Садралі белую кару
З бярозкі юнай не ў пару.
Здаецца мне, што не бяроста,
А я у полымі гару.
*
Ў сябе, бы ў студню зазірні.
Дай адстаяцца чысціні.
Тады, мастак, і я з табою
Тваёй паверу вышыні.
*
Спявала песню мне Гульсхор
Пра сіняву і веліч гор.
Ды мне чамусьці ўспамінаўся
Мой ціхі гай, мой цёмны бор.
*
На шчасце даў мне Файзуло
Залётнай ластаўкі крыло.
Ці не яно часцей вяртае
Мяне у роднае сяло?
*
Зялёны край. Знаёмы кут.
Мне б назаўжды застацца тут,
Каб не было на свеце іншых
Дарог, шуканняў і пакут.
*
Хітрэц, нашто мне твой бутон?
Ханжа, нашто мне твой паклон?
Але прыму я ад кахання
Усё – і ружу, і праклён.
*
Там –
У мяцельнай
Белай крутаверці,
Ці не прапаў
Мой голас у трысці?
Ці мо згубіўся ён
У тым канверце,
Што ўзяўся
белы голуб
данясці?..
Крыніца: Янішчыц Я. Дзень вечаровы. Вершы. Мн., «Маст, літ.», 1974. – 80 с.
Похожие статьи:
Яўгенія Янішчыц → Творчасць Яўгеніі Янішчыц
Яўгенія Янішчыц → Яўгенія Янішчыц - Мова
Яўгенія Янішчыц → Яўгенія Янішчыц - Свята пірага
Яўгенія Янішчыц → Яўгенія Янішчыц - Каліна зімы
Яўгенія Янішчыц → Яўгенія Янішчыц - Ты пакліч мяне. Пазаві...