Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Журба - Як люблю я цябе, Беларусь!..

Як люблю я цябе,
Беларусь ты мая,
І як дорага ўся
Прыгажосць мне твая!


Вось я полем іду
Цёплай летняй парой.
Я любуюся тут
Нашай роднай красой.


Ясната ў небе скрозь,
Няма воблачка ў ім.
Моцна вабіць мяне
Даль прасторам сваім.


Палымнее усход –
Нібы ўспыхнуў пажар.
Сонцу гімны звіняць;
Колькі ў гімнах тых чар!


Вось я ў пушчу прыйшоў;
Эх, які ж тут прастор!
Як далёка кругом
Лес шацёр распасцёр!


Тут бярозы стаяць
Беласнежнай сям’ёй;
Упрыгожаны дол
Аксамітам-травой.


А за лесам ізноў –
Сенажаці, палі.
Тут чакаюць зярна
Скібы свежай раллі.


Хутка вечар прыйшоў
З цішынёю сваёй –
І заснуў ціхім сном
Лес вячэрняй парой.


У абдымках смугі
Задрамалі кусты;
На зялёным галлі
Ўжо не шэпчуць лісты.


Вунь дыміцца рака,
Сціхлі скрозь галасы,
 Замігцелі ў траве
Дыяменты расы.


Ўсю тваю прыгажосць,
Беларусь ты мая,
І тваю яснату,
Эх, люблю ж моцна я!


Як жа радасна мне
Твой прастор аглядаць,
Шчырым сэрцам цябе
З жыццём новым вітаць.



Крыніца: Журба Я. Вершы. – Мн.: Народная асвета, 1970. – 144 с.

 

Похожие статьи:

Янка ЖурбаЯнка Журба - Коцік

Янка ЖурбаЯнка Журба - Залацісты вечар дагарае...

Янка ЖурбаЯнка Журба - Вясна ідзе

Янка ЖурбаЯнка Журба - Братняй Украіне

Янка ЖурбаЖыццёвы і творчы шлях Янкі Журбы