Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Палеская хроніка. Завеі, снежань. Частка другая
Башлыкоў найперш выклікаў да сябе Апейку і пачаў з таго, што яму не спадабалася яго выступленне на сходзе ў Глінішчах, што Апейка "байку развёў", што ён не першы раз абыходзіць даваць палітычныя ацэнкі. "Мы ў прарыве.... Карыстаючыся нашай паблажлівасцю, кулаччо ўзняло галаву. Ідзе адкрытаю вайною! ... Першая задача — ударыць па кулаччу!" — гаварыў рашуча, пераканана.
Паведаміў, што дасць указанне Харчаву прыцягнуць да судовай адказнасці найбольш злосных. Акрамя кулачча трэба ўдарыць і па іх саюзніках усіх масцей. Незалежна ад сацкатэгорыі.
Дарэмна Апейка даводзіў Башлыкову, што сілаю не ўсяго можна дабіцца, што людзі паверылі, пайшлі, куды іх звалі, а пабылі — і расчараваліся і ў арцелі, і ў тых, хто пазваў і павёў. Вось што павінна трывожыць зараз кіраўнікоў — прычыны расчаравання, а не помсціць за тое, што яны паверылі. Сярод нязгодных былі не адны кулацкія элементы. Трэба прыслухоўвацца да іх, старацца зразумець, дапамагчы, навесці парадак, бо людзі незадаволены: хто працуе, хто не працуе — кожнаму палачка. За тое, што адбыў дзень. Людзі хочуць, каб той, хто болей зрабіў, больш атрымаў.
Усе гэтыя довады Башлыкоў назваў "чысцейшым апартунізмам", пустазеллем старога, якому не кланяцца павінны, а рваць яго і змагацца з ім.
Жаласць у рэвалюцыі — штука небяспечная. Партыя патрабуе: тэмпы, тэмпы і тэмпы!
Гнеў апанаваў Башлыковам, калі ў адказ на яго папярэджанне, прынцыповае, партыйнае, зноў пачуў ад Апейкі: "Пры любых тэмпах трэба добры тыл. Асабліва — пры хуткіх..."
"Апартуніст. Форменны апартуніст", — такое азначэнне даў Башлыкоў Апейку пасля спрэчкі і цвёрда вырашыў неадкладна прыняць меры, абмеркаваць на бюро, папярэдзіць акружком і рыхтаваць Апейку замену, бо "з такім далёка не пойдзеш, у адной упражцы". А вось з Харчавым было добрае адчуванне еднасці. Пасля размовы з ім і з журналістам "Савецкай Беларусі" з'явілася ліхаманкавае жаданне дзейнічаць. Выклікаў загадчыка агітпропа Каржыцкага і загадчыка райана Мормаля. Дабіўшыся ад іх прызнання ўласнай віны за нізкія тэмпы калектывізацыі ў раёне (37 гаспадарак за тыдзень новых улілося і 29 за адзін дзень — з калгаса), давёў, што найперш трэба мабілізаваць моладзь, падключыць настаўніцтва: "каб дзеці ўплывалі на бацькоў, дабіваліся ад іх уступлення ў калгасы".
Мормаль пакляўся, што мабілізуе ўсе сілы настаўнікаў і школьнікаў.
Пасля поўдня сабраў бюро райкома. Не толькі настроіў усіх, але і даў канкрэтныя ўказанні. Ехаць у Курані вырашыў з Дубадзелам: хацеў прыгледзецца, прымерыцца, чаго ён варты. З Дубадзелам у Башлыкова былі звязаны важныя надзеі, і надзеі гэтыя трэба было праверыць. Зайшлі адразу да Міканора. На сценцы — партрэт Сталіна і Калініна. На покуці — пуста: абразы зняты. Чарната, нясвежы пах, якія Башлыкоў трываць зможа, а звыкнуцца не звыкнецца. Прыйшоў і Андрэй Руды і адразу завалодаў гаворкай. Аўдоцця Пятроўна (Башлыкоў пацікавіўся ў Міканора загадзя імя па баньку старой) на пытанні сакратара райкома адказвала шчыра і далікатна, што людзі баяцца калгасаў, бо "вельмі хутка гоняць. А людзям агледзецца хочацца. Прымерыцца.... Брату на брата нагаворуваюць. Сваяку на сваяка. Як бы кусаць адзін аднаго трэба".
Калі зайшла гаворка пра Карчоў, паведаміла Башлыкову: "Мая матка і яго бацька сястра і брат родныя". Міканор быў разгневаны на маці за такую "шчырасць" перад сакратаром, але тая быццам падсумавала спрэчку цвёрда і непахісна: "Не можно — штоб брат на брата!"
Андрэй Руды страшэнна рады быў і спрэчцы, і "шчырасці" Дамеціхі. Як цікаваму здарэнню. Міканор трывожыўся. І было чаго: такое сваяцтва не ўпрыгожвае. Сувязь. Сувязь з кулаком... У Башлыкова таксама было незадавальненне сабою: такога факта пра Глушака Міканора, пра актывіста, партыйца, не ведаў. Непрыязна падумаў: "Усе яны тут перамешаны, паспрабуй разбяры!.."
Пайшлі да суседа, да Васіля Дзятла. Манін твар скрыві ла лютасцю: "Сходаў мало! Сходамі жыць не даюць! Дак шчэ і ў хату век!" На пытанне Башлыкова, чаму не хоча ісці ў калгас, на папрок Дубадзела, што ад народа адстае, Васіль адказаў: "Народ шчэ і там, і тут..."
Словам Дубадзела Васіль наогул не надаваў ніякай увагі, па ўсім было відаць, што не хацеў пустой гаворкі. Адзінае, што сказаў: "А я пабачыць хачу, што з етаго ўсяго шчэ будзе".
Пайшлі, нічога не дамогшыся. Дубадзел зазначыў, што трэба выясніць, адкуль лесу на хату набраў Дзяцел, сколькі аплачана, што можна і цвёрдага дань жонцы Васілёвай, раз яна кулацкага роду і з кулацкім нутром.
Сэрца Башлыкова забілася часта і трывожна, калі Міканор сказаў: "Ето хата той Ганны, што ў школе ў Глінішчах". Яна, тая загадкавая прысуха, была часцінкай гэтых людзей, самых блізкіх да глінішчанскай знаёмай незнаёмкі. Там, у Глінішчах, жыло ў Башлыкове неадольнае захапленне ёю, адчуванне нейкай нібы незямной завабнасці, нават нібы недаступнасці. І вось бачыў сваімі вачыма: зусім зямная, падобная да іншых, нават звычайная. Даступная. Неяк цяжка было паверыць, што тут, у гэтай беднасці, гэтай затхласці, гэтай нікчэмнасці, магла яна нарадзіцца, жыць! Не мог нават нібы згадзіцца, што такое магло быць. Узрадавала тое, што яе бядняцкае паходжанне не стане якой-небудзь закавыкай у іх адносінах. Ён пабойваўся раней, бо ў глінішчанскай знаёмай чуліся нейкія ганарлівасць, непадступнасць. На шчасце, падазрэнне гэтае адпала...
Аднак лаянка мачахі Ганны чулася яму як абраза яго шчырым пачуццям і так груба таптала добрае, але яшчэ кволае. Зацятая злосць і глухата старой панурым ценем захмарылі ўсё, што ўвайшло ў душу Башлыкова ў гэтай неабыякавай яму хаце.
"Злая жмінда!.. Ето ж, — паведаміў шчыра Міканор, — з-за прагнасці сваёй Ганну выпхнула з дому! Жыццё дзеўцы пакалечыла!"
Вунь што! Вунь чаму яна ў Глінішчах! У ім зацеплілася спачуванне. Было шмат іншых пытанняў наконт куранёўскай прыгажуні, але ён стрымаў сябе і пасля, каб не задаць іх Дубадзелу. Карцела загаварыць, распытацца, калі вярталіся ў Юравічы, але рашыў разважліва: як-небудзь навядзе даведкі. Ці саму запытае. За спачуваннем прыйшоў гонар за яе, за непадатную, смелую душу яе. Душу, як думаў пераканана ён, новага чалавека. І зноў, як у хаце, хвалявала здзіўленне, што такая чулая, багатая душою, такая ганарліўка нарадзілася, вырасла ў такой хаце, у такой затхласці. Гэта востра хвалявала яго, яна бачылася ўжо блізкаю, рэальнаю, сваёй.
Сустрэча з Ігнатам Глушаком таксама выдалася асабліваю і таксама навяла Башлыкова на канкрэтныя высновы. І скіраваў яго на тыя высновы зноў жа Дубадзел.
Нібыто-Ігнат быў непахісны, катэгарычны, не даваў нікому слова сказаць, любы довад адмятаў здзекліва, з'едліва і быў перакананы ў сваёй мудрасці. Пачаў з таго, што не пойдзе ў калгас, бо з такім кагалам, нібыто, зладзіць — не з яго характарам: "Я пераб'ю палавіну! А чаму я перабіў бы? А таму! Бо за кожным вачэй не зводзь! Тут жа стаў чалавека да за ім, нібыто, наглядчыка! Штоб глядзелі, як робіць кажны! Штоб сцераглі дабро! Вачэй не зводзілі! А не, дак такое наробяць! Расцягаюць усё па норах сваіх!"
На довад, што ў калгасе будзе іншая псіхалогія, засмяяўся горача: "Іншае? Адкуль яно возьмецца! А я такога цярпець не магу! Я праўду люблю! А тых, хто за праўду, — не любяць!"
Галоўным пытаннем спрэчкі стала пытанне старшынёўства: каго выберуць, каго паставяць на чале калгаса, бо вось паставілі ўжо — Міканора! A які з Міканора гаспадар? Андрэй Руды аўтарытэтна зазначыў, што "Міканор — чалавек сазнацельны, ідзейны", чым яшчэ больш раз'ятрыў Ігната: "Сазнацельны, ідзейны, — перакрывіў. — Гаспадар ён які, пытаю!.. Гаспадар ён, — сказаў Ігнатдзіўна зларадна, — нібыто з г... пуля! От які ён гаспадар!"
Яшчэ больш запаліўся, калі Башлыкоў расцаніў гэта як абразу: "Я праўду кажу. Ён і ў сваёй гаспадарцы не быў ніколі гаспадаром. Поля сам, можно сказаць, не абрабіў адзін. Бацько ўсё. Ці пад бацькавым наглядам. ... А цяпер яму — усе гаспадаркі!"
Перакінуўся на Башлыкова, дапытваючыся, адкуль ён і ці адрозніць жыта ад грэчкі. Нарэшце згадзіўся ісці ў калгас ("Хоць зараз!"), але пры адной умове: "Станьце ў нас старшыном!... Дзела нашаго, нібыто, не знаеце, дак хоць грамату знаеце! А сельскаму хазяйству — навучыцеся! Давайце! Пайду! Ей-бо!"
Толькі што перабытая размова хвалявала, турбавала. Было ад яе на душы нядобра, мутна, адчуваў патрэбу разабрацца, праясніць. Але на ўсе запытанні атрымліваў ад Міканора няпэўныя, нібы вінаватыя адказы: "Пляце, сам не ведае што... Ад кантузіі, можа... Кантужаны буў..." Можа, і пранесла б, каб не Дубадзел, які нагадаў Міканору, што "вылазіў" і раней Нібыто-Ігнат, як наразалі зямлю, за грудкі з каморнікам схапіўся. На аднаслоўныя пытанні Башлыкова выдаў поўную інфармацыю, што ўзялі тады Ігната пад арышт, але не судзілі, адразу адпусцілі. Гайліс адпусціў. А чаму, ён, Дубадзел, дасюль зразумець не можа такі фокус. Глушак Міканор паспяшаўся паправіць ужо непапраўнае: "З-за дзяцей... Пашкадавалі..."
Башлыкоў быццам не зразумеў. Маўчаў. Загадаў весці ў наступную хату. Аднак, вяртаючыся ў Юравічы, усю дарогу напружана думаў менавіта пра гэты выпадак. Так, трэба брацца. Дубадзел добра сказаў: "Брацца крэпкай рукою!" Трэба справу аб злачынствах у гэтым сельсавеце паставіць на бліжэйшым бюро. Трэба Гайліса і Глушака прыцягнуць да суровай адказнасці, пакараць са ўсёй строгасцю! Гайліс за такое заслугоўвае выключэння з партыі. Строгае спагнанне варта даць і Глушаку. Абодвух, вядома, належыць вызваліць ад пасад. Гэта будзе варты ўдар па мяккацеласці і марудлівасці, гэта прывядзе да пералому ў справах. Наш крок будзе спарнейшы! Пойдзем хутчэй. Так, чуццё не ашукала яго, тады ён толькі меркаваў, цяпер ён ужо мае факты, дакладныя факты апартуністычнай лініі кіраўніцтва сельсавета і ячэйкі. І пазней ён зноў вяртаецца да гэтых фактаў, яшчэ і яшчэ раз пераконвае сябе ў тым, што вось з-за такіх, з-за ліберальных дабрадзеяў, і бяда ўся, прарыў у раёне! На бюро, гэта правільна, адзіна правільна. І абавязкова — аргвывады. Трэба належныя кадры! З такімі і тое, што ёсць, загубім.
Башлыкоў заглыблена думаў і пра Дубадзела, думаў з дзелавой заклапочанасцю. Як пра кадравага работніка. Развагі былі няпростыя. Ведаў: Дубадзел малакультурны і грубаваты. П'е. Але ж ніякіх заган са сваякамі. Мінулае — чыстае. Былы чырвонаармеец. A галоўнае — адданасць якая і рашучасць. Гэты цацкацца з кулаччом не будзе. Піў — гэта агідна. Папярэдзіць трэба, што за такое з партыі гнаць будзем... Малакультурны і грубы — а дзе ты знойдзеш даволі культурных і адукаваных? Мала іх... Гэты - цвёрды, гэты — крэмень. Барацьбіт.
Гэта — галоўнае... Неабходны цвёрдыя, жалезныя! Здольныя крышыць ворага, рушыць усё, што на шляху замінае.
Похожие статьи:
Іван Мележ → Іван Мележ - Спатканне за горадам
Іван Мележ → Васіль Дзяцел і Ганна Чарнушка як мастацкія тыпы ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"
Іван Мележ → Палеская хроніка. Людзі на балоце. Частка першая
Іван Мележ → Беларуская вёска ў часы калектывізацыі ў рамане Івана Мележа "Людзі на балоце"