Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Асоба і творчасць Янкі Купалы
Янка Купала (у сапраўднасці Ян Луцэвіч; 1882-1942), паэт, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч, – культавая постаць беларускай нацыі, годны яе прадстаўнік у сусветнай культурнай супольнасці. Геній Купалы вышэйшы за нацыянальны пафас яго творчасці, а ягоныя мастацкія адкрыцці значныя як для Беларусі, гэтак і для ўніверсуму. Ён належыць да таго тыпу творцаў, што не толькі жылі ў сваю гістарычную эпоху, адлюстроўвалі яе, але і пераадольвалі свой час дзеля будучыні.
Станаўленне творчай асобы. Янка Купала нарадзіўся ў сям’і беззямельнага шляхціца Дамініка Луцэвіча 7 ліпеня 1882 г. Адна з міфалагем, створаных купалазнаўцамі за савецкім часам, выстаўляе паэта сялянскім паводле паходжання і светапогляду. Між тым, Купала паходзіў са знакамітага шляхецкага роду, заснавальнікам якога лічыцца Станіслаў Луцэвіч, які жыў у XVII ст.
Паэт нарадзіўся ў купальскую ноч, і гэтая акалічнасць сталася для яго знакавай. Яна прынесла яму літаратурны псеўданім і падаравала паэтычны тэмперамент – часам агністы, часам сцюдзёны, ніколі – "цёплы". "Як агонь, як вада" – такую назву мае мастацкая біяграфія Купалы, створаная Алегам Лойкам. Сонца і сцюжа – нязменныя архетыпы творчасці Янкі Купалы. У яго ж светапоглядзе арганічна спалучаліся язычніцкія і хрысціянскія матывы. Амплітуда эмацыйных ваганняў лірычнага героя Купалы напраўду касмічная.
Пасля смерці бацькі ў 1902 годзе Купала выпрабоўвае розныя прафесіі, каб зарабіць на хлеб сабе і сям’і: працуе "дарэктарам" (хатнім настаўнікам), пісарам, памочнікам вінакура на бровары. Яго адукацыя на той час складае два класы пачатковай школы. Галоўнымі чыннікамі у станаўленні творчай асобы паэта былі самаадукацыя і нацыянальнае самавызначэнне.
Янка Купала ў аўтабіяграфічных лістах да Льва Клейнбарта сваё вучнёўства вызначае як перыяд "бязладнага чытання", бо прыдаваўся кожны тэкст, што трапляў пад руку, – ад календароў да "Гісторыі польскай філасофіі". Аднак у гэтым нібыта хаатычным чытанні адчуваецца сістэма, калі Купала пачынае пералічваць аўтараў, што складалі для яго творчыя прыярытэты. Гэта Шэкспір, Сервантэс, Гётэ, Шылер, Байран – геніі ўсіх часоў. Гэта творцы ХІХ стагоддзя – Славацкі, Крашэўскі, Канапніцкая, Някрасаў, Лермантаў, а таксама вялікі нарвежац Ібсен і модны на той час расійскі паэт Сямён Надсан. Сярод сваіх сучаснікаў Купала вылучае таксама прадстаўнікоў кракаўскай драматургічнай школы Станіслава Выспяньскага і Станіслава Пшыбышэўскага, яшчэ аднаго вялікага нарвежца, Кнута Гамсуна, нямецкага драматурга Герхарта Гаўптмана, расійскіх сімвалістаў Аляксандра Блока, Андрэя Белага, Валерыя Брусава, Леаніда Андрэева, Дзмітрыя Меражкоўскага, Фёдара Салагуба.
Настаўнікамі Купалы, па вялікім рахунку, былі геніі чалавецтва, вялікія рамантыкі і так званыя дэкадэнты, як правіла, аўтары, далёкія ад артадаксальнага, прыземленага рэалізму, наватары і летуценнікі ў літаратуры.
Творчае вучнёўства Купалы не спынілася ў ягонай маладосці. Досвед "бязладнага" чытання доўжыўся ўсё жыццё. Кардынальным чынам папоўніліся веды пісьменніка пра сусветную літаратуру падчас навучання ў 1909 годзе на агульнаадукацыйных Чарняеўскіх курсах у Санкт-Пецярбургу. І ў 1920-я, і ў 1930-я гады паэт знаёміўся са здабыткамі сусветнага пісьменства, і ў ліку заўважаных ім аўтараў былі Брэт Гарт, Тэадор Драйзер, Аптан Сінклер, Эрнэст Хемінгуэй, Герман Гесэ.
Калі б Купалаў лёс склаўся крыху інакш, літаратура займела б не надта прыкметнага польскамоўнага паэта, бо першыя свае вершы Купала пісаў па-польску (санеты «Беларус», «У змроку», «Не для вас…» і інш. – усе апубл. у 1906). Але, як сведчыў сам Купала, пасля прачытання ім некалькіх кніжак на беларускай мове з ягонай пальшчызнай было скончана. Адгэтуль Купала да канца сваіх дзён тварыў па-беларуску.
Даніна багушэвічаўскай традыцыі. Першым беларускамоўным творам Купалы стаў верш "Мужык", надрукаваны ў газеце "Северо-Западный край" яшчэ ў 1905 г. Першы зборнік вершаў быў выдадзены ў 1908 г. і меў "музычную" назву "Жалейка". Другі (лацінкай), пад назваю "Гусляр", выйшаў у 1910 г. Трэці купалаўскі зборнік паэзіі называўся "Шляхам жыцця" і датуецца 1913 г.
Купала – мастак планетарнага мыслення, але яго філасофскім і эстэтычным адкрыццям папярэднічала няпростая творчая эвалюцыя. Ад тэм лакальных паэт рушыў да праблем касмічнага маштабу. Зрэшты, іншага шляху для творцы не дадзена. Праз нацыянальнае да ўніверсальнага, так і не інакш, ішлі да сваёй сусветнай славы Шэкспір і Сервантэс, Гётэ і Байран, Хемінгуэй і Фолкнер…
У "Жалейцы" Купала яшчэ выступае як паэт сялянскае нядолі, крыўды прыніжанага мужыка. "Нашаніўства" ў свой час адхварэла на гэтую звычку – прыбядняцца, выстаўляць беларускага селяніна нягеглым, малапісьменным і затурканым.
Новы этап творчай эвалюцыі. Купала пераадолеў гэтую хваробу па-свойму – як паэт-геній. Ён "зачыняе" мужыцкую тэму драматычнай паэмай "Адвечная песня" (1908). Твор, напісаны пад уздзеяннем вышэйзгаданай драмы Леаніда Андрэева "Жыццё Чалавека", змяшчае ў сабе арыгінальную купалаўскую канцэпцыю чалавечага існавання, замкнёнага ў фатальных прыродных і жыццёвых цыклах. Як і яго папярэднік, Купала паказвае дваістасць чалавечай прыроды, робіць свайго героя – Мужыка – адначасова царом і рабом прыроды. Жыццёвы шлях купалаўскага героя ўяўляе сабою зачараванае кола, якое замыкаецца разам са смерцю персанажа. Але ў расійскага драматурга гэтае кола заводзіць Нехта ў шэрым – персаніфікаваны вобраз аўтарскай міфатворчасці. Купала ж прыгадвае язычніцкіх Рожаніц, якія прадвызначаюць Лёс будучага чалавека. У "Адвечнай песні" яны паўстаюць у абліччы "ценяў" – Жыцця, Долі, Бяды, Голаду, Холаду.
Жыццёвае кола, у якім існуе Мужык, падвойнае: дзяцінства, маладосць, сталасць, старасць і смерць героя звязаныя з эпізодамі, дзеянне якіх адбываецца ўвесну, улетку, увосень і ўзімку. Паэт намагаецца здзейсніць прарыў гэтага падвойнага кола: у праяве ХІІ "На могілках". Цень Мужыка паўстае з магілы, каб паглядзець, што ж памянялася ў свеце пасля яго смерці. Агледзіны не прыносяць яму палёгкі: дзеці Мужыка цягнуць усё тыя ж лейцы цяжкога і вонкава марнага існавання. Страх жыцця перамагае над страхам смерці, што адлюстравалася ў апошняй, магутнай паводле сваёй трагічнай сілы рэпліцы Ценю Мужыка:
Не міла мне слухаць, не міла
З зямлі маёй гэткі прывет.
Раскрыйся нанова, магіла:
Страшней цябе людзі і свет.
Але ў тым, што падвойнае кола замкнулася, няма трагедыі, няма смерці – ёсць толькі адвечны ўзаемапераход жыцця і смерці. Постаць "худзенькага селяніна" ўзбуйняецца, вырастае ў абагульнены вобраз Мужыка, які суіснуе разам з сіламі Сусвету ў касмічнай містэрыі быцця.
Падчас творчай эвалюцыі, што адбываецца з Купалам, яго ўвага паварочваецца да такіх праблем, як "прарок і народ", "сусветны разлад", "Беларусь на фоне Сусвету". Прарокі жывуць сваім жыццём, дзе пануюць ідэалы і высакародныя намеры, а народ цягне лямку зямнога існавання, аддае перавагу чыстай прагматыцы і не чуе поклічу сваіх прарокаў; паміж прарокамі і народам – бездань. Да такой высновы прыходзіць Купала-філосаф, і сведчанне таго – верш "Прарок" (1912).
Вястун шчасця і волі, Прарок абышоў усе створаныя Госпадам землі і народы і ўсіх прывёў да святла. Застаўся адзін толькі народ, які не бачыў сонца, жыў у цемры і прыніжэнні. І калі Прарок паклікаў гэты народ да святла, дык пачуў у адказ:
А людзі, глянуўшы на сонца,
Адказ казалі грамадой:
– Па колькі ж нам дасі чырвонцаў,
Калі мы пойдзем за табой?
Адзінота сімвалісцкіх і неарамантычных купалаўскіх персанажаў не заўсёды тлумачыцца адсутнасцю ў іх чалавекалюбства. Вонкавыя абставіны, якія перашкаджаюць самарэалізацыі героя, абагульняюцца Янкам Купалам праз вобраз-сімвал разладу, з якім звязана мастакоўскае адчуванне негарманічнасці, разладжанасці ўсяго сусвету. Перажыванне Купалам гэтай сусветнай дысгармоніі, выказанае ў яго вядомым вершы "Разлад" (1907), сугучнае настрою славутага 66-га санета Уільяма Шэкспіра.
Куды ні глянеш – людзі, людзі,
Куды ні глянеш – шэльмы, шэльмы,
Куды ні глянеш – б’юцца ў грудзі,
Што значыць: правільныя вельмі –
такімі словамі пачынаецца купалаўскі верш.
У адрозненне ад Шэкспіра, Купала першапрычынай сусветнага разладу бачыць не разрыў пераемнасці часоў, а тую дыстанцыю паміж асобай і грамадствам, асобай і Сусветам, якая вырастае ў бездань.
Яшчэ адна праблема, якая хвалявала Купалу на працягу ўсяго ягонага творчага жыцця, датычылася Беларусі з яе гістарычным лёсам, драмай, што разыгрывалася на фоне сусвету, космасу. Купала належаў да генерацыі пісьменнікаў-"нашаніўцаў", якая спарадзіла класікаў найноўшай беларускай літаратуры. Ён актыўна супрацоўнічаў з рэдакцыяй слыннай беларускай газеты, а з 1913 г. выконваў абавязкі рэдактара "Нашай Нівы".
1913-ы – апошні мірны год у лёсе Вільні, Беларусі і свету перад пачаткам першай сусветнай вайны – зрабіўся для Купалы асабліва шчасным з творчага гледзішча. Апроч вышэйзгаданага зборніка "Шляхам жыцця", у гэтым годзе былі завершаныя паэмы "Бандароўна", "Магіла льва", "Яна і я", драма "Раскіданае гняздо". Знакавыя творы Купалы – паэма "На Куццю" (1911), камедыя "Паўлінка" (1912) былі напісаныя крыху раней. У гэтых творах не толькі дасягнула вяршыні сапраўдная значнасць купалаўскай творчасці, але і канчаткова акрэслілася яго творчая індывідуальнасць. Купала паўстаў як паэт-філосаф, рамантык і сімваліст, творца вялікага мастацкага сінтэзу.
Асноватворная прыкмета рамантызму – тварэнне мастацкага "іншасвету", у якім матэрыялізуюцца мроі, лятункі, сны, дзейнічаюць выключныя героі, не абавязкова станоўчыя, але экстраардынарныя, якія ўзвышаюцца над натоўпам.
Такіх сустрэнем у купалаўскіх паэмах – упартую і непакорлівую Бандароўну, бескампраміснага Гусляра, крыважэрнага Машэку.
З кожным героем звязаная аўтарская канцэпцыя, якая датычыцца глабальных, універсальных праблемаў чалавечага быцця. Гусляр з паэмы "Курган" (1910) – не проста змагар з класавай несправядлівасцю, якім яго паказвала купалазнаўства савецкай эпохі. Герой змагаецца за незалежнасць мастацтва і мастака ад волі тырана, дэспатычнае ўлады і грошай.
Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел-свет!
Не такую задумаў ты думу, –
Не дае гуслярам сказу золата цвет,
Белых хорамаў п’яныя шумы.
Скурганіў бы душу чырванцом тваім я;
Гуслям, княжа, не пішуць законаў:
Небу справу здае сэрца, думка мая,
Сонцу, зорам, арлам толькі роўна, –
адказвае князю Гусляр.
У духу неарамантызму трансфармуецца Купалам легендарны сюжэт пра крывавага разбойніка Машэку і заснаванне Магілёва. Машэка з паэмы "Магіла льва" (1913) губляе арэол высакароднага змагара за сацыяльную справядлівасць. Ён надзяляецца рысамі ніцшэанскага "звышчалавека", помсціць за здраду ягонай каханай Наталькі ўсяму свету. У гэтым творы як быццам прадбачацца грамадскія наступствы ідэалогіі ніцшэанства. Купала папярэджвае пра небяспеку культу асобы, самаўзвелічэння. Даводзіцца ірацыяналізм калектыўнай свядомасці: у гонар Машэкі, нібы нацыянальнага героя, насыпаюць пасля ягонай смерці знакаміты курган.
Герой купалаўскай драматычнай паэмы "Сон на кургане" (1910) Сам разрывае сувязі з людзьмі і чалавецтвам і ў адзіноце распачынае містычнае тагасветнае падрожжа, якое адбываецца ў бясконцым сне, насланым Русалкамі. Працяг мае, па сутнасці, тая лінія, якую вынайшаў Герык Ібсен у вышэйзгаданай драме "Пер Гюнт". Містычная вандроўка цэнтральнага персанажа ібсенаўскай п’есы заканчваецца вяртаннем да радзімы і каханай жанчыны, увасобленых у вобразе Сольвейг. Герой купалаўскай паэмы Сам па заканчэнні падарожжа-трызны высвятляе, што яго жанчына памерла. Такім чынам, ібсенаўскі матыў вяртання набывае ў Купалы трагічную развязку.
Тварэнне альтэрнатыўнай, паралельнай рэчаіснасці геніяльным чынам спраўдзілася ў паэме "Яна і я" (1913) – самай сонечнай і язычніцкай з купалаўскіх паэмаў, як вызначылі яе крытыкі. Закаханыя героі жывуць як бы на ненаселенай выспе або ў раі зямным, які пабудаваў для іх аўтар. Але ў гэтым Эдэме ёсць месца і для зямной працы, і для слёз. Праца паказваецца тут як сакральны акт, а не спосаб здабывання хлеба надзённага. Вобраз Яе звыклым для Купалы-сімваліста спосабам пераплаўляецца ў постаць Беларусі, Маладой, Нявесты.
Пошукі Купалы-драматурга і паэта. Сімвалісцкую іпастась маюць бадай усе гераіні п’ес і драматычных паэмаў Купалы. Трыумф Беларусі-нявесты, якая атрымала свой пасаг і «пачэсны пасад між народамі», паказваецца праз вобраз-сімвал Вяселля. Толькі ў асобных выпадках Купала даводзіць дзеянне сваіх сюжэтных твораў да гэтага ўрачыстага моманту.
Не дачакалася свайго вяселля Паўлінка, гераіня аднайменнай камедыі. Яе жаніха, Якімку Сароку, арыштоўваюць як "забастоўшчыка", хаця ніякай забастоўкі ён ніколі нікому не рабіў, а проста вучыў сялянства і шляхту жыць у згодзе, у павазе да чалавечых і Боскіх законаў.
Зоська з драмы "Раскіданае гняздо", падманутая панічом, надзяе на галаву вясельны вянок, але нявестай зрабіцца ёй не наканавана. У гэтым творы купалаўская сістэма вобразаў-сімвалаў, стрыжнявымі сярод якіх ёсць Дом, Шлях, Вяселле, Нявеста, Маці, дасягае канцэптуальнай завершанасці. Кожны з герояў твора – Лявон Зяблік, Сымон, Зоська, Марыля, Данілка – цярэбіць свой шлях да ісціны: у прыватнасці, Зоська і Сымон выпраўляюцца "на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну". Шлях Марылі – жабраванне, лёс Данілкі – служэнне мастацтву. Кожны з варыянтаў выбару не аспрэчваецца і не закрэсліваецца Купалам. Варыянтнасць, магчымасць выбару, няпэўнасць – рысы сімвалісцкага стылю, у рэчышчы якога створаная драма. Матыў вяселля як сімвала здзейсненай гармоніі, сапраўднай пераемнасці існавання вядомы ў сусветнай літаратуры яшчэ ад старажытных часоў. Памятайма, што вобраз разладжанага вяселля, як сімвал няспраўджанага нацыянальнага трыумфу Польшчы, быў выкарыстаны Станіславам Выспяньскім у драме "Вяселле".
Янка Здольнік і Аленка Гарошка з трагікамедыі "Тутэйшыя" адкладаюць сваё вяселле да таго часу, пакуль апошняга акупанта не вывезуць з Беларусі. І толькі гераіня паэмы "Безназоўнае" (1924), Маладая Беларусь, як быццам бы займае ў застоллі пачэсны пасад Нявесты:
Беларусь на куце
Ў хаце сваёй села, –
Чарка мёду ў руцэ,
Пазірае смела.
Толькі злавеснае, нязвыклае гэтае вяселле. Чаму Беларусь-нявеста сядзіць за вясельным сталом сама? Дзе жаніх? Будучыня Беларусі хавалася ў няпэўнасці, у "безназоўным".
Беларусацэнтрызм як апірышча Купалавай творчасці. Мастацкі свет Купалы, такім чынам, – беларусацэнтрычны, а ваганні яго творчага настрою былі найчасцей звязаныя са станам беларускага нацыянальнага адраджэння. Перыяды творчай дэпрэсіі доўжыліся ў Купалы месяцамі, і нават гадамі, і былі абумоўленыя ягонымі расчараваннямі ў поспеху беларускае справы.
Асабліва ліхаманіла купалаўскі геній падчас першай сусветнай вайны і падзей 1917-1922 гг. У той час, калі трэба было клапаціцца пра выратаванне і хлеб надзённы, Купала бярэ шлюб з Уладкай Станкевічанкай, якая робіцца Купаліхай, цёткай Уладзяй, – іх вянчаюць у касцёле 23 студзеня 1916 г.
Афіцыйнае савецкае купалазнаўства вынесла зневажальны для мастака вердыкт: ён, маўляў, не адразу зразумеў рэвалюцыю. Стаўленне Купалы да рэвалюцыі бязмежна празрыстае: ён успрымаў яе праз свой беларусацэнтрызм. Таму лютаўскую рэвалюцыю 1917 г. паэт вітаў, бо яна дала шанец для Беларусі, як і для іншых нацыянальных рэгіёнаў Расійскай імперыі, на атрыманне сваёй незалежнасці. У той жа час кастрычніцкі пераварот, як яго ацэньваюць сёння гісторыкі, гэты шанец адабраў, бо да ўлады прыйшлі чужынцы, далёкія ад беларускае справы палітыкі.
На Беларусі змяняліся ўлады, рэжымы, сцягі… Купала балюча перажываў гэтыя гістарычныя перамены і з паэта ператвараўся ў публіцыста. Жывучы ў Менску, ён быў сведкам палітычных метамарфозаў і як паэт ды публіцыст, карэспандэнт беларускіх выданняў "Рунь", "Беларусь", "Вольны сцяг", змагаўся словам за незалежнасць Беларусі. Назвы ягоных артыкулаў кажуць самі за сябе: "Адбудова Беларусі", "Больш самачыннасці", "Беларускае войска", "Беларускі сцяг уваскрос!", "Моладзь ідзе!", "Незалежная дзяржава і яе народы", "Незалежнасць" (усе 1919), "Справа беларускага нацыянальнага гімна", "Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год" (абодва 1920).
Дбаючы пра самастойнасць Беларусі і магчымасць яе абараніць, Купала нават складаў маршоўкі для будучага беларускага войска, якія аб’ядналіся ў цыкле "На вайсковыя матывы (Песні на ваяцкі лад)" (1920). Лірыка Купалы ў гэты час шчодрая на агітацыйныя матывы. Як і ў "Раскіданым гняздзе", лірычны герой кліча беларусаў на Вялікі сход, на ўсенароднае веча, дзе беларусы самі развяжуць пытанне пра сваю будучыню.
У той жа час перыяды аптымізму і веры ў шчасны лёс Беларусі змяняліся ў Купалы глыбокімі дэпрэсіямі і сумненнямі. Каб адолець іх, паэт з’язджаў з Мінска ў вёску Акопы, дзе жыла ягоная маці. Плёнам цяжкіх роздумаў і кепскіх прадчуванняў былі алегарычна-сімвалісцкія вершаваныя творы Купалы таго часу – "Млечны Шлях", "Спадчына", "Сон", "Забытая карчма", "Паязджане" (усе 1918), "Беларускія сыны", "Паўстань..." (абодва 1919), "На біблейныя матывы" (1920), "Мароз" (1921). У большасці гэтыя творы можна аднесці да сугестыўнай паэзіі – г. зн., лірыкі, вобразна-эмацыйная сутнасць якой заснаваная на асаблівай рытмічна-інтанацыйнай меладычнасці, вытанчаных асацыяцыях і алюзіях, аўтарскіх няўлоўных уяўленнях і прадчуваннях.
Сумаю купалаўскіх рэфлексій сталіся паэтычны зборнік "Спадчына" і трагікамедыя "Тутэйшыя", датаваныя 1922 годам.
У "Тутэйшых" падагульняецца досвед смутных дзён у гісторыі Беларусі, калі змяняліся ўлады, сцягі, рэжымы, войскі, а менчукі заставаліся ўсё тымі ж, інертнымі і як быццам абыякавымі да свайго лёсу. Галоўны "тутэйшы", Мікіта Зносак, які марыць стаць асэсарам пры любой уладзе, вучыць нямецкую мову за нямецкай акупацыяй, апранае фуражку з белым арлом за палякамі, махае чырвонай анучай падчас наступу Саветаў, спекулюе, прамышляе, падрабляе, хаўрусуе з рознай набрыддзю – і ў выніку ўсё ж прайграе змаганне за дабрабыт і жыццё. Купала паказвае віну і бяду "тутэйшага", сутнасць якіх – не адчуваць сябе беларусам і не называцца ім. "Тутэйшасць", якая, безумоўна, ёсць сацыяльнай хваробай, расшыфроўваецца як сіндром нацыянальнага імунадэфіцыту, свайго кшталту нацыянальны СНІД. Ён прынёс шкоду Беларусі ў час яе экзістэнцыйнага выбару ў 1920-я, шкодзіць і сёння. Янка Здольнік, Гануля, Спічыні, Наста Пабягунская ды іншыя персанажы трагікамедыі ў той або іншай ступені надзеленыя сімптомамі гэтай хваробы, нягледзячы на сваю станоўчасць або адмоўнасць.
Янка Купала – творца сусветнай значнасці, які шлях да ўніверсуму пракладаў праз роздум пра лёс Бацькаўшчыны. Прагнозы Купалы спраўджваліся: ён прадказваў фашызм, таталітарызм, панаванне крывавых дэспатаў, папярэджваў пра ўзмацненне энтрапіі і разладу, якія штурхаюць цывілізацыі на аблудны шлях. І сёння яго творы – найперш паэтычныя – годна гучаць на розных мовах свету.
Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014
Похожие статьи:
Анатоль Вялюгін → Творчасць Анатоля Вялюгіна
Міхась Кавыль → Жыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля
Яўгенія Янішчыц → Творчасць Яўгеніі Янішчыц