Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Янка Галубовіч - Салодкі кляновік
Зіма была цяжкая. Увесь час стаялі вялікія маразы. Але вясна прыйшла нечакана і такая цёплая, што ўжо ў самым пачатку красавіка нават у лесе цяжка было натрапіць на лапіну снегу. Аднойчы дзядзька Ігнась, калі наступілі выхадныя дні, сказаў мне: «Давай сходзім у лес, на Лысую гару. Паглядзім, як перазімавалі мурашкі». Я ведаў, што на Лысай гары ні многа ні мала – пятнаццаць мурашнікаў. І ўсе яны дагледжаны рупным і добрым да ўсяго жывога на зямлі чалавекам. Чалавек гэты – стары ляснік-пенсіянер дзядзька Ігнась. Ён не толькі абгарадзіў усе мурашнікі, але і старанна пафарбаваў у блакітны колер кожную абгародку.
Лес сустрэў нас дзіўнай прыгажосцю. Распусціліся каташкі́ арэшніку і выкінулі з сябе воблачкі залаціста-жоўтага пылку. Вось-вось распусцяцца набухлыя пупышкі ў асіны, бярозы і таполі. Прыбралася ў чырвона-карычневыя завушніцы вольха, каля рэчкі скінула цёмныя лускавінкі ракіта1.
Пачулі цяпло, ажылі на Лысай гары і мурашнікі. Самыя смелыя з мурашак ужо цягнулі ў норкі мушак і жучкоў, а другія, пакінуўшы сваю здабычу дома, зноў спяшаліся на паляванне.
– Ого, мурашкі! – гаворыць дзядзька Ігнась. – Гэта вялікія памочнікі лесу! Толькі за адзін год сям’я мурашак знішчае каля дзесяці мільёнаў розных шкоднікаў.
Самы вялікі мурашнік на Лысай гары ля маладога, але высокага і стройнага клёна. Мурашнік гэты таксама абнесены абгародкай, пафарбаванай у блакітны колер. Але што гэта такое? Па клёне ўверх у адным напрамку роўненькім ланцужком адна за адной паўзуць мурашкі. Другія мурашкі такім жа роўненькім ланцужком спускаюцца з дрэва.
– Вось яно што! Салодкі кляновік! – смяецца дзядзька Ігнась і гаворыць мне: – Бачыш зламаную галінку ля самага ствала?
– Ага, бачу.
– У тым месцы, дзе зламана галінка, выступаюць кропелькі соку. Вось і спяшаюцца туды мурашкі, каб паласавацца ім, вясну сустрэць...
Вечарам вярталіся дамоў. Удалечы ціха прагрымеў гром. Збіралася на дождж. Дзядзька Ігнась зноў прыпыніўся ля аднаго мурашніка, нагнуўся.
– Бачыш, ні адной мурашкі ля мурашніка. Дождж чуюць, вось і пахаваліся ў сваіх норках. Мурашкі – жывы барометр прыроды.
Я падышоў да клёна, уважліва агледзеў ствол дрэва, але ні адной мурашкі не ўбачыў.
Калі з дзядзькам Ігнасём выйшлі з лесу, сцебануў моцны дождж.
Похожие статьи:
Леанід Галубовіч → Леанід Галубовіч - Мова
Леанід Галубовіч → Творчасць Леаніда Галубовіча
Леанід Галубовіч → Леанід Галубовіч - Людскою разумнаю воляй...