Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Іван Грамовіч - Кавалачак хлеба
Увага!!! Поўны змест
Дзед шмат ведаў казак. Мне іх расказваў. I расказваў не тады, калі я яго прасіў, а тады, калі была нейкая прычына.
А прычына знаходзілася заўсёды.
Вось калі мы выганялі статак у поле, мне як падпаску ён даручаў насіць торбу з хлебам. У торбе апроч акрайчыка хлеба часам ляжалі скварка ці яйка, зваранае ўкрутую, соль, агурок, бутэлька малака ці хлебнага квасу. Словам, харч на цэлы дзень сухім пайком, як цяпер кажуць. Увесь гэты правіянт быў у завязанай вузлом торбе, якую мне даводзілася цягаць. Я кажу не насіць, а цягаць, бо перад абедам рука стамлялася, ноша надакучвала, і я ставіў яе дзе-небудзь пад куст або вешаў на сучок бярозы. Сам ішоў адганяць памаўзлівых кароў ад шкоды, а потым вяртаўся да бярозкі і падцягваў торбу на новае месца.
Неяк я згубіў месца сховы. Забыўся, пад якім кустом паклаў торбу, і доўга яе шукаў. Мае пошукі дзед заўважыў, дачакаўся, калі я падыду, і пачаў пытацца, чаму я з сабой не нашу торбу? А што ж было б, каб не адшукаў ношу ці сабака яе ўкраў? Мы засталіся б без абеду, галодныя...
Гэта справядліва, але я таксама адказаў пераканаўча і шчыра:
– Абрыдла яе цягаць.
– Эх, блазнота! – усміхнуўся дзед. – Прысядзь на купіну, паслухай, што я табе раскажу...
Вось і прычына трапілася.
Дзед, помню, расказаў тады пра аднаго дзівака, які нёс у мяшку за плячыма хлеб. Дарога была далёкая. Ішоў-ішоў дзівак, нёс-нёс хлеб, замарыўся. Спыніўся. Перакідае ношу з пляча на плячо і лаецца:
– Ох, каб на цябе ліха! Яшчэ гэты цяжар нясі на сабе!
А хлеб у мяшку за плячыма адгукаецца:
– Не, чалавеча, не ты мяне нясеш, а я цябе нясу.
– Што? – абурыўся дзівак. – Каму гэта не відно, што я цябе ўсю дарогу на сабе валаку!..
А хлеб з мяшка зноў падае голас:
– Памыляешся. Не ты мяне нясеш, а я цябе нясу.
– Паспрачайся ў мяне! – узлаваўся дзівак. – От зараз вазьму ды і кіну з плеч... Пабачым, хто каго валачэ на сваім гарбу.
– Кідай, – кажа хлеб, – але потым не кайся.
– Ах, ты будзеш у мяне аскірзацца! – разгневаўся дзівак і кінуў мяшок на ўзбочыну дарогі.
Пайшоў сабе з вольнымі рукамі. Ідзе. Без цяжару лёгка ісці. Ішоў-ішоў, а тут і ноч настае. Есці захацелася. Прысеў ды і думае: «Далей ісці трэба, але падсілкавацца не шкодзіла б... А чым? Хлеба няма...»
Так і атрымалася, што хлеб прыяў чалавеку. А чалавек? Адумаўся, дзівак, пакаяўся, ды было позна.
Калі дзед расказваў, мне было пацешна, што дзівак па сваёй дурноце выкінуў хлеб.
– Чаго ты смяешся? – сказаў дзед. – Глядзі, каб не ўпадобіўся гэтаму падарожніку... I табе ж абрыдла цягаць торбу...
Берагчы хлеб, шанаваць самы маленькі кавалачак, кожную скарыначку – прывучалі дзед і бацька.
– З’еш усё! Не пакідай! – сварылася маці. – Няможна!
– Чаму?
– Голад можа настаць...
Я не разумеў іх. Якая сувязь паміж голадам, якога ніколі я не бачыў, і палоханнем, строгасцю, з якімі дарослыя прывучалі мяне шанаваць хлеб? Ну што будзе, калі я скамячу з мякішу галачку і шпурну яе ў ночвы, дзе сястра будзе мыць бялізну?.. Паляцяць пырскі, мне будзе смешна...
Што можа здарыцца, калі я выкіну недаедзеную скібку? Падумаеш, вялікая страта! Сабака з’есць.
Аднак пасля падобных жартаў у мяне доўга балела рука. Бацька так даў па руцэ, якой я кідаўся хлебам, што навекі запомніў.
Дзед не караў мяне. Ён толькі ўгаворваў, расказваў казкі, як пра таго дзівака...
Помню пра хлеб яшчэ адно яго паданне, ці легенду.
– Пацалуй недаедзены кавалачак і пакладзі ў торбу, – сказаў ён аднойчы мне. – Эх, які ж ты неакуратны! Колькі цябе ні навучай, усё роўна расцеш бяспамятным... Відаць, як паспытаеш свой горкі кавалачак хлеба, тады зразумееш, чаго ён каштуе.
Мы абедалі каля крыніцы, што пад вярбой. Каровы нашы пасвіліся ў лагчыне... I дзед пачаў гэту легенду, якую тады я не мог запісаць, а цяпер перадам сваімі словамі.
...Людзі вельмі доўга харчаваліся травой, ягадамі, грыбамі. Елі ўсё, жылі напаўгалодныя, бедна, аж пакуль не выдумалі хлеб.
Хлеб яны выдумалі не адны. Былі ў іх памагатыя. I хто, ты думаеш? Сонца, Вецер і Вада!..
Даўно-даўно гэта было. Вецер і Вада хадзілі па зямлі, як людзі і жывёла. А Сонца, як і цяпер, плавала над зямлёй. У вышыні. I магло размаўляць чалавечай мовай.
Сонца, Вецер і Вада бачылі, як цяжка жывецца людзям. От адзін раз сабраліся і пачалі між сабой меркаваць. Як памагчы людзям жыць багацей і шчаслівей на зямлі. Разважалі-разважалі. I Сонца тады прапанавала новы харч для людзей.
– Толькі няхай яны яго вынаходзяць і здабываюць самі, – сказала Ветру і Вадзе Сонца. – А мы ім дапаможам. Будуць любіць гэтую працу – зажывуць шчасліва...
Дало Сонца Ветру некалькі зерняў жыта. Вецер пасеяў. Вада паліла. Цяпло прыгрэла. Зерні ўзышлі. Сонца ўсміхнулася. Жыта пачало расці ўгору.
Глядзяць людзі і дзівяцца: што гэта такое расце?
А вырасла жыта. Паспелі буйныя каласы. Людзі сабе думаюць: ну што з гэтых каласоў можна зрабіць? На што яны могуць спатрэбіцца?
Адзін чалавек сарваў каласок, расцёр яго. Узяў падпёк на агні зерне. Пакаштаваў...
Другі чалавек прыдумаў зварыць спелыя зерні ў вадзе. Таксама пакаштаваў...
Трэці чалавек прыдумаў таўчы зерні. Стоўк – атрымалася мука. З мукі жонка зварыла зацірку. Пакаштавалі...
Адна дасціпная цётка з мукі замясіла цеста. Камяк цеста паспрабавалі спячы. Спяклі. Атрымаўся румяны бохан.
Так чалавек вынайшаў хлеб.
З тае даўняй пары людзі ўсё больш і больш удасканальвалі сваё вынаходства. Выдумалі белы хлеб. Сітны хлеб. З чарнушкай. З кменам. З разынкамі. Выдумалі пірог. Святочны пірог. Вясельны каравай... Выдумалі булкі, абаранкі, розныя пернікі... З мёдам, з макам, з цукрам...
Але знайшліся ў аднае мясцовасці людзі, якія пачалі глуміць хлеб, не бераглі яго. Забыліся, што самае надзённае ў хлебе: сабраць ураджай, сабраць насенне, каб налета пасеяць зноў. Каб на новы год быў новы ўраджай... Яны занядбалі ўсё. Пачалі раскідацца хлебам. Дзе ні ступіш, валяюцца аб’едкі, кавалкі, скарынкі. Па дарогах рассыпана зерне. У засеках псуецца насенне.
Гэта здарылася таксама даўно-даўно.
Ішоў па дарозе Вецер. Ён ішоў ціха, павольна. Ішоў і чуе, што калоссе жыта шэпчацца між сабой. Прыслухаўся, аб чым гамоніць яно, нізка кланяючыся. I пачуў Вецер скаргу жыта на занядбаную сваю долю. Што яго топчуць людзі. Здзекуюцца з яго. I малыя і старыя.
Зайшоў Вецер у вёску, дзе жылі гэтыя людзі. Бачыць – праўда! На вуліцы, на дварах, пад вокнамі валяюцца кавалкі хлеба. Нават боханы. Ніхто не беражэ ані крошкі.
Раззлаваўся Вецер ды як закруціць віхрам. Толькі чорны слуп густога пылу ўзняўся над вуліцай. Круціць Вецер, змятае ўсе скарынкі, недаедкі і віхрам узнімае ўгору. Слуп расце, расце высока ў неба. Усё сабраў віхрам Вецер. I зерне рассыпанае і сухары цвілыя... Узняў аж да Сонца і кажа:
– Паглядзі, Сонца, што ж гэта робіцца?! Мы клапоцімся аб людзях, дапамагаем колькі сілы ёсць, моцы. Ты на мяне сварышся, калі шпарка хмары ганю, калі павольна крылы ў млынах кручу і хлеб ім мялю... А што яны робяць з гэтага хлеба? Бачыш, як глумяць?! Хлеб скардзіцца, што яны здзекуюцца з яго.
Нахмурылася Сонца, закрыўшыся хмараю. (Можа яно быць вельмі гнеўным!) Праз нейкі час толькі мутная, шэрая дымка распаўзлася па небе. Сонца пажаўцела. Навокал яго ўтварыўся круг. Гледзячы праз гэты круг на зямлю, Сонца сказала Ветру:
– Пашлі на іх сухавей. А я спёкі паддам...
I пачалася ў той мясцовасці неміласэрная гарачыня. Усё на полі, на агародах пасмягла. З рэк уся вада збегла ў мора. Азёры і крыніцы павысыхалі. Дрэвы без пары пажоўклі. Жыта – пабялела. Высушанае спёкай, яно дзівілася: чаму з такімі лёгкімі каласкамі расце? Дзе дождж, каму хацелася б з удзякай важка пакланіцца?.. Бясхмарна. Сухавей гайсае па полі. Звоніць пустымі каласамі...
Людзі пачалі хвалявацца, наракаць:
– Што ж гэта настала? Калі ж пойдзе дождж?..
Усе запасы харчу яны паелі. У полі ўсё пагарэла.
Не тое што ўраджай сабраць, нават насення людзі вярнуць не змаглі... I пачалі яны шукаць выкінутыя на вуліцу кавалкі хлеба. Рады былі зацвіламу сухару і чорнай скарыначцы. Людзі каяліся, што так неабдумана жылі. З болем успаміналі тую пару, калі не ашчаджалі хлеб, глумілі яго... Дзеці хварэлі, паміралі з голаду. Маткі плакалі горкімі слязьмі.
Аднойчы ўранку, калі Вецер-сухавей яшчэ драмаў за кустамі, слёзы людскія разам з расою выпарыліся, узняліся да Сонца. I яно адчула гаркату гэтых слёз...
Тут Сонца паклікала да сябе Ваду і Вецер і пытаецца:
– Ну, што там чуваць? Як цяпер жывуць людзі з тае мясцовасці?
– Дрэнна, – адказаў Вецер.– Голад па ўсёй акрузе.
– Просяць дажджу, – сказала Вада, – але я не магу паслаць без твайго дазволу.
– Ну, а што яны сабе думаюць? – пытаецца Сонца. – Што між сабою гавораць?
– Гавораць, ніколі глуміць хлеб не будуць, – адказалі Вада і Вецер. – Толькі б ураджаю новага дачакацца.
Не ўвесь час гнеўным Сонца бывае! Адхінула яно шэрую заслону. Заслону пылу ад сухой, як попел, зямлі і дыму ад пажараў на балотах. Бачыць, стаіць на ўзгорку адзін дзядзька, трымае ў прыгаршчах зерне і просіць:
– Хмарка, дай дожджыку!.. Сыпні, хоць кропельку!
– Ну, сыпні, – кажа Сонца Вадзе, – столькі кропель, колькі трэба на пасеў.
– А ты, – кажа Ветру, – пранясі хмары над палеткамі асцярожна... Градам не пабі, ліўнем не змый! – Падумала Сонца і дадае: – Пабачым, як яны зноў возьмуцца за працу...
Праз нейкі момант пайшоў роўны, спорны дождж. Такі, якога прасілі людзі...
Цяжка было, яны пакутавалі пасля голаду. Зноў харчаваліся травой-шчаўем, маладой крапіўкай. Грыбамі, ягадамі... Месцамі нават грыбоў і ягад не стала. Грыбніцы павысыхалі. Ягаднік пагарэў на балотах.
I калі зноў людзі з тае мясцовасці дачакаліся і сабралі новы ўраджай, змалолі з яго муку і напяклі хлеба, то пакляліся вечна цалаваць яго...
Сеяць і расціць, даглядаць і сабіраць, шанаваць і берагчы, як само жыццё. Так яно ёсць і зараз. Жыта – ад слова жыць...
– Цяпер ты зразумеў, чаму людзі шануюць кожны кавалачак хлеба? – запытаў мяне дзед.
Я сядзеў моўчкі і адчуваў сябе вінаватым, што не пацалаваў акрайчык хлеба. Людзі рабілі гэта, навучаныя голадам. Я ж не бачыў голаду. I не хацеў бачыць. Я сядзеў, трымаючы ў руках свой акрайчык, і адчуваў яго, як жывога. Ён быў самым дарагім з усяго, што прыдбаў чалавек для свайго жыцця.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Хлеб для партызанаў
Пераказы, дыктанты → Вытаптаны хлеб