Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Маўр - Завошта?

Увага! Поўны змест

Прысвячаецца светлай памяці М. Л.

   Яму было сем гадоў, мне — на паўстагоддзя болей, але кожны раз пры сустрэчы з ім я нібы саромеўся, падцягваўся, стараўся паказаць сябе вартым яго. Едзе ён, скажам, верхам на дасканалым альховым дубцы, сустрэнешся з ім і скажаш, як вядзецца:
   — Які ж у цябе добры конь!
   А ён гляне на цябе такімі сур’ёзнымі, глыбокімі вачыма, нібы думае: «Такі стары, а глупства гаворыць». Пачынаеш адчуваць, што сапраўды сказаў глупства, што такому незвычайнаму хлопчыку трэ было б сказаць нешта больш разумнае і сур’ёзнае. А ён як гікне, як сцебане свайго каня ды як панясецца... Стаіш і дзівішся яму ўслед: ды ён жа такі, як і ўсе!
   Маленькі садок. Мільгацяць на сонцы цені. Гудуць мухі. У кутку на лавачцы нерухома сядзіць хлопчык і да чагосьці прыслухоўваецца. Да чаго? У кожным разе не да таго, што ўсім нам само лезе ў вуха,— не да грукату машын за домам, не да званкоў трамвайных і не да крыку дзяцей на двары. Ён прыслухоўваўся да подыху, да пульса прыроды, якая не спыняла свайго жыцця ў гэтым мініяцюрным кутку. Ён чуў толькі гудзенне вось гэтай тоўстай мухі з залатым брухам, толькі чырыканне вераб’я над галавой, толькі шолах лісця на кустах; ён бачыў толькі кветкі, траву, кусты, толькі ўсялякіх жучкоў, мурашак, чарвячкоў, якіх ніхто не бачыў, апрача яго. А яны ж тут стварылі цэлы невядомы нам свет; у іх былі свае справы, свае інтарэсы; яны, пэўна, разумелі адно аднаго, размаўлялі на сваёй мове.
   Вунь па шырокім лісце паўзе голы зялёны чарвячок, паўзе шпарка, заклапочана, відаць, некуды спяшаецца. Дапоўз да краю, спыніўся, падумаў трохі, а потым стаў на дыбкі, падняў палову тулава ўгору і давай матляцца ва ўсе бакі — ці няма дзе якога пераходу?
   Міша ўзяў тады і сарваў лісціну разам з чарвяком. Чарвяку трэба падавацца на другі бок. А гэты другі бок стаў ужо верхнім, і перад нашым чарвяком адкрыўся такі самы шырокі шлях, які ён ужо прайшоў. Сабраўся з духам чарвячок і — зноў у дарогу. Ідзе, заклапочаны, па шырокай прасторы ліста, ідзе, матае галавой. Зноў падышоў да краю і стаў на дыбкі — ці не відаць дзе пераходу? I зноў вымушаны быў перайсці на другі бок, які зараз жа перавярнуўся ўверх. I зноў пачалося тое самае падарожжа...
   Цікава, як доўга мог бы так вандраваць чарвяк? I што б ён нарэшце зрабіў? Але шкада яго мучыць. Хай сабе ідзе дадому. I Міша ціхенька палажыў ліст у куст.
   А колькі тут наогул усялякага народу жыве! Толькі ніхто не бачыць і не ведае. А Міша ведае і жыве з усімі дружна.
   Некалькі разоў мама крычала праз акно: «Міша, ідзі есці!», але ён нічога не чуў. Тады толькі пачуў і ўбачыў, калі мама сама прыйшла да яго з міскай.
   Шмат клопату было маме з кармленнем. Міша зусім не цікавіўся гэтай справай. А калі еў, то з такім выглядам, нібы гэта яго зусім не датычыцца, нібы есць не ён, а нехта другі. А тут яшчэ больш важныя пытанні лезуць у галаву:
   — Ці доўга можа чарвяк хадзіць? Ці прайшоў бы ён адсюль да моста?
   — Ды еш ты! — бурчала маці.— Адкуль такія глупствы лезуць у галаву?
   Прыйшлося растлумачыць маме, што гэта зусім не глупства, а пытанне вельмі важнае.
   Мама толькі засмяялася і пацалавала яго. Яна прывыкла ўжо да падобных важных спраў. Не раз бачыла яна, як Міша ратаваў мух, што прыліпалі да ліпучай паперы. Возьме асцярожненька, каб не скалечыць, і выкіне праз акно. Другі раз Міша нікому не даверыў знішчыць мышку, якая трапіла ў пастку. Ён сам вынес яе на двор, пад хляўчук, і... выпусціў. Калі яго папракнулі, ён адказаў:
   — У нас яна больш не будзе жыць — я занёс яе далёка, а ў хлеўчуку хай сабе жыве.
   А яшчэ раней дык цэлая бяда была са шчанём. Міша знайшоў яго ўвесну пад снегам. Сабачка быў зусім цэлы, і вочы ў яго былі адкрытыя, чыстыя. Выцер яго Міша, пахукаў, засунуў пад паху і ўрачыста прынёс у хату. Але тут яго сустрэлі зусім не ўрачыста. Мама закрычала, замахала рукамі, загадала выкінуць шчаня прэч, бо яно мёртвае. Міша прасіўся, даводзіў, што сабачка зараз жа аджыве, калі яго сагрэць. Умяшаўся бацька, які сказаў тое самае, што і мама. Міша вымушаны быў вынесці шчаня з хаты, але на слова бацькам не паверыў. Ён зрабіў у хлеўчуку ўтульнае і цёпленькае гняздо, закруціў шчаня ў мяккія анучкі, паставіў малака і стаў чакаць. Чакаў дзень, чакаў другі — не, не хоча аджываць. Тады толькі ён згадзіўся, што шчаня сапраўды мёртвае, і пахаваў яго. Пахаваў у добрай магіле і доўгі час даглядаў гэтую магілу.
   Аднаго разу я заўважыў на двары, што паміж Мішам і пяцігадовым Віцем адбываецца канфлікт. Віця адважна насядаў на Мішу, замахваўся дубцом, штурхаў, хапаў яго за грудзі і нават спрабаваў дабрацца да твару, ды толькі дастаць не мог. А Міша адсоўваўся назад, адхіляў Віцевы рукі і спакойна паўтараў:
   — Вось і нядобра. Вось ты і дрэнны хлопчык. Сорамна так рабіць. Толькі дрэнныя дзеці гэтак робяць.
   Я глядзеў на такую сцэну і дзівіўся. Няўжо гэты мілы хлопчык такі бездапаможны? Адказ я атрымаў праз некаторы час, калі ўбачыў сутычку з хлопчыкам роўным, а мо і крыху старэйшым за Мішу. Тут ужо ні аб якім непраціўленні і гутаркі не магло быць. Праціўнікі біліся як мае быць — і кулакі пайшлі ў ход, і манеўраванне, і перастрэлка. Значыцца, не ўсім ён уступаў, а толькі меншым і слабейшым. З малымі дзецьмі Міша не ваяваў.
   Ён ваяваў звычайна з фашыстамі: ці верхам на дубцы, як кавалерыст, ці на веласіпедзе, як матацыкліст, ці з танкамі, гарматамі, аўтамашынамі, паравозамі, нават электравозамі і іншымі цацкамі, якімі добра забяспечыў яго бацька, камандзір палка. Усю сваю «багатую тэхніку» Міша кінуў на барацьбу з фашызмам.
   Калі ён праводзіў якую баявую аперацыю, то ставіўся да яе з поўнай сур’ёзнасцю і адказнасцю — не смяяўся, не жартаваў, аддаваў справе ўсю сваю ўвагу. I яшчэ адна асаблівасць: ён не надта ганяўся за лікам свайго войска. Ёсць з ім Віця і Гена — добра, а няма, дык і не трэба. З такім жа поспехам ён мог ваяваць і адзін: цэлымі гадзінамі сам рабіў манеўры, засады, артылерыйскую падрыхтоўку, сам даваў баявыя загады і сам іх дакладна выконваў.
 

* * *

   У той дзень нібы віхор падхапіў Мішу, закруціў і панёс, панёс...
   Бацька пацалаваў яго і знік. Маці хадзіла па пакоях, нешта рабіла, але відаць было, што яна і сама не ведае, што робіць. Часцей за ўсё туліла да сябе і цалавала Мішу.
   А над горадам ужо з’явіліся яны, фашысты, тыя самыя, пра якіх ён столькі чуў. Але і цяпер яны былі такія ж невядомыя, гэтак жа іх саміх нельга было бачыць. Толькі самалёты можна было бачыць ды пажары.
   I выбухі бомб, і стрэлы, і пажары — усё гэта было ўжо сапраўднае. А Міша зусім не ведаў, што яму рабіць. Ваяваць? Але як і з кім?
   Яны з мамай доўга сядзелі на нейкіх клунках. Разам з імі было многа дзяцей і жанчын. Потым Міша глядзеў, як у садзе капалі яму, каб усім у ёй хавацца. Але хутка кінулі капаць і пайшлі за горад. Тут доўга сядзелі ў яміне, дзе бралася гліна.
   А самалёты ўсё кідалі і кідалі бомбы. Усё болей і болей загаралася дамоў. Міша ляжаў на каленях у мамы і глядзеў угору, дзе праляталі нямецкія самалёты, вакол якіх выскаквалі нібы камякі ваты. А самалёты ўвесь час тукалі: та-та-та, та-та-та...
   Побач з Мішам сядзела Соня, дзяўчынка з суседняга двара. Яна зусім не баялася, нават смяялася. А потым ойкнула і стала хіліцца ўсё ніжэй, ніжэй. А на белай сукенцы з’явіліся чырвоныя плямы... Усе навакол закрычалі:
   — Соню забілі! Соню забілі!
   Колькі разоў Міша чуў і гаварыў гэтае слова ў дзіцячых гульнях, але ён ніколі не думаў, што смерць такая простая. Нібы і страшнага нічога няма...
   А потым яны апынуліся на дарозе і садзіліся на машыну. Машына праехала колькі часу і спынілася. Усе людзі выскачылі з яе і пабеглі хто куды.    Ясна было, што недзе блізка фашысты.
   Тут упершыню Мішу ахапіў сапраўдны жах. Фашысты, пэўна, будуць гнацца за імі, шукаць іх... Але мама, да гэтага часу такая млявая, нібы непрытомная, цяпер адразу змянілася, схапіла яго за руку — і ў кусты, потым у жыта, потым у лясок.
   Затым пачалося вандраванне. Нібы жабракі, хадзілі яны ад вёскі да вёскі некалькі дзён. Начавалі то ў пуні, то ў хаце. Нікуды не спяшаліся, часта адпачывалі. Навакол было ціха, спакойна, нібы і вайны ніякай няма.
   Праз некалькі дзён яны спыніліся ў адной вёсцы назусім. Тут жыла сястра Мішавага бацькі, калгасніца.
 

* * *

   Спачатку яны жылі ў цёткі як госці. У Мішы знайшліся тут дваюрадны брат Сцёпка і дваюрадная сястра Таня. Яны былі трохі старэйшыя за Мішу і вельмі шанавалі яго, як гарадскога. Мішу здавалася, што ўсе жахі прайшлі, можа, і вайна ўжо скончылася.
   Але весткі прыходзілі зусім не такія спакойныя: немцы занялі Мінск, яны ўжо дайшлі да Барысава, Магілёва, на чыгуначных станцыях стаяць нямецкія салдаты, у раённым мястэчку пастаўлен нямецкі камендант.
   Нарэшце і да іх у вёску прыйшлі нямецкія салдаты. Яны назбіралі некалькі вазоў дабра, асабліва курэй, і паехалі назад. Але пакінулі назначанага імі старасту і загадалі, каб усе яго слухаліся.
   Міша і цяпер не бачыў немцаў, бо разам з мамай ён схаваўся ад іх. Чаму хаваліся толькі яны, а ніхто з цётчынай сям’і не хаваўся?
   — Мы тут чужыя,— растлумачыла яму мама,— з горада.
   Да нас хутчэй могуць прычапіцца: а чаго вы тут, а хто вы такія і адкуль, а што вы тут робіце?
   Пасля таго яны з мамай змянілі і сваю вопратку на сялянскую. Ды яшчэ адзенне выбралі старое, чым пабядней. Міша нічога супраць гэтага не меў, нават цікавей было. Рыжая світка, доўгія драныя штаны і аблавухая шапка зусім змянілі яго выгляд. Толькі надта прыгожыя і глыбокія былі яго цёмныя вочы ды застаўся гэты цудоўны выраз твару — сур’ёзны, удумлівы і трошкі іранічны, нібы ён бачыць і разумее нешта такое, чаго мы не бачым і не ведаем. А якая прыгожая зрабілася мама, калі пачала завязваць белую хустачку! Чорныя валасы яе схаваліся, але затое чорныя вочы зрабіліся яшчэ лепшымі. Толькі вельмі часта плакалі гэтыя вочы...
   А як любіў Міша сваю маму! Ён увесь быў прасякнуты пачуццём, ён дыхаў ёю, як паветрам. Ён цягнуўся да яе, як расліна да сонца. Асабліва цяпер, калі не было бацькі, якога ён любіў не меней, калі не болей за маці. Бацька быў яго найлепшым сябрам і таварышам, з якім яны цэлымі гадзінамі гутарылі, майстравалі, займаліся самымі цікавейшымі справамі. Бацька здабываў і выдумляў для Мішы такое, чаго нідзе не знойдзеш.
   Але далёка цяпер татка. Ён б’е фашыстаў. Калі паб’е, тады яны зноў сыйдуцца. А пакуль трэба цярпець і чакаць. Пакуль што яны стараліся зліцца з мясцовым насельніцтвам, каб нічым не вылучацца. Мама хадзіла на сялянскія работы, а Міша рабіў усё тое, што робяць сялянскія дзеці.
 

* * *

   — ...I паслаў Ірад-цар сваіх воінаў, каб яны пазабівалі ўсіх малышоў. I разышліся воіны па ўсёй краіне, і сталі забіваць... Маленькіх дзетак адбіралі ад матак і разбівалі ім галовы аб каменні.
   Тонкі галасок васьмідзесяцігадовага дзеда Карнея працінаў наскрозь яго слухачоў. А слухачамі былі бліжэйшыя дзеці, у тым ліку Сцёпка, Таня і Міша. Яны стаялі скамянелыя і баяліся дыхнуць. Дык вось хто такі Ірад! Усе яны не раз чулі слова «ірад» і зусім не ведалі, што гэта быў нейкі цар, які загубіў столькі дзяцей.
   — А... а завошта ён забіваў іх? — сабраўшыся з духам, спытаў Міша.
   — А так сабе, па злосці сваёй. Бо ён быў ірад, гэта значыць, без сэрца і без сумлення. Тысячы год прайшлі ад таго часу, а ўсе людзі на зямлі памятаюць яго...
   Часта пасля таго ўспамінаў Міша апавяданне пра Ірада-цара, пра яго лютую, дзікую расправу з дзецьмі. А тут яшчэ пайшлі чуткі, што немцы ўсюды шукаюць яўрэяў і ўсіх да аднаго забіваюць. Забіваюць так сабе, па злосці сваёй, і не адных дзяцей, а і дарослых. Нават не проста забіваюць, а ўсяляк мучаць. Міша часта заўважаў, як старэйшыя аб нечым гаварылі з мамай, уздыхалі, а калі падыходзіў Міша, то спынялі гутарку. Ды і наогул усе навакол сталі пазіраць на яго і на маму неяк асабліва, спачувальна. А праз колькі часу дзеці расказалі яму, што ў іх раённым мястэчку немцы расстралялі ўсіх яўрэяў да апошняга чалавека.
   — Тваёй маме трэба хавацца,— сказалі яны.— А табе не трэба.
   А потым падумалі, падумалі і дадалі:
   — А мо і трэба... Хто яго ведае...
   У беднага Мішы аж галава закружылася ад пякучых пытанняў, якія раптам нахлынулі на яго. Столькі часу ён жыве, і нідзе ніколі не даводзілася аб гэтым ні гаварыць, ні думаць, ні чуць. Праўда, ён ведаў, што маці яго яўрэйка, што па выгляду яна не такая, як цётка Алеся, але нічога з гэтага не вынікала. У бацькі, напрыклад, нос быў не такі, як у дзядзькі Андрэя,— і ніколі пра гэта сур’ёзных гутарак не было. А цяпер выходзіла, што ад такіх рэчаў залежыць іхняе жыццё. У чым жа справа?
   Адказваць на ўсе гэтыя пытанні, вядома, прыйшлося маме.
   — Мама, ці праўда, што нам трэба хавацца ад фашыстаў, што яны хочуць забіць нас?
   — Праўда, родны мой, праўда.
   — Чаму?
   — А гэта ўжо яны адны ведаюць.
   — I цябе, і мяне хочуць забіць?
   — Мусіць, так. Але ў першую чаргу мяне.
   — А што ты ім зрабіла?
   — На жаль, я ім нічога не магла зрабіць.
   — А цётку Алесю яны таксама хочуць забіць?
   — Пакуль што яе не чапаюць.
   — Чаму ж яе не чапаюць, а толькі нас?
   Што можна было адказаць малому дзіцяці на такое пытанне, калі не кожны дарослы разбярэцца, у чым тут справа?
   Маці паспрабавала была сёе-тое яму растлумачыць, але хутка пераканалася, што гэта немагчыма. Тады яна абняла Мішу, пацалавала і сказала проста:
   — Не ламай ты дарэмна галаву, сыночак. Вырасцеш — зразумееш. А цяпер будзем хавацца і чакаць. Прыйдзе час, прагоняць нашы немцаў, вернецца тата — і зноў зажывём, як раней.
   Праз некалькі дзён у хаце адбыўся агульны сход сям’і з удзелам бліжэйшых суседзяў. Цётка Алеся выступіла з такім «дакладам»:
   — Цяпер ужо ўсім вядома, што немцы забіраюць і да аднаго знішчаюць яўрэяў. Значыць, пагражае небяспека і нашай братавай з сынам. Нам удалося дастаць паперку, што яна ўкраінка і завецца Хрысцінай. А Міша будзе не яе сын, а наш. Памятайце, Сцёпа і Таня: Міша будзе ваш родны брат, а цётка Сара будзе называцца цёткай Хрысцяй. Ад сённяшняга дня будзем усе так называць яе. Не прагаварыцеся перад чужымі, асабліва калі хто будзе распытваць. Памятайце, што ад аднаго вашага слова будзе ім смерць.
   Горача падтрымаў яе дзед Карней:
   — Наўрад ці знойдзецца ў нас такі ірад, які выдаў бы сваіх людзей на смерць... Небяспека можа быць толькі ад дзяцей. Вы добра разумееце, дзеткі, якая тут важная рэч?
   — Разумеем! — хорам адказалі Сцёпка, Таня і яшчэ двое суседскіх дзяцей.
   — Не прагаворыцеся?
   — Не! Не!
   Пачаўся новы перыяд Мішавага жыцця. Усе да іх ставіліся яшчэ больш ласкава, яшчэ больш спагадліва, чым раней, а яны адчувалі сябе так, нібы аддзяліліся ад усіх і жывуць удваіх зусім асобным жыццём. Так бывае, калі хто ў сям’і хворы на сухоты: усе шкадуюць яго, спачуваюць, даглядаюць — і ва ўсім гэтым адчуваецца, што хворы не такі чалавек, як усе, што ён знаходзіцца на другім баку іхняга жыцця. Маці яшчэ болей,— калі гэта наогул было магчыма,— тулілася да сына і часам напамінала:
   — Глядзі, Мішачка, каб пры чужых людзях ты не назваў мяне мамай. А калі са мной што здарыцца, ну, скажам, схопяць мяне, то ты нават і не глядзі ў мой бок і трымай сябе так, як усе іншыя дзеці.
   Міша пазіраў на яе сваімі вялікімі ўдумлівымі вачыма і ціха казаў:
   — Я ўсё роўна не разлучуся з табою.
   Маці палохалася, пачыналіся ўгаворы:
   — Не, не, не кажы так! Не трэба! Ты мне нічым не паможаш, а толькі сам дарэмна загінеш. Табе трэба жыць. Дачакаешгя таты... і будзеце жыць шчасліва...
   Тут ужо сэрца маці не вытрымлівала. Слёзы яе гарачымі кроплямі падалі на галаву сына, цяклі ўніз і змешваліся з яго слязьмі...
   Тым часам небяспека падыходзіла ўсё бліжэй і бліжэй. Замест ранейшага, свайго старасты, прыслалі другога, чужога. З’явіліся так званыя паліцаі, пра якіх казалі, што яны горш за немцаў. Варта было каму-небудзь на вёсцы ці наўмысля, ці знянацку сказаць адно слова — і Міша з мамай загінуць... Але ішоў час, тыдзень за тыднем, а на вёсцы такога вылюдка не знаходзілася. Ці доўга можа так цягнуцца?..
   Што перажывала маці, кожны сам зразумее. Сыну ж яна нічога не казала, перад ім яна старалася быць спакойнай.
   Але Міша ўсё роўна разумеў і адчуваў, што вакол іх адбываецца нешта страшнае. Яму ўсё здавалася, што «яны» недзе тут блізка, шукаюць яго з мамай, распытваюць пра іх... А раз уначы Міша разбудзіў усіх сваім крыкам: яму прыснілася, што нейкія салдаты схапілі яго і цягнуць да самога Ірада-цара. Той сядзіць на троне, страшны, валасаты, і крычыць: «Давайце сюды гэтага Мішу!..» Але ці мала якая бязглуздзіца можа сасніцца малому дзіцяці?..
   На жаль, гэта была зусім не бязглуздзіца: новы Ірад, што сядзеў у Берліне, сапраўды разаслаў воінаў па Еўропе, каб яны шукалі і забівалі такіх малышоў, як Міша. Ён і яго слугі не маглі адчуваць сябе спакойна, пакуль тут, у глухім кутку Беларусі, хаваўся маленькі Міша.
 

* * *

   Нарэшце вылюдак знайшоўся. Хто такі ён быў — мы не ведаем. Можа, пазней даведаемся...
   Да хаты цёткі Алесі пад’ехала грузавая машына. З кабіны выйшаў немец, з машыны злезлі два паліцаі. Яны хуценька, не спыняючыся, пайшлі ў хату. У хаце была адна Мішава мама — яна гатавала абед. Алеся была ў хляве, але ўжо спяшалася ў хату следам за немцамі. А за ёю беглі дзеці, у тым ліку і Міша. Сэрца яго забілася хутка-хутка, худзенькі тварык зрабіўся цьмяным і нібы скрывіўся ад болю. Ён памятаў, што яму трэба хавацца ад фашыстаў, але ж там, у хаце, была мама. Хіба мог ён пакінуць яе?
   — Вэр іст дас? — спытаў немец, паказваючы канцом бізуна на Мішаву маму.
   — Хто такая? — паўтарыў паліцай.
   Цётка Сара, або Хрысця, так спалохалася, што не магла сказаць ні слова. Як на тое ліха, яна была без хусткі і ад гэтага яшчэ меней нагадвала беларускую сялянку.
   — Хто ты такая? — яшчэ больш грозна спытаў паліцай.
   Але адказваць ёй не прыйшлося: падаспела цётка Алеся і з парога крыкнула:
   — Не чапайце — гэта мая братавая, Хрысціна.
   — Жыдоўка?
   — Не, украінка. Вось вам дакумент.
   — Няпраўда! — крыкнуў паліцай, нават не гледзячы ў дакумент. — Нам вядома, што яна жыдоўка і ў яе ёсць сын. Дзе ён?
   Дзеці стаялі каля парога. Калі паліцаі і немец зірнулі на іх, яны шарахнуліся прэч, у сенцы. Звычайныя сялянскія дзеці.
   — Ды няма ў яе ніякага сына! — казала цётка Алеся.— Спытайцеся каго хочаце.
   У сенцах ужо сабралася нямала людзей. Адным з першых быў дзед Карней. Ён кашлянуў у кулак і выступіў наперад:
   — Паважаныя... паны! Павінен вам сказаць, што мы ўсе, суседзі, так сказаць, лічым яе ўкраінкай, бо ў яе ёсць такі дакумент...
   Але немец, відаць, зусім не меў ахвоты выслухваць розныя выступленні. Ён паказаў бізуном, каб жанчына выходзіла.
   — Збірайся! Там разбяромся,— крыкнуў паліцай.
   Бедная жанчына так і не сказала ніводнага слова. Яна ведала, што ўсе словы тут будуць лішнімі. Калі яны прыехалі па яе, то ім ужо ўсё роўна, ці яўрэйка яна, ці ўкраінка, ці армянка. Самае галоўнае ў тым, што яны як быццам не надта стараюцца знайсці сына. Ці яны не ўпэўнены, ці лічаць гэтую справу не такой ужо важнай, але пакуль яны не перадумалі, трэба спяшацца, трэба хутчэй вывесці іх адсюль разам з сабой...
   З дапамогай Алесі яна хуценька сабралася і пайшла з хаты. Наперадзе — немец, ззаду — два паліцаі. Па баках стаяць людзі, адны ўздыхаюць, другія плачуць, трэція сціскаюць кулакі. Тут, паміж іх, знаходзіцца яе Міша, хлопчык, якога пачынае горача любіць кожны, хто толькі яго ўбачыць. Ён вось тут, зусім блізенька, яна зараз пройдзе каля яго, можа, нават дакранецца да яго... Але нельга, нельга глядзець у гэты бок, бо яна можа не вытрымаць... А яшчэ хутчэй можа быць — ён не вытрымае.
   Яна і не глядзіць у гэты бок, але ўсё роўна, мусіць, усімі клеткамі свайго цела бачыць, як ён праціскаецца наперад, а цётка Алеся, дзед Карней і іншыя жанчыны ціхенька, лагодненька адціскаюць яго, засланяюць ад немцаў і... ад мамы. I людзі гэтыя таксама думаюць аб адным: ці вытрымае такую пакуту хлопчык?
   Цётка Алеся і дзед Карней перашапнуліся і паспрабавалі былі зусім вывесці Мішу адсюль, але ў яго вырваўся такі стогн, на які маглі звярнуць увагу немцы. Ясна было: калі яго гэткім спосабам адлучыць, то ён так заплача і закрычыць, што ўсё адкрыецца. Значыцца, прыйдзецца яго пакінуць да канца. Але ж ці вытрымае ён?..
   Міша кідаўся наперад то ў адным, то ў другім месцы, каб зірнуць на маму, але ўсюды натыкаўся на цётку або дзядзьку. Ён высоўваў галаву з-за спіны, з-пад рукі — і ўсюды гэтыя рукі ласкава затрымлівалі яго, пяшчотна гладзілі па галаве, і то над адным, то над другім вухам чуўся ціхі шэпт: «Маўчы, Мішачка, маўчы, усё будзе добра, мама вернецца».
   Маці ішла гордая і нібы спакойная. Але гэта быў не спакой, а здранцвеласць. Яна глядзела прама наперад, але нічога і нікога не бачыла, апрача свайго сына. Яна ж бачыла яго ў гэтыя хвіліны апошні раз і не магла не толькі прытуліць да свайго матчынага сэрца, але нават не мела права паглядзець яму ў вочы. Бо тады... тады невядома што будзе... Толькі б не глянуць у вочы!..
   Яна ўзлезла на машыну. З ёю селі два паліцаі. Немец палез у кабіну. Загуў матор. Зараз маці і сын разлучацца навекі... Хоць бы яшчэ раз, адзін толькі разок убачыць яго мілы тварык!.. А вось ён!.. Вялізнымі-вялізнымі вачыма, поўнымі жаху і нечалавечай пакуты, глядзіць ён на маці. Цётка Алеся абдымае яго, хоча засланіць ад мамы, але дарэмна...
   Маці і сын усё ж такі сустрэліся вачыма. I ўсё, што было паміж імі і вакол іх, адразу знікла. Яны асталіся адны ва ўсім свеце — блізкія-блізкія. Навошта Мішу туляцца тут, калі там мама? Хіба можна жыць без мамы? Невядомая сіла падхапіла хлопчыка і кінула наперад.
   — Мама!!! Мама!!! — пачуўся такі крык, што заглушыў нават матор.
   Маці на міг прыўзнялася, хіснулася насустрач сыну, але зараз жа адвярнулася і стала глядзець у другі бок...
   Многа рук схапілі Мішу і павялі ад машыны. Але ўжо было позна... Немец з крыкам: «Вас? Вас?» — выскачыў з кабіны. Слова «мама» для яго было такім жа зразумелым, як і для ўсіх іншых людзей. Саскочылі з машыны і паліцаі.
   — Ану, давайце сюды і сына! — крыкнулі яны.
   Затрапятала маці, замахала рукамі, закрычала ў роспачы:
   — Гэта не мой сын! Я зусім не ведаю гэтага хлопчыка!
   Але безнадзейная і наіўная спроба выклікала ў фашыстаў толькі смех.
   Праз хвіліну мама прагна абдымала і цалавала Мішу, а яму было так добра, так прыемна, нібы цяпер ужо скончыліся ўсе трывогі і для іх настала шчаслівае жыццё.
   Машына паехала. Людзі моўчкі глядзелі ёй услед. I ва ўсіх іх, старых і малых, сваіх і чужых, добрых і злых, была ў сэрцы адна думка: «Завошта?..»
 

* * *

   Доўгі, нізкі барак. А ў бараку людзей многа-многа. I такія самыя мамы, і дзеці, і старыя бабулі, і маладыя прыгожыя дзяўчаты. I старэйшыя за Мішу хлопчыкі, якія звычайна не могуць сядзець на месцы, а ўсюды лётаюць, крычаць, на галовах ходзяць. А тут яны былі ціхія, смірныя. Бегаць і крычаць не маглі ад голаду. I Міша не мог і не хацеў бегаць.
   Звычайна ён сядзеў з мамай у кутку, на голых нарах. У мамы захавалася вялізная шарсцяная хустка, і калі яны ўдваіх накрыюцца гэтай хусткай з галавою, то так цёпла і ўтульна робіцца — не хочацца і вылазіць. А мама ціхім голасам расказвае казкі, многа казак. Тады ўжо Міша забываецца і на барак і на голад, і на ўсе жахі, што адбываюцца навокал іх.
   Найбольш урэзаліся ў памяць такія словы:
   — Нічога, Мішачка, перацерпім усё гэта... Нас павядуць, паставяць на краі яміны і будуць страляць. Але ты не бойся — гэта зусім не балюча. Стукне нібы каменем, у цябе закружыцца галава — і ты заснеш. I ўсё. Памятаеш, як заснула Соня?
   Міша добра памятаў гэта. Памятаў, як яна хілілася ўсё ніжэй, ніжэй — і больш нічога не было. Ці так яно будзе з ім самім?.. Калі мама гаворыць аб гэтым так проста, так спакойна, то, пэўна, нічога страшнага няма. Мама ж ведае, што гаворыць.
 

* * *

   ...I дзень гэты прыйшоў. Сабралі іх у адну кучу многа-многа. Тут былі і старыя з сівымі бародамі, і маладыя, і такія, як Міша, і зусім маленечкія, на руках у мам. А жанчын было яшчэ болей. I ўсе плакалі, енчылі. Толькі Мішава мама не плакала: яна нібы нічога не чула, не бачыла, не разумела.
   — Мама, нас ужо расстрэльваць павядуць? — спытаў Міша такім тонам, нібы справа ішла аб чымсьці звычайным.
   Мама нічога не адказала: хоць яна трымала Мішу за руку, але яе самой тут не было...
   Пайшлі. Навокал — шэрыя постаці з аўтаматамі. Па дарозе сустракаюцца людзі, якіх пакуль што не чапаюць. Яны яшчэ папрацуюць на немцаў, а потым, можа, і іх знішчаць... А цяпер яны з жахам глядзяць на працэсію і думаюць: «Завошта?..» Гэтае слова часта выкрыквалі тыя, каго вялі. Чуў Міша, як і мама шаптала гэтае самае слова.
   Толькі сам Міша такога пытання не ставіў, бо яму ўсё было ясна. Гэта ж тыя самыя фашысты, з якімі ён калісьці ваяваў дома! Вядома, яны злуюць на яго і хочуць яго забіць. На тое яны і фашысты. А Гітлер, дык той даўно на яго вострыць зубы.
   Адзін Міша мог адказаць на пытанне — завошта? А больш ніхто не ведаў. I не мог ведаць. Бо прырода такой магчымасці не прадугледзела.
   Падышлі да вялізнай ямы. Фашысты выстраіліся супраць іх у шарэнгу. Загадалі ўсім зняць верхняе адзенне і акуратна скласці каля ног. Гэтае адзенне яны пашлюць у Германію, каб насілі іхнія жанчыны і дзеці.
   А потым Міша заўважыў, як супраць іх шэрыя постаці наладжвалі кулямёт...
   Але ўсё гэта было зусім не страшна. Страшней былі жудасныя крыкі і плач. Страшней была вось гэтая высокая, худая цётка з распушчанымі рыжымі валасамі і ў адной сарочцы. На адной руцэ ў яе было маленькае дзіця, а другою рукой яна гразіла немцам і праклінала іх. А якія былі яе вочы! Раптам яна зарагатала, гучна, дзіка, паказваючы белыя зубы. А потым кінула сваё дзіця ў яму... У тую ж мінуту гэтаксама засмяяўся і заспяваў нехта з другога боку...
   Тут Міша адчуў, як мама схапіла яго, падняла на рукі і прытуліла да сябе так, што ён больш нічога не бачыў, а толькі чуў, як стукае маміна сэрца.
   — Не бойся, дзіця маё,— пачуў ён ціхі голас.
   I яму зрабілася так цёпла, так соладка на грудзях у мамы, так захацелася заснуць...
   Тады яго моцна стукнула ў адным месцы, у другім,— і яны з мамай кудысьці паляцелі...

 

 . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .


   Ірад у Берліне ў той дзень мог святкаваць перамогу над хлопчыкам Мішам, тым самым Мішам, які з малымі не ваяваў.
   Але толькі адзін дзень ён мог святкаваць.
   Бо назаўтра ў Берлін прыйшоў Мішаў бацька, а з ім яшчэ многа нашых людзей. Яны ўшчэнт зруйнавалі ірадаву бярлогу, знішчылі тысячы і тысячы фашыстаў.
   Але Мішу вярнуць ніхто ўжо не мог.
   Няхай жа памяццю аб ім будуць гэтыя радкі.

1945 г.

Похожие статьи:

Янка МаўрЯнка Маўр - Лацароні

Янка МаўрЯнка Маўр - Багіра

Янка МаўрЯнка Маўр - На крызе

Янка МаўрЯнка Маўр - Палескія рабінзоны

Янка МаўрЯнка Маўр - Багіра - ГДЗ