да мяне.
Сапраўды, хутка ён стаў апранацца, узяў у рукі кіёчак. Ён быў з выгляду поўны, гэтая паўната здавалася нездароваю. Ішоў ён павольна, абапіраючыся на кіёк, адчувалася, што ў яго задышка.
Вуліца Горкага, на якую мы выйшлі, была асабліва шумлівая і гаманкая ў той дзень. Усталёўвалася вясна, па-веснавому чыста сінела неба, і ўжо вельмі лагодна ўгравала сонца. Пісьменнік быў таксама вясёлы і нібы святочны.
– Пешкі пойдзем? – ён усміхнуўся. – Пісьменніку трэба мець добрыя ногі. Каб многа хадзіць... Вы не ўрач? – неспадзявана запытаўся ён.
Я сказаў, што не. Чорны здзівіўся:
– А апавяданні абодва пра ўрачоў. I, здаецца, вы іх ведаеце...
Я сказаў, што пазнаёміўся з імі, лежачы ў шпіталі. З гэтага пачаліся яго роспыты: дзе быў у вайну, адкуль родам, дзе бацькі, як жывецца на студэнцкіх харчах.
На ўсё – добры просты позірк, час ад часу вясёлая заўвага, жарцік. Ён, было відаць, любіў і ўмеў заўважаць у з’явах смешнае, любіў пасмейвацца.
Увайшлі ў гасцініцу. «Кватэра» Чорнага мясцілася, калі не памыляюся, на другім паверсе. Гэта быў даўгаваты, невялікі і вельмі сціплы гасцінічны нумар. Ложкі каля сцен, дбайна прыбраныя, накрытыя светлымі пакрываламі, стол каля акна, якое выходзіла на двор, на стале, таксама прыбраным, – некалькі акуратна складзеных кніжак.
Ён узяў са стала сшытак і, падаючы яго, прамовіў:
– Ну, от – пазнаёміліся. Пішыце, абавязкова пішыце! I пабольш – калі толькі ёсць час... А часу вольнага, мусіць, небагата?
Я сказаў, што мала: вучымся па праграме пяцігадовай, а трэба адолець яе за чатыры гады. Ды розныя ранейшыя даўгі.
– Ну, усё роўна трэба пісаць. Часу заўсёды будзе мала... А напішаце – прынясіце!
Ён сказаў так, што адчувалася – гэта не абы сказаць на развітанне, а шчырае слова. Гэта ад сэрца: прынясіце. Гэта быў нібы наказ.
...Я прынёс цераз некалькі месяцаў. Былі ўжо даўно здадзены экзамены за трэці курс, сыходзіла ўжо незабыўнае лета сорак чацвёртага. Універсітэт рыхтаваўся да вяртання на радзіму.
Доўга і старанна пісалася апавяданне, якое я нёс на суд пісьменніку, нёс з трывогай і сумненнямі. Гэта было апавяданне «У завіруху», задума якога даўно, яшчэ з фронту, не давала спакою. У ім было многа перажытага, дарагога, – таму так трывожыў лёс яго.
Чорнага дома не было. Жонка – Р. I. Свераноўская – сказала, што ён заняты, але папрасіла пачакаць. Чорны прыйшоў хвілін праз пяць, прывітаўся.
– Прынеслі? Чытайце, – сказаў ён без далейшых роспытаў.
Прысеў да стала, узяў кавалачак паперы, склаў удвая. Слухаючы, ён раз-пораз штосьці адзначаў.
За акном гусцеў змрок цёплага летняга вечара. Звінелі дзіцячыя галасы, з недалёкай вуліцы даходзіў шум аўтобусаў і тралейбусаў, заклапочаны шум вялікага горада. Усё гэта было вельмі непадобна на тое, аб чым гаварылася ў апавяданні, дзе гула завіруха, дзе стомлены чалавек, грузнучы ў снезе, шукаў дарогу. Я хваляваўся, бачачы, што Чорны робіць нейкія заўвагі, апавяданне раптам страціла ў маіх вачах усялякую цікавасць, і я хацеў толькі аднаго, каб яно хутчэй скончылася.
Калі яно нарэшце было дачытана, Чорны хвіліну маўчаў.
– Добра, – прамовіў ён раптам. – Увогуле добра.
Ён сказаў, што яму спадабалася ў апавяданні, – гэтых слоў было дастаткова, каб прыгнечаны аўтар зірнуў на свет больш бадзёра, – услед за гэтым Чорны зазначыў, што ў апавяданні ўсё ж недадуман сюжэт.
– Пружынкі не хапае. На самым важным месцы раптам пустата. Мне здаецца, трэба дапісаць, дамаляваць тое месца, дзе ваш герой падымаецца на гераічны ўчынак. Што яго падымае? Як ён расце? Гэта вельмі важна ведаць, а ў вас пра гэта – нічога. Тут штосьці трэба дапісаць... Падумайце.
Я абяцаў падумаць.
– А напішаце – прыносьце. Надрукуем у «Беларусі». Ад Чорнага, чуў я і ад таварышаў, людзі выходзілі бадзёрымі, выходзілі з жаданнем працаваць. Умеў ён зрабіць заўвагу, паправіць, перасцерагчы так, што ў гэтым не было і ценю крыўднага. Ён, вядома, ведаў, як лёгка аўтар можа зняверыцца ў сваёй рэчы, кінуць яе, загубіць тое добрае, што ўжо зроблена, і таму, папраўляючы, раячы, заўсёды падтрымліваў, падбадзёрваў. Не губляйце надзеі, усё будзе добра, – як бы гаварыў ён кожнаму юнаку.
Гэта было добрае, чулае да людзей сэрца. Мусіць, ад гэтай сваёй дабраты, ад чуласці, а можа ад пераканання, што лагоднае, добразычлівае слова больш дае сілы чалавеку, чым лаянка, ён людзям, што адкрывалі яму першыя, запаветныя свае сшыткі, задумы, часта гаварыў добрыя, абнадзейлівыя словы. Напэўна, па гэтай прычыне ён быў шчодры на пахвалу. Каму, як не яму, былі добра відны шматлікія пралікі і прамашкі няспелых твораў нявопытных пачынаючых, каму лягчэй было «зарэзаць» такі твор, а ён – шукаў крупінкі добрага, назіральнасці, роздуму, жыццёвага вопыту, крупінкі таленту. Шукаў, знаходзіў і паказваў: глядзіце, вось тут у вас добра, вось тут, а тут – кепска, але вы не вешайце галавы, усё будзе добра! Папрацуйце і прынясіце!
Я вярнуўся да апавядання, якое нядаўна лічыў завершаным. Чорны чамусьці назначыў тэрмін, за які трэба было дапісаць рэч, – ён, здаецца, нярэдка ўстанаўліваў тэрміны «здачы працы», як бы даводзячы, што адкладу рабіць не трэба. Як і многім маім равеснікам, што хадзілі да Чорнага, папраўляць мне, дапаўняць сваю рэч было справай хоць і нялёгкай, але прыемнай: пасля сустрэч з ім кожнаму з нас, пачынаючых, працавалася добра! Да таго ж тэрмін абавязваў: не марудзіць.
У назначаны тэрмін апавяданне, дапісанае, папраўленае, зноў было на стале ў пісьменніка. Ён зноў сказаў прачытаць, зноў паслухаў...
У той вечар пісьменнік многа гаварыў пра літаратуру. Найбольш, мусіць, пра Талстога, якога вельмі паважаў.
– Вы любіце Дастаеўскага? – неспадзеўкі запытаўся ён. помню, я сказаў, што Дастаеўскі здаецца мне вельмі панурым пісьменнікам, што людзі ў яго хваравітыя, і настрой у творах нездаровы, і стыль нейкі сумбурны – нібы сядзеў і пісаў, пісаў, не вельмі абдумваючы раней.
– Гэта вы дарэмна нагаворваеце на яго. Хваравітасць – праўда. А от што не абдумваў – памыляецеся.
Ён павярнуўся к сталу і ўзяў адну кніжку.
– Глядзіце, якія папярэднія нататкі да «Братьев Карамазовых».
Ён падаў кніжку, далікатна кашлянуўшы. Гэта быў том «Литературного наследства» – спадчына Дастаеўскага. Пачакаўшы, пакуль я паглядзеў адгорнутую старонку, ён сказаў з захапленнем:
– От знаўца душы! От псіхолаг! Геніяльны чалавек!.. Адны «Братья Карамазсвы» – якая глыбіня пачуццяў!.. Будзе час, перачытайце, прыгледзьцеся.
Памаўчаў.
– Усім бы нам напісаць сваіх Карамазавых. Не хворых, – з такой сілаю!
Ён стаў гаварыць пра тое, што кожнаму пісьменніку трэба старацца ствараць вялікія, глыбокія вобразы нашых сучаснікаў з іх сацыяльнымі рысамі і нацыянальным каларытам.
У той вечар ён сабраўся па нейкай справе да П. Глебкі, які жыў у гасцініцы на Пушкінскай вуліцы. У метро, на станцыі «Беларускай», Чорны загаварыў пра хуткі свой зварот на радзіму.
– Прыеду ў Мінск – абавязкова пасялюся дзе-небудзь на далёкай вуліцы. У драўляным дамочку. Каб ціха было і каб можна было пісаць, пісаць, пакуль аж рука не забаліць. Як у касца...
Гэта было самае дарагое яму: вярнуцца і – пісаць, пісаць!..
...Хутка яго можна было бачыць у Мінску. кожны дзень ён хадзіў па вуліцы Берсана, каля універсітэта – павольна, цяжка, абапіраючыся на кіёк, яшчэ малады, але вельмі хворы чалавек.
Ён радаваўся, сустракаючы знаёмых, ахвотна і доўга распытваў, расказваў сам.
– Ну, што новага напісалі? – запытаўся, прывітаўшыся са мной.
Мне здавалася, што ён нешта абдумваў перад тым, і я, адказаўшы на яго пытанне, хацеў быў развітацца, але ён апярэдзіў:
– Давайце паходзім!
Пакуль хадзілі, распытваў пра універсітэцкае жыццё, пра студэнтаў, – ён заўсёды цікавіўся моладдзю. Я прызнаўся, што задумаў адно невялікае апавяданне ці абразок, але не ведаю, ці брацца за яго. Ён папрасіў расказаць змест.
Апавяданне было просценькае: жанчына непакоіцца пра свайго чалавека, які недзе на фронце і ад якога другі месяц няма пісьмаў. Ёй сумна, балюча, свякруха раіць паплакаць, «каб адлегла ад сэрца», але яна не можа плакаць. «Усе слёзы высахлі». Вечарам прыносяць пісьмо: чалавек яе жывы! Ад радасці яна... плача!
– Задума, па-мойму, цікавая, – сказаў Чорны. – Гэта вельмі правільна псіхалагічна – тое, як жанчына паводзіць сябе ў горы і ў радасці. Па-жаночаму... Чаго ж вы сумняваецеся?
– Ды вельмі ж проста ўсё гэта. Можа, нецікава будзе...
– Калі ёсць праўда, дык будзе і цікавасць. Сапраўдная, а не тая, якую робяць літаратурныя цыркачы, з іх таннымі цыркавымі штучкамі.
Развітваючыся, сказаў ужо звыклае:
– Дык заходзьце, прынясіце, што напісалі. Паслухаю... Я тут, у гэтай мураванай хаце. На другім паверсе. Уваходзіць з гэтых дзвярэй. Заходзьце пад вечар, гадзін пасля пяці.
Я сказаў, што баюся, як бы не надакучыць, што і так многа часу яму даводзіцца марнаваць праз нашага брата.
– Не кажыце гэтага... – Ён усміхнуўся. – Мне ж таксама неахвота сядзець аднаму, як на хутары. Вечары цяпер вялікія, сумнавата, а от прыйдуць людзі – і нагаворышся, і пасмяешся...
I тут ён сказаў тое, што, відаць, тады асабліва балела:
– Працую мала. Дактары забаранілі многа пісаць... На рэжыме строгім жыць даводзіцца.
Калі зайшоў у гэты раз, ён ляжаў у ложку. Нібы апраўдваючыся, прамовіў:
– От усё нешта нездаровіцца.
Але, калі я намерыўся развітацца, разважыўшы, што лепш зайсці іншым разам, ён спыніў, папрасіў распрануцца.
– Слухаць я магу. толькі от што ў ложку, прашу прабачыць...
Слухаў ён, як звычайна, уважліва, – не перабіваючы, крыху прыплюшчыўшы стомлена павекі...
Было гэта непагодным асеннім вечарам, тыдні за два да таго халоднага, ветранага дня, аднаго з апошніх дзён лістапада, калі мінчане правялі яго ў апошні шлях...
1955
Похожие статьи:
Іван Шамякін → Іван Шамякін - Сэрца на далоні
Аркадзь Куляшоў → Аркадзь Куляшоў - Ад шчасця сэрца скача, як дзіця...