Іх гнала ў нялёгкую дарогу восень. I яны плылі ў сіняй бездані, пасылаючы на зямлю сваю развітальную песню. Гэта журботнае «кру-кру» падала на чараты, на прыбярэжны лазняк і памірала, прыглушанае ўсплёскамі азёрнай хвалі.
Мы сядзім у чаўпе і моўчкі ўзіраемся ў неба. Я ведаю, што ў старога Андрэя шчыміць на сэрцы, і бачу, як вочы яго з сумам развітваюцца яшчэ з адным летам...
– Глядзі! Глядзі! – раптам схамянуўся стары.
Я разварочваю човен і заўважаю, як з глыбокага блакіту нібы хтосьці шпурнуў важака долу. Ён рыўкамі, як вялікі тапаліны ліст, асядае на сівы, спалавелы поплаў. А над важаком, збунтаваўшыся, кружаць і так тужліва курлыкаюць яго журавы...
– Не даляцеў. Падарваўся, – ціха, нібы сам сабе, гаворыць Андрэй.
Паспакайнелая хваля ўжо не гойдае човен. I сціхла ў вушах трывожная песня птушак. Толькі ледзь чуцён шэпт старога:
– У жорава такое здараецца на паўдарозе. I ў чалавека...
Похожие статьи:
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Апошні гусляр
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Снегавічок
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Бомжык
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Птушыны інтэрнат
Яраслаў Пархута → Яраслаў Пархута - Камароўка