Заключная балада
Прабачце, даўнія стагоддзі,
Што патрывожыў я ваш пыл,
Што, абмінуўшы змрок магіл,
На веча вашае прыводзіў
Сваіх сяброў – з той далячыні,
Што светла мроілася вам,
Што вашым снілася сынам,
Як сніцца лета ў зімняй стыні.
Мы пасядзелі,
як схацелі,
Пагаварылі,
як змаглі.
Раздзьмуўшы нанава вуглі,
Ля вашых вогнішчаў напелі.
Ваш боль,
ваш сум не абміналі
I вашу радасць перайшлі...
I дні – стагоддзямі міналі,
Стагоддзі – нібы дні прайшлі.
I вось яна,
часіна тая.
Калі развітвацца пара:
Камяк у горле – як гара,
Сляза – шчымлівая такая.
Бывайце ж, даўнія стагоддзі.
Мы зноў вяртаемся ў свой час,
Дзе над галовамі у нас,
Як радасць, сонца светла ходзіць...
Похожие статьи:
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Перавернуты
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Заміра
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Клетка
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Як спакайней?
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Лета з мятлушкай