Вясна прыйшла светлая, сонечная.
На падворках купаюцца ў люстэрках-лужынках шустрыя верабейкі, каромыслам сцелецца з комінаў дым – яўная прыкмета ўстойлівага цяпла.
Над палямі, лугамі і пералескамі імжыць лёгкі, амаль летні дожджык. У лагчынах, як пух, сцелецца рэдзенькі белаваты туманок. І цёплы дожджык, і туманок (не бяда, што рэдзенькі) увачавідкі распраўляюцца з апошнімі, спрасаванымі за зіму сіне-наздраватымі лапінамі снегу.
Булькочуць, як тыя цецерукі, бягуць навыперадкі жвавыя ручайкі. На пачарнелых пагорках, шукаючы сабе здабычу, важна шпацыруюць велікадзюбыя гракі, над залітым вадою лясным балотцам ашалела носяцца, кігікаючы, кнігаўкі, а на старой ліпе робяць агледзіны сваёй хаткі буслы. Радасны, узбуджаны іх клёкат адзываецца моцным рэхам на ўсю ваколіцу. Рагочуць ад радасці, заліваюцца свістам шпакі, у празрыстым падсіненым паветры звіняць срэбнымі званочкамі жаўрукі.
Выпрасталі ад снегу галіны старыя медна-чырвоныя сосны і пацягнуліся да сонца, нібы немаўлятка рукамі да любай маці. Патаўсцелі, набрынялі неўтаймаванай сілай пупышкі маладзенькіх беластволых бярозак, выкінула жоўта-залацістыя каташкі вярба, скінула цёмныя лускавінкі, распушылася, заганарылася лаза.
Ажылі, заварушыліся мурашнікі. Вылезла на сонца і грэе на трухлявым пні спіну яшчарка.
Вось і дачакаліся вясны!
Похожие статьи:
Леанід Галубовіч → Леанід Галубовіч - Я — раб паэзіі...
Леанід Галубовіч → Леанід Галубовіч - Мова
Леанід Галубовіч → Творчасць Леаніда Галубовіча
Леанід Галубовіч → Леанід Галубовіч - Людскою разумнаю воляй...
Леанід Галубовіч → Леанід Галубовіч - верш "Паэзія"