Кашубская балада. XIV стагоддзе
– Мамачка, мамка, а дзе ж наш татка,
Чаму не ідзе ён дахаты?
– Сыне мой, сыне, мусіць, дзіцятка,
Татка ўсё ў моры заняты.
– Мамачка, мамка, а што там за крыкі?
Чуеш, здаецца, там плачуць...
– Сыне мой, сыне, то ж вецер вялікі –
Бура пачнецца няйначай.
– Мамачка, мамка, а што вунь за цацка
У дзядзькі, што грукае ў дзверы?
– Сыне мой, сыне, гэта ж знянацку
За цацку прыняў ты сякеру.
– Мамачка, мамка, чаму, паглядзіце,
Чырвоная рэчка такая?
– Сыне мой, сыне, у ёй не вадзіца –
То ж кроў наша, сыне, людская.
– Мамачка, мамка, нас выручыць хочуць?
Бяжыць чалавек на наш ганак...
– Не чалавек ён, а мой ты званочак,
Гэта ж
крыжак
паганы!
Похожие статьи:
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Заміра
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Як спакайней?
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Клетка
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Перавернуты
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Лета з мятлушкай