Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Якуб Колас - Рыбакі
Прыгнаўшы з раніцы каровак, Алесь і Андрэй сказалі сваёй маме, што яны пойдуць вудзіць рыбу.
– Лепш бы вы, дзеці, крыху адпачылі, – сказала ім матка, – ды і колькі вы наловіце той рыбы? Натрэплеце толькі ногі…
Але хлопцы крэпка стаялі на сваім і не бралі пад увагу ніякіх довадаў.
– Ну, глядзіце, – мусіла ўступіць ім матка.
Хлопцы хутка сабраліся ў рыбу. Першым чынам накапалі яны паўбляшанкі чырвоных чарвякоў. Пабралі вуды, узялі торбачку і не пайшлі, а пабеглі.
Каб дайсці да Нёмана, ім трэба было прайсці з вярсту лесам. Весела ішлі хлопцы дарогаю паміж высокіх хвой і ялін. Неба было яснае, сонца свяціла ярка. Але ў лесе не чулася той гарачыні, якая стаяла ў гэты дзень. Побач дарогі крычалі птушкі. У небе, дзесь высока-высока, кідаў каршун свае тужлівыя зыкі.
У размовах хлопцы прайшлі яшчэ з паўвярсты.
– А-я-яй! – дзіка і прарэзліва крыкнуў Алесь і ўпаў на дол, схапіўшыся за нагу.
Андрэй з неспадзеўкі пабялеў як палатно.
– Чаго ты, Алесь?
Алесь сядзеў на дарозе і трымаўся за нагу. Твар яго скрывіўся ў такую міну, у якой адбіваўся пякучы боль.
– Што з табою, братка?
– Кручок у нагу залез, – сказаў скрозь слёзы Алесь.
І праўда: у левай назе між другім і вялікім пальцамі глыбока засеў кручок. Алесь не заўважыў, як гэты кручок выскачыў з вудзільна. Звярнуў на гэта ўвагу толькі тады, калі кручок глыбока залез у нагу.
– Братка ж ты мой родненькі! – загаласіў Андрэй. – Што ж цяпер нам рабіць?
З вачэй Алеся таксама ліліся слёзы, а з таго месца, дзе сядзеў кручок, сачылася кроў.
– А ты папрабуй памаленьку дастаць, – сказаў, крыху заспакоіўшыся, Андрэй.
Алесь крануў кручок і завойкаў.
– Не, братка, нічога не будзе.
– Дык што ж нам рабіць? Божа ж наш, божачка! І нашто было нам выдумляць гэтае вуджанне?
– Можа, як пойдзем дадому?
Алесь памаленьку падняўся і, моцна кульгаючы, ступіў колькі крокаў. Ісці было вельмі кепска. Цяпер замінала гэта праклятая вуда, якую трэба было трымаць у руках.
Нарэшце хлопцы дагадаліся адарваць ссучаную валасню. Цяпер Алесю было ісці крыху лепей, і ён ступаў смялей. Але колькі разоў ён мусіў прыпыняцца і прабаваць шчасця – а мо дастане як-небудзь з нагі кручок? Ён браўся павольненька за гэты кручок, але не хапала ў яго смеласці паварушыць мацней.
З заплаканымі вачыма прыйшлі хлопцы ў хату.
– Што ж гэта вы так хутка? – спытала іх маці.
Алесь расказаў пра сваё гора і паказаў нагу.
Матка выбегла з хаты і клікнула дзядзьку Антося.
Дзядзька Антось – сталы рыбак, і па часці вымання кручкоў ён быў сапраўдны мастак.
А бедны Алесь дрыжаў ад страху, бо бацька сказаў, што прыйдзецца нагу рэзаць брытваю.
– Можа, прыйдзецца і брытву ўзяць, – паглядзеўшы на нагу, сказаў і дзядзька. – Ну, пакажы!
Алесь сеў і заплюшчыў вочы, скрывіўся, гатовы крычаць ад болю.
Павольненька ўзяў дзядзька кручок.
Алесь толькі ўспеў крыкнуць, як кручок ужо быў у дзядзькі ў руках.
Дзядзька гучна зарагатаў.
– Ах вы, рыбакі! Рыбакі!
Весела засмяяліся і хлопцы: яны былі рады, што так лёгка абышлося ім гэта здарэнне.
Похожие статьи:
Якуб Колас → Творчасць Якуба Коласа
Якуб Колас → Паэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства
Пераказы, дыктанты → На рыбалцы
Яўген Крупенька → Яўген Крупенька - На рыбалку кот прыйшоў
Якуб Колас → Духоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»