Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Янка Маўр - На крызе
Увага! Поўны змест
У канцы вёскі быў мост цераз раку Свіслач. Ля гэтага моста калісьці стаяў вадзяны млын. Але цяпер ад яго пазаставаліся толькі абгарэлыя слупы. Вада бурна імчала пад мостам, а далей направа і налева адыходзілі маленькія струменьчыкі і ціхенька закручваліся ў завадзі.
Тут заўсёды на паверхні вады збіралася многа ўсялякага ламачча, травы, саломы. Аднаго разу Мікітка знайшоў нават драўляную качку. Качка, відаць, прыплыла з далёкага горада, дзе яе згубіла якое-небудзь малое дзіця.
Але карысныя рэчы трапляліся вельмі рэдка; больш плыло смецце, якое псавала прыгожую, ціхую завадзь. Улетку дзеці любілі кіямі выштурхваць гэтае смецце з завадзі на раку. Да чаго ж весела было наглядаць, як струмень падхопіць выштурхнутую ламачыну, пачне круціць і панясе далёка-далёка...
Мікітка часцей за другіх праводзіў час ля моста. Нават цяпер, увесну, у самы ледаход, ён цэлыя дні бавіўся тут.
— Што ты сабе думаеш? — казала яму маці.— Ты ж з гэтымі крыгамі ў ваду трапіш!
— Не, не траплю! — упэўнена адказваў Мікітка. Пакуль лёд ішоў густа, пакуль крыгі лезлі адна на адну, трашчалі і крышыліся, Мікітка не мог прыняць у гэтай справе ніякага ўдзелу. Ён мог толькі з цікавасцю наглядаць страшны рух. Але хутка лёд парадзеў, крыгі паплылі па воднай прасторы вольна, лёгка і часамі пачалі затрымлівацца ў ціхай завадзі. Хіба можна тут утрымацца і не выштурхнуць вялізную крыгу на струмень? 3 ёю мець справу куды цікавей, чым з нейкім там смеццем.
Мікітка, стоячы на беразе, вельмі старанна рэгуляваў рух крыгаў. Як толькі спыніцца якая ў завадзі, ён зараз жа і выганіць яе адсюль кіем.
Але вось з-пад моста выйшла вялікая, тоўстая крыга, прайшла каля самай завадзі і прыпынілася. Падумала, падумала трохі — ды і пачала ціхенька заварочвацца ў завадзь, да берага, і нарэшце так ёмка ўсталявалася, што можна было падумаць, нібы яна ўсю зіму тут жыла.
Крыга закрыла сабой усю завадзь. Адштурхнуць яе Мікітка не меў сілы. Ды і не адштурхваць, а ўзабрацца на яе захацелася Мікітку. Асцярожненька ступіў ён на крыгу адной нагой, другой — тая нават не зварухнулася. Значыць, можна было на ёй адчуваць сябе спакойна.
I Мікітка адчуў сябе на ёй так спакойна, як на беразе. I гэтак жа, як з берага, стаў рэгуляваць рух іншых крыгаў. Цяпер ужо ён мог зачапіць крыгу, якая ішла міма, прыцягнуць яе, сутыкнуць з другой і пацяшацца, як яны стукаюцца лбамі.
А калі ён падцягваў да сябе крыгу, то гэтым самым адцягваў ад берага і тую, на якой сам стаяў. Патроху яна пачала адсоўвацца ад берага... Але Мікітка так захапіўся сваёй гульнёй, што зусім гэтага не заўважыў.
А калі заўважыў, то яго крыга ўжо больш як на метр ад'ехала ад берага. Закрычаў Мікітка, пачаў кідацца туды, сюды, але дарэмна: крыгу падхапіла плынь і панесла.
Пачуць Мікітку з вёскі ніхто не мог, бо хаты былі не так блізка і несла яго зусім у другі бок. Заставалася адна надзея, што ўбачыць і пачуе яго хто-небудзь у полі. Але хто ў такое разводдзе будзе хадзіць па полі, воддаль ад дарогі і хат?
Спачатку Мікітка доўга крычаў і плакаў, а потым убачыў, што плач яго ніяк дапамагчы не можа, і сцішыўся. Тым больш што страху пакуль што ніякага не было. Крыга была вялікая, тоўстая і зусім лёгка трымала на сабе малога Мікітку. Вазіла яна свайго пасажыра не толькі па рацэ, але і па сенажаці, па балоце, па алешніку. Вось тут ён улетку за матылямі ганяўся, там сярод кустоў знайшоў птушынае гняздо, а цяпер ён едзе над усімі гэтымі мясцінамі, як Папанін, на крызе.
Але нядоўгае было такое шчасце. Крыга зачапілася за алешыну і прыпынілася. У гэтую мінуту ззаду наехала на яе другая крыга і штурханула так, што Мікітка паляцеў дагары нагамі. А калі ён устаў, то ўбачыў, што ад яго крыгі засталася толькі палавіна. Гэтая палавіна паплыла далей, але ўжо не так спакойна, як раней. Ад кожнага руху хлопчыка яна гайдалася і гатова была перакуліцца. Мікітка ўжо баяўся стаяць; ён сеў на лёд і дрыжаў ад страху. Зноў пацяклі ў яго слёзы, зноў пачаў ён крычаць — і зноў ніякага адказу.
Вёска засталася далёка ззаду. 3 правага берага ішлі шырокія палі з белымі плямамі снегу, з левага — залітыя вадою паплавы, за якімі пачынаўся лес. Наўрад ці мог тут дзе быць чалавек.
Аднак адзін чалавек знайшоўся, ды толькі... у небе! За дзесятак кіламетраў ад вёскі быў аэрадром, і жыхары прывыклі, што над імі бадай кожны дзень кружацца вучэбныя самалёты. На іх нават перасталі звяртаць увагу. Але на гэты раз Мікітка падняў угару і вочы, і рукі і нават закрычаў:
— Дзядзечка, дапамажы!
Вядома, хлопчык разумеў, што лётчык не толькі пачуць яго не можа, але наўрад ці і ўбачыць. Але ў такую мінуту было не да разважанняў.
Лётчык праляцеў міма досыць нізка. Праз мінуту ён вярнуўся і праляцеў яшчэ ніжэй. Потым паляцеў у вёску ды як загудзе над самымі хатамі — ледзь стрэхі не пазрываў. Людзі павыскаквалі з хат, глядзяць, дзівяцца. А самалёт паляцеў назад і праляцеў над Мікіткавай галавой. Сотні вачэй накіраваліся ў гэты бок, але з вёскі ніхто не мог убачыць хлопчыка на крызе.
Самалёт зноў завярнуўся да вёскі, зноў праляцеў над хатамі, і тады людзі ўбачылі, што лётчык высунуў руку і махнуў ёю.
— Глядзіце, глядзіце, нешта кінуў! — пачуліся крыкі.— Бяжыце, лавіце!
На зямлю ляцела нешта маленькае, чорнае. Дзеці мігам злавілі яго. Гэта была рукавіца, а ў ёй запіска:
«Хлопчык на крызе».
Самалёт тым часам зноў пачаў кружыцца над тым месцам, дзе плыў Мікітка, а потым паляцеў далей.
Пакуль самалёт лятаў вакол яго, хлопчык меў надзею, што лётчык яго ўбачыў і хоча дапамагчы. А калі самалёт паляцеў, то Мікітку зноў ахапіў жах. За гэты час ад яго крыгі адламаўся яшчэ адзін кавалак, і цяпер яна так хісталася ад кожнага руху хлопчыка, што магла перакуліцца кожную мінуту. Мікітка лёг на крыгу і прыціснуўся да яе, дранцвеючы ад холаду. Увесь свет яму здаўся цёмным, пустым. Шкада яму стала сябе самога, і ён затросся ад плачу.
Вось наперадзе плыве вялізная крыга. Яна чапляецца за кусты, затрымліваецца, нязграбна паварочваецца, зноў плыве, зноў чапляецца. Малая Мікіткава крыга плыве хутчэй, яна павінна дагнаць вялікую. Калі стукнецца, што тады будзе?..
«А што, каб пераскочыць на яе?» — мільганула ў галаве думка.
Мікітка перастаў плакаць, пачаў прыглядацца, меркаваць: можна пераскочыць... не дапусціць, каб яны стукнуліся, а то гэтая раскрышыцца ці перакуліцца... Трэба падрыхтавацца, падпільнаваць і скокнуць...
Страх прайшоў. Не адчувалася і холаду. Усе думкі Мікіткі накіраваліся на другое. Ён прыўзняўся, рыхтуючыся скокнуць,— крыга пагражальна закалыхалася. Нічога, трэба толькі спакайней трымацца.
Да вялікай крыгі засталося паўметра, меней, меней... раз! — і Мікітка, адштурхнуўшы нагамі сваю крыгу, бразнуўся на вялікую. Тая толькі трошкі нахілілася.
Мікітка аж засмяяўся ад радасці: здорава ён скокнуў! На гэтай крызе можна і да берага даехаць. А калі яна паламаецца, то па дарозе можна натрапіць на другую такую самую. Або трапіцца дрэва якое ці астравок. Нарэшце, тут і неглыбока — паплавы, пешшу можна дайсці. Ды і наогул нічога страшнага няма. Чаго ён, дурны, баяўся і плакаў?
...Калі пад'ехалі людзі, то са здзіўленнем убачылі, што Мікітка адчувае сябе як дома — спакойны, вясёлы, нібы з ім нічога асаблівага не здарылася.
Ні яны, ні сам Мікітка не ведалі, што такім ён стаў тады, калі забыўся на страх ды пачаў разважаць і дзейнічаць.
Похожие статьи:
Янка Маўр → Янка Маўр - Багіра - ГДЗ
Янка Маўр → Янка Маўр - Лацароні