Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Паданне ад Севярына пра зямныя скарбы

   У Сітнянскіх лясах недалёка ад рэчкі Страдань ёсць пагоркі, якія нібыта насыпалі самі людзі. Кажуць, там быў калісьці горад, разбураны ворагам, а праз колькі стагоддзяў на тым месцы стаяў маёнтак. Там, на гары, бліз маёнтка, правалілася зямля. Заўважыўшы гэтае дзіва, слугі адразу ж даклалі пану. Той загадаў памераць глыбіню, але найдаўжэйшая жэрдка не дастала да дна гэтае прорвы.

   «Там мусяць быць багатыя скарбы, — сказаў пан. — Хачу паслаць у тую падземную схову каго-небудзь. Няхай спушчаны на вяроўцы з ліхтаром у руках агледзіць тыя цёмныя лёхі». Але, калі ўбачыў, што ўсіх апанаваў страх і не было ахвотнікаў выканаць яго волю, паслаў аднаго свайго чалавека, кажучы, што калі не паслухае, дык загіне і на зямлі.  

   Той мусіў выконваць панскі загад. Калі апынуўся на самым дне ямы з ліхтаром у руках, убачыў у велізарным пакоі, асветленым срэбрам і золатам, бляскам зброі і розных аздоб, кабету, якая спала ў крэсле, узлокціўшыся на стол.

   Прачнуўшыся, кабета сказала:

— Шукаеш скарбаў у гэтым падземным палацы?! Ад вашае хцівасці нідзе мне спакою няма.

— Прабач, пані! — залямантаваў той бедны чалавек. — Я не хачу скарбаў, але воля раз'юшанага пана паслала мяне сюды.

   Кабета супакоіла велізарных звяроў і сказала засмучаным голасам:

— О нешчаслівыя! Яшчэ не выкінулі са свайго сэрца пыхі і лютасці? Дарую табе, ідзі і скажы жорсткім людзям: «Не дадуць вам шчасця скарбы, калі міласэрнасць не змякчыць вашыя сэрцы. Гэтыя зямныя дарункі ўзбагачаюць тых, хто ў іншым чалавеку бачыць бліжняга свайго і брата. Багаты чалавек можа шмат добрага зрабіць.

   Але няхай жа ён навучыцца перш пазнаваць і любіць тое, што ёсць дабро. Скарбы — дзеля дабра і вечнага, дзеля спакою сумлення і надзеі на добрую будучыню».

Похожие статьи:

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Чортаў скарб

Артур ВольскіАртур Вольскі - Мой скарб

Змітрок БядуляЗмітрок Бядуля - Скарб

Пераказы, дыктантыСкарбы нашай Радзімы

Пераказы, дыктантыСкарбы продкаў