Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Сіпакоў - Восень

   Мусіць, не толькі на мяне аднаго жоўтай і шапаткой восенню неяк нечакана і без асаблівай дай прычыны наваліцца раптам ціхі і, калі хочаце, нават трошкі прыемны ў сваёй сцішанасці сум, які неспакойна трывожыць цябе, дзе б ты ні быў, куды б ні ішоў, ні ехаў. Трывожыць менавіта так, як увесну, – таксама без дай прычыны! – хвалюе, бярэ цябе ў палон усё тая ж, як і летась, і пазалетась, і колькі ты помніш сябе, вясновая радасць – бурная, неўтаймоўная, неабдымная. Тады, вясною, і непрыемнасці нават здаюцца не такімі крыўднымі. А ўвосень – радасць і тая будзе трошкі спакайнейшая, цішэйшая.
   Адкуль ён, гэты шчымлівы неспакой жоўтай восені?
   Можа, ён з’яўляецца таму, што ты бачыш, а калі не бачыш, то разумееш душою, што з палёў, сумленна адрабіўшы жніво, пайшлі ўжо ў недалёкі свой вырай карычневыя, трохі павыгаралыя за лета камбайны – пайшлі да налецця, да наступнага года.
   Можа, яшчэ таму, што чалавечаму воку трохі нязвыкла бачыць голае, апусцелае раптам поле, якое ўсю вясну і ўсё лета напружана працавала, – што ж, выгляд зжатай постаці разам з радасцю за скончаную работу заўсёды, мне здаецца, пакідае нейкі вярэдлівы сум, які немагчыма растлумачыць.
   А можа, проста таму, што кожны мімаходзь бачыць, як у гэтыя дні паволі, не спяшаючыся, рыхтуецца да зімы, да доўгага і санлівага зімавання ўся прырода, а ў ёй – кожны жучок, кожнае жывое зернетка...
   Восень – гэта вечар года.
   Яшчэ нядаўна вось тут шапацела, шаргацела, жаўцела, свяцілася, святкуючы свой час, лагоднае бабіна лета. Былі такія раніцы і вечары, калі нават мроілася, што можна адчуць на дотык, як кожны дзень робіцца ўсё карацейшы і карацейшы, як пругка струменіць, адыходзячы, спяшаючыся, лета – шамаціць паўз апошнія познія матылі, паўз стагі саломы, паўз нас саміх...
   Потым пахаладала – спахапілася восень, зацягнула хмарамі неба. А вось сёння, праз колькі халодных дзён кастрычніка, зноў раскашуецца сонца і ціхая-ціхая цеплыня – здаецца нават, што бабіна лета вярнулася зноў, каб адбыць у полі хоць колькі яшчэ дзён.
   Дрэвы стаяць абапал дарогі ў сонечных промнях – такія ціхія, што колькі ні глядзі на іх, колькі ні напружвай вочы, так і не ўбачыш, каб дзе-небудзь зварухнуўся хоць адзін лісток...

 

Похожие статьи:

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Клетка

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Перавернуты

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Як спакайней?

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Лета з мятлушкай

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Заміра