Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Яраслаў Пархута - У бабчыным гародчыку
Увага!!! Поўны змест
І
Прачнулася Юлька, а ўставаць лянуецца. Раптам чуе:
– Дзон-дзон-дзон!
Гэта сігналіць апалонікам аб патэльню бабка. Каб ішлі блінцы есці.
Не падзейнічала. I тады на парозе з’яўляецца сама бабка.
– А ці ведаеш, унучка, – хітравата кажа яна, – што ў нас вожык жыве. Ранічкай, калі карову даіла, бачыла, як ён з сямейкай патупаў у агарод.
Юлька вожыка ніколі не бачыла. I яе як ветрам здзьмула з пасцелі. Хуценька ўмылася, паснедала і сказала:
– Пайду падпільную вожыкаў.
ІІ
Ляжыць Юлька на фуфайцы пад кустом парэчак і не варушыцца. Куст з долу здаецца вялікі, лапушысты. На галінках безліч ягад. Працягнула руку, каб сарваць гронку, як нечакана заўважыла: з ягадзінак да вугла цагліны, што ляжала каля самай падрубы, звісае сетка. Прыгледзелася – і гаспадара ўбачыла. Пузаты, страшны, ён сядзеў у кутку і, відаць, чакаў, пакуль хто трапіць у пастку.
У пастку ніхто не трапляў. I павук нерваваўся, раз-пораз тузаў за павуцінавую вяроўку.
ІІІ
Калі на цагліну ўпаў сонечны прамень, на яе ўскочыў цвыркунок. Ён быў у зялёных гольфіках, такой жа манішцы і празрыстай накідцы. Прайшоў на край цагліны, вярнуўся на сярэдзіну, пастаяў і пачаў настройваць скрыпачку.
Гэта ўчулі суседзі.
Першыя з’явіліся камарыкі. Аднолькава апранутыя. I тварыкі ў іх аднолькавыя – цвічкамі. I ножкі на адзін капыл – тонкія і спружыністыя. Паселі на край цагліны і пачалі цікаваць: што гэта надумаў цвыркунок?
Прыбег жучок. Плашч на ім навюсенькі – ажно блішчыць. Патаптаўся перад цаглінай, паспрабаваў узлезці, ды не змог. I тады прыстроіўся паблізу на трэсачцы і стаў пакручваць вусы. Маўляў, пабачым, што з гэтага выйдзе.
Апошні прыпоўз вусень. Быў ён у кажушку. Поўсцю наверх. Во дзівак! Сонца, а ён аўчыну нацягнуў. Узабраўся на цагліну насупраць камарыкаў і пачаў выгінацца – прабачэння прасіць за спазненне. А потым натапырыўся і аціх. Увесь выгляд яго гаварыў: «I я мог бы гэтак. Толькі б скрыпачку займець...»
Юлька пазірала то на вусеня, то на жучка, то на камарыкаў-блізнючкоў і ўсміхалася: «Няўжо сапраўды цвыркунок будзе даваць ім канцэрт?»
IV
Цвыркунок не жартаваў. Настроіў скрыпачку і так урэзаў, што ажно камарыкі падскочылі, жук перастаў круціць вусамі, а вусень рыжую поўсць прыгладзіў – усе ў здзіўленні былі.
А цвыркунок іграў. Іграў пра тое, што на зямлі добра жыць, што свеціць сонейка, што вакол такая густая трава, што ёсць чырвоная цагліна, на якой так добра іграць...
Потым пачаў пра сваіх суседзяў – пра камароў, пра жука, пра вусеня, якія ніколі не сварацца, жывуць з ім у згодзе. I пра тое, што яны такія добрыя – не паленаваліся прыйсці на яго канцэрт.
Цвыркунок хацеў яшчэ пра нешта зайграць, але з’явілася вялізная зялёная муха, крутнулася над цаглінаю, нарабіла ветру, а потым убілася ў павучыную сетку і падняла лямант. Праз імгненне ўсе ўбачылі, як да мухі бег павук і на хаду размотваў вяроўку.
V
Цвыркунок перастаў іграць. Саскочыў на дол і згубіўся ў траве. Паляцелі і камарыкі. Збег жучок. А вусень споўз з цагліны і таксама кудысьці знік.
Юлька зазлавала на муху. Такі канцэрт сарвала! А потым падумала: можа, муха і не хацела шкодзіць. Можа, яна спяшалася вельмі. На канцэрт спазнялася. I нарабіла шуму-грому.
Юлька вырвала травінку, адагнала прэч павука і ўзялася вызваляць палонніцу.
I тут пачуўся бабчын голас:
– Ю-юль-ка-а! Тваіх таптунчыкаў знайшла. Вярталася з градаў, а яны тупаюць у разоры – ідуць некуды. Дык я ўзяла і згрэбла ў кошык усю сямейку!
Юлька кінулася да бабкі. Зазірнула ў кошык і ад радасці запляскала ў далоні: там ляжала ажно пяць калючых клубочкаў – адзін вялікі і чатыры маленькія.
Праз колькі хвілін Юлька сядзела перад вялікай патэльняй, у якой было наліта малако. Побач нерухома ляжалі вожыкі. Малако так спакусліва пахла, што вожычыха першая не вытрывала – раскруцілася і паказала чорны лычык. Павяла ім управа, павяла ўлева, чмыхнула і давай хлябтаць малако. Тут паказалі лычыкі і яе дзеткі – таксама пачалі хлябтаць.
Гуляла з вожыкамі Юлька доўга. А нацешылася – сабрала ўсіх у кошык, вынесла з хаты і выпусціла пад куст парэчак. Хай бягуць куды хочуць!
Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.
Похожие статьи:
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Снегавічок
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Журавы
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Апошні гусляр