Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Агляд творчасці Янкі Лучыны
Пад гэтым псеўданімам друкаваў свае беларускамоўныя творы Ян Неслухоўскі (1851-1897). Ён нарадзіўся ў Мінску, паходзіў са старадаўняга шляхецкага роду. З сённяшняй беларускай сталіцай звязаная большая частка яго жыццёвага і творчага шляху; тут, на Кальварыйскіх могілках, знайшоў ён і свой апошні прытулак. Пасля заканчэння Мінскай класічнай гімназіі будучы паэт вучыўся на матэматычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, у 1877 г. атрымаў дыплом інжынера-тэхнолага ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. Пасля пэўны час служыў у Тыфлісе (сёння Тбілісі), а каля 1880 г. вярнуўся ў Мінск, дзе, нягледзячы на вялікія праблемы са здароўем, працаваў у тэхнічным бюро Лібава-Роменскай чыгункі.
Першы свой верш Іван Неслухоўскі надрукаваў у 1886 г. па-расійску. Шэраг значных твораў быў напісаны ім на польскай мове. Сярод іх асаблівае месца займае паэма "Паляўнічыя акварэлькі з Палесся", якая стала далейшым крокам у набліжэнні да нацыянальнага сялянскага эпасу (узгадайма напісаныя раней творы Уладзіслава Сыракомлі "Хадыка" і Вінцэся Каратынскага "Таміла"). Як у эпасах Міколы Гусоўскага і Адама Міцкевіча, мы бачым тут маляўнічае апісанне беларускіх краявідаў.
Суладдзе прыроды і жыцця кожнага чалавека – гэта тое, што адпавядае натуры жывой істоты. Аўтара твора, напісанага ў канцы ХІХ ст., ужо непакоілі тыя адмоўныя бакі, што былі звязаныя з тэхнічным прагрэсам. Галоўны герой паэмы, паляўнічы Грышка, выказвае свой клопат у гэткіх словах:
…Вы, мшары й пушчы, знікнеце, як марны сон!
Звядзецца звычай продкавы, стары закон,
І ўсё, што слушна да мінуўшчыны належыць,
Памрэ павольным сконам зубра ў Белавежы…
Наогул жа, вобраз Грышкі – адзін з самых адметных вобразаў звычайнага беларуса ва ўсёй літаратуры ХІХ стагоддзя. Гэта чалавек кемлівы, смелы; яму ўласцівыя высокая маральнасць, спагадлівасць, жыццёвая мудрасць. У Грышкавай душы жыве дух вальналюбства – як і ў героя-апавядальніка "Песні пра зубра" Міколы Гусоўскага. Размаўляючы з панічом, ён не прыніжаецца, трымае сябе з ім як роўны з роўным, а часам і пасмейваецца з недасведчанасці таго падчас ловаў. Ёсць, аднак, і тое, што лучыць абодвух гэткіх розных герояў паэмы: усведамленне адказнасці за прыроду краю і, наогул, за сваю бацькаўшчыну.
Адзін з кульмінацыйных раздзелаў паэмы "Паляўнічыя акварэлькі з Палесся" пад назвай "Стары ляснік" (1892) дайшоў да нас у беларускамоўнай версіі. Наогул, Янка Лучына не хаваў, што пісанне па-беларуску для яго было самым радасным заняткам. Самы першы беларускамоўны верш быў створаны ім у 1887 г., у сувязі з гастролямі ў Мінску ўкраінскай тэатральнай трупы Міхайлы Старыцкага:
Дзякую Вам, брацікі, сястрыцы родныя!
За Вашы хвацкія песні народныя,
З тую гутарку Вашу вясковую,
За праўду светлую, за праўду новую!..
("Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова")
Гэты верш тады не быў апублікаваны. А вось верш "Вясновай парой", змешчаны ў № 20 за 1889 г. газеты "Минский листок" стаў першым беларускамоўным мастацкім творам, які з’явіўся ў друку пасля паразы паўстання 1863-1864 гг. А верш "Заходзіць сонца за горы…", надрукаваны ў "Минском листке" ў тым жа годзе, засведчыў, што ў новую беларускамоўную паэзію прыйшоў тонкі лірык:
Заходзіць сонца за горы,
Паклалісь цені па лесе;
Вяршына старой аборы
Пазалацілась на стрэсе.
Вось вецер цёплы ад рэчкі
Нясе пах з лесу жывіцы
І польных кветкаў, і грэчкі,
І мурматанне крыніцы.
Як ціха! Там, [ля] патока,
Кулік часам засвішча;
Толькі здалёка, здалёка
Шуміць з карчомкі ігрышча…
У вершы "Роднай старонцы", апублікаваным у "Северо-Западном календаре на 1892 год", можна ўбачыць знаёмыя лермантаўскія матывы – паказ беднасці і непагляднасці штодзённага сялянскага жыцця-быцця.
Верш "Што думае Янка, везучы дровы ў горад" – гэта своеасаблівы ўнутраны маналог лірычнага героя, у якім у рэалістычным духу адлюстраваны вобразы вясковага жыцця тае пары.
Галоўным ідэйна-мастацкім узорам для творчасці Янкі Лучыны, безумоўна, была паэзія Уладзіслава Сыракомлі. І пераклад некаторых самых знакамітых вершаў "лірніка вясковага" (напрыклад, гавэндаў "Ямшчык", 1890; "Горсць пшаніцы", 1891) на беларускую мову стаўся той часткай літаратурнай творчасці Янкі Лучыны, якую ён сам лічыў ледзьве не самай важнай. Фактычна Янка Лучына браў на сябе ролю пасярэдніка паміж польскай і расійскай літаратурамі і перакладаў на расійскую мову творы розных польскіх аўтараў, а па-польску ўзнавіў вершы некаторых расійскіх паэтаў.
Усе напісаныя па-беларуску творы Янкі Лучыны ўпершыню былі сабраныя ў кніжцы "Вязанка", што выйшла ў 1903 г., праз шэсць гадоў пасля смерці паэта, у Пецярбургу. Яго пошукі лірычных інтанацый, імкненне да псіхалагізму шмат у чым прадвызначылі шляхі развіцця беларускай паэзіі нашаніўскай пары.
Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014
Похожие статьи:
Янка Лучына → Творчасць Янкі Лучыны
Янка Лучына → Янка Лучына - Дзень за днём
Янка Лучына → Янка Лучына - Роднай старонцы
Янка Лучына → Янка Лучына - Што думае Янка, везучы дровы у горад