Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Янка Сіпакоў - Жаночы вальс
Увага!!! Поўны змест
Яна, абыходзячы хлопцаў і мужчын, ішла якраз на яго. Яна з заварожнаю ўсмешкаю глядзела ў той бок, дзе ён стаяў, і Лазаковіч разумеў, што гэтая маладая і прыгожая жанчына ў чырвонай шарсцяной сукенцы вось зараз запросіць яго на танец. Але, не дайшоўшы колькі крокаў, жанчына нечакана спынілася, нібы спатыкнулася, наткнуўшыся на нешта, апусціла вочы долу, задумалася – ці то чаго разгубілася, ці то засаромелася. Гэтая збянтэжанасць была ў яе нейкую секунду – ніхто, мусіць, не паспеў нічога заўважыць, ды і ён убачыў гэта толькі таму, што пільна глядзеў у яе бок. Жанчына адразу ж падняла вочы, рашуча зірнула на яго і, падыходзячы бліжэй, спыталася:
– Вы танцуеце?
Лазаковічу падабалася, што вось гэтая, ці не самая прыгожая тут жанчына, на якую і зараз глядзела столькі лепшых за яго мужчын, выбрала менавіта яго, і ён сам, не зважаючы на тое, што быў у цяжкіх, нібы валёнкі, зімовых чаравіках – не збіраўся тут, у санаторыі, танцаваць і таму не браў з сабою нічога лягчэйшага, – пайшоў ёй насустрач і неяк крыху гулліва адказаў:
– З вамі – калі ласка!
Яе ён прыкмеціў яшчэ ў першы дзень свайго санаторнага жыцця. Яны прыехалі сюды адною электрычкаю і потым разам афармлялі ўсе паперы, разам праходзілі ўсе прыёмныя працэдуры: важыліся, ціскалі сіламер, дзьмулі ў нейкі апарат, каб праверыць аб’ём лёгкіх.
Разам з імі ўладкоўвалася яшчэ некалькі чалавек: высокі, падцягнуты, сімпатычны мужчына з пышным сівым чубам і вельмі блакітнымі, амаль непраўдападобна блакітнымі вачыма; такі ж добра складзены барадач – як потым стала вядома, былы камандзір партызанскага атрада; вясковая цётка, мусіць, даярка, якая ўсім і ўсюды жалілася, што ў яе кружыцца галава; дзве гаваркія асобы таго ўзросту, калі па іх размовах і паводзінах ніяк не зразумееш – замужам яны ці не; і зусім яшчэ хлапчук – камсамольскі работнік з раёна.
Хлапчук так шчыра дзьмуў у апарат, каб выдзьмуць як мага болей, што барадач не стрымаўся і пажартаваў:
– Што ты робіш?! Апарат разламаеш!
Усе засмяяліся, а хлапчук засаромеўся, разгубіўся і даверліва ўгледзеўся ў апарат – ці цэлы ён хоць?
Вясковая кабета ніяк не хацела станавіцца на вагі:
– Навошта мне важыцца? У мяне ж галава кружыцца.
І тут знайшоўся барадач:
– Станавіся, цётка, станавіся. Тут, бачыш, як у вас на ферме – па вазе прымаюць і па вазе выпісваюць.
Усе зноў засмяяліся, і Лазаковічу падумалася, што ўсё ж сумаваць тут, мусіць, не давядзецца. Толькі трэба, вырашыў ён для сябе, трымацца вось гэтага барадача: з ім будзе весела.
Калі гаварыць шчыра, ён не вельмі хацеў ехаць у гэты санаторый і ў гэты час. Хоць была ўжо сярэдзіна студзеня, сярэдзіна зімы, але зімою тут нават і не пахла. Цэлымі днямі, не перастаючы, ліў золкі, нібы восеньскі, дождж з ліпкім снегам, дзьмуў пранізлівы вецер, ад якога, здавалася, не бароніць ніякая вопратка, а над самім санаторыем, над паркам, у якім ён стаяў, над недалёкім лесам, што за ракою, вісеў нізкі, халодны, нібы свінцовы, туман, які, здавалася, усё прыціскаў да зямлі. Калі пераставаў дождж і трохі цяплела, збітыя з панталыку бесснягоўем і ручаямі, вароны дружна, з карканнем пачыналі паднаўляць свае гнёзды – відаць, думалі, што прыйшла ўжо вясна.
Яшчэ ў электрычцы, гледзячы на голыя і мокрыя дрэвы, што расступаліся перад ёю і адыходзілі потым назад, на лужыны, якія холадна чарнелі на дарогах і проста на палях, у лагчынах, ён думаў, як сумна і нудна будуць цягнуцца тут дні, калі не знойдзецца добрай кампаніі. Але і асабліва шумнай кампаніі яму не хацелася: за апошнія гады – развод з жонкаю, падзел дзяцей і маёмасці, бальніца – ён нервова стаміўся. Хацелася пабыць аднаму, але пры сонцы. Такое ж надвор’е, ён разумеў, яшчэ больш падкруціць яго нервы, і ён вернецца дадому зусім хворы. І яшчэ меў прыхаваную надзею – а раптам сустрэне тут добрую жанчыну ці дзяўчыну, якая дапаможа яму супакоіцца, а пасля, калі пашэнцуе, можа, і вернецца разам з ім у яго размяняны пакойчык...
Калі жанчына ў чырвонай сукенцы запрасіла Лазаковіча на вальс, ён зноў, як калісьці яшчэ ў школе, падумаў пра свае неспадзеўныя здольнасці: яму здалося, што гэта ён, напружыўшы ўсю сілу волі, прымусіў яе, нават загадаў ёй падысці да сябе. Але потым, колькі ён ні стараўся, колькі ні мучыў сваю волю, Надзея – так звалі, пра што ён даведаўся пасля, жанчыну ў чырвонай сукенцы – не падыходзіла. Яна нібыта і не заўважала яго болей. Надзея неяк вельмі хутка пасябравала з Іванам Аляксеевічам – тым блакітнавокім, сівачубым і станістым мужчынам, які кіраваў, як таксама высветлілася потым, нейкім сур’ёзным канструктарскім бюро: яны разам спускаліся да крыніцы, пілі з аднаго кубка мінеральную ваду, разам хадзілі ў сталоўку, на танцы.
Таму Лазаковіч вельмі здзівіўся і нават разгубіўся, калі праз колькі дзён Надзея сама зайшла да яго ў пакой.
– Ну хопіць, хопіць ужо качацца ў ложку. Пайшлі ваду піць.
Ён хацеў спытацца пра Івана Аляксеевіча – маўляў, ці не захварэў той, – але змоўчаў. З гэтага часу яна ўжо нібыта не заўважала Івана Аляксеевіча і ўсё хадзіла з ім, з Лазаковічам, – і ў сталоўку, і на танцы, і да вады.
Гулялі яны разам і па парку. Часта ім сустракаліся на сцежках тыя гаваркія дзяўчаткі, якіх Лазаковіч, як і Надзею, прыкмеціў у першы ж дзень. Яны былі як блізняты – у роўных шапачках, у роўных шубках, якія яны пад каўнерыкамі завязвалі доўгімі шалікамі – у адной ружовы, у другой блакітны: тыя па шубках спадалі як не да самай зямлі. Дзяўчаткі працавалі прадаўшчыцамі, жылі ў адным горадзе, былі ўжо замужам, мелі нават сваіх дзяцей, з якімі зараз пакінулі мужоў, былі знаёмыя між сабою да гэтага і нават там, дома, сустракаліся сем’ямі.
Яны заўсёды падбягалі да Надзеі і Лазаковіча і адразу ж пачыналі сакатаць: дзяўчаткі гаварылі разам, а таму Лазаковіч ніколі не мог успомніць пасля, якая з іх і што казала. А іхняя гаворка заўсёды прыгадвалася яму як суцэльная – нібы гаварыў адзін чалавек.
– А вы ўсё разам. Як нашы Толя з Оляй. Ну, разумееце, бывае, мы свята якое сумесна адзначаем, а то і проста так збяжымся. Ну магнітафон, ну танцы, самі разумееце. Дык мы дзе хто садзімся і, каб далей ад мужоў, цаляем, а яны – ад нас. Толькі ўжо недзе пад канец успомніш: «Слухайце, а дзе гэта мой муж? Ён не пайшоў яшчэ дадому?» А вось адна сям’я заўсёды побач садзіцца – Толя і Оля. Яны адразу ў гаспадароў пытаюцца: «Дзе тут нашы законныя месцы?» Пасля танцы. Свечкі запалім. Дзеці, калі яны з намі святкуюць, пад нагамі таўкуцца. А мы танцуем. Пасля і свечкі патушым. А што, калі цябе нехта і абдыме, пацалуе? Цябе ж не паменшае, праўда? Але потым, дома, – рэўнасць, слёзы. Ды, відаць, гэта ва ўсіх так: «А ты з гэтым не так танцавала, а ты на гэтага не так глядзела, а гэты вельмі блізка сваімі вуснамі ля тваіх вадзіў, а да гэтага прыціскалася сама». Ну, адны толькі Толя ды Оля не сварацца – яны і танцуюць разам.
Потым з дзяўчаткамі пачаў хадзіць па парку Іван Аляксеевіч, а яшчэ пазней да іх далучыўся і хлапчук – камсамольскі работнік. Дзяўчаткі ля іх сакаталі таксама – мусіць, і ім расказвалі, як бавяць свой час дома.
Лазаковіч даўно ўжо збіраўся спытаць Надзею, за што яна пасварылася з Іванам Аляксеевічам, але ўсё не адважваўся. І вось аднойчы, калі ўжо ў парку пачынала цямнець, калі яны размінуліся з Іванам Аляксеевічам, ля якога спяшаліся, паспяваючы за ім, дзяўчаткі – яны з абодвух бакоў віслі яму на рукі, торгалі за рукавы, каб слухаў, нешта расказвалі, –Лазаковіч рашыўся:
– Надзея, а за што гэта ты з ім пасварылася? – і паказаў галавою назад – туды, куды пайшоў Іван Аляксеевіч з дзяўчаткамі.
– А мы з ім не сварыліся. Гэта табе здалося.
Яны прайшлі крыху моўчкі. Лазаковіч разумеў – Надзея не хоча далучаць яго да нейкай сваёй тайны.
– І, ведаеш, не пытай у мяне ніколі пра гэта. Добра? – Надзея ўзяла яго пад руку. – Хочаш, я табе лепей пра сваё жыццё раскажу...
– Глядзі сама – можа, і пра гэта нельга, – абыякава, нібы пакрыўджана, адказаў Лазаковіч.
– Не, пра гэта можна. Толькі з чаго б гэта пачаць, каб табе ўсё зразумела было? Ага, пачну з Галі, са сваёй сястры.
Яна прыпынілася, паправіла цёплую хустку па галаве.
– Ведаеш, наша Галя дужа любіла Паўліка. І ён яе. А калі Паўлік пайшоў у армію, бацька ўзяў ды выдаў Галю замуж за суседа. Угаварыў яе: «Ай, Галя, хай будзе хоць свой беларус тут, пры нас». А мы ж беларусы, хоць і жывём у Сібіры: дзед наш перасяленец, самаход з Віцебскай губерні, даўно перасяліўся ў тайгу. Ну, выйшла Галя замуж, а сама ўсё пра Паўліка думае: каханне ж так хутка не праходзіць. І калі Паўлік прыязджаў у водпуск – у марской форме, прыгожы такі, – Галя так ужо ўбачыць яго хацела. «Надзечка, дарагая, – прасіла яна мяне, – ну давай сходзім да іх, я хоць разочак зірну на яго. Тут жа нічога дрэннага няма». – «Не, – адгаворвала я яе, – не трэба, Галя: людзі гаварыць пачнуць, не пойдзем». А тады пачулі мы, што Паўлік пайшоў да свайго дзядзькі ў госці, дык Галя падгаварыла мяне, мы схаваліся з ёю ў гаросе ля дарогі – каб убачыць, як ён будзе вяртацца. Але сядзелі доўга-доўга, ды так і не дачакаліся: ён, аказваецца, другою дарогаю пайшоў дамоў. І ўсё ж Галя ўбачыла яго. Выйшла яна аднойчы на двор свайго сына клікаць, аж бачыць: стаіць нейкі матрос у пясочніцы – ён спіною якраз стаяў, – трымае яе Сярожку на руках, той на грудзях яго значкі калупае, і дапытваецца ў малога: «Чый ты?» – «Галін». –- «Якой Галі?» – «Панасёнкавай». Як убачыў Паўлік, што Галя каля веснічак стаіць, хуценька малога ссадзіў з рук і, быццам не заўважыў яе, паспешліва, не азіраючыся, пайшоў са двара. Пасля гэтага Галя многа плакала, хацела нават разводзіцца – проста так, зусім не думаючы і не спадзеючыся, што Паўлік возьме яе, разведзеную.
– І што – развялася? Дзе там, канечне ж, збаялася, – нечакана для сябе самога з’іранізаваў Лазаковіч.
Надзея падняла на яго вочы, і ён, зірнуўшы ў іх, зразумеў, што дапусціў нейкую вельмі вялікую нетактоўнасць.
– Не, не збаялася, – стараючыся перасіліць сябе, гаварыла Надзея, і Лазаковіч адчуваў, як перасядаюць ёй гэтыя словы. – Не паспела. Разумееш, Галя любіла завязваць ля шыі вось такія доўгія, як у нашых дзяўчатак, шалікі – наўзверх паліто. А Галя была доктар. І якраз спяшалася той дзень да хворага, як шарф незаўважна трапіў пад кола... Перад смерцю Галя не клікала ні свайго мужа, ні сясцёр, ні нават таты з мамай. Да самага апошняга дыхання яна паўтарала адно імя: «Паўлічак». Неяк зусім нядаўна былі мы ў мужавых бацькоў. І Паўлік зайшоў. А мы са свекрывёю на кухні гаварылі. Паўлік прыбягае на кухню, а сам белы-белы. «Што з табою, Паўлік?» – «А, гэта ты, Надзя? А мне здалося, што Галя тут гаворыць». А ў мяне такі падобны да Галінага голас – як не бачыш, дык і не адрозніш, хто гаворыць...
– Даруй мне, Надзя, за мой недарэчны жарт, – нясмела пачаў апраўдвацца Лазаковіч.
– А Паўлік і зараз нежанаты, не можа забыць Галі, – прадаўжаючы тое, сваё, сказала Надзея і надоўга замоўкла.
Маўчаў і ён. Іх нагнаў Барадач – былы камандзір партызанскага атрада.
– Маладыя людзі, вось вы ўсё гаворыце самі і ніколі, мусіць, не здагадаліся паслухаць, пра што размаўляюць тут, якія тэмы хвалююць усіх тых, хто топча разам з вамі сцежкі і дарожкі гэтага парку. Давайце паслухаем разам.
Было відаць, што для яго гэта ўжо не навіна, што ён адкрыў гэта даўно і зараз толькі хоча паказаць ім.
Барадач прыладзіўся пад іхнюю хаду, яны паціху ішлі моўчкі па алеі, іх, спяшаючыся, абганялі людзі ці няспешна ішлі ім насустрач, віталіся ці моўчкі разміналіся з імі, і на нейкую хвіліну, нібы абарваныя магнітафонныя запісы, чуваць былі размовы.
– ...бяру сталовую лыжку соку трыпутніку...
– ...выпіваю паўшклянкі перад ядою...
– ...мне ў цёплым выглядзе піць трэба...
– ...а ў мяне ж язва...
– ...тут таксама адна ўсё гаварыла: «У мяне пячонка, у мяне пячонка», а тады як знайшла сабе лесніка, то і на пячонку забылася...
– Чулі? – Барадач засмяяўся. – Во яно, жыццё санаторнае. Селяві, як кажуць французы, – і, абганяючы ўжо іх, усё ўсміхаючыся, сказаў: – Ну, я пабег. На працэдуры спазняюся.
Смерць незнаёмай Галі так усхвалявала Лазаковіча, што ён абыякава слухаў і Барадача, і тых, што, сустракаючыся, гаварылі пра свае хваробы і лекі.
Барадач ужо схаваўся за соснамі. Яны таксама хутка развіталіся – ім неяк зусім не хацелася зараз гаварыць.
Лазаковіч думаў, што Надзея пакрыўдзілася за яго нетактоўнасць, але назаўтра раніцою яна, як і раней, зайшла да іх у пакой і ўсміхнулася:
– Пайшлі на вадапой, соня.
Крыніца была ля ракі – у процілеглым ад парку баку, але яны з Надзеяю ўсё роўна хадзілі піць ваду толькі праз парк. Паркам даходзілі да ракі, а пасля – беражком, беражком – дабіраліся і да мінеральнай крыніцы. Гэтая дарога была намнога даўжэйшая, чымся астатнія, але яна і яму і Надзеі падабалася больш за ўсё.
У парку Надзея загаварыла:
– Ты недзе падумаў, чаго гэта я ўчора паабяцала расказаць пра сябе, а расказала пра сястру, пра Галю?
Лазаковіч маўчаў. Надзея, не зважаючы на гэта, гаварыла – нібы сама для сябе.
– А таму, што гэтае нешчаслівае каханне Галі і Паўліка якраз і выдала мяне замуж. Адсюль пачынаецца мая сямейная біяграфія.
Надзея ўзяла яго пад руку, і Лазаковічу зрабілася ад гэтага неяк утульна-цёпла ў халоднай і цёмнай, яшчэ не развіднелай раніцы, якую нават мокры і ліпкі снег, які падаў вялікімі, па лапцю, шматамі, не рабіў святлейшай.
– Спачатку Сеня, мой муж, калі яшчэ была жывая Галя, хацеў усяго толькі адпомсціць нам, Панасёнкам, за абразу і, як ён лічыў, за насмешку над іхнім Паўлікам. Ён задумаў пазнаёміцца са мною, пасябраваць, прыручыць мяне, а тады, насмяяўшыся, кінуць зняслаўленаю: зірніце, маўляў, усе яны такія, Панасёнчыхі... Я ж нічога пра гэта но ведала, але ўсё роўна, як назло, доўга не прыручалася: зірну на яго – рыжы гэткі, тоўсты, як мядзведзь. Навошта ён мне, думаю. Ды так доўга я не прыручалася, што, сама нават не жадаючы, яго прыручыла: як убачыў, казаў ён мне пасля, твае ногі – мае, і ўсё, думаю, будуць яны. Так мы і пажаніліся. Жылі дружна тады, жывём яшчэ дружней зараз. Але аднаго разу – найшло...
Пачало ўжо світаць. У ранішняй шэрані ля самай ракі ён пазнаў тую незвычайную сасну, якой ён дужа здзівіўся, калі ўбачыў упершыню: магутныя, як ствалы, карані высока, амаль на чалавечы рост, узнялі над берагам выносістае дрэва.
– Дык вось. Неяк зачасцілі мы з Сенем у адну вельмі прыстойную сям’ю. Збіраліся разам, святкавалі ўсе святы там, адзначалі сямейныя і рабочыя ўрачыстасці. Нам з імі было хораша і весела. Гаспадарам, мы бачылі, – таксама. І вось аднаго разу прыходзім туды – мне здаецца, гэта было пад Новы год – і, уяўляеш, сустракаем там дужа прыгожага мужчыну – высокага, элегантнага, блакітнавокага. Каб табе было зразумела ўсё – ён вельмі падобны на Івана Аляксеевіча. Вельмі. Адно маладзейшы... Я толькі зірнула на яго, і мас сэрца нібы знікла куды – такога са мною ні да гэтага, ні пасля гэтага не было, – а на тым месцы, дзе яно білася, нібы ў пустой ямачцы, стала горача-горача – як хто вугалёк паклаў. Я, памятаю, паспела падумаць: «Божа мой, няўжо гэта на нашым заводзе ёсць такія мужчыны?» Гэты вечар прайшоў для мяне нібы ў сне. Мне хацелася, каб ён глядзеў на мяне, і ён, нібы слухаючыся майго жадання, глядзеў на мяне; я хацела падабацца яму і бачыла, што падабаюся. Я сама як зачараваная ўвесь вечар глядзела на яго, і ў маіх вачах, мусіць, было ўсё. Апрача, можа, аднаго – страху. Які там страх, калі і госці, і нават Сеня ў гэты вечар нібы зніклі для мяне, нібы іх не існавала, а быў толькі ён адзін! Ён узвышаўся над усім і запаўняў сабою ўвесь пакой – куды б я ні паварочвала свае вочы, яны натыкаліся на яго. А можа, і вочы я паварочвала толькі туды, дзе сядзеў ён? Потым мы пачалі з ім сустракацца ў гэтых жа знаёмых кожнае свята. І, уяўляеш, я ўжо з нецярпеннем, з нервовым неспакоем чакала свята – любога, для мяне ўжо было ўсё адно якое: абы свята. Бо свята – гэта магчымасць сустрэцца з ім, увесь вечар глядзець на яго. Потым мы выпадкова, незаўважна пачалі сустракацца і на вуліцы. Іду і раптам бачу – ён.
– Адно аднаго шукалі, відаць, – рашыўся загаварыць Лазаковіч.
– Не ведаю, шукалі ці не, але для выпадковасці гэта было ўжо занадта: я ў магазін – і ён там, я ў парк – і ён там, я на рэчку – і ён на рэчцы. Потым я паступіла ў вячэрні інстытут. Прыйшла на першыя заняткі, і – божа мой, як я ўзрадавалася! – ён таксама быў там. Цяпер мы сустракаліся вельмі часта – сядзелі побач на занятках, ішлі разам дадому: нам жа, як высветлілася, было якраз у адну дарогу. Здаралася, пасля заняткаў прыходзіў сустракаць мяне Сеня – баяўся, каб хто не напалохаў на вуліцы: лекцыі канчаліся позна. Як мне было гэта непрыемна, як я злавалася тады на мужа! Іду і бачу – стаіць мой рыжман у вестыбюлі. Божа мой, чаго ён прыйшоў, думаю. Як па маленькую ў яслі. Нам жа з Валодзем у адну дарогу... А Сеня ўсё часцей пачаў сустракаць мяне – амаль кожны дзень. Божа мой, як я яго ненавідзела за гэта! Як я не хацела, каб ён браў мяне пад руку, як мне было прыкра, калі Валодзя бачыў нас разам!.. Неяк вясною паехала я ў лес па чаромху. Вярнулася з вялізным-вялізным букетам. Паставіла ў ваду. Божа мой, такі пах, так прыгожа, так святочна! Сонца на вуліцы. Расчыніла акно – і вось яно тут, у пакоі, хоць ты пагладзь промні рукою. Птушкі спяваюць. Я прылегла на ложак і аж вочы закрыла ад нейкага дзіўнага ўзрушэння. І толькі, памятаю, было чамусьці чагосьці шкада – нібыта марна прападаюць і вось гэты пах, і гэтая радасць, і гэты дзень, які ні з таго ні з сяго стаў для мяне святочным. І вось тут я зразумела, адчула, што і ў гэтай апантанай радасці мне чагосьці не стае. І спалохалася: я то ведала – чаго. Дачка побач бегае, таксама радуецца, муж у мяне ласкавы, добры, не п’яніца, у сям’і лад, а мне, паганцы, чагосьці не хапае. Пазней прыйшоў з працы Сеня. «У цябе нехта быў», – пачаў ён падазрона прыглядацца і прынюхвацца.
«Ды кінь ты глупства вярзці», – адказваю, а сама міжволі хаваю вочы. Адчуваю, што ён і праўда быў тут: я насяліла ім увесь пакой, ён быў усюды – і курыў ля расчыненага акна, і сядзеў за сталом, любуючыся маім букетам, быў і на ложку, побач са мною...
«Не, тут нехта быў, – не сунімаўся Сеня. – Я ж добра чую чужога». Яму, відаць, перадаўся мой настрой, і Сеня, мусіць, напраўду ўбачыў таго, пра каго я толькі што думала. Тут мне само сабою ўспомнілася, як ноччу ён, бывала, вяртаўся з другой змены і пытаўся: «У цябе нехта быў?» Я адказвала: «Не выдумляй абы-чаго – не перашкаджай мне спаць» – і адварочвалася да сцяны, а сама аж калацілася тады ад нейкага напятага, нібы страх, пачуцця. Але гэта быў не страх, не боязь – я і сама да сёння не разбяруся, што гэта было. А Сеня ўсё дапытваўся: «Ну, дык хто ў цябе быў? Хто курыў? Я ж нават дым ад цыгарэты чую!» О, гэтыя некуромшы! Ён нават той дым чуў, пра які я толькі думала – Валодзеў дым. Сеня доўга не клаўся спаць, усё дапытваўся: «Дык хто з табою быў, скажы?» А мне было не па сабе, мяне калаціла яшчэ болей: я ж і праўда была з Валодзем – увесь вечар думала пра яго.
Лазаковіч ішоў моўчкі, слухаў Надзею, а сам успамінаў, што нешта такое, як яе Сеня, перажыў ён і сам. Ён хоць яшчэ нічога і не ведаў, але па паводзінах жонкі адразу адчуў, калі яна яму ўпершыню здрадзіла. Яна ў той дзень мітусілася, то цалавала яго, то рабілася калюча-насмешлівай, то без усялякай прычыны лашчыла дзяцей, то смяялася, то раптам пачынала плакаць. Лазаковіч тады амаль фізічна адчуваў, як ля яе струменіцца – так-так: струменіцца! – ці то пах, ці то шэпт зусім невядомага яму чалавека, які з гэтай пары стаў трэцім і з якім яму зараз абавязкова давядзецца лічыцца...
– Вось тут я і зразумела, што ўсё гэта ў нас ужо вельмі далёка зайшло. Тым больш – пачула, што і ён дрэнна жыве з жонкаю, і падумала: а ці не я ў гэтым вінаватая? Рашыла канчаць – адразу, назаўсёды. Ты зразумееш, як мне гэта было нялёгка, калі прызнаюся, што, нават калі скончылася вучоба ў інстытуце, я вельмі перажывала, шкадавала, пакутавала: гэта ж я не змагу яго зараз так часта бачыць... І вось прыходзіць нейкае свята – не помню ўжо якое. А я і кажу Сеню: «Давай пасвяткуем з табою ўдваіх. Не пойдзем нікуды». – «Чаму?» – здзіўляецца Сеня. «Проста мне не хочацца...»
– Во, паслухайце, паслухайце... Во, зірніце, зірніце...-– Лазаковіч настолькі ўжыўся ў Надзеіны ўспаміны, настолькі прымаў іх да сэрца, перажываў, што доўга ніяк не мог зразумець, хто гэта спыніў іх, хто і куды настойліва раіць ім зірнуць і што паслухаць, пакуль, аглядзеўшыся, нарэшце не ўбачыў даярку. Цётка стаяла пад сасною, на яе сыпалася нейкая пацяруха, а яна ўсё роўна глядзела ўгору.
– Бачыце яго?
Толькі цяпер да Лазаковіча дайшоў стук, якога ён дасюль не чуў. Ён і сам, як даярка, падняў галаву ўгору і высока-высока на сухой старадрэвіне ўбачыў дзятла – той сядзеў амаль што нябачны: шэры, як сучок. Дзяцел далёка назад адводзіў галаву, а потым з усяе сілы ўразаўся дзюбаю ў яшчэ не струхнелае – чуваць было па гуку – дрэва. Ён працаваў з такою сілаю і з такою апантанасцю, што цётка дзівілася:
– Во гэта дзяўбе! Аж у мяне ў чэрапе баліць, а ён хоць бы што. Дай-тку так памалаці галавою. Дзе ж бы гэта чалавек вытрымаў. Ды ў яго ж зрушэнне мазгоў будзіць.
– Не бойся, цётка, не будзе.
– Але ж во, відаць, галава кружыцца ў яго пасля такой работы: як у мяне, пэўна... Гэта ж дай-тку так галавой разгоніцца – і раз!
Яны, мінуўшы цётку, пакінулі яе пад сасною – адну. Надзея, нібыта і не было гэтай дзіўнай, можа, нават недарэчнай сустрэчы, паўтарыла свае апошнія словы:
– «Проста мне не хочацца», – адказала я Сеню. А ён сваё: «Чаму гэта не хочацца? Заўсёды хацелася, а цяпер не хочацца». – «Не пытайся ў мяне, Сеня, ні пра што. Можа, некалі я сама табе пра ўсё раскажу. Толькі не зараз. Згода?» Ён уважліва паглядзеў на мяне. «А хочаш, я сам табе пра ўсё раскажу? – Сеня неяк няёмка, нібы балюча, усміхнуўся і пачаў: – Памятаеш, як мы прыйшлі тады ў госці? Як ты ўбачыла яго? Як зірнула на яго? Як ён на цябе? Як вы ўвесь вечар толькі адно на аднаго і глядзелі? А памятаеш, як ты злавалася, ненавідзела мяне, калі я вечарам прыходзіў сустракаць цябе ў інстытут?» Божа мой, ён жа ўсё ведаў, усё бачыў і маўчаў! Мілы мой Сеня – як яму, беднаму, цяжка было маўчаць! І вось тут мяне агарнула і запаланіла ўсю нейкая бязмежная замілаванасць да яго, і я, уяві сабе, закахалася ў свайго Сеню нанова, другі раз – што ж, відаць, бывае і такое, калі жонка, як наіўнае дзеўчанё, можа раптам закахацца зноў у свайго, здавалася б, такога абжытага мужа. Я ганарылася Сенем. Я ўзвышала яго над усімі. А ён толькі ўсміхаўся: «Раўнаваць таксама трэба разумна. Памятаеш, як я казаў, што ў цябе нехта быў? Я і праўда яго дым чуў – аж кашляць хацелася...»
Лазаковіч і Надзея падышлі ўжо да мінеральнай крыніцы. Каля яе ўвачавідкі вырастала чарга, і яны, не марудзячы, сталі ўслед за Барадачом. Там, дзе, дагледжаныя чалавекам, білі фантанчыкі мінеральнай вады, пілі ўжо з аднаго кубка Іван Аляксеевіч і прадаўшчыца – тая, што насіла блакітны шалік. Яны так дзяцініліся, што Лазаковічу стала няёмка за гэтага сівавалосага чалавека. Ёй жа, гэтай маладой жанчыне – амаль што дзяўчынцы яшчэ, – дураслівасць якраз падыходзіла: яна падкрэслівала яе маладосць.
Сяброўкі, якая насіла ружовы шалік, ля іх не было відаць. Лазаковіч міжволі павярнуўся назад і ўбачыў, што яна з камсамольскім работнікам стаіць далёка за імі – у канцы чаргі.
Перад самаю ўжо крыніцаю Барадач крануў Лaзаковіча за руку і загаварыў да іх з Надзеяю:
– А вы, маладыя людзі, ніколі не задумваліся, што вось гэтая крыніца і гэты натоўп ля яе – нібы вечныя. Вось пабылі тут месяц мы і паедзем, прыедуць за намі, таксама пабудуць месяц, за імі – яшчэ прыедуць і паедуць, але вось гэты натоўп будзе віраваць тут заўсёды: людзі будуць дужа шчыгульна наліваць сабе ці то чвэрць шклянкі вады, ці то палавінку – строга, як прапісаў лекар! – будуць піць яе ці халоднаю, ці падагрэтаю, паслухмяна выконваючы парады санаторных дактароў. Мы бачым такою крыніцу адзін толькі месяц, а жыхары гэтага ўтульнага гарадка – увесь час. Ці не надакучае ім гэты статак, які тры разы на дзень з кубкамі і шклянкамі спяшаецца пад іх вокнамі на вадапой?.. Дарэчы, а вы ўжо, маладыя людзі, чамаданы свае спакавалі на ад’езд?
Ён выпіў свае паўшклянкі падагрэтай вады – над ёю вілася ляная пара – і, адыходзячы, пакланіўся ім:
– Ну, маладыя людзі, да сустрэчы сёння ж – на развітальным балі.
Развітальны баль быў крыху шчымліва-тужлівы. Хоць усе радаваліся, што едуць дадому, да сваіх сем’яў, але чагосьці ўсё ж было і шкада – што сабе ні кажыце, а людзі і за месяц прывыкаюць адно да аднаго, здружваюцца, і ім вось зараз сумнавата пакідаць сваіх новых сяброў.
Спявалі традыцыйныя курортныя песні, але таго запалу і імпэту, з якімі спяваліся яны адразу па прыездзе, ужо не было.
Абвясцілі жаночы вальс. І Лазаковіч убачыў, як Надзея, нібы тады, у самым пачатку яшчэ, прабіраючыся між хлопцаў і мужчын, такая ж прыгожая, з тою ж заварожнаю ўсмешкаю, у той жа чырвонай шарсцяной сукенцы, ішла ў яго бок. Яна, хораша ўсміхнуўшыся, запрасіла Лазаковіча на танец, і ён, удзячны ёй за гэта, ласкава паціснуў яе руку – маўляў, дзякую.
Яны танцавалі лёгка, танец у іх выходзіў хораша, нягледзячы на тое, што Лазаковічу крыху замінаў яго цяжкі зімовы абутак.
Іван Аляксеевіч вальсаваў з прадаўшчыцаю – зноў з тою, што носіць блакітны шалік. Ён быў такі ж, як і заўсёды, а вось яго сяброўка крыху сумілася.
Закружыўшыся, Лазаковіч і Іван Аляксеевіч сутыкнуліся спінамі, папрасілі адзін у аднаго прабачэння і пачалі кружыцца ў розныя бакі. Калі ўжо яны былі далёка адзін ад аднаго, Лазаковіч спытаўся ў Надзеі:
– Слухай, скажы ты мне хоць на развітанне, чаму вы тады з Іванам Аляксеевічам дужа хутка разышліся?
Яна спынілася, перастала кружыцца, і яны паволі хадзілі ў цесным крузе – проста тапталіся на месцы.
– А ты хіба не зразумеў? Божа мой, які ты нездагадлівы! Навошта ж я табе ўсю сваю біяграфію, усё сваё каханне ўспамінала? Памятаеш, я табе расказвала, як закахалася ў Валодзю, потым, памятаеш, я казала, што Іван Аляксеевіч вельмі – ну як дзве кроплі вады – падобен на Валодзю. Знешне, вядома. І таму, разумееш, як толькі я яго ўбачыла, ува мне адразу ж прачнулася ўсё тое, ранейшае: нібы вярнуўся той Новы год, калі мы прагна глядзелі адно на аднаго і не маглі наглядзецца. Мне запахла яго дымам, запахла тым букетам чаромхі, які я прынесла – помніш? – з лесу, і мне стала светла і молада – як і тады. І я спалохалася. І зноў рашуча сказала сама сабе: «Не!» Вось тады я і зайшла па цябе – каб разам ісці піць ваду. Я разумела, што мы з табою не пакахаем адно аднаго, што мы не будзем адно ад аднаго патрабаваць лішняга, не патрэбнага тут. Я ведала, мы будзем з табою проста сябрамі. Сябрамі – і ўсё.
Вальс скончыўся, але хтосьці з тых, хто быў бліжэй да радыёлы, зноў перавёў іголку на пачатак танца. Лазаковічу танцаваць ужо не хацелася. Тое, што ён пачуў ад Надзеі, непрыемна ўразіла яго, і яму самому здалося, што ад гэтага прызнання ён, і без таго не вялікі прыгажун, яшчэ больш пабрыдчэў, але Надзея сама падхапіла яго і зноў укружыла ў самы вір танца.
Лазаковіч убачыў, што Іван Аляксеевіч весела вальсуе ўжо з другою жанчынаю. Потым на вочы яму выпадкова трапіла прадаўшчыца: яна, неяк сцяўшыся, сядзела ля радыёлы і сумна глядзела сабе пад ногі. Каб крыху развеяць свае думкі і не маўчаць, ён паказаў Надзеі:
– Глядзі, як сяброўка Івана Аляксеевіча засумавала на ад’езд: відаць, хуткую ростань перажывае.
– Не, у яе іншы клопат.
Лазаковіч запытальна зірнуў на Надзею.
– Разумееш, прыходзіць яна ўчора позна ўвечары ў пакой, а сама нейкая разгубленая, прыгнечаная – як не плача. Кідаецца на ложак, закрывае вочы і, глытаючы слёзы, гаворыць: «Дзяўчаты, сварыцеся на мяне, ненавідзьце мяне, лайце мяне – я брудная, я нядобрая: я здрадзіла свайму мужу». Мы ўсе прамаўчалі – бачылі, што яна і так перажывае. Але ж як хацелася сказаць ёй: «Ну за што ты так не паважаеш свайго мужа? За што ненавідзіш яго? Як ты цяпер будзеш яму ў вочы глядзець, вярнуўшыся?»
Надзея задумалася:
– Хаця ж вы, мужчыны, усе няверы. Нават і паводзіш сябе, бывае, прыстойна, а вы ўсё роўна думаеце: калі паехала адна, то абавязкова здрадзіць.
Лазаковіч слухаў яе не дужа ўважліва. Ён усё ж спрабаваў разабрацца ў тым, што Надзея сказала яму раней:
– Слухай, калі я быў табе такі абыякавы, то чаго ж тады ў першы вечар, сярод такога натоўпу прыгожых мужчын і нават хлопцаў, ты выбрала менавіта мяне і запрасіла на жаночы вальс?
Яна вінавата паглядзела яму ў вочы:
– Даруй мне, але, разумееш, не цябе я ішла запрашаць на той вальс. За табою стаяў Іван Аляксеевіч. Толькі, пакуль я дайшла, яго павялі ўжо ў круг. І мне нічога не заставалася, як запрасіць цябе...
Лазаковічу было балюча – нібы хто ўдарыў яго па твары: здалося, што аж зачырванелася шчака. Ён спрабаваў схаваць сваю крыўду, свой боль, але яму, мусіць, гэта дрэнна ўдавалася. Надзея, відаць, усё ўбачыла, зразумела і таму трывожна зірнула на Лазаковіча:
– Даруй мне, калі ласка. Я табе сёння нагаварыла столькі прыкрасцей.
Танец скончыўся. Лазаковіч вёў Надзею на месца, і яна паспешліва шукала ў думках чагосьці прыемнага, весялейшага – каб неяк яго супакоіць:
– Але затое вось на гэты апошні наш вальс я ішла толькі па цябе...
Ён сам сабе спрабаваў разважыць – маўляў, што ты ад яе хацеў, на што спадзяваўся: яна ж замужам, любіць свайго мужа; спрабаваў знайсці ў гэтых яе словах хоць нейкае суцяшэнне для сябе, але, як ні намагаўся, не знаходзіў.
Крыніца: Сіпакоў Я. Жанчына сярод мужчын: Апавяданні і аповесці. – Мн.: Маст. літ., 1980. – 432 с.
Похожие статьи:
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Як спакайней?
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Заміра
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Перавернуты