Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Янка Сіпакоў - Па дарозе ў прыгожы зялёны сад
Увага!!! Поўны змест
Купалка чамусьці была вельмі вясёлая і радасная. Спявала песні, жартавала, смяялася. Пасля таго, як усвядоміла, што здарылася і што чакае яе наперадзе, яна зрабілася зусім іншаю, а шмат для каго нават дзіўнаю, незразумелаю – трэба суміцца, жальбаваць, а яна – спявае!
Вядома, гэта усё магло б і абысці, абмінуць яе, адну з трыццаці жонак князя, які ў поўнай сіле і здароўі нечакана памёр у сваёй спальні, каб не яна сама. Калі пачалі гаварыць, што нехта з яго самых улюбёных абранніц, але не рабынь, павінен разам з ім, пакінуўшы цела на зямлі, душою адляцець у ір’е, у неба, заселенае наўямі, каб ужо там шукаць той прыгожы зялёны сад, пра які мараць усе жывыя, яна сама першаю падахвоцілася на такую ахвяру.
Князь узяў яе на ловах. I прывёз да хорама ў паляўнічай торбе разам з дзічынаю – Купалка доўга потым чысцілася, абіралася ад птушыных пер’яў і пуху.
Яна не была самаю каханаю жонкаю князя, аднак самая маладая наложніца падабалася яму, і ён часцей як на іншых звяртаў на яе ўвагу і клікаў да сябе ў спальню. Дарэчы, і ў тую нешчаслівую ноч ён якраз быў з ёю...
Яна ж раўнавала князя да іншых жонак – да ўсіх без выключэння. Хацела быць у яго толькі адною. Ці не гэта і змусіла яе выскачыць паперадзе ўсіх – каб хоць там астацца з ім сам– насам.
Зразумела, што калі б яна не паспяшалася, нейкая іншая жанчына мусіла б пабрацца нанова з мёртвым князем і выправіцца з ім на сёмае неба, у прыгожы зялёны сад.
Аднак калі на гэты гонар напрасілася самая маладзейшая жонка, ніхто з маладзіц не запярэчыў ёй: хоча – няхай першаю будзе яна.
Толькі шмат хто з князевых жанчын не разумеў яе апантанасці і весялосці: і праўда, трапіць у рай у такім узросце – вялікая пашаноўля і радасць, але ж для гэтага давядзецца спачатку памерці, прыняць у сэрца дзіду, а потым, ужо мёртвай, згарэць да попелу на прагным, што галодны звер, агні. Што яна, дзівачка, не ведае і не ўяўляе, як будзе смылець яе маладое цела?! Як будуць гарэць бровы, вейкі, вусны?!
Дарэчы, а як гараць вочы? Хто ведае?
Ніхто з жывых не ведае.
Таму калі Купалка, нібы прыспешваючы сустрэчу з прыгожым зялёным садам, спявала і весялілася, шмат хто паціскаў плячыма:
– Мусіць, у яе нешта з галоўкаю зрабілася... Князь жа мёртвы ляжыць... Ды і самую агонь хутка зацалуе. А яна з песнямі ходзіць.
Нават Забава, лепшая яе сяброўка сярод князевых жонак, якую разам з ёю, Купалкаю, князь часам пакідаў у сябе на ноч, неяк пацікавілася:
– Чаго ты такая шчаслівая? Радуешся, што памрэш?
– Сястрыца ты мая, я ж не памру, не знікну. Я ўсяго толькі пералячу з зямлі на неба. У ір’е. А там жа жывуць ужо іншыя душы, і я далучуся да іх. Хочаш, я вярнуся адтуль да цябе мятлушкай і раскажу як мы там жывём.
– Скажы мне, Купалка, – раптам уважліва паглядзела на яе Забава, – толькі шчыра скажы: ты ў нечым вінаватая, што князь памёр?
– Што гэта ты гаворыш, дурніца?! – аж сцялася Купалка. – Як ты магла падумаць такое, а я – зрабіць? Ні ў чым я не вінаватая. Проста мы тую ноч шчыра любіліся...
– Ты шчыравала?
– I ён таксама.
– Дык ты, можа, думаеш, што і ў ір’і вы будзеце любіцца?
– Не, там мы будзем разам шукаць дарогу ў зялёны сад. А потым абдымемся крылейкам і будзем пырхаць, крыляць паміж дрэў.
Тыя дзесяць дзён, пакуль будуць шыць апошняе адзенне князю і рыхтаваць вялікую краду – пахавальнае вогнішча, якое спаліць іх абоіх і разам з дымам падыме іхнія душы ў ір’е, Купалка можа безаглядна рабіць усё, што ёй толькі захочацца.
Яна, развітваючыся з жыццём, можа прасіць што хоча і ў каго хоча, і ніхто не павінен адмовіць ёй; ісці куды хоча і гаварыць, што жадае, і ніхто не мае права запярэчыць яе жаданню; можа піць віно і весяліцца, і ніхто не адважыцца асудзіць яе за гэта; можа пераспаць хоць з усімі мужчынамі наваколля, аднак ніводзін чалавек не будзе папракаць выбраную на ахвяру за юр.
Тым болей, што гэтыя яе дні – лічаныя і з кожным новым захадам сонца іх застаецца усё меней і меней.
Найперш Купалцы захацелася схадзіць у сваё роднае селішча, пабачыцца з мамаю і татам, сустрэцца з братамі і сёстрамі.
– Можа, падвезці канём? – спытаўся ў яе Вежа, князёў дружыннік, але яна адмовілася і пайшла ў селішча пехатою – навошта конь, тут жа недалёка.
Было вялікае сонца спелага лета над сцежкамі, была такая цеплыня, раскашаваліся такія спакой і ўтульнасць у ціхіх палях, а дрэвы, што выходзілі ёй насустрач, так ласкава і прыязна шумелі, нібы вітаючыся з ёю, што Купалка, міжволі забыўшыся на ўсё, заспявала:
– Дзякуй вам, дрэўцы мілыя, што вы ўпобачкі,
– Дзякуй табе, ветрык ласкавы, што пястуеш мяне,
– Дзякуй, сцежачка затравелая, што мне сцелешся,
– Дзякуй, сонейка маё добрае, што вакол мяне.
Да яе прычапіліся дзве прыгожыя-прыгожыя мятлушкі, ды такой незямной прыгажосці, ды такой афарбоўкі, якой яна да гэтага яшчэ не бачыла. Мятлушкі ляталі вакол яе – то заляталі наперад, то хаваліся чамусьці за яе спіну: Купалка тады толькі чула, як шамаціць там іхняе крылле. А часам яны нібыта ішлі побач з ёю – ці то справа, ці то злева. Мятлушкі весяліліся, гарэзавалі між сабою, часам чапалі і яе, нібыта хацелі пагаварыць, нешта расказаць ёй. Яны нават зазірнулі ёй у вочы – Купалка адчувала вейкамі, як перад ёю дрыжыць, калыхаецца паветра ад крыльцаў.
Тады яна загаварыла да іх сама:
– А ці ж не наўі вы, мае матылёчкі?
I тыя яшчэ дружней затрапяталі крыльцамі, нібыта пацвярджаючы яе словы, быццам радуючыся, што іх зразумелі.
– А якая ж з вас мая душачка?
Адна з мятлушак падляцела яшчэ бліжэй да Купалчыных вуснаў, як усё роўна збіралася на іх сесці, каб лепей паказацца, а другая за кампанію трымцела крыллем непадалёку.
– А як жа ты з мяне, жывой яшчэ, вылецела?
Купалка, разглядаючы зблізку мятлушак, нечакана занепакоілася: яркая афарбоўка, што здалёку здавалася прыгожаю, цяпер выдавала змрочнаю, страшнаю: маленькае цельца, заціснутае з абодвух бакоў вялізнымі крыламі і цёмна-карычневымі трывожнымі плямамі, з блакітнымі, як маланкі, рысамі, з ярка-чырвонымі, што вогненныя сполахі, разводамі на канцах. I вочы: вялікія, чорныя, лупатыя вочы ўважліва і нахабна глядзелі на яе.
Раптам мятлушкі як спалохаліся чаго. Яны трывожна ўзмахнулі крыламі, сіганулі ўубок і тую ж хвілю зніклі з вачэй.
Купалка пачула нейкі невыразны шум, які даносіўся з неба. Яна падняла вочы ўгору і ўбачыла вялікую хмару варання, якое, узбуджана каркаючы і злосна клякочучы, у збітай кучы ляцела над начною савою. Хмара птушак прыціскала саву, якая ўдзень нічога не бачыла, як не да самай зямлі, і кожная з варон настойліва шукала магчымасці, каб падляцець бліжэй і балючай удзяўбнуць яе. А тая ўжо і не абаранялася – асуджана ляцела некуды, не звяртаючы ўвагі на варон.
Купалка памятае, як яшчэ зусім малою бачыла разам з бацькам гэткае ж самае дзіва. Бацька тады растлумачыў ёй:
– То ж наўі не прызналі чамусьці вось гэтую гаротную душу. Нечым яна там не спадабалася. Таму і дзяўбуць...
– А раптам маю душу за што-небудзь не ўпадабаюць? – здрыганулася, як ад холаду, Купалка.
I хоць яна ведала, што ні ў чым не вінаватая, усё ж забаялася, што там, у ір’і, хто-небудзь не паладзіць з яе душою, і яе будуць дзяўбці, як вось гэтую саву...
Хоць гэта было і непрыемна ёй, Купалка з-пад далоні хацела яшчэ раз зірнуць на птушак, але яны якраз вылецелі на самае сонца – перад вачамі замерхацела патрывожнае крыламі святло, замітусіліся святлацені. Да таго ж глядзець на сонца было немагчыма, і яна адвярнулася.
I тут у сябе пад нагамі ўбачыла верабейку. Ён мітусіўся, бегаў, скакаў, прысядаў, як плісіца, – нібы таксама хацеў звярнуць на сябе яе ўвагу.
– А што ты хочаш мне сказаць? – нервова ўсміхнуўшыся, спыталася Купалка. – Чым паможаш?
Усцешаны верабейка яшчэ болей замітусіўся – аж крыльцы распусціў і пачаў мачаць іх у пыл на сцежачцы. А потым усхапіўся, узляцеў і сеў на бліжнюю да Купалкі галінку. I весела зачырыкаў – маўляў, памагу! памагу! памагу!
Аднак настрой яе пасля ўбачанага, не зважаючы на абяцанні верабейкі, заімгліўся, засмуціўся, засуміўся.
Але ўсё ж у сваё селішча, каб не вельмі засмучаць і так, мусіць, засмучаных бацькоў, Купалка прыйшла вясёлая і радасная – так яна захацела і такой зрабілася.
Маці, убачыўшы дачку шчасліваю, з дакорам, ківаючы галавою, спыталася:
– А чаго ж ты так радуешся, а мая ж ты крывіначка?
– Мама, я ж раней за вас траплю ў прыгожы зялёны сад, буду жыць у ім. I цябе з татам сустрэну там, калі вы прыйдзеце туды.
– А я ж, дачушка, сама хацела б сустрэць на сёмым небе цябе. Але ж ты на смертухну напрасілася. Агонь выбрала сабе...
– На дымы падымуць цябе, – гледзячы сабе пад ногі, сумна прамовіў і бацька. – З дымам ты ў ір’е паляціш.
– Татка, дык гэта ж добра. Радуйся. Гэта ж святочна, урачыста. Уяўляеш, усе глядзяць, усе зайздросцяць... Прыгожа...
Купалка гаварыла, але і сама не верыла ў тыя словы, якія казала, – быццам бы гэтак разважала не яна, а нехта іншы.
– Прыгожа то прыгожа, але ж ты, дачушка, паляціш. Назаўсёды ад нас паляціш.
Бацьку падтрымала і маці:
– Салавейка і той вяртаецца, а ты ж, крывіначка наша, не вернешся.
– Мама, і я ж буду вяртацца. На раданіцу, у наўі дзень прылячу да вас. А ты мяне пшэннічкамі пачастуеш, мае любімыя какуркі з граздынкамі спячэш. I я буду зюм з булак пальчыкам, як у дзяцінстве, выкалупваць.
– А я ж цябе кожны дзянёчак, кожну хвіліначку рада была б бачыць, – загаласіла маці і сціснула Купалку ў сваіх абдымках
Загаласілі, запрычыталі, як па нябожчыцы, сёстры. Купалка ледзь стрымалася, каб не расплакацца разам з імі. Змусіла сябе ўсміхнуцца:
– Сястрыцы мае родныя, вы ж так хораша плачаце, што я і не ведаю, каго мне з вас сваёй жальніцай, плакальшчыцай сваёй выбраць. Кожнай з вас была б рада Жаля, наша Багіня Смутку. Прыходзьце ж вы ўсе карыць-плакаць па мне на краду маю вялікую, на вогнішча маё апошняе.
Расчуленыя сёстры загаласілі яшчэ жальчэй:
– А ў тваёй жа хатачцы ўсё змянілася, засмуціўшыся, стаіць скаціначка, а цяслярыкі абыякія грукі-стукаюць – хата новая табе рубіцца, без ваконечак і не мшоная, і халодная – як лядоўніца. Але хутка ўжо так нагрэецца твая хатачка агнём-полымем і асветліцца – без ваконечак – зыркім вогнішчам.
Стаяў, апусціўшы рукі і галаву, бацька, паадварочвалі ўбок галовы браты – каб не было відаць іхніх слёз, усхліпвалі сёстры, амаль абвісла на Купалцы маці, якая ўжо толькі ўздрыгвала, паклаўшы галаву на даччыно плячо.
I тады яна засмяялася – шчыра, весела, нязмушана:
– Не тое спяваеце, мая радзіна! Я ж шчаслівая! I самі пачуйце, і верві ўсёй нашай перадайце, што Купалка, якая заходзіла ў сваё селішча па дарозе ў прыгожы зялёны сад, была вельмі шчаслівая!
А ў вёску ўсё ішлі і ішлі родзічы – і блізкія, і далёкія, і нават з гародняў, дзе яна ніколі не бывала. Ішлі, каб развітацца з ёю, а можа, і проста паглядзець на тую, хто, падняўшыся раней за многіх у ір’е, уславіць іхні род.
Гэта стаміла Купалку – столькі людзей, столькі руканняў, позіркаў, роспытаў, плачу – і яна, каб не пакрыўдзіць родзічаў, ласкавым голасам сказала:
– Я хачу да сваёй студзенкі, што на свяцілішчы, схадзіць. Трэба ёй жадаю скласці. I яе свяшчэннаю вадзіцаю ўмыцца.
Сёстры збіраліся пайсці з ёю, але яна ім адмовіла – не, я пайду, маўляў, адна.
Гэтую свяшчэнную крынічку ля свяцілішча Перуна яна вельмі любіла. Вада ў ёй была чыстая-чыстая і празрыстая. Яна нібыта кіпела – на дне яе, варочаючы, уздымаючы напаверх пясчынкі, якія ў кіпені здаваліся невагомымі, ад шматлікіх струменьчыкаў віравала ўся вада.
Купалка сустрэлася са студзёнкай як з сяброўкаю. Нават абнялася з ёю – упала перад крынічкаю, і абаперлася рукамі на беражкі, і пацалавала яе ў ваду. I мокрымі вуснамі сказала:
– Дзень добры, сястрычка! Я заўсёды радзела табою.
Убачыла з правага боку ад сябе чарпала, зняла яго з сукаватага калочка, зачэрпнула як не поўны коўш і з асалодаю пачала піць. Вада лілася ёй за каўнер, сцякала на невялікія бугаркі грудзей, мачыла сукенку, ад яе было холадна целу, аднак яна не зважала на гэта – усё піла і піла.
Вада са студзенкі была такая салодкая і смачная, як і ў дзяцінстве. Выпіўшы яе ўсю, Купалка залюбавалася чарпалам.
Коўшык быў далікатна выстружаны з суцэльнага дрэва. Ручка – галава яшчура, што заканчваецца вялікаю пашчаю, з якой тырчаць няроўна выразаныя зубы. З другога боку яна пераходзіць у высліжаную шыю – шыя якраз і трымае сам карэц, што нагадвае вялікую лыжку.
Па ўсім целе яшчура, як хвалі, як палоскі вады – слаі дрэва, якія так хораша праступілі пры рабленні чарпала. Яшчур – падводны Бог, Бог вады, калі падымаецца са сваіх цёмных глыбінь, калі яго раззлуюць, можа разбіваць хвастом лодкі і чаўны. Але ж гэта Бог, і яму заўсёды маліліся, а некаторыя моляцца і цяпер. Трымаюць удома маленькіх яшчураў – кракадзілаў. Усе на пальчыках ходзяць, калі такі жываіт выпаўзае да яды. Крый Бог, калі яшчур у каго-небудзь будзе дрэнна накормлены – чакай тады бяды.
Купалка яшчэ малая была тады, калі ў іх у хаце жыў такі змей. Кракадзільчык быў невялікі – пядзі са тры ўсяго. З чатырма кароткімі лапамі. Як яшчарка.
Яна не баялася яго карміць. Ды і ён прывык ужо да яе. Але ж неяк зусім нечакана жываіт памёр. Не выйшаў да яды, і яго, ужо акалелага, выкацілі качаргой з-за скрыні...
Ці не ён, яшчур, за невашта помсціць ёй? Ці не ён падахвоціў яе ўзысці на агонь?
Ад свяшчэннай крынічкі было зусім недалёка да ўрочышча Гульбішча. I ёй чамусьці вельмі заманулася схадзіць туды.
У лесе стаяла цішыня. Не шумелі дрэвы, не спявалі птушкі. Была якраз тая часіна дня, калі птушкі ўжо не спяваюць. I дрэвы таксама сцішваюцца.
Купалка ішла ціха, не спяшаючыся. Раз-пораз яна нагіналася, адшчыквала ягадзіну і кідала яе ў рот. А калі натрапіла на вялікую паляну, усыпаную буйнымі спелымі суніцамі – уся паляна была чырвоная! – яна і ўвогуле спынілася. Стаяла на адным месцы і, амаль не разгінаючыся, ела ягады – назбірала цэлую жменю, кідала суніцы ў рот, паволі, памагаючы сабе языком, ціскала іх там, смакуючы духмяны, нагрэты сонцам сок.
Заюшыўшыся, яна позна пачула нейкі невыразны шум ззаду – здалося, што гэта кімсьці напалоханы дзік, ламаючы галлё, імчыць у яе бок з бліжэйшых кустоў. Ратавацца не было часу ды і сэнсу таксама: ну і што, калі яна памрэ не ад дзіды, а ад вострых іклаў дзіка.
Яна нават не паспела разагнуцца, як той бег сюды, цяжка сапучы і хакаючы, раптоўна спыніўся каля яе, рэзкім рухам падняў і закінуў на спіну ёй кашулю.
Усё гэта было якраз як і тады.
Яна нават чамусьці ведала, што так яно адбудзецца і на гэты раз.
Тады якраз быў Дзень кармлення зямлі брагаю і яйкамі.
У лесе гэтак жа, як і сёння, не спявалі птушкі.
На такой жа паляне ў Гульбішчы таксама было шмат спелых суніц.
Гэтак жа на яе накінуўся тады ззаду Мікаш – хлопец, у якога, як ёй здавалася, вочы былі нібыта прывязаныя чым да яе: куды яна ішла, туды яны і глядзелі.
Але яго толькі на гэта і хапала – глядзець. На свята Расы, у ноч умыкання дзяўчат, хоць яны папярэдне і дамовіліся, што ён на ігрышчы ўкрадзе яе, Купалку, Мікаш так і не адважыўся гэта зрабіць. Можа, таму, што старыя-русальшчыкі абралі яе тады галоўнаю скакухаю, якіх звычайна выбіраюць з самых прыгожых дзяўчат, а можа, яго стрымала нешта зусім іншае.
Было ў ім заўсёды нейкае вельмі сарамлівае стыдзенне да жанчын, а тут раптам, як звер які, накінуўся на яе ў лесе. Яна тады, спалоханая, крычала і плакала, але ўцякаць нават і не паспрабавала – баялася: хлопец быў дужа раз’юшаны, як сам не свой.
I вось цяпер тое паўтаралася...
Ён гатовы быў увесь увайсці ў яе, і яна рада была прыняць яго ўсяго.
Калі Купалка, нарэшце, разагнулася, усе рукі яе былі чырвоныя, як у крыві, – абапіраючыся даланямі на траву, яна падушыла шмат спелых чырвоных суніц, якія і ўчырванілі іх.
Купалка павярнулася да таго, хто накінуўся на яе. Мікаш апусціў вочы.
– Дурніца, чаго ты няёмішся, – спытала яна. – Я ж так хацела цябе. I ведала, што ты прыйдзеш сюды. I будзеш такім, як тады.
Мікаш стаяў разгублены. Яна бачыла, што ён чагосьці не разумее, пра штосьці хоча спытацца. Нарэшце ён вымавіў:
– А тады табе было непрыемна.
– Не, мне і тады было вельмі люба.
– Дык а чаго ж ты тады білася і крычала?
Купалка памаўчала крыху, падумала, а потым усміхнулася:
– Не ведаю.
– А я за табой даўно сачу, – нарэшце прызнаўся Мікаш. – Як толькі ты прыйшла ў селішча.
– А чаму ж раней не падышоў?
– Няможна. Ты ж князёва жонка.
– Ну і што, што князёва, Ну і што, што жонка. Князь жа мёртвы, а я жывая. I цяпер мне ўсё можна. Я ж збіраюся ў ір’е. I пакуль не палячу туды – ні на што няма мне забароны. Нават Вяшчун казаў, што чым болей мужчын пазнаю я да вогнішча, тым лепей – мае ж дні, Мікаш, на гэтай зямлі ўжо лічаныя...
З Гульбішча яны ішлі нікога і нічога не баючыся. Кармілі адно аднаго ягадамі: ён набярэ поўную-поўную жменю суніц і заткне імі яе рот, а тады яна, яшчэ не пражаваўшы свае ягады, зробіць тое ж самае і я му.
Вусны ў іх абоіх былі вымазаны сунічным сокам, і таму здавалася, што яны пакусаныя да крыві.
Калі Купалка вярнулася з Селішча, ёй да няўсцерпу захацелася схадзіць туды, дзе рыхтавалася вялікая крада – пахавальнае вогнішча, якое іхнія з князем душы ўзнясе ў ір’е. Такое, вядома ж, не заахвочвалася, але пярэчыць той, якой хутка не будзе сярод жывых, ніхто не адважваўся, не асмельваўся.
Аднак, калі Купалка ўжо ўзнімалася на гару, на якой неўзабаве ўспыхне вогнішча, насустрач ёй адтуль пачаў спускацца Вяшчун – яна зразумела, што ідзе ёй напярэймы, каб адгаварыць яе: навошта, маўляў, маладзіцы вярэдзіць сваё сэрца і душу.
– Што, прыгажуня, тут забылася, – яшчэ не дайшоўшы да яе, здалёку загаварыў Вяшчун. – Мала табе хлопцаў і мужчын там, унізе, дык ты ідзеш сюды, на гару, каб адрываць іх ад работы?
– Я хачу паглядзець на апошнюю сваю хату.
– Навошта табе? Маладзіца, якая выпраўляецца на неба, не павінна гэтым цікавіцца. Яна павінна піць віно і медавуху, упрыгожваць галаву, прыбірацца і аддавацца мужчынам, якія захочуць цябе і якіх захочаш ты. Ты павінна радавацца будучыні, бо шчасце тваё – ужо там, на небе.
Яна ж усё яшчэ была на зямлі. Не прыбіралася, не піла медавухі. I сюды прыйшла ўсё ў той жа самай палатнянай сукенцы, у якой хадзіла ў Селішча.
– Купалка, ты не думай пра месца на зямлі, – усё гаварыў Вяшчун. – Ты думай пра месца ў ір’і, дзе будзе жыць твая душа.
– А я хачу паглядзець тое месца. Дзе назаўсёды застанецца маё цела.
I Вяшчун, убачыўшы, што Купалку нічым не спыніш, пад ёй руку і дапамог узабрацца на пагорак.
Тут жа займала дух ад шырыні, ад тых даляглядаў, што адкрываліся перад ёю -зямля, асветленая сонцам, і людзі, што ўраблялі яе, былі з’яднаны адным святлом.
Унізе, ля самага падножжа кургана, блішчэла рака, і Купалка са сцятаю напругаю выдыхнула з сябе:
– Белалічка во побач. Вадзіца пад рукою ўвесь час будзе.
– I ветрык, бачыш, які дзьме, – дадаў Вяшчун і тут жа зразумеў, што не трэба было гэтага гаварыць: навошта Купалцы ведаць, што і месца для іхняй крады-магілы якраз і выбіралі, каб быў свежы вецер – ён павінен паддуваць вогнішча, і яно мусіць гарэць шумна, з гудзеннем.
Але Купалка ўсё зразумела і нібы прадоўжыла Вешчуновы словы:
– Ага, полымя гудзець будзе тут добра. А я ж такая маладая.
– А ты маладою і застанешся, – задумаўся Вяшчун. – Ніхто маладосці ў цябе не адыме. I старасць ніколі не дагоніць цябе. У цябе не будзе старасці, Купалка! – чамусьці ўзрадаваўся Вяшчун.
Купалка агледзелася.
На кургане працавалі адны мужчыны. Адны, забіўшы ў зямлю калок і прывязаўшы да яго доўгую вяроўку, другім завостраным калочкам чырылі па траве вялізны круг, капалі па чыраным круглую канаўку, закладалі яе сухменем – сухім галлём, сюды ж зносілі кулі саломы і складалі іх ля канаўкі.
– Навошта? – спыталася яна ў Вешчуна.
– Калі загарыцца крада, падпальваецца і гэты вогненны круг. Каб аддзяліць мёртвых ад жывых. I яшчэ каб у дыме ніхто не бачыў, як душы будуць адлятаць у ір’е.
Адказаў ёй не Вяшчун, а Вежа. Высокі, статны, бравы дружыннік князя, які тут, на падрыхтоўцы пахавальнага вогнішча, быў за галоўнага.
Яго двор далёка адсюль – казалі, аж у двух днях шляху! – і ў князеву дружыну трапіў ён зусім выпадкова. Ён некуды ішоў, князь з дружынаю некуды ехаў, і яны сустрэліся. Там жа, на дарозе, Вежа і папрасіўся: «Вазьмі мяне, князь, у сваю дружыну». «А што ты ўмееш?» – спытаўся князь. Вежа моўчкі ўзяў ягоны меч і, сагнуўшы, аперазаў ім князя.
Гэта спадабалася князю, і Вежа стаў князевым дружыннікам.
Раней пры сустрэчы з ім Купалка чамусьці заўсёды сарамліва апускала вочы долу.
Цяпер жа наадварот яна смела глядзела на яго.
– Пакажы мне, Вежа, маю апошнюю хату, – папрасіла, як загадала, Купалка.
У сярэдзіну начыранага круга мужчыны насілі нятоўстыя бярвенні, кароткія плашкі, нават дошкі і складалі ўсё гэта вакол дамавіны, якую дабудоўвалі еслі.
Дойліды якраз палуднавалі непадалёку ад будоўлі – сядзелі на траве і елі што ў каго было.
Купалка ўзяла за руку дружынніка і сама павяла яго ў сваю хату.
Дамавіна была прасторнаю, светлаю, чыстаю. Не зважаючы на стружкі, якія ўсцілалі падлогу. I стружкі, і дошкі надзіва прыемна пахлі смалою.
– Вось тут, пасярод дамавіны, пакладзём князя, – расказваў Вежа. – А тут, побач з ім, – цябе. А непадалёку твае міладары будуць ляжаць. Каб пад рукою былі. Калі спатрэбяцца. А ваша пераносная печ ужо тут – бачыш, унеслі яе ў дамавіну.
Купалка азірнулася – печ з умазаным у яе гаршочкам, у якім звычайна варылі першыя плады новага ўраджаю, стаяла ля самай сцяны каля ўваходу.
Яна скаланулася – маладзіца заўсёды баялася гэтай печы: ручкі, за якія браліся, каб перанесці яе, нагадвалі вушы; вялікая дзірка, у якой раскладалі агонь, – страшнаю пашчаю; дзве дзіркі крыху вышэй – быццам бы вочы. Асабліва жудаснаю здавалася печка тады, як у ёй што-небудзь варылася: у зяпе віраваў агонь, з вачэй вырываліся дым і полымя, і ўся яна нагадвала тады нейкую пачвару, дыхаючы агнём галаву, якая кучаравілася зверху параю.
Купалка, каб не бачыць печы, рэзка крутанулася, і ледзь не ўпала – каб яе не падтрымаў Вежа, павалілася б на стружкі.
Яна ляжала на дужых Вежавых руках і нават не спрабавала станавіцца на ногі. Ляжала навісу – нібыта ў абдымках.
У яе кружылася галава, і яна міжволі пачала цягнуць Вежу на стружкі.
– А ты, Купалка, нахаба, – сказаў Вежа і рэзкім рухам паставіў яе на ногі.
– А я хачу, каб і ты стаў нахабам, – прашаптала яна і, ужо стоячы, мацней прыціснулася да яго.
– А я, княгіня, так не ўмею і не хачу, – з годнасцю адказаў Вежа і адпіхнуў яе рукою.
Аднак і з дамавіны яны выйшлі ўсё ж абняўшыся, прыціскаючыся адно да аднаго. Прайшлі каля цесляроў, што, папалуднаваўшы, зноў збіраліся брацца за працу; каля Вешчуна, які, падняўшы высока бровы, моўчкі праводзіў іх вачамі, і пачалі спускацца з кургана.
Так і ішлі яны, абняўшыся, па палях і лугах, па дарогах і сцежках, і тым, хто застаўся на кургане, было відаць, як яны становяцца ўсё меншымі, меншымі і меншымі.
Нарэшце яны спыніліся. Правільней – спыніўся Вежа і прытрымаў яе рукою.
Гэта была даліна Свяшчэннага Рога
Хоць Даліна была самым нізкім месцам у наваколлі, адсюль, здаецца, было лепей відаць, чым з усіх гор, курганоў, пагоркаў, што ўзвышаліся над ёю.
Вежа, мусіць, знарок выбіраў такое месца, каб іх можна было бачыць адусюль. I з курганоў, і з лагчын. I птушкам з дрэваў, і звяркам з нораў.
I тады ён узняў яе на сябе.
Купалцы здавалася, што Вежа ўзнімае яе ўсё вышэй і вышэй, вышэй і вышэй – у самае неба.
Вось ужо і дрэвы паніжэлі, засталіся на зямлі, а Вежа ўсё падымае і падымае яе. Вось ужо яна сярод птушак – тыя, як сяброўкі, лятаюць каля яе, не баяцца яе. Вось ужо яна дакранаецца далонямі да белых і чыстых воблакаў, лашчыць блакітнае неба. А ён усё ўзнімае і ўзнімае яе. Вышэй, вышэй, вышэй.
Ой, як ёй хораша – так хораша Купалцы не было яшчэ ніколі ў жыцці.
Ёй не хацелася зноў на зямлю.
I таму як толькі Вежа вярнуў яе з неба і паставіў на звычайную зялёную траву, яна незадаволена пляснула далонькаю яму па шчацэ. Вежа не зразумеў яе. Здзівіўся:
– За што?
– Мне не хацелася на зямлю. Я хацела быць там заўсёды. Усе дні, якія засталіся ў мяне.
– А я думаў, што ты сумішся з тае прычыны, што і я,– задумліва прамовіў ён.
Цяпер ужо здзівілася яна. Спыталася:
– З якой?
– Я аддаў табе сваё семя, – няспешна разважаў Вежа. – А гэта ж нашы дзеці. Мой сын. Можа, дачка. А можа, абое разам – двойня. А цябе спаляць. У табе згарыць і маё семя. Мае дзеці... – і тут жа, адпіхнуўшы ад сябе Купалку, закрычаў: – Я не хачу, каб у табе гарэлі мае дзеці!
Потым, адышоўшы ад маладзіцы і не паварочваючыся да яе тварам, ціхім і, здавалася, спакойным голасам расказваў Купалцы:
– А перад спаленнем я мушу цябе забіць... Я... Цябе... Забіць. Кап’ём. У самае сэрца – вось сюды.
Пасля гэтага Купалка вельмі змянілася, стала нібыта іншаю – цяпер яна ўжо не спявала, не весялілася. Была вельмі задумліваю – стане часам і доўга стаіць на адным месцы, глядзіць на траву, на дрэвы, на кветкі і пытаецца ў іх: «А вы ж будзеце жыць і пасля таго, як я памру?»
Цяпер яна зразумела, што зямлю любіць болей, чым той прыгожы зялёны сад, у які яшчэ нядаўна з такою ахвотаю збіралася.
Не спадабалася ёй і медавуха, і нават заморскія віны, якімі яе частавалі. Пілі ўсе князевы жонкі і, засумаваўшы па мужчынах, цешыліся з князевымі дружыннікамі, а яна не піла, не гуляла, ні з кім не цешылася.
Не хацелася ёй і пераапранацца, мяняць адзенне, прыбірацца. Навошта? Навошта любіцца з кожным мужчынам, які пажадае цябе, і нават з тымі, на якіх кідала часам зацікаўлены позірк, будучы яшчэ князевай жонкаю.
Цяпер яна ўжо ведала, што ніхто не зможа яе падняць так высока, як падняў у той дзень Вежа.
А тым часам дзён у яе заставалася ўсё менш і менш. Але Купалка па гэтым, як ні дзіўна, не суілася – яе стаміла чаканне, н яна хацела, каб тое, што наканавана, адбылося як найхутчэй: «на дымы», дык «на дымы», ір’е, дык ір’е, зялёны сад – дык зялёны сад.
Наспеў час падумаць, што самае дарагое і жаданае захочацца ёй узяць туды з сабою. Ведала, што гэта пустое – усё, што ні возьмеш, як і яна сама, згарыць, пойдзе на дымы, аднак усё ж здрадзіць усяму таму, чым даражыла і чаму радавалася, яна не магла.
Час Купалка выбрала не вельмі зручны – князевы жонкі якраз пілі і гулялі ў хораме з усімі, хто быў, хто хацеў быць з імі. Не была п’янаю толькі адна Забава. Яны ўдзвюх сядзелі ўпобачкі і перабіралі, дастаючы з размаляванага куфра Купалкіны міладары.
Першая пад Купалкіны рукі трапілася лунніца, што ляжала ў прыскрынку, – упрыгожанне з бронзы, аздобленае рымскімі шклянымі бусінамі. Падвеска мела форму паўмесяца, бусіны, раскіданыя па ёй, былі чырвонага, сіняга і белага колеру, і калі Купалка паволі праводзіла па ёй позіркам, здавалася, што лунніца жывая і прыязна усміхаецца ёй.
Гэтае ўпрыгожанне, калі Купалка стала князевай жонкаю, падаравала ёй маці. Дачка ведала цану падарунку – лунніца была родавай каштоўнасцю: яе некалі зрабіў матчын прадзед, прадаўшы жыта і купіўшы бронзу і бусіны.
– Хочацца ўзяць лунніцу з сабою, – задумалася Купалка.
– Дык і вазьмі, – падтрымала яе Забава.
– А можа, аддаць табе? Каб помніла пра мяне. Яна ж усё роўна згарыць... Бусіны ў агні палопаюцца, – з сумам раздумвала Купалка.
– Не, я не вазьму такі падарунак, – запярэчыла Забава. – Ён жа расказвае пра твой род, і мне будзе чужы.
Купалка, нібы і чакала гэтага, адразу згадзілася:
– Можа, ты і праўду кажаш.
Шкляніца, якую яна дастала затым, была зграбнаю, вытанчанаю. З цікавым хвалістым валікам, укладзеным вакол донца, з рэльефным упрыгажэннем на сценках. Купалцы шкляніцу падарыў князь – ёй шкляніца спадабалася, аднак яна нават і не прасіла, а ён убачыў, што каханая хоча яе мець, аддаў шкляніцу сам.
– Вазьмі яе, Забава, – Купалка сумнавата ўсміхнулася. – Як будзе па мне трава, напоўніш шкляніцу смачным заморскім віном і вып’еш усю. Гэтак і я з табою прыгублю.
Адмаўляць у гэтай просьбе Забаве не было як, і яна моўчкі пераставіла шкляніцу на сваю скрыню.
Нарэшце Купалка дастала ўсе свае грошы. Лысыя грошы, як смяяўся сам князь. Шкуркі вавёрак, куніц, сабалёў, гарнастаяў перабылі ўжо шмат у якіх руках і мелі паношаны выгляд – шмат дзе поўсць з іх павылазіла, і яны былі амаль лысыя. Але ж гэта былі грошы! I яны былі сапраўдныя, пакуль былі поўныя – з хвастом, не маглі зразумець, як за такія шкуркі можна купіць сапраўднае золата.
Ва ўсіх Купалкіных грашах толькі хвасты былі пушыстыя і расчасаныя – як новыя.
– Вазьмі, Забава, і гэтыя грошы. Можа, спатрэбяцца. Бо згараць жа. – і Купалка падала сяброўцы, выбраўшы навейшую, цэлую куну – дзесяць вавярыц, змацаваных дротам і з пячаткаю вялікага князя.
Не паспела Забава забраць Купалкін падарунак, як да іхняга куфра падкруцілася п’яная Малуша, старэйшая князева жонка, з нейкім незнаёмым Купалцы кавалерам, які непрыстойна трымаў яе рукою за сараматнае месца. Яна спачатку згрэбла ўсіх вавярыц сабе на руку, а потым ужо сказала:
– Падары мне ўсе твае грошы, Купалка. Толькі не палі іх у вогнішчы сваім.
– Ты ж ужо ўзяла іх, – адказала Купалка. – Мне нічога не засталося паліць.
Нахабства Малушы ёй не спадабалася, але ж біцца з ёю не будзеш: узяла – дык узяла, то няхай і спажывае...
Калі Малуша са сваім кавалерам зноў пайшла ў скокі, Купалка скрывілася як ад болю:
– У хорамы ўпусцілі кашчунаў і глуматворцаў. Скамарохі іграюць, глуматворцы смяюцца. П’яныя князевы жонкі кашчуны дзеюць. Іншыя ж з вялікага жалю і рэжуцца, і сіляцца, і топяцца... А яны вось як жальнічаюць...
Купалка хацела аддаць Забаве сваё самае найпрыгажэйшае, самае дарагое і любімае ўпрыгажэнне – дыядэму з зерню і філігранню, з устаўкамі з самацветаў. Як купалася сонца ў невялікіх залатых і сярэбраных шарыках, якія на той час самі рабіліся маленькімі сонцамі, як пераліваліся светлацені, як мітусіліся бліскаўкі па звітых з найтанчэйшых залатых нітак шнурочках!
Але Забава не ўзяла дыядэмы.
– Што ты! Мы ж табе яе на смерць адзенем.
Тады Купалка аддала сяброўцы вялікі, з кулак, бурштын, які спачатку хацела забраць з сабою на краду.
Бурштын быў падобны на вялікую кроплю – быццам яна, такая, толькі што смалою сцякла з сасны і імгненна, перад вачамі акамянела.
Бурштын быў празрысты, як свежы мёд, і ў ім прасвечвалася, нібы жывая, пчала, якая калісьці даўно-даўно патанула ў жывіцы, ды так і засталася распасцёртаю – крылы яе былі гатовыя, калі спатрэбіцца, зноў затрапятаць выбавіцца са смалы.
Але Забава не ўзяла і бурштына.
– Не, мы і яго пакладзем ля цябе, – сказала яна.
I вось усё. Дні яе скончыліся. Заўтра ў Купалкі ўжо не будзе. Не, раніца яшчэ будзе, поўдзень будзе. А вось ночы – не будзе...
З апошнім промнем закотнага сонца Вежа праколе ёй, Купалцы, грудзі, знойдзе там наканечнікам дзіды яе яшчэ жывое сэрца – яно будзе ўсхвалявана трапятацца! – і спыніць яго назаўсёды. Толькі падумаўшы пра гэта, яна нібыта наяве адчула, як там, дзе павінна знаходзіцца сэрца, шукаючы яго, варушыцца вастрыё дзіды...
I полымя вялікай крады яна ўжо не ўбачыць. Іншыя будуць бачыць, а яна – не.
Тую ноч Купалцы, вядома ж, не спалася.
Ноч была цёмная, глухая. Сходамі яна часцей за ўсё такою і бывае: на небе няма ні круглай, як бубен, поўні, ні тоненькага, як кіпцюрык, маладзіка. Толькі зоркі крыху асвятляюць чорнае неба.
Няўжо ён, Вежа, так і ўсадзіць ёй у грудзі дзіду? Няўжо не здрыганецца яго рука?
Купалцы чамусьці вельмі захацелася яго ўбачыць. Пашукаўшы Вежу ў харомах і не старэйшы сярод дружыннікаў, якія забаўляліся з князевымі жонкамі, яна выйшла ў ноч. За сваёю спіною чула, як задаволена хіхікаюць залашчаныя жанчыны, і, каб хутчэй адысціся адсюль, пайшла шпарчэй, нават пабегла.
З усіх бакоў атуліла непраніклівая цемра, і ёй зрабілася вусцішна.
У палях была такая цішыня, што калі нечакана варухнулася галінка на нябачным у цемры дрэве, Купалцы здалося, што нехта ідзе.
Яна спынілася, прыслухалася – не, нічога больш не было чуваць, ніхто не ішоў: мусіць, гэта была птушка.
Яна не ведала, куды ідзе, але падсвядома адчувала, што кіруецца ў той бок, дзе рыхтуецца заўтрашняе вогнішча.
Зноў наперадзе нешта зашамацела. I зноў яна прыстояла, услухалася. Не, на гэты раз шамаценне не заціхла – нехта і праўда ішоў ёй насустрач.
Купалка не здзівілася, калі ў цемры, да якой крыху прызвычаіліся вочы, пазнала Вежу. Чамусьці яна і ведала, што сустрэне якраз яго.
Не здзівіўся, здаецца, і Вежа, быццам і ён разумеў, што абавязкова спаткае яе.
Яны, не згаворваючыся, звярнулі з дарогі і пайшлі зусім у іншы бок – не туды, куды ішла яна, і не туды, адкуль вяртаўся ён.
У адну руку Купалка ўзяла Вежаву ручышчу, а другой даланёю вадзіла па ягонай, нібы вывучаючы яе. Вежава далонь была шурпатая, уся ў мазалях, і яна сама сабе падумала: «Бач, і ад мяча бываюць мазалі».
Вежава далонь была цёплая-цёплая...
Купалка ўзняла яе вышэй і паклала сабе на грудзі – якраз у тым месцы, дзе білася сэрца... Далонь, адчуўшы пад сабою невялічкі бугарок, расслабілася на ім, потым абняла яго, пагладзіла. Пальцы зрабіліся пяшчотнымі-пяшчотнымі – яны амаль нячутна, амаль не дакранаючыся да бугарка, лашчылі яго...
«Цікава, а ці бываюць мазалі ад дзіды?» – чамусьці недарэчы думала Купалка.
Яны не пыталіся адно ў аднаго, куды ідуць, але абое ведалі – куды: недзе ў тым баку была Даліна Свяшчэннага Рога.
Даліна сустрэла іх цішынёй, ад якой закладала вушы.
I тады ён зноў узняў яе на сябе...
Цяпер ужо Купалка была яшчэ вышэй, чым першы раз. Яна была ў самым небе, паміж зораў, недзе пасярод Птушынага Шляху. Яна гладзіла гэтыя светлякі, цалавала іх, і яны, яркія і зыркія, не апякалі ёй вусны. А Вежа ўсё падымаў і падымаў яе угору, усё пасабляў і пасабляў ёй імкнуцца вышэй і вышэй.
Купалка была шчаслівая. I калі яна нарэшце выдыхнула з сябе невераемна задаволены крык, які спудзіў даўкую цішыню Даліны, яго, здаецца, пачулі і неба, і зямля.
Крык яе быў радасны.
I той жа час развітальны...
У палях ужо шарэла. Неўзабаве з-за небасхілу бліснуў, расслабіўшыся на шмат пасачак, першы промень сонца.
Пачынаўся новы дзень, якога ў Купалкі ўжо не было.
Першым, каго яна ўбачыла, калі яе, убраную як да шлюбу, прывялі на курган, быў князеў дружыннік Вежа. Ён стаяў ля варотаў, якімі заканчвалася круглая агароджа з хмызняку і саломы вакол крады, і зусім не звяртаў на яе ніякай увагі, быццам чужы, нават не заўважаў яе: як усё роўна і не было ў іх агульнай апошняй ночы.
У яго руках была ўжо дзіда. Наканечнік яе блішчэў на сонцы. Гэты яркі бляск прыцягваў яе вочы, і яна, крыху забыўшыся на яго, крыху паглядзеўшы на што-небудзь іншае, міжволі вярталася зрокам да дзіды і яе бліскучага наканечніка.
Вежа, мусіць рабіў выгляд, што не бачыць яе – ён стаяў і пра штосьці вельмі зацікаўлена гаварыў з Вешчуном.
Крада ўжо была гатова да падпальвання.
У дамавіне напаўсядзеў мёртвы князь – у сабалінай шапцы, у парчовым адзенні, што было зашпілена на залатыя гузікі, аплікі. Каля яго стаялі ў жбанках мёд, сыта, медавуха, ляжалі хлеб, мяса, цыбуля, а ў нагах знаходзіўся пасечаны мячамі любімы князеў конь – ён быў асядланы і зацугляны, каб у выпадку, калі спатрэбіцца, князь мог лёгка на яго сесці. З гэтай жа мэты каля князевага бядра, падсунуты пад самую правую руку, ляжаў меч – каб яшчэ лягчэй можна было сціснуць яго дзяржанне.
I ля Купалкінага месца ўсё ўжо было пакладзена, падрыхтавана – стаялі ў розным посудзе яда і пітво, ляжалі сярпы і іншыя рэчы, якія яна сама пажадала ўзяць з сабою, і тыя, што павінны абавязкова быць ля яе ў час пахавальнага абрада.
Праўда, нічога гэтага сама яна не бачыла – пра тое, што робіцца ў дамавіне і вакол, ёй толькі расказвалі іншыя, тыя, хто прыбіраў яе ў шлюбнае адзенне: князя пасадзілі, каня пасеклі, міладары занеслі...
Значыць, крада была ўжо гатовая, і ў дамавіне не хапала толькі яе, Купалкі.
Чакалі заходу сонца.
Сонца было ўжо зусім нізка, але ўсе чакалі, калі яно зусім скоіцца на небасхіл.
I як толькі чырвонае кола, на якое ўжо можна было глядзець, дакранулася лініі гарызонта і паволі пачало тануць за яе, пагружаючыся ў царства мёртвых, да яе падышлі двое мужчын, узялі за рукі і падвялі да варотаў, што пакуль былі зачынены. Мужчыны так спяшаліся, што Купалка не змагла развітацца нават з Забаваю – тая толькі паспела паправіць на яе галаве дыядэму.
Мужчыны паднялі яе над варотамі, спыталіся:
– Што ты бачыш там, Купалка?
I хоць яна, зазіраючы ў свет мёртвых, нічога не бачыла, усё ж адказала так, як яе вучылі:
– Бачу маіх памерлых родзічаў. Яны радасныя. Яны вясёлыя. Яны махаюць мне рукамі. Клічуць мяне...
Калі яе падымалі і другі, і трэці раз, яна ўжо маніла і сама верыла ў сваю ману:
– Бачу свайго мужа. Ён сядзіць у прыгожым садзе. А сад такі зялёны... Вядзіце ж мяне хутчэй да яго!
Калі Купалку зноў паставілі на зямлю, перад ёю расчыніліся вароты, за якія яна толькі што зазірала.
За імі стаяў Вежа. З дзідаю ў руках – Купалка зноў убачыла, як трывожна бліснула вастрыё дзіды ў апошніх промнях.
Вежа падаў ёй вольную руку і павёў да дамавіны.
На парозе, у шырока расчыненых дзвярах, спыніўся сам і, агледзеўшыся, паставіў Купалку побач, але так, каб можна было размахнуцца дзідаю...
Цяпер усе глядзелі на сонца – з апошнім яго промнем Вежа праб’е Купалцы грудзі. Глядзела на яго і яна сама – ужо зусім нежывая, ужо абыякавая і раўнадушная да ўсяго.
Сонца было мяккае і ўжо не калолася, як удзень.
Толькі апошні промень стаў зноў калючы.
Калі ад сонца застаўся ўжо адзін кіпцюрык, з якога вырваўся адзін тоненькі, але востры промень.
Ён балюча кальнуў у вочы...
I той жа час Вежа з усяе сілы ўдарыў дзідаю ў Купалкіны грудзі. Яна адчайна, роспачна войкнула і павалілася на падлогу дамавіны.
Адразу ж перад дамавінаю, за варотамі пачуўся гул. Людзі, што сабраліся на краду, загулі, закрычалі, загаласілі, застагналі, завойкалі. Лямантавалі плакальшчыцы, прычытвалі карніцы, заходзіліся ў плачы маці, сёстры Купалкі і яе родзічы...
Дзіўна, але яна ўсё гэта чула.
Значыць, яна не памерла, значыць, яна жывая...
Купалка адплюшчыла вочы. Глядзела і нічога не разумела – наканечнік дзіды, які павінен быў увайсці ў яе сэрца, увайшоў у самую дзіду, схаваўся ў ёй...
Вежа нагнуўся над ёю, зашаптаў:
– Вунь там дошкі не прыбітыя, – паказаў ён галавою, – а ў дровах ёсць лаз. Як толькі я падпалю сухмень, бяжы туды. А калі падпаляць і салому, калі стане многа дыму, вылазь з дроў і ў дыме бяжы за круг мёртвых, да жывых. I чакай мяне на беразе Белалічкі.
Вежа, стоячы спіною да тых, што былі за варотамі, спрытна зноў выцягнуў з дзіды наканечнік, потым нагнуўся, павадзіў абедзвюма даланямі па падлозе, на якой было разліта нешта чырвонае, вымазаў гэтай фарбаю і наканечнік, і саму дзіду, і толькі тады яе, як мёртвую, пачаў падцягваць да князя, каб пасадзіць побач.
Прыкідвацца мёртваю ёй і так не трэба было – Купалка і напраўду выглядала як нежывая: цела вісела на руках дружынніка, яе ногі цягнуліся за ёю як не свае.
Вежа пасадзіў Купалку нязручна, на нейкі гэблік – цесляры, што ставілі дамавіну, закончыўшы працу, паўкідалі ў яе ўсе свае цяслярскія прылады, каб яны згарэлі разам з мёртвымі, – гэблік муляў ёй, але яна цярпела, не варушылася.
Дружыннік узяў у рукі дзіду і выйшаў з дамавіны. Прысланіў яе, акрываўленую, да сценкі, а сам пачаў уносіць у сярэдзіну хаты сухое галлё і закладаць ім вольныя месцы. Накідаў хмызу на зброю, на гаршчкі з ежаю і пітвом і нават на князя і Купалку ўскінуў невялікі ахапак.
I калі ўжо сухменем была забіта, як пуня сенам, уся дамавіна, а некаторыя вельмі нецярплівыя і вельмі цікаўныя людзі ўжо беглі да дзвярэй, каб у апошні раз убачыць тых, каго вось-вось спаляць, Вежа ўзяў дзіду ў адну руку, у другую факел, што гарэў ля ўваходу, і зноў увайшоў у дамавіну. Кінуў дзіду на хмыз і падпаліў яго. I толькі калі галлё затрашчала, занялося агнём і стала відаць, ^то полымя ўжо не патухне, дружыннік выйшаў і зачыніў за сабою дзверы.
Купалцы было нязручна сядзець, але яна ўсё яшчэ не варушылася. I пакуль Вежа тупаў побач, носячы ў дамавіну хмыз, разглядала смяротню, толькі аднымі вачамі шукаючы тыя непрыбітыя дошкі, пра якія гаварыў дружыннік. Убачыла той выхад яна не адразу і не сама – Вежа, закладаючы той вугал, нібы выпадкова абапёрся аб дошкі, крыху рассунуўшы іх у бакі.
Дабірацца будзе нялёгка: давядзецца перапаўзаць цераз князевы ногі, потым нейкім чынам пералезці праз рассечанага напал каня, а затым, адкінуўшы хмыз, прабегшы па наваленай зброі, між уторкнутых у падлогу мячоў.
У дамавіне, чым больш Вежа закладаў яе сухменем, рабілася ўсё цямней і цямней. I Купалка, асмялеўшы, яшчэ не дачакаўшыся, калі Вежа падпаліць галлё, пачала перапаўзаць цераз князевы ногі. Нечакана яна зачапілася за меч, той загайдаўся, і Купалка спалохалася: ёй здалося, што князь бярэ меч у рукі...
Тым часам Вежа падпаліў галлё і зачыніў з таго боку дзверы.
У дамавіне зрабілася зусім цёмна. I жудасна.
Яна ўсхапілася на ногі і спяшаючыся, спатыкаючыся, пабегла наўзгад, упіраючыся рукамі ў цемру перад сабою. Раптам рукі ўпёрліся ў галлё. Яна кінулася ў другі бок і наступіла на каня. Нага саслізнула, Купалка страціла раўнавагу і ўпала грудзямі на сядло.
Агонь разгарэўся ўжо, і ў дамавіне стала святлей. Сухое галлё гарэла шчыра, без дыму – толькі злавесна патрэсквалі сучкі. Па іх скакала полымя – усё бліжэй і бліжэй да Купалкі. Нібы спяшалася дагнаць яе. Цені ад полымя мітусіліся ўжо зусім побач Н ад гэтага ёй было яшчэ страшней: полымя даганяе яе!
Яна што ёсць сілы кінулася да лаза, прабегла паміж мячоў і азірнуўшыся на князя – на ім ужо займалася агнём сабаліная шапка – кінулася ў дзірку між дошкамі...
Лаз быў вузкі, цесны, і паўзці па ім было цяжка. Там, дзе былі складзены плашкі, – яшчэ нічога, а сукаватыя бярвенні чапляліся за яе шлюбную сукенку, абдзіралі рукі і ногі.
I калі вялікі сук затрымаў яе ў лазу, а яна, паспрабаваўшы адчапіцца, нічога не магла зрабіць, ёй раптам стала не хапаць паветра, яна стала задыхацца.
Полымя ўжо гуло зусім побач. Яно, было чуваць, прагна хапаецца за ўсё, што асталося за ёю.
Купалка адчула, што яе нагам ужо робіцца горача – полымя даганяла яе і ў лазу.
Тады яна сабрала ўсю сваю сілу, імкліва, рэзка тарганулася наперад, пачула, як трашчыць, ірвецца яе сукенка, як сук раздзірае ёй спіну, але яна, не зважаючы на гэта, спяшаючыся папаўзла з лаза да выхаду.
Вогненны круг, які падзяляў мёртвых і жывых, таксама быў ужо падпалены. Усё якраз было ў густым дыме – і сам круг, з якога толькі што прабівалася полымя, і ў крузе, і па-за кругам нічога не было відаць.
Купалка паспешліва пачала выбірацца з лаза. Рэшткі шлюбнай сукенкі зноў зачапіліся за сук, і Купалка вывалілася з лаза зусім голая – толькі адна дыядэма засталася ў яе на галаве.
Ужо ўвачавідкі цямнела.
А ў дыме і ўвогуле не было відаць – Купалка, перабягаючы вогненны круг, не бачачы нічога перад сабою, так стукнулася ў чалавека, які запазніўшыся ўсё яшчэ запальваў хмыз, што той упаў на спіну, а потым, убачыўшы, што яна зусім голая, падхапіўся на ногі і з прарэзлівым крыкам кінуўся наўцёкі ад яе.
Купалка, таксама спалоханая, пабегла ў іншы бок – да рэчкі Белалічкі. Бераг быў круты, і яна, не здолеўшы стрымаць у свой час бег, павалілася і да вады ўжо скацілася па траве.
Тут было вельмі ціха – гукі, што даносіліся з кургана, былі вельмі прыглушаныя, ледзь чутныя.
На вадзе, прывязаная да берага, у водблісках агню гайдалася нейкая лодка з вёсламі, Купалка спалохалася яе – чыя яна? Азірнулася і, хоць нікога не ўбачыла, усё роўна спрытна сіганула да куста, што стаяў крыху зводдаль ад берага, і схавалася ў ім.
I толькі тады яе закалаціла – ці то ад холаду, ці то ад усяго перажытага за гэтыя кароткія хвіліны, якія здаліся такімі доўгімі.
Цяпер яна ўжо выразна чула, як на кургане галосяць плакальшчыцы, як гудзе, вырываючыся з-пад плашак, полымя, як гавораць людзі, як нехта некаму нешта загадвае.
Яна бачыла, як па ўсёй рацэ – наколькі хапала вачэй – палахліва мітусяцца на вадзе яркія ў прыцемках водбліскі Вялікай Крады. Яе Крады.
Зрабілася ўжо зусім цёмна, а Вежы ўсё не было. З гары чуўся звон мячоў, даспехаў, ваяўнічыя крыкі. Яна ведала, што цяпер ладзіцца там трызна – там п’юць медавуху і віно, арганізоўваюць ваенныя гульні, спаборнічаюць воі. Так жа заўсёды бывае на памінках.
Вежа прыйшоў ужо апоўначы, Убачыўшы, што яна выходзіць з куста, спытаўся:
– А чаму ты не ў лодцы?
– Я не ведала, што яна твая, і баялася.
Пра тое, чаму яна голая, Вежа не спытаўся. Моўчкі зняў з сябе жупан, моўчкі ўскінуў яго на Купалку. Беражліва паправіў на яе галаве дыядэму.
Ён не спяшаўся. Падышоў да вады і доўга адмываў у ёй чырвоную фарбу. Потым вярнуўся да Купалкі, узяў яе на рукі і перанёс у лодку.
Лодку не адвязваў – вырваў калок, на які яна была навязана, і толькі тады сеў сам. Кінуў калок сабе пад ногі і ўзяўся за вёслы.
I яны паплылі па Б елалічцы – супр аць цячэння.
Купалка тут жа заснула.
Вежа веславаў няшумна – баяўся разбудзіць яе.
Калі Купалка час ад часу прачыналася, яна бачыла, як на кургане ўсё яшчэ палае Вялікае Вогнішча.
Тое вогнішча гарэла ўсю ноч.
На трэцюю раніцу Вежа прычаліў лодку да незнаёмага ёй берага і навязаў на той жа калок, на які яна была навязана і ля кургана. Там ужо гайдалася на вадзе некалькі такіх чоўнаў, і іхняя пасудзіна згубілася між імі.
Ён гэтак жа, як і садзячы, далікатна ўзяў Купалку на рукі, вынес на бераг.
Яна ўжо была ў дзіўнавата-нечаканай сукенцы – знайшла ў лодцы нейкі кавалак радна, памыла яго, нацягнула адтуль нітак і з дапамогаю Вежавага мяча пашыла сабе кашулю.
Калі яны падняліся на невысокі бераг, Купалка аслупянела – гэта быў вялікі, прыгожы зялёна сад! У ім пырхалі ластаўкі, цёхкалі салаўі, махалі празрыстым крыллем мятлушкі...
– Дык гэта ж зялёны сад! – захоплена выдыхнула Купалка.
– Адкуль ты ведаеш? – здзіўлена паглядзеў на яе Вежа. – Гэта і праўда Зялёны Сад. Так называецца маё селішча. Я тут нарадзіўся.
Семя, якое не згарэла на Вялікай Крадзе, аказалася вельмі плодным.
Сама Купалка нарадзіла васемнаццаць дзяцей. Яны гадаваліся, жаніліся, раджалі новых дзяцей, тыя ў сваю чаргу жаніліся і раджалі сваіх дзяцей. Засноўвалі новыя вёскі і неўзабаве ўсё наваколле засялілі сваім родам.
Кажуць, што і мае Зубрэвічы з’явіліся дзякуючы волату Зубру – праўнуку Купалкі і Вежы. I яшчэ кажуць, што ягоная ўнучка быццам бы спадабалася Рагвалоду, а потым з дапамогаю нейкай дыядэмы і зусім прычаравала яго, друцкага князя.
А ў ваколіцах рэчкі Белалічкі, як сцвярджаюць летапісы, пасля Вялікай Крады яшчэ доўга блукаў нейкі вар’ят, які спыняў кожнага, з кім сустракаўся, і пераконваў, што Купалка ў тым пахавальным вогнішчы не згарэла – маўляў, ён бачыў, як яе зусім голая душа імчалася праз вогненны круг, бегла да жывых людзей.
Яму ніхто не верыў, яго ніхто не хацеў слухаць.
Не верыў вар’яту і Вяшчун, але з вялікаю павагаю слухаў яго і заўсёды са шчыраю ласкаю абараняў нябогу.
Похожие статьи:
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Перавернуты
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Клетка
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Як спакайней?