Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Брыль - Малітва

Увага!!! Поўны змест

   Дзве з іх сёстры: ціхая, светленькая Люда, якой чатыры гады, і двухгадовая Аня-Пампушка. Жывуць яны з мамай і татам. Трэцяя і сярэдняя па гадах, чарнавокая Волечка – сірата, жыве толькі з мамай, у крайнім ад дзвярэй пакоі.
   Тройка наша – і звонкая, і свавольная. Апроч калідора і кухні, таксама агульнай, яны то паспяваюць быць адразу ва ўсіх трох пакоях абедзвюх кватэр, то могуць часам і заціхнуць так, нібы іх і зусім нідзе няма...
   Дарослым гэта здаецца тады падазроным, і малых пачынаюць шукаць.
   Сёння мамы знайшлі іх у куткавым пакойчыку, дзе на паліцах многа кніг, каля акна пісьмовы стол, а за сталом схавана паўлітровая бутэлька сіняга чарніла.
   Вечарамі, прыйшоўшы з работы, і ноччу, калі ўсе спяць, Людзін і Анін тата сядзіць за тым сталом і піша. Піша, піша, а потым дастане з-за стала тую бутэльку, наліе з яе ў чарніліцу, а бутэльку зноў схавае за стол. Там яе дзеці не знойдуць.
   Пакойчык быў часцей за ўсё замкнёны. Аднак сёння, як толькі малыя пасля вялікага шуму раптам неяк заціхлі, адна мама шапнула другой:
   – Тут! Вось паглядзіце, тут!
   I паказала на белыя дзверы пакойчыка.
   Мамы падкраліся, рраз! – і туды!
   Тройка сядзела на падлозе вакол вялікай сіняй лужыны і, дзелавіта мачаючы ў чарніла скамечаныя абрыўкі газеты, старанна абмазвала голыя ручкі, тварыкі, валасы...
   Спачатку быў, вядома, крык і плач. Пасля пайшло адмыванне і хныканне. Тады мамы смяяліся... не, яны рагаталі! – і дзяўчаты пачалі смяяцца таксама. Нарэшце іх, на першы раз сяк-так адмытых, Людзіна і Аніна мама павяла ў свой большы пакой.
   Волеччына мама была ўжо там.
   – Вось, – сказалі мамы. – А Дзед Мароз якраз сёння прыходзіў паглядзець, якія вы – ці харошыя. Няхай паглядзіць!
   Белы, барадаты, з кіёчкам – Дзед Мароз стаяў на стале, зверху, з-пад абажура, на яго лілося святло, а ён – увесь, як сняжок, блішчасты! – глядзеў на свавольніц моўчкі...
   Так... Прыходзіць ён толькі тады, калі бывае ёлка. Прыходзіць цішком і ноччу, калі ўсе спяць. Прынясе падарункі, а сам схаваецца за зялёнымі лапамі і стаіць. Стаіць – пакуль і свята адшуміць, і ігліца асыплецца на падлогу. Тады з засохлай ёлачкі здымаюць цацкі, дрэўца выносяць на двор, з Марозавай барады вытрасаюць ігліцу, а самога яго і цацкі ў кардоннай скрынцы ставяць на шафу, у самы куток. Дзеда яшчэ і накрыюць чым-небудзь ад пылу. I дзеці забываюцца пра яго – аж да другой зімы.
   А тут ён узяў ды прыйшоў!..
   I глядзіць...
   I маўчыць...
   – Ну што? – пытаюцца мамы. – Сорамна? Няхай вось Дзед Мароз паглядзіць, ці варта вам, такім, прыносіць падарункі.
   Хвіліна сумная, цяжкая...
   – Пойдзем? – спыталася адна мама.
   – Хадзем, – кіўнула галавой другая.
   А дзверы яны прычынілі няшчыльна. Прытаіліся на калідоры і чакаюць, слухаюць.
   Калі мамы, не могучы больш трываць ад смеху, адчынілі дзверы і ўвайшлі – уся недамытая і зноў заплаканая тройка стаяла над белым Дзедам каля стала і вельмі шчыра ды вельмі сяр’ёзна малілася:
   – Дзядуля, прыйдзі на ёлачку!.. Мы будзем харошыя. Ты прыйдзі!.. Мы больш не будзем мазацца. Прыйдзі!.. Дзядуленька, скажы, ці прыйдзеш?..
   Старэйшая з іх, Людачка, гаварыла пасля свайму тату, што Дзед Мароз:
   – Во гэтак во кіўнуў галавой і сказаў нам: «Угу!..»
   I, вядома ж, прыйшоў.


Крыніца: Брыль Я. Збор твораў: У 5-ці т. Т. 1. Апавяданні 1937-1975. – Мн.: Маст. літ., 1979. – 512 с.

Похожие статьи:

Янка ЗолакЯнка Золак - Божа Ўсяўладны

ММалітва

Янка КупалаЯнка Купала - Мая малітва

Ларыса ГеніюшЛарыса Геніюш - Малітва

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Вячэрняя малітва