Балгарская балада. XIX стагоддзе
Зялёным зацьменнем –
Турэцкі сцяг.
Шарсцяць па каменні,
Нібы па касцях.
Блішчаць ятаганы,
Дымяцца крукі.
Па ранах, на ранах
Ідуць чужакі.
Іх стрэлі без страху –
Ды нельга спыніць...
Паўмесяц на сцягу,
Як рана баліць.
I сонца не свеціць,
Сады – не відны.
Жанчыны і дзеці
Сумуюць адны.
Спыніце паганых
Хутчэй вы, сябры!
Ды – рана ля раны –
Маўчаць ваяры.
А башыбузукі
Ідуць і ідуць...
Жаночыя рукі
Перац труць.
Бо ў іхніх праклёнаў
Памочнік адзін:
Перац чырвоны –
Зброя жанчын.
Трыце ж, жанчыны,
Зброю хутчэй
Для гэткай лавіны,
Для столькіх вачэй!
У ручках маленькіх
Перац дрыжыць:
У жменях і жменьках
Зброя ляжыць...
Зялёным зацьменнем
Турэцкі сцяг:
Ідуць па цярпенню,
Нібы па касцях, –
Бліжэй...
бліжэй...
бліжэй...
Похожие статьи:
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Перавернуты
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Клетка
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Як спакайней?
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Лета з мятлушкай
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Заміра